свавольная малпа!
Iрэна скрывiла вусны i не глянула ў ягоны бок. Сцяпан у расшпiленай кашулi скручваў палатку. Дзяўчына падышла да яго i нешта прагаварыла. Той моўчкi закiваў галавою. Антось аббiваў зямлю з жалезных пруцiкаў, якiя трымалi тэнт. Галя старанна засыпала пяском яму са смеццем, а Анатоль наском чаравiка ўтрамбоўваў зямлю — прысыпаў вогнiшча. Аленка сядзела на сваiм заплечнiку i назiрала за маленькiм жуком, што поўз у траве…
Мiкола ўключыў транзiстар. Адтуль надакучлiва пiшчала i трынкала. Нарэшце загучала музыка.
— Выключ! У лесе трэба слухаць музыку прыроды! — загадаў Анатоль.
— Я не магу доўга быць у iзаляцыi, мне трэба iнфармацыя — мозг у бяздзеяннi дэградуе! — адказаў той.
— Я як кiраўнiк групы павiнен сам выконваць i прымушаць iншых трымацца парадку i патрабаванняў, якiя тычацца паводзiн у паходзе! — строга прадэкламаваў Анатоль. — Мы — турысты, а не дзiкуны! I ты павiнен выконваць загад камандзiра!
Мiкола засмяяўся.
— Мозг чалавека засмечаны непатрэбнай iнфармацыяй, — прадоўжыў Анатоль, уздыхнуўшы. — Чаму, вы думаеце, я ўвесь час у паходах i паходы мне даражэйшыя за ўсё? Чалавеку карысна пасядзець у цiшынi i падумаць. Сучасны лад жыцця не дае гэтага. У вiхуры жыцця думкi чалавека лётаюць абы-дзе, толькi не ля сваёй душы. А ў паходзе, на прыродзе, ты сам становiшся частачкай яе, дзiцем яе. А ты як пустазелле якое!
— А можа, ён баiцца застацца сам-насам са сваiм сумленнем, га? — заглянуў у твар Мiколу ягоны сябар Антось i выключыў транзiстар. — Да нас прыходзiць Дух Святы не ў буру i гром, а сярод цiшынi i подыху лёгкага ветру.
— Добра, пайшлi! — закiнуў на спiну заплечнiк Мiкола. — А то на менскi аўтобус спознiмся!
— Нiякiх больш аўтобусаў, - строга прамовiў Анатоль. — Нам трэба выбрацца да Нёмана, на тое месца, дзе мы былi, Мiкола, у тым годзе, — ён павярнуўся да хлопца. — Памятаеш той хутар, ля якога мы ў балота трапiлi?
— Няхай яно гарыць, тое месца! — раззлаваўся Мiкола. — Цэлы дзень па балоце iшлi, а ўсё моста праз Нёман няма i няма! На тым баку — хутар, хлопец з лодкай. Мы яму пакрычалi, i ён нас пачаў перавозiць, а мацi яго крычыць: 'Ганi «Чайку» назад!' Хiба яна не бачыла, што нам дапамога трэба? Скнары яны ўсе тут. Раней хутарамi жылi, дый цяпер, хоць i вёскi ўтварылiся, псiхалогiя людзей засталася ранейшая. У кожным двары свой калодзеж. Спачатку iдзе высокi плот, потым сад, гаспадарчыя пабудовы, а тады ўжо хата. Людзi ваўкаватыя, i ўсё iх жытло стаiць да людзей задам! Хiба ж гэта вулiца вясковая, калi вокны на дарогу не глядзяць? Мы ж з табою былi ў Загаллi, у аднаго сябра-турыста, дык там звычайная палеская вёсачка, а ўсе вокны ў хатах — на вулiцу, ля кожнай хаты — лавачка ўкопана, людзi вечарамi сядзяць, гамоняць, песнi пяюць, а тут усе пазашываюцца ў норы i сядзяць, адзiн аднаго ненавiдзяць!..
— Не ўтрыруй, калi ласка! — строга сказаў Анатоль. — Пайшлi да Нёмана!
Хлопцы i дзяўчаты моўчкi скiравалi за Анатолем, толькi Мiкола нехаця плёўся ззаду…
— А я кажу: калi ў мяне жонка патлусцее — будзе кожную ранiцу вакол хаты бегаць! — сур'ёзна паўтарыў Анатоль, памешваючы мярзотны кiпень у катле.
— Як ты называеш гэтую страву? — наiўна папыталася Галя, лiслiва заглядваючы ў твар хлопцу.
Анатоль раздражнёна ўздыхнуў i нiчога не адказаў. Аленка пацягнула Галю за штармоўку i пасадзiла з сабою побач на бярвенца.
— Думай, калi пра што пытацца! — па-даросламу шыкнула на яе. — Бачыш — ён заняты! Гэта ж ягоны фiрменны напiтак: глiнтвейн…
— Глiнтвейн? — перапытала Галя. — А з чаго ён?
— Гарачае вiно з перцам, карыцаю i гваздзiкай, — шапнула Аленка.
Анатоль строга глянуў у iх бок i сказаў:
— А вось што зробiць кожная з вас, калi заўважыць, што спаднiчка стала цесная?
Iрэна павярнулася да Аленкi i ўзбуджана зашаптала:
— Гэтае вiно, гэтае вiно… падобнае на вусны Янкi! Такiя гарачыя, палкiя… Мяккiя, як мармелад… Я хацела б растаптаць ягоныя вусны сваiмi абцасамi!
Вочы дзяўчыны гарэлi д'ябальскiм агнём.
— Не зацыклiвайся! — строга вымавiла Аленка. — Твае думкi пра яго блакiруюць аўру, i нi адна разумная iдэя не прыйдзе да цябе. Адкiдвай гэтыя думкi, iнакш звар'яцееш!
Аленка ўсмiхнулася Анатолю i сказала:
— Ну, калi мая спаднiчка стане цеснай, то я буду ранiцай бегаць па два кругi вакол возера, больш нават за нашага майстра бегу — Мiколу!
Мiкола задаволена кiўнуў Аленцы, правёў пальцамi па струнах гiтары:
— Цудоўная жонка камусьцi будзе! А вы, Iрэна з Галяй, што зробiце?
— Знайду багатага мужа, каб купiў другую спаднiцу! — скрывiла вусны Iрэна.
— А я… — марудзiла Галя, не ведаючы, што адказаць, каб спадабацца Анатолю.
Нарэшце, паказваючы сваю эканомнасць i гаспадарлiвасць, вымавiла:
— А я зраблю такiя клiны, каб пашырыць… Лампасiкi…
Гучны выбух смеху разарваў вячэрнюю цiшыню ля вогнiшча. Не смяяўся толькi адзiн Анатоль.
— Трэба некаму схадзiць на хутар, — пасля доўгага маўчання вымавiў ён, яек купiць альбо курыцу… Заўтра будзе працяглы маршрут. Пешшу да Вiшанькi. Нiякiх болей аўтобусаў. Лiшнюю вагу скiнем i мазгi праветрым…
— Нам трэба Уздзенскi раён наведаць, — напомнiў Антось, сур'ёзна задумлiвым позiркам гледзячы на Анатоля. — У вёсцы Нiзок стаiць паўразбураны маёнтак Наркевiча-Ёдкi. У 'Зборнiку помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi' за 1987 год, па Менскай вобласцi, пра нашага славутага земляка нi слова…
— Нiзок ёсць у маршруце, — згодна кiўнуў галавою Анатоль i дадаў: — Дык, можа, ты збегаеш на хутар? Вазьмi каго-небудзь з дзяўчат!
— Ну, дык вы ж самi казалi ранiцою, што прадасце курыцу, — разгублена стаяла перад маленькаю, з падслепаватымi вачыма старою Галя.
— А на чым вы з таго боку пераехалi, га? На лодцы? — перапытала тая. — А шмат заплацiлi дзядзьку, га? Ну, дык мо ведаеце, колькi каштуюць куры на базары, раз з таго боку прыплылi? А то мяне ўсё падманваеце. Вы ж, як цыганы-валацугi, гэткiя…
— Колькi скажаце, столькi i дадзiм! — выцягнуў з кiшэнi грошы Антось, блакiтныя, з хмарынкай вочы хлопца лагодна глядзелi на старую.
— Ай, — сутулiлася тая, нервова прайшлася па двары, заўважыла, што Галя сарвала спелую вiшню, i падцiснула вусны. — Не прадам! Заўтра дачка прыедзе з Полацка, скажа кошт, вось заўтра i прыходзьце!
— Ды ну вас к чорту! — раззлавалася Галя, выплюнуўшы костачку ад вiшнi. Мы хадзiлi ў паход па Берасцейскай вобласцi, дык там нам малако i яйкi бясплатна давалi, частавалi! Во дзе людзi добрыя!
— Цьфу! — плюнула старая. — Галеча там — не хаты, а квадратныя каробкi! А ў нас хаты доўгiя, прыгожыя…
— I задам да людзей! — выкрыкнула Галя, успомнiўшы Мiколавы словы, i пабегла з двара.
Ля хмызняку яе схапiў за руку Антось.
— Ды не нервуйся ты! — ласкава сказаў ён. — Вось дзе не трэба, дык ты смелая, а як у кампанii, то замкнутая, цiхая. А як адкрыеш рот, то глупства змарозiш, аж думаецца тады: дурная ты цi прыкiдваешся?
Галя пакрыўджана адпiхнула яго i моўчкi пайшла па вузкай сцежцы да маленькай, схаванай за высокiм плотам з яблыневым садам хаткi.
— Не крыўдуй, прабач мне! — папрасiў Антось. — Я хачу табе дапамагчы! Ты тыповы меланхолiк, а каб перамагчы сваю скаванасць, трэба стаць у цэнтры ўвагi, напрыклад, прыйдзi ў турклуб з тортам, якi спякла сама, i скажы голасна, маўляў, усiх запрашаю, альбо давай цяпер паспрабуй, мы вернемся да палатак, а ты раскажаш што-небудзь цiкавае!
Галя недаверлiва глянула на хлопца.
— Не бойся, я цябе падтрымаю, — запэўнiў яе Антось, спагадлiва пазiраючы ў твар, — ты толькi