Ён працягнуў руку да яе валасоў, але Маруся адхiлiлася i прадоўжыла:
— Бабка Саша мне расказвала, што ёсць людзi з мёртвай i жывою душою. Душа жывая ажыўляе чалавека, надзяляе талентамi, iмкненнем да прыгожага, да Бога… Чалавек з мёртваю душою прыпадабняецца да жывёлы: працуе, есць, спiць. Таму мёртвыя душы, як кампенсацыю, часта атрымлiваюць прыгожыя постацi. У старажытных жыдоўскiх рукапiсах знаходзяцца запiсы аб тым, што Iсус не быў прыгожы, але твар яго свяцiўся дабрынёю i ўсiм ён здаваўся самым прыгожым на свеце…
— Вы — цудоўны чалавек, — сказаў Дуброўскi, усмiхнуўшыся. — Ведаеце, калi мы яшчэ працавалi ў «Менскбудпраекце», неяк разам з паперамi вы аддалi мне чарнавiк нейкага пiсьма…
Вусны ў Марусi перасохлi ад нечаканасцi: няўжо пiсьмо да Анатоля, але ж яна яму не пiсала?!.
— Пiсьмо Дарыны да Вiтаўта, — цёплыя, арэхавага колеру вочы Дуброўскага глядзелi на яе з зацiкаўленасцю. — Я ведаў гэтую гiсторыю кахання. А вас яна, напэўна, моцна ўразiла, калi пiсьмо гэта вы напiсалi на адваротным баку праекта…
— Студэнцкая звычка, — засмяялася Маруся, — студэнцкая звычка пiсаць у канспектах пiсьмы!
— Вы марылi пра рамантычнае каханне, уяўлялi сябе ў мiнулым князёўнай? твар Дуброўскага асвятлiла па-сяброўску шчырая ўсмешка.
— Не, — суха адказала Маруся. — Я не рамантык i рамантыкаў не люблю!
— Таму, што самi пакутавалi ад няздзейсненых мараў?
— Вы памыляецеся, — цвёрда адказала Маруся.
— Можа, i так, — пагадзiўся Дуброўскi. — Але я хацеў бы пачуць з вашых вуснаў пiсьмо Дарыны да Вiтаўта. Прачытайце мне яго сёння вечарам, у маёнтку. Я буду чакаць вас у адзiнаццаць гадзiн, — ён дакрануўся да рукi Марусi.
— Добра, — адказала яна i пайшла ад яго.
— Усе ў кучу, у кучу! — смяяўся Мiкола. — Аленка, наразай хлеб, а я сала. Гурочкi салёныя парэжа, раскладзе Галя! Дзяўчаткi, спрытней! Антось, ты паклiкаў Вайдаша?
— Я схаджу! — усхапiлася Галя.
— Сядзi! — сурова глянуў на яе Анатоль. — Антось пойдзе!
Галя скрывiлася, цяжка ўздыхнула i пачала наразаць гуркi.
— Мiкола, ты нарваў зялёнай цыбулi ў бацькi? — папытаўся Анатоль у хлопца. — I каб сёння ж iшоў да бацькi касiць сена!
— Я ж у паходзе! — заявiў той.
— У лагеры застаёмся я i Антось, — цвёрда вымавiў Анатоль, — Галя дапамагае сваёй мацi, Аленка — бабцы Сашы. Усе павiнны быць занятыя. Пасля абеду я iду па экскаватар, я i Антось… Вы ж усе заявiцеся да маёнтка, калi дапаможаце людзям. Турысты павiнны не толькi выконваць нарматывы кiламетражу, любавацца прыродаю, але i прыносiць карысць!
— Малайчына! — засмяялася Аленка. — Сапраўдны кiраўнiк паходу!
Яна працягнула яму кубак з квасам i азiрнулася. Да iх накiроўваўся Дуброўскi з Антосем.
— Невыпадкова нашы маршруты перакрыжоўваюцца! — гарэзлiва засмяяўся Дуброўскi, прывiтаўшыся з усiмi. — Няйнакш, хлопцы, мы адно i тое шукаем… Што вас прывяло ў Вiшаньку?
Ён прысеў на траву. Галя па-свойску прымасцiлася побач i падала яму акраец хлеба.
— Блакiтны пакойчык шукаем, — сказаў Мiкола, — кубак жалезны. Здаецца, на падзямелле натрапiлi. Там вялiкi завал, але мы крыху пакапаем, палазiм…
— На даследаваннi патрэбны дазвол, — адказаў Дуброўскi, — па падзямеллях лазiць небяспечна…
— А хто будзе ведаць? — весела адзначыў Мiкола.
— Зямля належыць мне, — нечакана папярэдзiў Дуброўскi. — Мой маёнтак злучаецца падземным ходам з гэтым маёнткам, дарэчы, з рэшткамi так званага маёнтка Дарыны, якi знаходзiцца на маёй зямлi…
— Ну i капiталiст! — узлаваўся Анатоль. — Няўжо ж вы не дазволiце маiм хлопцам палазiць па падзямеллi, хiба што самi там скарб шукаеце?
— Гэта небяспечна, паўтараю! — строга адказаў Дуброўскi. — А скарбаў тут нiякiх няма. Будуецца дзiцячы санаторый, зямля добраўпарадкоўваецца для дзiцячых пляцовак, аднаўляецца храм, якi быў пабудаваны на сродкi маiх родзiчаў. Таму не пажадана, каб тут праводзiлiся нейкiя iншыя работы.
— Ваш санаторый толькi для адводу вачэй, — скрывiўся Анатоль, — а самi камерцыяй займаецеся! Не веру я ў вашу мiласэрнасць, кожны заднюю думку мае сябе хоча праславiць!
— Ды як ты можаш? — падхапiўся Антось. Ягоныя сiнiя вочы спахмурнелi, твар залiўся чырванню. — Па сабе раўняеш? Пустаслоў: 'мацi шкадую, мацi шкадую', а як адпачынак атрымаў — у паход пайшоў! Галя яшчэ жонкай не стала, а яе ў вёску да сваёй мацi прэш, каб дапамагала, рабыню знайшоў! А ты, — ткнуў пальцам у дзяўчыну, — бегаеш за iм, як дурнiца!
Галя аж выпусцiла гурок з рукi. Дуброўскi падняўся, падзякаваў за абед. Аленка дагнала яго, запынiла сярод высокай няскошанай травы.
— Прабачце, калi ласка, маiм сябрам! — сказала з хваляваннем.
Да iх спяшалiся астатнiя, акрамя Анатоля. Дуброўскi, агледзеўшы ўсiх, усмiхнуўся:
— Я не крыўдую. Усю гiсторыю чалавецтва суправаджае зайздрасць. Дурнi зайздросцяць разумным, а гультаi — багатым.
— А што ж я табе параю, донечка? — з мяккай, прыветнай усмешкай адказала бабка Саша, гледзячы на Галю. — Адзiн цябе бярэ, другi не бярэ, але замуж не раiць… Можа, сам хоча цябе ўзяць?
Бабка сыпанула куранятам жменю проса. Цёмныя, загарэлыя ногi з пакручанымi пальцамi грэлiся ў жоўтым гарачым пяску. На каленях у бабкi ляжаў шэры каток. Галя нецярплiва церабiла падол спаднiцы.
— А мо паварожыце? — папыталася ў бабкi.
— Спалiла я свае карты, — адмахнулася тая. — Хто варожыць, той у пекла трапляе, — паправiла касынку. — А ты, Галечка, ужо з мацi работу справiла? Не пойдзеш у лес, там нешта капаюць хлопцы рыдлёўкамi?
— Няхай сабе капаюць! — надзьмула вусны Галя. — Вайдаш экскаватар забаранiў… А я з Анатолем пасварылася, бо той Вайдаша аблаяў. Аленка яму рубашкi ў палатку занясе, як сена ваша з Марусяй зграбуць…
— Дык Маруся ўжо дома, — паведамiла бабка, — спiць, бо вечарам, сказала, некуды пойдзе…
— Да Анатоля, куды ж яшчэ! — раззлавалася Галя i нервова сарвала зялёны сцеблiк травы. — Ну, не! Я таксама надвячоркам да палатак пайду, вось i сустрэнемся!
Галя яшчэ крышку пастаяла, а потым, сказаўшы бабцы «дабранач», выйшла на вулiцу. Ля варот Мiколавай хаты ўбачыла Аленку.
— Галя, пайшлi ў госцi да свёкра майго! — гарэзлiва паклiкала Аленка i адчынiла дзверцы.
Галя ўбегла следам.
— А якiя яблыкi ў свёкра! — смяялася Аленка. — А дзе ж ён сам?
На парог выйшаў гаспадар.
— Добры дзень, дзядзька! — павiталiся дзяўчаты.
— Добры, добры! — закiваў той галавою. — А я пазнаў вас, памятаю, як зiмою па яблыкi прыходзiлi квашаныя…
— А цяпер вось па свежыя прыйшлi! — засмяялася Аленка.
Дзядзька Адась запрасiў гасцей у хату. Паставiў на стол мiску з мёдам.
— Вось гэта смаката! — аблiзнулася Аленка, набiраючы поўную лыжку. — А дзе ж ваш Мiкола?
— От, дзеўкi! — матнуў галавою дзядзька, прысеў з iмi побач. — Ану прызнавайцеся, каторая ў майго Мiколу закахалася?
— Ды вось я! — трасянула валасамi Аленка. — Добрая буду нявестка? Давайце вам грады папалю, пагледзiце, цi спрытная!
— Ды я i так бачу, што спрытная, — адказаў дзядзька. — Лаўлю на слове! Ану пайшлi, цыбулю мне выпалеш!
Аленка ўсхапiлася, пацягнула за сабою Галю. Тая адмахнулася. Ужо на парозе Аленка пачула, як Галя шэпча дзядзьку Адасю: