Iрэна?..

Як быццам ачомаўшыся ад сну, Iрэна засаромелася, нешта прамармытала, а потым заплакала.

— Ты не сустрэла сапраўднага кахання, — пагладзiў Дуброўскi яе па валасах. — А тое, што было з табою, напэўна, здрада, гэта таму, што ты спакусiлася на не сваё… Тваё табе яшчэ будзе…

— Вайдаш! Я марыла пра такога хлопца, як ты!.. Пра такога мужчыну!..

— Ты ж не ведаеш, якi я, — самотна адказаў той. — Гэта толькi знешнасць…

— Я адчуваю сэрцам… Я ўбачыла цябе ў бары некалькi месяцаў назад i закахалася. А гэтая сустрэча — выпадковая, тут, у Нiзку. Значыць — ты мой лёс!

— Якая ты iмпульсiўная… I верыш у тое, што твая прыгажосць вырашыць усё…

— Так, я вар'ятка, — уздыхнула Iрэна. — Ля вогнiшча ты не звяртаў на мяне нiякай увагi…

— Там ёсць хлопчык адзiн, здаецца, вельмi закаханы ў цябе… Сцяпан!

— Яму трэба толькi маё цела! — ускiпела Iрэна. — Усiм вам патрэбна толькi маё цела! I табе, i Янку! А душа? Вам усiм напляваць на яе!..

— Дзе душа твая, дзе, Iрэна? Я бачу толькi вось гэтае цела пад празрыстаю сарочкаю. Чаго ты хацела ад мяне — маланкавага кахання? Ты думала, што я нiколi не бачыў голых жанчын?

Iрэна з размаху ўрэзала яму аплявуху i выскачыла з машыны…

— Ну, дзе Сцяпан? — высунула з палаткi галаву Галя. — Ты хадзiла да яго? Аленка ўжо спiць… Дзе ты была?

— Сцяпан? Дык ты гаварыла пра Сцяпана? — раззлавалася Iрэна. — Калгаснiца няшчасная! Чым ты толькi хлопцаў бярэш? Вайдаш з табою да ракi ходзiць, у вёсцы ты яго братам завеш, а са мною ён i пагаварыць не захацеў! За Анатоля замуж iдзеш, а мяне, прыгажуню, таленавiтую, разумную, нiхто не бярэ!

На крык вылезла з палаткi Аленка.

— Вось ты — веруючая! — кiнула ёй Iрэна. — А чаму ж твой Бог не роўна дзелiць, га?

— Мы на зямлi пакутуем за грахi нашы, — адказала тая.

— А калi ж я паспела награшыць, што мне з маленства на хлопцаў не шанцуе? Якая-небудзь кракадзiлiха, глядзiш, па горадзе iдзе з прыгажуном, а тут!..

— За грахi нашы з мiнулага жыцця, — паправiла Аленка. — Вiдаць, ты ў ранейшым жыццi была злая, нiкога не любiла, вось i вярнулася на зямлю, каб выправiцца. Не спяшайся, пачакай, i сустрэнеш свайго хлопца, з якiм будзеце роднасныя душы…

— Ну, нi фiга! Каб мяне ўсялякiя калгаснiцы абскоквалi! Я ўпярод за цябе i за Галю выйду, абяцаю! Пасля паходу!

I яна скiравала да палаткi хлопцаў. Паклiкала Сцяпана. Той нехаця вылез, пацiраючы сонныя вочы.

— Чаго ў такую рань? — працягнуў, пазяхаючы.

— Мяне адзiн сноб пакрыўдзiў, будзеш абараняць! Пайшлi, пагуляем яму на зайздрасць, няхай ведае, якi ў мяне абаронца ёсць!

— Ой! — крэкнуў, пацягнуўся i нехаця прысеў Сцяпан, пачаў нацягваць красоўкi. — А што такое «сноб», га?

— Снобамi называлi ў Францыi дзяцей дробных чыноўнiкаў цi сялян, якiя паступалi вучыцца ў вышэйшыя ўстановы i ва ўсiм старалiся вонкава быць падобнымi на свецкiх сеньёраў, не клапоцячыся пра духоўны стан, iнтэлект, ветлiвасць, манеры, паводзiны. Вельмi моднiчалi… Гэткi сноб намалёваны ў кнiжцы: стаiць ля бочкi, сам у кiрзачах, штаны вiсяць складкамi… Кiдае ўбок белыя пальчаткi, а яны ў бочку — плясь!

— А-а! — абняў Iрэну Сцяпан. — Iнтэлект, iнтэлiгент… А чым адрознiваюцца гэтыя словы?

— Дык ты ж iнстытут у гэтым годзе скончыў, на эканамiста вучыўся i не ведаеш такiх слоў? — абурылася Iрэна. — Кожны iнтэлiгент павiнен быць iнтэлектуальным…

— Ай, масла масленае! — махнуў рукою Сцяпан. — Давай лепш цалавацца!

За сядзiбай, у лясным гушчары, так разраслiся кусты дзiкай шыпшыны, што нельга было прайсцi — драпалi твар, рукi, чаплялiся за вопратку. Нечакана трапiлася пад ногi нязвыклая для лесу раслiна — барвiнак.

— Глядзiце, глядзiце! — усклiкнула Галя i прысела ля раслiны.

— Ды што ты крычыш як апантаная, — пацягнуў яе за рукаў Анатоль. — Не ўмееш паводзiць сябе на людзях. Ну, барвiнак, ну i што? Нiколi не бачыла?

— Як яна хоча, так няхай i выказвае свае пачуццi! — заступiўся Антось. Што ты ўвесь час з яе дурнiцу робiш? Дуброўскi не па табе, а паважае яе, нават сябраваў з ёю. Яму падабаецца яе непасрэднасць. Не ўсiм жа людзям быць аднолькавымi…

— Так! — насупiўся Анатоль. — Трэба разборку рабiць! Дзякуй богу, Дуброўскi паехаў ранкам…

— Ён паехаў на сустрэчу са сваiмi сябрамi спелеолагамi! — зазначыла Галя. — Ведаеце, хто такiя спелеолагi? Альпiнiсты ў горы падымаюцца, а спелеолагi спускаюцца пад зямлю…

Анатоль незадаволена паморшчыўся i загадаў усiм сесцi на пагорку.

— У паходзе сапсавалася дысцыплiна! — заявiў Анатоль, сурова аглядваючы падарожнiкаў. — Сорам! Дзяўчаты з глузду з'ехалi, як убачылi гэтага франта Дуброўскага на iншамарцы!

Ён кiнуў калючы позiрк на Сцяпана i Iрэну i сказаў:

— А вам, закаханыя, няма чаго бадзяцца ўначы па лесе! Турыст павiнен спаць i рыхтавацца да заўтрашняга кiламетражу! Секс i спартовы паход несумяшчальныя! Калi яшчэ раз паўторыцца такое — здымаю з маршруту! Можаце адпраўляцца хоць цяпер! Аўтастопам — i на твой хутар, Сцяпан!

Iрэна незадаволена ўскочыла, глянула на Сцяпана — той моўчкi грыз сцяблiнку.

— Сядзь! — тузанула яе за калашыну Аленка. — Шалянiца! I Галю пакрыўдзiла нi за што…

Анатоль затрымаў позiрк на Аленцы.

— А ты дзе была? Мiкола хроп без заднiх ног, а ты дзе валачылася? У якой вы ўсе форме зараз? Паглядзiце на сябе! Кругi пад вачыма, сонныя, як мухi! Каханне замучыла? Перад паходам усе свае «охi», 'ахi' пакiдайце дома!

— Бярыце прыклад з Галi i Анатоля! — засмяяўся Мiкола. — Яны вось жэняцца пасля паходу, а трымаюцца як чужыя! Сапраўдныя турысты!

— Галя таксама 'добрая'! — не зразумеўшы Мiколкавых кпiнаў, буркнуў Анатоль. — Мяне беспадстаўна раўнуе, а сама на шыю Дуброўскаму вешалася!

— Добра, хлопцы! — падняўся Антось. — Ён жа ўжо паехаў! Iнцыдэнт вычэрпваецца. Даруем нашым дзяўчатам гэткi запал. I болей уначы нiхто не блындаецца, нават закаханыя!..

Ён глянуў сабе пад ногi, схiлiўся над барвiнкам i ўсмiхнуўся:

— А Галя праўду казала: барвiнак! Значыць, тут могiлкi…

Усе ўсхапiлiся, пачалi разглядацца.

— Уяўляеце, ён расце тут аж з васемнаццатага стагоддзя! — раскрыла задуменныя вочы Аленка. — Уяўляеце? Сам размнажаецца, расце, а тых, хто пасадзiў яго, ужо няма… Барвiнак, пасланец з мiнулага!..

Прайшоўшы крыху ўперад, Мiкола натрапiў на яму. Над ёй навiсала куча плiт-камянёў. Ён апусцiўся на каленi ля адной з плiт i прачытаў услых:

— Анэля Ёдка. 1850–1873. Мацi Якуба…

— Фамiльны склеп разбураны ўшчэнт, — прашаптала Аленка.

— Золата шукалi… — пахмурна сказаў Антось. — А вось адзiн добры чалавек недзе тут захоўвае плiту з магiлы Якуба, каб марадзёры не забралi…

Ён сарваў сiнюю кветачку барвiнку i паклаў на Анэлiн камень.

— Калi разбураюць магiлы, надыходзiць крах цывiлiзацыi, — сумна заключыў Анатоль. — А каму тут займацца помнiкамi даўнiны? Вясковыя людзi былi цёмныя ў васемнаццатым стагоддзi, такiя i цяпер. На ахову сродкаў няма, дык хоць бы не абыходзiлiся так па-варварску з помнiкамi архiтэктуры!

Iрэна адцягнула Аленку ўбок i прашаптала:

— Мы са Сцяпанам лiняем адсюль!

— Гэта куды? — здзiвiлася сяброўка.

— На хутар да яго едзем. Прывiтанне ўсiм! Пакуль!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату