- Гэта спроба, Кiра, запытаць цябе, чаго ты сядзела ў домiку на агародах? - выказаў ён словы, якiх баяўся. Яна павярнулася да яго з адчайнасьцю ў вачох:
- Ах, во, што цябе мучыць... Сочыш ты за мною? - глуха крыкнула яна на яго. - Нiчога лепшага ты ня ўмееш рабiць?! Чалавек вялiкай амбiцыi, ха-ха, зважае, каб ня стацца раганосцам, ха-ха-ха... Манiфэст усекаапэратыўнай рэвалюцыi павесiў ён на цьвiчок i стрымгалоў паiмчаў за нявернай палавiнай, каб адпужаць ад яе ў поле магутнага адзiнца, што самотна рохкае ў разорах. Якi ўпадак!
- Жартуеш! - бялеў Сьцяпан.
Ён, пастрашнелы, выпрастаўся ва ўвесь рост.
- Гэта ты жартуеш, калi ня ведаеш таго, - яна падступiлася да яго ўпрытык. - Заводзiш гульню ў дабрадзея, за якую iншыя плацяць. Табе няясна, га? Ах, табе нiшто й нiколi ня будзе яснае, - Кiра раптоўна адвярнулася ад Сьцяпана й выйшла ў пакой, скiдаючы зь сябе блюзку. - Няшчасная я...
- Адну хвiлiнку, - пратэставаў Сьцяпан. - Ты, Кiра, мае справы кiнь i адказвай на пытаньнi. Чуеш?
- Што гэта значыць, твае справы й мае справы?
- З кiм ты сустракаесься?
- Хочаш запытаць: каму я яшчэ даю, апроч цябе?
- Не грубiянь...
- Ты, Сьцяпан, мае справы таксама кiнь, - яна аглянулася на яго ад атаманы. - Так будзе нам лепш.
- I гэта гаворыць мая жонка?
- Як i ты, мой муж...
- Я маю права ведаць...
- Як i я, чаму ў цябе мокрыя нагавiцы!
- Iшоў я цераз збожжа...
- Прытуляючы дзеўку да грудзей?
- Якую дзеўку?! Я... я...
- Ведаю - ты нюхаў за мною, бы чырвананосы сышчык, - сказала Кiра са спакоем. Яна расьсцiлала пасьцель.
- Ня буду я з табою спаць.
- Слушна. Другiм быць - ня гонар.
- Хто ён?
- Малады, моцны i сьвядомы сваёй мэты.
- Гэтай мэтай зьяўляесься, вядома, ты?
- Яму - так.
- А табе - ён?
- Не.
- Не?
- Не.
- Дык хто? Або - што?
- Не, хто. Ты!
- Я?
- Ага.
- Скажы мне гэта яшчэ раз, - ён зацiснуў кулакi.
- Калi ласка: ты!
- Як гэта я павiнен разумець?
- Звычайна, стасуючыся да тваёй тэрмiналёгii - зло перамагаю я... злом!
- Ты, мабыць, п'яная?
Сьцяпан нацэлiўся ўдарыць Кiру па шыi, ззаду. Перашкодзiў гэтаму воклiч цешчы: 'Лягайце вы спаць! Ужо ноч сьвятая!'
- З маладым можна прахлiснуць i паўлiтра, - Сьцяпан сказаў гэта Кiры з абыякавай iронiяй. - Тады адбываецца сьмялей...
- Так?
- Пытаеш?
- У вопытнага - чаму-б не?
- Кiра, не рабi зь мяне такога, як сама ты.
- Згодна. Хоць адно з нас захавае чысьцiню.
- Я цябе не пазнаю, Кiра. - У яго галаве мацнеў шум, i, ад слабасьцi, яму падкошвалiся ногi. - Што з табою?
- Сачыў-жа - ведаеш.
- Але: чаму, чаму?
- Чаму? - яна зьняважлiва надзьмула губкi. - Бо я не жадаю стацца саламянай удавою! Не разумееш, што я ратую цябе ад змураванага яшчэ за царом беластоцкага цэнтрала? - Кiра спалохана змоўкла; энергiчна падбiла падушку, ажно пасыпалася зь яе пер'е.
- За што?!
- За абняслаўленьне старшынi ўчынiлi-б яны табе наступны суд. Сьведкi ўжо падрыхтаваныя. I дакумэнтацыя.
- Дакумэнтацыя? Якая?
- А такая, на падставе якой было-б табе даказана, што ты публiчна ганьбiш добрае ймя кiраўнiка ўстановы, трэба дадаць, узорнай установы. Сьцямiў?
- Гм, - зьдзiвiўся Сьцяпан.
Кiра расшпiлiла станiк.
- Ёсьць пiсьмовыя паказаньнi наконт таго, як ты ляпаў языком розную ерась ды неверагоднiцу пра каапэратыў i яго старшыню, актывiстаў i кiраўнiчых работнiкаў, у рэшце рэшт, i пра асобы, выконваючыя ўладу... Яны, твая сябрына, на ўсе чатыры капыты каваныя, Сьцяпан, - яна апусцiла майткi й, голая, скамандвала: - Падай мне пiжаму, я памыюся...
- Хi...
'I як цяпер цалаваць яе, адбымаць, тулiцца? Гэта-ж будзе ашуканае каханьне! Падробленае яно, бы мёд ад пчолаў, якiх круглы год кормяць нечым штучным, цукрам, - боль пранiзваў Сьцяпана, быццам пазалетась, перад вясельлем, калi, пакутуючы ад запаленьня падкосьнiцы, апынуўся ён у iнстытуце зубной хiрургii, дзе з дапамогай доўгiх шпiлек праводзiлi яму блякаду нерваў скiвiцы. Халодны боль! - А з кiм-жа яна? Божа, дай мне цярплiвасьцi! Стары гаварыў, што разводу ня будзе. Мо' й ня будзе?.. Прызналася яна аднаму мне? Я-ж кахаю яе, халеру! - Сьцяпан заплакаў нема, па-мужчынску. - Ну, Кiра фiзычна аддалася... Якая розьнiца - ва ўяўленьнi цi фiзычна? Або хiба раз я марыў пра тое, як гэта навалiцца-б на тую цi iншую прыгажуню! I, несумненна, сталася-б яно так, калi-б была на тое нагода. Так. Але з жанчынай, кажуць, iначай... У яе не бывае раздваеньня душы й цела, у ёй гэта - адзiнае. Яна, чаго добрага, гатовая спадабаць i гвалтаўнiка, калi ён праявiць невядомае ёй умельства. Гм, да чаго-ж можна дадумацца! - ён выцерся насавой хустачкай, бруднай i прапацелай. - Кiра хоча мяне, й гэта самае галоўнае. Ды чаму яна пайшла да якогасьцi мужчыны? Кажа: гэта я ратую цябе! Як? Даючы раскошу камусьцi, хто намераны спляжыць мяне? Каму, каму, каму, чорт вазьмi??!'
Кiра вярнулася з ваннага.
- Зачынi, Сьцяпан, акно. Я распараная, магу застудзiцца, - загаварыла яна, як бы ў нiчым не бывала. - У нас працякае кран. Ты пазванi ў адмiнiстрацыю, каб далi новую пракладку. Не забудзь таго, Сьцяпан.
- Ага...
- А працу давядзецца табе зьмянiць, - Кiра вярнулася да недаказанага. - I то зь першага. Заўтра пагаворым аб гэтым з татам. Хадзем ужо спаць. Позна, па iлбе й носе расшмароўвала яна сабе крэм.
'Вада супакойвае', - Сьцяпан нiчога не адказаў ёй.
Яна дадала:
- I я вазьму сабе працу.
- Ты, Кiра, ужо працуеш.
- Перастань, Сьцёпа! - аблiла яго гнеўным позiркам. - Не мая ў гэтым вiна, i трэба забыць...