зьяўляецца пазнакаю чагосьцi iншага... Прабач, Сьцяпулёк!' Пацалавала яго: спачатку ў шчаку. Перажылi яны тады цудоўную ноч каханьня, пасьля якой ледзь пасьпелi на абед у прыазёрнай сталоўцы. 'Ты абдымаў мяне ў сьне', шаптала Кiра, каштуючы гарачы суп. I ад гэтых яе словаў успомнiлася яму, што меў страшэнны сон. Кiра, адна, сядзела ў палатняным крэселцы на ганачку домiку й - гэта зьдзiвiла Сьцяпана найбольш - курыла зьверабойныя папяросiны даўняга вырабу; яна заклала нагу на нагу, чаго, таксама, нiколi не рабiла. Навокал трымцела гарачыня й пахлi смалою сосны. З суседняга домiку выйшаў франт з вусiкамi, зграбны ды загарэлы, у штонiках калiфарнiйскай кройкi. Кiра павабiла яго пальцам, сказала: хадзi. Расьсьмяялася поўным зубоў ротам, агледзелася, устала, падняла рукi й працягнулася, быццам кошка, гiдлiва адкiнуўшы ў бок папяросу. Вусiк - так назваў франта Сьцяпан - выпнуў грудзi, паказваючы мускулы, ад якiх блiшчэла сiлаю. Ну, хадзi хутчэй, няма часу, панукала яго Кiра, узяўшыся расшчэмленымi пальцамi за свае набрынялыя грудзi. Той прагна глядзеў на Кiру й не разумеў яе або баяўся. У цябе муж, прамармытаў ён, i Сьцяпану гэта спадабалася. Таму нам трэба хуценька, яна клiкала яго ў домiк, у якiм яны абое неўзабаве зачынiлiся; цераз ваконца вылецеў пакамечаны Кiрын купальнiк. Сьцяпан бегаў вакол, i не ўдавалася яму закрычаць... Дзьверы, тонкiя й скрыплiвыя, расчынiлiся, i зь iх выбег, голы, той-жа Вусiк, а за iм Кiра, пра якую цяжка было сказаць, што яна выгледзела засаромленай, хоць яе твар аказаўся заслонены вялiзным саламяным капялюхам, процiсонечным, мэксыканскай формы, з бруднай стужкай сiняга колеру. Ляпаючы далонямi па сваiх незагарэлых азадках, яна прасiла Вусiка, якi на хвiлю прыпынiўся: скажы суседу, каб i ён хуценька йшоў да мяне. Павярнулася, засьмяялася да Сьцяпана, хiба каб прыхаваць гэтым сваю зьбянтэжанасьць, i далiкатненька скокнула ў домiк. Сьцяпану, урэшце, удалося схапiць рукою за клямку...

'Ты абдымаў мяне...'

Абедалi паволi й дакладна; яны папрасiлi дабаўку (хлеба Сьцяпан прынёс зь нiкiм не занятага стала). Пахла воднай прасторай i селядцамi... Сьцяпан успомнiў, што ў фiзычнае каханьне з жонкай ён уяўляе сабе iншых жаданых... Гэта так! Кiра, вядома, не павiнна ведаць аб гэтым зусiм не таму, што ўсё закончылася-б непрыемнасьцю; ён ня здолеў-бы вытлумачыць, што, магчыма, у ёй, мiлай Кiры, знаходзiць тое лепшае, чым надзеленыя знаёмыя яму жанчыны. Больш таго - ён не супроць падобнага i ў яе... Не, нельга расказаць ёй сну зразумее яго проста.

4

'Адносiны памiж мужчынам i жанчынаю - самае галоўнае, самае элемэнтарнае...' - новая сакратарка адносiлася да Сьцяпана Сумленевiча зь беспамылковай ветлiвасьцю й гэта падалося яму крыху ненармальным. Ён дыктаваў ёй у пратакол формулы пастановаў управы; старшыня, перад выездам у мiнiстэрства, папрасiў менавiта яго пакiраваць пасяджэньнем, зрэшты, чарговым i малаважным. Я вас вельмi прашу, гаварыў старшыня... Я, ведаеце, ня быў падрыхтаваны на такую просьбу, адказваў яму Сумленевiч, маючы на ўвазе тое, што ва ўправе не займаў ён нiякага становiшча, зьяўляўся бесфункцыянерным членам. Вы самi дасканала разумееце, чаго варты мой намесьнiк, наракаў старшыня. Прыкра будзе, пане старшыня. Няхай гэта iм будзе прыкра, пане Сумленевiч. Усё-такi, пане старшыня... Я ўсё бяру на сябе. Старшыня дадаў: дзейнiчаць - гэта тое-ж, што ўчыняць людзей разумнейшымi. (Запрапанаваў выпiць па чарцы каньяку.)

Пачуўшы слова 'дзейнiчаць', Сьцяпан Сумленевiч пацёр далоняй карак: па нутры прабег яму халадок, бы дакрануўшыся да нечага невядомага. Ён любiў паўтараць, што чалавек столькi варты, колькi зможа паўплываць на рэчаiснасьць, на яе зьмену да лепшага. Выслухоўвалi яго няўважлiва, асаблiва малодшыя, тыя, каму цяжка быць няшчырым. Слухачом вузелi вочы, брала iх на пазяханьне й праяўлялi яны абражальную зацiкаўленасьць нейкай дробязьзю, сьцiральнай гумкай, пашчэрблiнкамi на ёй.

Яго аглушваў гнеў.

- Сваiмi словамi, гэтымi гутаркамi, Сьцяпанка, крыўдзiш людзей, - аднойчы сказала Кiра, перабiваючы яму.

- Як гэта, Кiра?

- Ты, звычайна, маеш жаль да ўсiх за тое, што яны ня роўня табе. Хочаш, каб людзi былi падобныя да цябе. Злуесься, калi хто аказваецца горшы або й няўмекаваты. Нiкога не шануеш.

- Кiра! Я, здаецца, нiкому не сказаў благога слова...

- Ня толькi дрэннае слова абражае.

У Кiры былi свае прычыны дзеля таго, каб так гаварыць. I, як гэта памiж iмi здаралася, выкарыстоўвала яна першую нагоду, каб вылiць набалелае, змоўчанае; выпеставала iдэал жыцьця, пабудаваны з выкрытых памылак Сьцяпана. У прынцыпе - вельмi жаночы, падрабязны.

Сьцяпан, зь некаторым перапалохам, слухаў i глядзеў на яе.

Намер пашукаць сабе iншую працу, iншае асяродзьдзе, успрымаў ён як сьвядома адкiнутую спробу самагубства, якое ўяўлялася яму як павешаньне ў пятлi, замацаванай на круку, паiржавелым, але няўломным, што ў дзяцiнстве ён бачыў у сьцяне хлеўчыка; тады чаплялi на iм зарэзаную авечку, прывезеную зь вёскi; сьвежавалi яе.

Той хлеўчык, пахiлы, у прыгарадным заплоцьцi, прэтэнцыёзна накрыты чырвонай чарапiцай, на якой узiмку навiсалi курганiкi сьнегу, надакучлiва ўспамiнаўся Сьцяпану праз усё пасяджэньне ўправы; ён правёў яго па просьбе старшынi. Не было спрэчак над пытаньнямi, якiя ён ставiў пад развагу. Намесьнiк старшынi згодлiва кiваў галавою; ён вырысоўваў на пачку запалак тлустыя выкрутасы накшталт галавы мужчыны з вусамi. Калi, быццам зосну, ужо ўставалi з-за стала, нехта сказаў, што гэтая нарада была самай кароткай. Сьцяпана зьдзiвiла не заўвага, прыхiльная яму, але радаснае значэньне выказанага.

'Нашто я згадзiўся правесьцi пасяджэньне ўправы?'

Зручным яму выйсьцем з узьнiклага становiшча было-б выехаць у адпачынак, на тыдзень i бяз Кiры. Ранiшнiм аўтобусам, сiнiм i запыленым, якi - праз дзьве гадзiны - спыняецца ў маладняку. На панадворку ён застаў-бы палахлiвую гаспадыню, небясьпечна прыгожую, пра якую чуў вельмi зласьлiвае, што яна зьяўляецца дзiцём вайны, народжаным пасьля згвалтаваньня салдатамi яе маткi... Купiўшы малака, Сьцяпан накiраваўся-б сьцяжынаю ў ягадную далiнку, за якою цямнее ў ельнiку кiмсьцi недакончаная вiла, панурае страшыдла, што нагадвае сваiм выглядам разбураную цэркаўку. Сьцяжынка даходзiць да затокi Сiвай Чаплi; кожнай затоцы тут Сьцяпан даў iмя, расьсьмяшаючы гэтым Кiру. Яна, калi сьмяецца, выглядае незвычайна панаднай. У такую хвiлiну, калi ён глядзiць на яе, усю заплаканую ад усьцешанасьцi, узнаўляецца ў ягонай памяцi франтавая стралянiна, выбухi снарадаў, шлёнская гаворка нямецкiх аўтаматчыкаў, iх закасаныя па локцi рукавы, пабiтыя савецкiя палонныя (на выгане, у лiпеньскую сьпёку), схаваныя ад марадзёраў у малiньнiку дзяўчаты ды маладзiцы, пажар на загуменьнi, вывалачаная артылерыстамi суседава дачка (здаецца, Зося), малiтвы мацярок i, па-над крыкам, жахлiвая навiна: 'Не плач, матко, праз два тыднi будзем у Москаў!'

Уласна кажучы, ён штосьцi страцiў, праводзячы пасяджэньне ўправы.

- Чаго, Сьцяпанка, не разумееш?

- Мне, Кiрачка, ясна.

- Не, мой галубок, ты чагосьцi не разумееш!

- Калi мышцы добра жывецца, трэба выкiнуць яе на мароз. Схапiць за хвосьцiк - i, выбегшы зь ёю на балькон, шпурнуць у гурбу сьнегу, найлепш на вiдавоку кошкi...

- Неразумна ты жартуеш.

- Самая разумная - размова аб сьмерцi.

- Не засмучай мяне.

- Няма болей глыбокага пачуцьця, чымсьцi смутак.

- Табе нядобра са мною?

- Радасьць лiчу я тым асаблiвым няшчасьцем, якога чалавек сабе не ўсьведамляе. Таму не люблю сьмеху, бо ад яго падымаюцца мне валасы, - Сьцяпан пагладзiў палыселую галаву, памкнуўшыся такiм чынам разьвесялiць жонку; ён зайшоў задалёка.

Кiра расчынiла шафу з адзеньнем i дастала адтуль сьвiтар.

- Я павiнна зарабляць, - сказала яна.

- Грошы - апошняе, пра што можам гаварыць, Кiра, - ён чакаў, пакуль яна нацягне на сябе сьвiтар, карычневы: 'Яна дрыжыць!' - Чаму ты хочаш працаваць? Баiсься за сваю квалiфiкацыю?

- Грошы ўводзяць гармонiю ў жыцьцё.

- Што ты хочаш гэтым сказаць?

- Табе няясна?

- Гарманiзацыяй жыцьця займалася дзевятнаццатае стагодзьдзе, ствараючы закончаныя тэорыi й...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату