на людзкiх вачох. Яна думала, угледжваючыся ў зьнерухомелыя да ўскраю бяспамяцi зрэнкi Сьцяпанавых вачэй, i праклiнала разбойнiцкi баль. Не вiнавацiла яго ў даверлiвасьцi да людзей... Тая ноч закончылася камiчна звычайна: зьявiлiся трох - адзiн зь iх дакладна выгалены - i, катэгарычна раскалацiўшы Сьцяпана, пацягнулi яго й Кiру танцаваць ды пiць да белага дня.
'Божа, як зь iм будзе мне жыць?!' Ён, згодлiвы, не супрацьставiцца нiкому. Не жыцьцё, але вечная цяганiна будзе, пастаяннае адцягваньне - ад кагосьцi або ад чагосьцi. Жадалася ёй, каб Сьцяпан быў бойкiм хлопцам.
Сьцяпан Сумленевiч цяпер клапоцiцца пра суадносiны з начальствам, каб... дабром перамагаць зло. Гэтыя яго словы выклiкалi ў Кiры iстэрычны сьмех. Яна, пазьбягаючы iронii, змахлявала яму, ужо пацiху абражанаму яе рагатаньнем, што ёй нечакана ўспомнiлася даўняя сяброўка ды яе дзiвацкiя ўчынкi. Ведаеш, Сьцяпанка, дачка нашай суседкi, калi я была яшчэ паненкай, заскочыла да нас, да мяне, з патаемнай просьбай пазычыць ёй малiновую сукню, у якой, яна бачыла, хадзiла мая мацi пры сьвяце, стройная кабета, i таму надумала, што ў гэтай сукнi будзе надта дарэчы выбрацца на сустрэчу зь лётчыкам, брунэтам у сiнiм мундзiры, абвешаным срабрыстымi пазнакамi, што жадаў ажанiцца мiж iншым па прычыне асобных патрабаваньняў ягонай службы, ад нядаўна сакрэтнай - толькi цi старая захоча рызыкаваць сукняй...
Сьцяпан паўтараўся.
Яна слухала яго, слухала, ажно, у рэшце рэшт, адказала яму чымсьцi прачытаным: хто iмкнецца толькi да грошай, той ня будзе мець iх. Наўрад цi ён зразумеў, але, вiдаць, нешта засьвяцiлася ў iм, i ён выразна паспакайнеў. Яна й сама не адразу ўсьвядомiла сабе тое, што сказанае яму абазначала часовы саюз, такi, у якiм адзiн партнёр разумее другога якраз столькi, каб застацца задаволеным. Бывала - прагаворвалi яны да сярэдзiны ночы, да галаўнога болю. Засыналi пасьля таго, як абмывалiся ў ванным i прыймалi супакаяльныя таблеткi; ад некаторага часу быў у iх запас нэўралягiчных фармацэўтыкаў - ад знаёмай у аптэцы.
7
Выстывалi ў ёй пачуцьцi да мужа. Яна кахала яго зусiм не слабей, аднак-жа дзiўна па-новаму, бяз той яснасьцi, што яднае жанчыну з мужчынам. Гэтае заядала яе падчас вясельля ў хроснага сына. (Зычым маладым шчасьця-здароўя й прыбытку ў хаце, нi многа, нi мала, штогод па дзяцяцi...) Маладая папярхнулася чаркай гарэлкi, якую пiла яна на парозе, перад цесьцямi, што выйшлi з талеркаю на бялюткiм ручнiку й са словамi, словамi... (Жывiце, дзецi, у згодзе, шануйце адно другое. Каб даў вам Бог удачу i спору ў працы...) Вярталiся з царквы, ад шлюбу.
А як пажанiлiся яны, Сьцяпан з Кiрай? Ля пыльнай Азёрнай, у хаце з памаляванай шалёўкай у чырвоны колер, у садку, абсаджаным вiшнямi, за якiмi гарбацеў хлеўчык, парасятнiк, пераўтвораны ў дрывотню, крыты бляклай чарапiцай, глiнянай. Кiрын бацька, бадай непiсьменны, да вайны фурманiў у нямецкага цi жыдоўскага фабрыканта; у акупацыю хапiўся ён за спэкуляцыю мясам i гэта дазволiла яму - у пасьляваенны час - выплысьцi на паверхню жыцьця ўласьнiкам немалога капiталу ды таемных сувязяў, дзякуючы якiм бяз панiкi прычакаў стабiлiзацыi ўлады на Беласточчыне; меў ужо неблагую работу, сторажам у судзе, дзе ад чыёгасьцi ймя прыймаў хабары. Кiра ня зьведала бяды. Сьцяпан калi вырашылi аб шлюбе - адчуваў сябе шчасьлiўцам у прыстанi паўднёвага мора. Ня жарты - у iх ня зводзiлiся апэльсiны й лiмоны, iндыйская гарбата й маляйскiя прыправы, густая паўночная вяндлiна зь нятлустых шынак i рыбныя далiкатэсы амэрыканскага вырабу. Цешча трымала ў шафах з адзеньнем, у дзьвюх, паклады дарагiх матэрыялаў на касьцюмы з адцiснутымi прозалацьцю назвамi ангельскiх фiрмаў, якiя - вечарамi - перадавала, вiдаць, дэталiстам; адзiн зь iх, высокi й напамаджаны, як незнарок падгледзеў гэта Сьцяпан, быў яе каханкам. Кiра не ўдалася ў яе; дакладней кажучы, удалася яна ў мацi тэмпэрамантам. Яна любiла цалавацца, так сказаць, ад пачатку, i навучыла Сьцяпана пацалункам 'зь язычком'; яны зачынялiся ў найменшым, рагавым, пакойчыку, куды не даляталi кухонныя перамовы з гандлярамi (бацькi цэлымi днямi не было дома, вяртаўся позна, кiдаючы ў сенях нешта грузкае), шчыльна засланялi вокны, сядалi на атаманцы ды прытулялiся да сябе, нашэптваючы рознае, часам i непрыстойнае, ад чаго дрыжэлi. Сьцяпан падазраваў, што ён ня першы мужчына ў Кiры, але ў альбомах з фатаграфiямi (яна хвалiлася iмi) не сустракаў нiчога, што ўпэўнiвала-б яго ў гэтым.
Ужо тады рабiлася яму прыемна-млеўка ад няяснай радасьцi, што салiдная забясьпечанасьць Кiры дазволiць заняцца нечым узьнёслым. Што мець жонку й сям'ю - цешча наймала служанку, якуюсьцi сваячку - ня будзе цяжарам. Якраз цiхаводнай затокай, зь якой будзе ён выходзiць далёка, дзе трэба адпачытыя нэрвы й адкормлены арганiзм.
Пажанiлiся маладымi.
На пiрагох цесьць - яны пiлi самагонку, прыпраўленую апэльсiнавымi скуркамi - завёў са Сьцяпанам дзелавую размову. (У Кiры быў ужо позiрк жанчыны.)
- З работай, зяцёк, не сьпяшайся, - ён пiў памяркоўна, бы чаго баючыся. З работай, ведаеш, як з жонкай: нялёгка зьмянiць яе...
- Ой, папа! - пырскала сьмехам Кiра.
- Адпачнi, Сьцяпан, пасьля вясельля, - гарэзiў стары. Ён падморгваў Сьцяпану; яму не хапала вусоў. - Сам я, як здагадваесься, таксама жанiўся, - у яго была нябрыдкая манера лёгкай размовы, напэўна, вывучаная на даволi iнтэлiгентнай службе.
- Я й адпачываю, - Сьцяпану хацелася пажартаваць, але ён ня ўмеў таго.
- Ты маеш добры дыплём, патрэбна табе добрая работа.
- Жонка ўжо ёсьць, - дадаў нехта з гасьцей. Яны - а iх назыходзiлася й на пiрагi нямала - паводзiлi сябе нясьмела, як людзi зь вёскi ў горадзе.
Цесьць пра ўсё падумаў: будзеш, Сьцёпа, працаваць у кааператыве! Старшыня - свой чалавек.
Як гэта магутна быць дарослым! Сьцяпан намецiў першую iдэю: стацца ўзорным службоўцам! Яму i ў галаву не прыходзiла хаця-б тое, што такiх - баяцца! Гiдзiўся ён справамi Кiрыных бацькоў, сам пакуль ня ведаючы пра тое. Так. На працы адразу пачалi паважаць яго за стараннасьць i шанаваньне слова. Гэта крыху сьмяшыла Сьцяпана, як нешта атрыманае не па заслугах. Нiчога не пагражала яму, упачатку. Начальства адносiлася да яго як да шчасьлiвага набытку. Нешта з таго даходзiла да цесьця, якi прамурлыкаў: 'Усё, ну, бачыш, добра, дзякуй Богу'. Зашахацеў ён сухiмi каштанамi ў кiшэнях нагавiцаў; насiў iх у вiльготнае надвор'е, калi круцiла яму ногi. (Па iх прычыне Сьцяпан перажыў забаўную гiсторыю, пра якую нiхто не павiнен ведаць; быў такi момант, калi ён падумаў, што яго цесьць кульгае на пратэзе! Вельмi прыкрая здагадка.)
Незвычайна лёгка быць добрым чалавекам.
Пра дрэнныя ўчынкi слухаецца зь недаверам; дапускаюцца iх недарэкi... Такiя, каму няма ахвоты працаваць. Нудныя гультаiскi. Або дурныя. (Дурных, чамусьцi, пазнавалася па тым, што яны насiлi акуляры ды ўважлiва прыглядалiся субяседнiкам. Па-курынаму, чуйна й не разумеючы.) У суседнiм, са Сьцяпанавым, пакоi трываў пажылы бухгальтар, як кожны бухгальтар - прыклад блiзарукасьцi. Крахтаў ён над калёнкамi лiчбаў, зьлiчваючы глупствы. Невыразна лаючыся пад носам, выходзiў ён з-за пiсьмовага стала, засоўваў далонi за пазухi, горбiўся, таптаўся на месцы, разважаў папяровую праблему. Калi-б ня грошы, гэты чалавек, праўдападобна, зьяўляўся-б сьмяшлiвым... Вам здаецца, мiлыя, што грошы прыдуманыя дзеля таго, каб iмi раскiдацца! (Гневаўся стары.) Але гэта, мiлыя, няпраўда. (Рабiў адкрыцьцё.) Яны створаны для таго, каб нават самы благi злыдзень даў людзям хоць нейкую карысьць. (Яго словы перакруцiлi: каб i са злыдня выцiснуць хоць якой-колечы карысьцi. Не расьсьмяшылi яго.) Нi фараон, нi паншчынны цар не змаглi так пагнаць да працы, як менавiта яны, во! (Ён дабiваўся прызнаньня яму рацыi, пасьля чаго расказваў анэкдот; цiкава, што кожны раз сьвежы, нечуваны.) Часамi бухгальтар хварэў. Смуткавалi.
У пасьлякалядную ранiцу бухгальтар зайшоў на кватэру Сьцяпана, якi, памыўшыся, сядаў сьнедаць. Цешча, з пакругленымi вачыма, паведамiла зяця: 'Да цябе - якiсьцi п'янiца!' (Потым гаварыла яна, што госьць уявiўся ёй супрацоўнiкам мiлiцыi.) Барадаты - загадаваў неахайную прычоску - ледзь варочаў ён языком i прасiў у Сьцяпана шклянку чорнай кавы. Я, мiлы, ноч ня спаў i дома ня быў... Проста да цябе... Прабач мне, мiлы, за неспакой, якi...
- Прысядзьце, дарагi сябра, - Сьцяпан запрасiў яго да стала. Бухгальтар, аднак, марудзiў i, нарэшце, сказаў, што просiць Сьцяпана пагутарыць бязь сьведкаў. (Таму, мабыць, i падумалася бабе пра сышчыкаў.)
- Як гэта табе сказаць, мiлы, - ён чакаў кавы. - Ах, як выказаць?.. Мо' й беспатрэбна?..
- Пасьпеце ў нас. Вы-ж хварэеце. Вярнуся я з працы, тады мы й пагутарым. Будзе час, - Сьцяпан зiрнуў на ручны гадзiньнiк, знарочна. - Цяпер мы да нiчога не дагаворымся...
- Пачакай, - падняў той руку. - Пачакай, мiлы. Я коратка, - цешча падала каву, i ён лакомлiва сербануў яе