памятай, што ты прыгожая, прывабная, мiлая, непасрэдная, як дзiцятка. Запомнi, ты — мiлая! Калi будзеш расказваць, глядзi на мяне, я буду трымаць рукi вось так i ўсмiхацца табе, каб ты не збiлася з панталыку, згода?
Галя засмяялася i сказала даверлiва:
— Ведаеш, у мяне з другiмi хлопцамi iнакш. З другiмi я смялейшая, упэўненая ў сябе, а з Анатолем, не ведаю, чаму такая нязграбная…
— Проста ён табе падабаецца. Вось калi перастане падабацца, станеш сама сабою. Табе трэба знайсцi сябра альбо закахацца ў другога.
— Навошта? — не зразумела Галя.
— Вы не падыходзiце адно аднаму. Анатолю патрэбна такая жанчына, з якою ён мог бы раiцца, у якой ёсць жыццёвы вопыт, а ты яшчэ дзiця. Яму трэба сталая жанчына. I табе — сталы чалавек, якi б мог дараваць тваю дзiцячую непасрэднасць. I пакахаць цябе за тваю чыстую душу.
Ён памаўчаў i дадаў:
— А наогул, не трэба табе нiякi замуж. Не псуй душы сваёй, iдзi лепш у манастыр.
Галя глянула на яго, як на вар'ята.
— Я хачу, каб у мяне была сям'я! — усклiкнула яна. — Хадзiць разам з дзеткамi ў паходы. Шчаслiвая спартовая сям'я, пра якiя паказваюць па тэлевiзары i якiя я часта бачу ў паходах.
— Гэта толькi звонку здаецца, што яны шчаслiвыя, а на самай справе рэўнасць, здрады…
— Адкуль ты такога набраўся? — раззлавалася Галя i пiхнула нагою дзверцы, каб увайсцi ў двор.
Гаспадыня хаты сядзела на драўлянай падлозе i вiла вяроўку. Ручкi яе былi маленькiя, як у дзiцяцi, галоўка таксама, а вочы юркiя, цьмяныя, недаверлiвыя.
— Мо малака прадасце, бабуля? — ветлiва спытаў, прывiтаўшыся, Антось.
— Не, — цвёрда адказала тая. — Карову сурочыце! У нас нiчога не даюць i не прадаюць, трэба ўжо ведаць! Кветак, трускалак на расаду не даюць, бо звядуцца, яек i малака не прадаюць, бо сапсуецца карова!
— У вас што, вядзьмарак шмат, што ўсяго баiцеся?
— Анягож! — затрэсла галавою старая. — Бацюшка хацеў крыж паставiць на могiлках, дык чорная сiла не дала, малiтва да Бога не прабiваецца. I не паставiлi! У нас, аж да Дзвiны, аж да Полацка самага поўна ведзьмакоў, а ўжо там, пад Полацак, ды пад Вiцебск, да Расеi блiжэй — няма нячысцiкаў. А тут захад, вось i чэрцi круцяцца.
— Дык мы ж не нячысцiкi, мы — турысты, — усмiхнуўся Антось.
— К чорту вас, к чорту! — ускочыла старая i выпхнула iх з хаты.
— Пайшлi з гэтага гiблага месца, — махнула рукою Галя i ўздыхнула: Хутчэй бы да Менскай вобласцi выбрацца! Я згодная i ноччу iсцi!
III
— Ну, хто раскажа што цiкавае? — разглядваючы начное зорнае неба, спытаў Анатоль. — I iсцi лягчэй будзе.
— Лепш слухай пошчак конiкаў у траве! — агрызнуўся Мiкола, папраўляючы заплечнiк. — Ганяеш, як на разрад! Я ў майстры спорту па турызме не хачу! Папярэджваў жа ўсiх, што лепш на гэтыя хутары не сунуцца, вось да чаго твая ўпартасць, Анатоль, даводзiць! На пусты жывот да Менска пiлiць трэба!
— Ну, не сярдуй, — прымiрэнча адказаў Анатоль, — мы ж крыху аўтастопам праехалi, ужо да Менскай вобласцi рукою падаць. Ля Плешчанiц на начлег запынiмся. Будзем там у тры гадзiны ночы.
Антось падышоў да Галi i нешта шапнуў на вуха. Тая голасна сказала:
— Сябры, паслухайце паданне!
Анатоль азiрнуўся, запынiўся, быццам чакаў ад яе нейкага падвоху. Але дзяўчына, усмiхнуўшыся, павольна пачала аповяд:
— Гэта здарылася ў той час, калi людзi ваявалi з лукамi i стрэламi. На вайне ў аднаго хлапчука загiнуў бацька. Старэйшы брат яго сказаў: 'Вось вырасту i адпомшчу за татку!' А хлапчук i кажа: 'А я памiру ўсiх заўтра ранiцою!' Пасмяялiся з хлопчыка ўсе i леглi спаць. А той пабег да сваiх воiнаў i паздымаў з лукаў цяцiвы. Пабег да ворагаў i зрабiў тое ж. Нацягнуў гэтыя цяцiвы на драўляную дошку з дзiркай, атрымалiся струны. Крануў iх рукою — i палiлася журботная мелодыя. Прачнулiся воiны абодвух бакоў i пайшлi глядзець, што дзе здарылася. Бачаць, на тым полi, дзе яны бiлiся, сядзiць маленькi хлапчук i iграе на незвычайным iнструменце. Пачалi яны пытацца ў яго, што ён тут робiць. 'Са зброi вашай гуслi зрабiў я, — адказаў той, — вось i распавядаюць яны, колькi гора i слёз прынеслi войны людзям. Гуслi могуць весялей зайграць, але толькi тады, калi вы братамi станеце'. Маўчаць воiны, не ведаюць, што i адказаць. 'Хворыя вашы душы, — мовiў хлопчык, — буду вам лекарам!' I дзiўная музыка палiлася з-пад ягоных пальчыкаў, абудзiла наваколле. Заслухалiся воiны. А калi сонейка паказалася з-за лесу, пачалi воiны абдымацца i плакаць, называць адзiн аднаго братамi. Вось так музыка зрабiла цуд, — закончыла Галя, — вось так, кажуць старыя, з'явiлiся першыя гуслi.
Антось па-сяброўску сцiснуў Галiну руку i шапнуў: 'Я ж казаў — ты мiлая. Усё ў цябе атрымалася…'
— Малайчына! — жвава вымавiў Мiкола i паляпаў Галю па плячы.
Дзяўчаты засмяялiся. Iрэна глянула на Сцяпана: а што скажа ён? Той моўчкi крочыў, гледзячы пад ногi.
— Прывал! — злiтаваўся Анатоль i кiнуў на траву свой заплечнiк. Паўгадзiны!
Мiкола расчаравана ўздыхнуў.
— Пайшлi паходзiм па начным лесе! — прапанавала Сцяпану Iрэна. Той згадзiўся. Нейкi момант iщлi ўбок ад прывалу моўчкi.
— Скажы што-небудзь! — засмяялася Iрэна.
Сцяпан згроб яе ў абдымкi i пачаў палка цалаваць. Iрэна смяялася, адбiвалася ад яго.
— 'Зоркi, умытыя вячэрнiм дажджом…' Паэтычна, праўда? — прашаптала Iрэна. — Гэта Мiкола напiсаў такi верш. А яшчэ: 'Мы з табою сустрэнемся, веру я… Я цябе адшукаю мiж зорак. Для цябе расчыню я дзверы, я стаў iншым, не той, што ўчора…' Прыгожа? А ты любiш вершы?
— Не, — адказаў Сцяпан, выпускаючы яе з абдымкаў. — Той, хто складае вершы, крыху шызануты, 'не от мира сего'.
— Ну, што ты галiмацью нясеш? — пакрыўдзiлася Iрэна. — Дзе ты такое вычытаў?
— Што такое 'галiмацья'? — не зразумеў хлопец.
— Ты што, не ведаеш? — засмяялася Iрэна. — Гэта калi чалавек гаворыць розныя глупствы. А ведаеш, адкуль пайшло гэтае слова? Адзiн доктар, Галь Мацье, француз, выпiсваў хворым лекi, а на рэцэптах пiсаў розныя анекдоты, для падтрымання духу. Ён быў выдатны псiхолаг, калi так рабiў…
— Я не чытаю кнiжак, — вяла вымавiў Сцяпан, — толькi дэтэктывы або пра агароднiя культуры, пра жывёлу хатнюю. Вось як парсючкоў кармiць, ведаеш? Каб сала было з праслойкаю?
Iрэна скрывiлася i ўздыхнула, падняўшы вочы ў неба.
— А ў вас на хутары ходзяць на вячоркi? — пацiкавiлася яна.
— А як жа! Суседка прыходзiць з таго хутара, буталь прыносiць, у карты рэжамся ўсю ноч…
— I ўсё? А гiсторыi розныя расказваеце? Ну, напрыклад, пра даўнiну цi пра што страшнае?
— Пра якую там даўнiну? Як даўней жылi, так i цяпер! А страшнае што? Вунь у Аўдоццi карова здохла, дык, бедная, высахла ўся, вось табе i страшнае, бо з трох кароў за малако мiльён мела, а цяпер толькi дзве засталiся…
Iрэна засяроджана глядзела ў твар хлопцу.
— Давай лепш цалавацца! — абняў яе Сцяпан.
— А ў цябе дзяўчына ёсць? — вырываючыся ад яго, спытала Iрэна.
— Вось ты i будзеш дзяўчынаю, — прашаптаў ён i павалiў яе на мокрую ад расы траву. — Паедзеш са мною на хутар жыць, згода?
Iрэна сцепанулася ад холаду i адказала: