— Згода, толькi дай мне падняцца, уся штармоўка мокрая! Паўгадзiны прайшло ўжо, пайшлi, а то Анатоль нервавацца будзе!

Яна паднялася i пайшла. Сцяпан застаўся сядзець у траве, засяроджана пазiраючы ёй услед.

Нёман зiхацеў блакiтнай стужкай на сонцы. Але падарожнiкi, не даходзячы да моста, скiравалi ўправа. Пайшлi да дзiвоснай брамы — увахода ў разбураны маёнтак. Сярод старых дрэў стаялi яшчэ ўцалелыя, скалечаныя часам i людзьмi сцены, высокая вежа будынка, на муры якой, зверху, расла зялёная трава i цягнулася да сонца маленькае дрэўца.

— Сядзiба Наркевiча-Ёдкi, — прамовiў Антось. — Славуты беларускi вучоны семнаццатага стагоддзя…

Мiкола прысеў пад раскiдзiстым дубам, скiнуў кеды, паставiў стомленыя ногi на халодную зялёную траву. Аленка дастала тэрмас, налiла ў блакiтную накрыўку гарбаты i падала хлопцу. Той узяў i, усмiхнуўшыся, пацалаваў ёй руку. Аленка ўспыхнула, твар яе засвяцiўся радасцю. Непадалёку ад iх стаяла легкавая машына белага колеру. Да яе падышоў сярэдняга росту мужчына ў белым касцюме i чорным гальштуку, якi быў заколаты прыгожаю, з белымi зiхоткiмi камянямi заколкаю. Валасы мужчыны зачасаныя ўгору, на скронях — сiвiзна.

— Ой, гэта ж Вайдаш дзеда Ўладыморыка! — узрадавалася Галя. — Мiкола, гэта ж Дуброўскi! Пайшлi да яго.

Анатоль строга цыкнуў на яе.

— Гэта з нашай вёскi чалавек, — сказаў Мiкола, — пайду павiтаюся.

I ён пайшоў. Праз некалькi хвiлiн паклiкаў сяброў да машыны.

— Ну што, разам паснедаем? — усмiхнуўся Дуброўскi, прапаноўваючы ўсiм залазiць у машыну. — Зараз я вас завязу на цудоўны поплаў. Спрадвек мiж лугавiн цяклi тут дзве рэчкi — Лоша i Уса, — зазначыў ён, заводзячы машыну, а потым злiлiся ў адну. I вось ужо няма, «нема» iх дзвюх, цячэ адна рэчка Нёман. Праўда, гэта падобна на каханне — злiццё дзвюх душ у адну?

— Ага! — заёрзала Галя на каленях у Анатоля, схiлiлася, перагнуўшыся з задняга сядзення на пярэдняе, да Дуброўскага. — А вы памятаеце мяне, Вайдаш? Як вы прыязджалi да дзеда, то я прыходзiла да вас, i мы з вамi пiлi малако з абаранкамi?

— Памятаю, — засмяяўся Дуброўскi, — i як ты казала, што я твой старэйшы брат. Табе так хацелася старэйшага брата!

— Вы i цяпер для мяне, як брат! Як прыедзеце, то мне так хочацца да вас прыбегцi, але ўжо сорамна, бо я дарослая, яшчэ што падумаюць!

Анатоль тузануў Галю за штармоўку: 'Такiя размовы вядуцца сам-насам!' Галя адмахнулася ад яго, як ад мухi, i прадоўжыла:

— А памятаеце, як мы з вамi паехалi на рыбу? Сядзелi на беразе, размаўлялi, i раптам бабёр з вады вылез! А навокал — пшанiца каласiцца, а сярод яе валошкi i маленькi астравок, на якiм раслi хвоi! Сапраўды, як у таго мастака, у Шышкiна!

Дуброўскi закiваў галавою.

— Гэта было 25 лiпеня 1982 года, — павярнуўся ён да дзяўчыны з усмешкаю.

— Як вы гэта запомнiлi? — радасна здзiвiлася тая.

— Потым скажу, — засмяяўся Дуброўскi i затармазiў.

Падарожнiкi высыпалi на зялёны луг. Паздымалi штармоўкi, пачалi даставаць з заплечнiкаў ежу. Дуброўскi разаслаў на траве белы папяровы абрус, паклаў на яго некалькi пакетаў з ежай.

— Пойдзем разам да рэчкi, — прапанавала яму Галя, — рукi памыем.

— Пайшлi, — згадзiўся Дуброўскi, прыхапiўшы з сабою ручнiк.

Запытальна глянуў на Аленку, але тая прытулiлася да Мiколы i нiкога не заўважала побач. Мiкола настройваў гiтару. Антось дзелавiта 'накрываў на стол', раскладваючы лыжкi i мiскi. Сцяпан рэзаў хлеб. А Анатоль уважлiва разглядваў iншамарку Дуброўскага, стукаў нагою па колах. Толькi Iрэна засмучаным позiркам глядзела ўслед Дуброўскаму — для яе ён быў прынцам з казкi, чароўным i недасягальным. Яна не разумела, як гэта можна вось так, проста, па-свойску, размаўляць з iм. Калi яна ўпершыню ўбачыла яго ў бары Дома фота, ён часта снiўся ёй. Яна ўяўляла яго з сабою ў тэатры, у фiлармонii. А тут вось гэтая недарэка Галя, 'будучая жонка' Анатоля прыцягнула ўвагу яе прынца, яе мару. Аказваецца, яны з Галяй з адной вёскi. Не, ён не вясковы! Ён гарадскi, ён — толькi для яе! I яна зробiць усё, каб застацца з iм назаўсёды!..

Кроплi вады зiхацелi на плячах Вайдаша. Ён сядзеў на беразе рэчкi, адкiнуўшы ўбок ручнiк. Галя падышла да яго, абняла, прытулiлася вуснамi да ягонага твару.

— Памятаеш, я рабiла так, як была яшчэ школьнiцай? — прашаптала яна. Тады мне не было сорамна, а цяпер…

— Што цяпер? — пагладзiў яе па валасах Дуброўскi.

— Я кахаю цябе! — заглянула яна яму ў твар. — Я казала пра гэта табе заўсёды, калi была малая, але цяпер я кахаю цябе па-iншаму…

— I за iншага выходзiш замуж.

— А хiба ты прапаноўваў мне? — здзiвiлася тая. — Скажы, ты кахаеш каго-небудзь? — трымала яго за руку Галя.

Дуброўскi ўздыхнуў, усмiхнуўся, гледзячы на тоненькую, быццам бярозка, маленькую, дапытлiвую i непасрэдную Галю, i адказаў:

— Пакуль не…

— Я прашу цябе, не кахай нiкога, дай мне дарасцi да цябе! — з запалам папрасiла дзяўчына.

— Я наогул нiкога не кахаю…

— I мяне? — наiўна папыталася Галя.

— I цябе. Я ж ужо гаварыў пра гэта…

Ён павярнуўся, каб пайсцi.

— Пачакай! — у вачах у Галi застылi слёзы. — Ты ж казаў, што любiў мяне, як сястру… А цяпер што, нiчога нават ад гэтага не засталося?

Дуброўскi маўчаў.

— На што мне тады спадзявацца? — упарта дапытвалася Галя. — Вучыцца, рабiць кар'еру, каб у трыццаць гадоў мне сказаў: 'Не!'

— Галя, — разважлiва, па-сяброўску ўсмiхнуўся Дуброўскi, — трыццаць — гэта яшчэ не старасць. А што далей будзе, адзiн Бог ведае. Я i сам не ведаю, што я скажу табе, калi ўзрост твой дасягне трыццацi…

— Ты гаворыш, як дыпламат. Дыпламат нiколi не скажа «не», ён скажа 'можа быць'!

I яна ў слязах пабегла ў бок хмызняку.

* * *

— На правым беразе Нёмана ўзнiкла паселiшча Наднёман, — гаварыў Антось, прытулiўшыся спiною да абабiтай цаглянай сцяны сядзiбы. Языкi агню мiтусiлiся, узносiлi iскры ўгару, i твары падарожнiкаў здавалiся таемнымi. Воддаль ад сядзiбы стаялi дзве палаткi, крыху далей — машына Дуброўскага. Цяпер на iм быў сiнi спартовы касцюм i красоўкi, сядзеў ля вогнiшча i падкiдваў дровы. Галя прымасцiлася побач з Анатолем, якi з суровым тварам аглядаў наваколле. Пачало змяркацца, i хутка кусты хмызняку здавалiся ўжо цёмнай сцяною, толькi вогнiшча асвятляла сяброў, i цiхi, прыглушаны голас Антося распавядаў пра мiнулае.

— Паселiшча належала князю Радзiвiлу, потым яго купiў шляхцiц Антон Наркевiч-Ёдка. Ён быў жанаты з Анэляй Эстка i праз яе стаў сваяком роду Касцюшкаў. У Анэлi з Антонам нарадзiўся хлопчык Якуб, у 1847 годзе. Ён быў прыгожы, дапытлiвы, здольны да навук. Скончыў Менскую губернскую гiмназiю. Быў добрым кампазiтарам, вiртуозам-пiянiстам. Працаваў у Маскве, падарожнiчаў па Эўропе. За мяжою вывучаў фiзiку, прыродазнаўства i медыцыну. Вярнуўся ў Наднёман i ў падвальнай частцы сядзiбы абсталяваў электралабараторыю, ставiў доследы. У 1888-м пабудаваў метэастанцыю…

Антось паказаў рукою на высокую вежу насупраць таго месца, дзе стаяў сам. Усе павярнулiся туды.

— Так, гэта Якубава вежа! — пацвердзiў Дуброўскi. — Дваццаць сем метраў вышыня, Эолова арфа наверсе была. Ён вывучаў уплыў электрычнасцi на раслiны. Ставiў доследы па прыёме i перадачы электрасiгналаў без правадоў…

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату