каменi гарэла свечка i ляжала тая самая iкона. Цяпер той камень знаходзiцца ў адной з цэркваў Жыровiцкага манастыра. Там i цудатворная iкона. Цудадзейнае тое месца — бываеш там, i цягне зноў i зноў…
Мiкола са здзiўленнем пазiраў на сябра.
— Ты быў там?
— Некалькi разоў, - усмiхнуўся Антось. — Заўсёды перад экзаменамi, i вочы лячыў, ваду браў у цудатворнай крынiцы. Мне Аленка параiла.
— А мне здаецца, што гэта казка, — сказаў Мiкола i павярнуўся да Сцяпана. — А як ты думаеш?
Той пацiснуў плячыма. 'Чаму ён нiколi не выказвае сваiх поглядаў? падумала Iрэна. — 'Хто мудры — той заўсёды маўчыць'? Цi 'Маўчыць той, каму няма чаго сказаць, бо галава пустая'? Загадкавы хлопец. А загадкавае прыцягвае'.
II
Палаткi раскiнулi на ўскрайку сяла на прыгожым поплаве, сярод зялёнай травы i маленькiх стракатых кветак. Хараство i цiшыня панавалi навокал. Аленка лягла на траву, i ёй здалося, што зямля дыхае. Яна глядзела ў бок манастыра, i здавалася ёй, што вярнулася яна дадому — такая мiлая была ёй гэтая мясцiна! У Жыровiчах, акрамя бабулькi, жыве яе стрыечная сястра Таццянка, у яе такi слаўны хлапчук — Алесiк! Вельмi любiць яго Аленка. I яна, папярэдзiўшы Анатоля, заспяшалася да Таццянкi. I як жа здзiвiлася, калi ўбачыла там сваю мацi. Расчырванелая, падпiтая Соф'я сядзела з Алесiкам на канапе.
— Алесiк кажа, што цябе не любiць! — заявiла яна, выцiраючы далонню вусны, нахiлiлася да малога. — Праўда, сынок? Скажы ёй!
Хлопчык засаромеўся, схаваўся за яе спiну.
— Глупства вы, цётка, кажаце! — сказала Таццянка i павяла Аленку на кухню, каб пачаставаць.
Загаварылi пра вучобу, жыццё. На парозе з'явiлася Соф'я.
— Чуеш! — звярнулася да Аленкi. — Я й кажу яму, каго ты больш любiш: мяне, што табе ўсё купляю, цi Аленку, якая нiчога табе не купляе? Дык ён кажа: цябе! Цябе, цётачка! — зарагатала Соф'я.
Аблiзала вусны i дадала:
— Дачушка, налi квасу!
— Якога табе квасу? — не зразумела Аленка.
— Ды не ты! — махнула рукою Соф'я. — Ты — свякрусiна дачка, бабкi сваёй любiмай, i таткi свайго, калекi! А мая — вось! — яна абняла Таццянку. — Маю дачушку ўзялi замуж, а цябе нiхто не бярэ!
I яна навалiлася на Таццянку, абняла, зацмокала ў твар.
— Ай, цётка Соф'я! — вырывалася Таццянка. — Чаму вы Аленку не любiце?
— Няхай яе мая свякруха любiць! Я iх радню ненавiджу! Свякруха прыбягала, плакала: ой, ой, сястрычка мая памерла! Ха-ха-ха! Хутка й сама памрэ!
— Што, бабка Нiчыпарыха памерла? — са слязьмi вымавiла Аленка. — Чаму ты мне не сказала?
— Бо я ад радасцi п'ю i танцую! — засмяялася Соф'я. — Увесь ваш род загублю пад корань, бо жыццё маё загубiлi, гады!
I Соф'я загаласiла. Аленка выбегла з хаты i пайшла да сваёй бабулькi.
— Уздыхаеш, бедная! — абняла Аленку бабка. — Доўга яна яшчэ тваю кроў пiць будзе…
Сухенькая, сярэдняга росту, бабка была акуратнай i ладнай гаспадыняй, хоць апошнi час i не мела ўжо сiлы ўпраўляцца ў хаце, на агародзе i ў хляве. Трымала некалькi курэй ды аднаго парсюка. Прыходзiла Таццянка, дапамагала. Адзетая бабка сёння ў карычневую спаднiцу, паўзверх якой завязаны белы фартух, у сiнюю трыкатажную кофту, на галаве белая хусцiнка.
— Я табе грабеньчык у Баранавiчах купiла! — падала гасцiнец Аленка. — А дзе твая кошачка?
— Бегае, — усмiхнулася бабка i абняла Аленку. — А матка твая ж бiла яе, кошачку маю, як я жыла з вамi, — бабка выцерла рукою вочы, — i мяне не раз у галаву таўкла. Калi ж ужо табе, Аленачка, Бог шчасця дась? Малiся, донечка мая, малiся! Можа, падась Бог табе знак свой.
Бабка дастала з шуфлядкi свой малiтоўнiк i падала Аленцы.
— Вазьмi з сабою ў паход, спатрэбiцца.
Аленка падзякавала.
…Белыя фiранкi на вокнах, праз iх вiдаць кавалачак неба. Вышыты ручнiк на покуцi.
— Гэта ж я яго вышывала! — усмiхнулася Аленка. — А памятаеш, як да нас бабкi прыходзiлi на вячоркi? Гiсторыi розныя расказвалi. Бабка Вера чытала Мележа, 'Людзi на балоце'. Бабка Каця варыла трактарыстам абед i хвалiлася, што ёй столькi курэй кожны раз варыць прывозяць, што яна так наелася! Бабка Яўстрацiха прыходзiла, настаўнiкава мацi. Яе ўжо няма. Бабкi Маланнi няма, у якой брат манахам у Кiева-Пячэрскай лаўры.
— I сястрычкi маёй няма, — заплакала бабка. — Ты так любiла яе!..
Аленка абняла бабку.
— Усiх ты памятаеш, донечка, — прашаптала тая. — Каго няма, i тых добрым словам успомнiш. Хутка i я да iх пайду…
— Ну, што ты! — супакоiла яе Аленка. — Пажывi яшчэ. З кiм жа я застануся?
— З Богам, дзiцятка, з Богам, — закiвала галавою бабка. — Адзiн ён у нас з табою заступнiк…
— Усiм па цукерачцы да гарбаты! — гаманiла Галя, завiхаючыся ля вогнiшча. — Вось гэтая цукерка — апошняя, i я аддам яе Анатолю з Iрэнай, у iх сямейная палатка, няхай i цукерка будзе адна на дваiх!
I ўсунула яму ў руку карамельку.
— Так! Ужо рэўнасць пачынаецца? — павысiў голас Анатоль. — Гэта апошнi паход для цябе! Не бяру нават на турзлёты! Тваё месца — на кухнi!
— Ды не равi ты! — крыкнула на яго Iрэна. — Галя, давай мяняцца месцамi!
Яна забрала свой заплечнiк i спальнiк i панесла ў другую палатку.
— Галя, забiрай, калi ласка, свой спальнiк i нясi ў Толеву палатку! сказала настойлiвым тонам Iрэна. — Анатоль, ты няправiльна сябе паводзiш, трэба паважаць будучую жонку, шанаваць яе!
— Я павiнен клапацiцца пра ўсю групу! — адрэзаў той. — Што гэта за кiраўнiк, якi мiлуецца ў палатцы з будучай жонкай!
— А з кiм ён павiнен мiлавацца, з чужою нявестай?
— Нi з кiм! — крыкнуў Iрэне Анатоль. — Я з табою мiлаваўся, цi што, лялька ты размалёваная! Табе не ў паходы хадзiць, а на матрацы грэцца!
— Не смей абражаць Iрэну! — падышоў да яго Мiкола.
— Хлопцы, цiха! — супакоiў iх Антось. — Можа, Анатоль i праўду кажа: нельга кiраўнiку групы мiлавацца з будучай жонкай цi нявестай, а трэба дбаць пра ўсю групу. Вось Анатоль i выбраў нейтральнага чалавека суседам да сябе ў палатку — Iрэну. Яна ж — нiчыя нявеста. Таму раўнаваць да яе, Галя, табе няма чаго! Ну хочаш, я пайду спаць да Анатоля ў палатку? Я i Аленка! Згода? I нiкому не будзе крыўдна i цесна ў палатцы. Ну як, хлопцы?
Антось абвёў усiх позiркам. Сцяпан моўчкi, бы яго не датычыць, калупаў наском чаравiка трухлявы пень. Мiкола кiўнуў галавою. Анатоль уздыхнуў i прамовiў:
— Парадак! Канфлiкту няма!
…Над вуллямi кружылi кропкi-пчолкi, растапырыўшы крылцы, садзiлiся на кусты малiннiку, на белую квецень яблынь, акуратна пасаджаных у рады руплiвымi манашкамi. За садам, уздоўж возера, паважна хадзiў качур, кракаў, клiкаў качак да вады. Ускочыла ўгору рыбiна, схапiла мошку i знiкла ў возеры. Перавернуты човен прыткнуў смаляны бок да цаглянай агароджы манастырскага двара. Тут жа стаяла сучасная тэхнiка для апрацоўкi зямлi.
Аленка прайшлася ўздоўж агароджы, па вузкай упадзiне, пазiраючы ўгару на дрэўцы i кусты. Над iх верхавiнамi бялеў купал Багаяўленскай царквы. Узнялася наверх. Абышла царкву кругом. Пастаяла ля магiл архiрэяў i ля магiл без надпiсаў — толькi крыжыкi. Тут пахаваны браты i сёстры, манахi. Аленка падумала, што, мабыць, вельмi добра быць пахаванай вось тут, у манастыры. Нiхто не зруйнуе магiлу, не пабудуе на ёй дом. Цiшыня i ўтульнасць, спакой манастырскага жыцця i небыцця, вечнасцi.
Калi чалавек са спакоем i развагаю задумваецца пра смерць, значыць, ён пасталеў. Аленка прайшла