— Няхай яна паполе, а я раскажу вам пра сваё гора. Вы ж чалавек мудры, парайце! Ёсць у мяне два хлопцы… Толькi не кажыце нiкому, Анатоль i Вайдаш… Дык вось…

Аленка, пацiснуўшы плячыма, выйшла з хаты i пайшла ў агарод.

За рэчкаю, на ўзгорку, падымаўся, уставаў з руiн, палеглых камянёў i смецця, стары панскi маёнтак. Ахутаны туманам i змрокам, таямнiча i велiчна маўчаў. На небе загаралiся зоркi. Спявалi залiвiста i галасiста салаўi. За маёнткам высокай сцяною чарнеў лес.

Маруся прысела на валун ля сцяны маёнтка. Дуброўскага яшчэ не было. Але раптам яна пачула крокi, азiрнулася — ён выходзiў з аднаго з пакояў на першым паверсе. Падышоў, прывiтаўся. Яна адказала.

— Натамiлiся сёння на Мартынавым грудзе? — самотна сказаў ён. — А цi расказала бабка Саша, чаму груд Мартынавым завецца?

— А вы не ведаеце? — усмiхнулася Маруся. — Напэўна, самы першы i даведалiся — дзед Уладыморык расказаў!

— Я хачу, каб мне расказалi вы, — папрасiў Дуброўскi, — я хачу чуць ваш голас…

Ён падаў ёй букет палявых кветак i сказаў:

— Зберажыце яго. Сёння дваццаць сёмага лiпеня, Сцяпанаў дзень. Кветкi, сабраныя ў гэты дзень, маюць цудадзейную сiлу аберагаць ад хвароб, сурокаў i злых духаў…

— Вы верыце ў гэта? — узняла бровы Маруся.

— Як i ў паданне пра Мартынаў груд, — цiха мовiў Дуброўскi i сеў насупраць Марусi. — Я хачу бачыць вашы вочы i слухаць вас…

Маруся засмяялася i пачала роспавед:

— Адзiн селянiн, Мартынам яго звалi, вяртаўся ноччу дахаты з базару, на канi. Воз яго трапiў у балота. Што нi рабiў — а выехаць не можа. Глядзiць: iдзе да яго дзяўчына ў белым адзеннi. Падышла i кажа:

— Выратуй мяне, чалавеча! Зараз сюды сваты па мяне прыедуць. Пасадзi мяне на воз да сябе ды скажы, што з табою я заручана.

Згадзiўся Мартын. Аж бачыць — бягуць сюды людзi, у ладкi плешчуць, на бубнах граюць. А наперадзе — юнак невыказнай прыгажосцi, падбягае да воза, цягне да сябе дзяўчыну. А Мартын не пускае:

— Яна мая нявеста! Мы з ёю заручаны!

Дзяўчына плача, калоцiцца, а сама халодная як лёд. А тут як грымне гром, як ляснуць маланкi — глядзь, а людзi тыя ў страшыдлаў ператварылiся, крычаць, скугочуць. А прыгожы юнак загарэўся агнём i правалiўся пад зямлю. А на Мартынаў воз упаў з неба яркi прамень святла. Пакланiлася Мартыну дзяўчына i пачала па промню на неба падымацца. А ля яе анёлы кружацца. Зажмурыў Мартын ад святла вочы, а калi адкрыў — бачыць, ранiца ўжо, а на месцы балота — паляна прыгожая: трава высокая, сакавiтая, кветкi, матылькi лятаюць. I пачуў Мартын голас:

— За тое, што выратаваў ты мяне, месца гэтае людзi Мартынавым грудам назавуць. Нiколi не перавядзецца тут сакавiтая трава для жывёлы вашай i для вас — лекавая: зверабой, мацярынка, чабор, бяссмертнiк ды рамонкi!..

Кажуць, гэта была душа Дарыны. Бог доўга не мог прыняць яе да сябе, бо самагубца яна… Атруцiлася…

Аленка, трымаючы ў руцэ пакет з Анатолевым адзеннем, прабiралася праз зараснiк дзiкай акацыi да магiлы Мiколавай мацi. Запынiлася. Перахрысцiлася, палажыла пакет ля парослага травою ўзгорка. Нахiлiлася i пацалавала крыж.

— Цётачка Алеся, — прашаптала дзяўчына, — памалiцеся на тым свеце за мяне i Мiколу, каб мы пажанiлiся! Я так кахаю яго! Усе сродкi выпрабавала: варажыла, чаравала, даруй мне, Госпадзi! Хай зямля будзе вам пухам, цётачка Алеся! Памалiцеся за нас, грэшных!

Яна парвала з магiлы траву, расчысцiла ўсё. Нарвала белых кветак акацыi i паклала на магiлку. Яшчэ раз перахрысцiлася i заспяшалася да рэчкi. Ля палатак ужо гарэла вогнiшча.

Iшла поплавам, ля маёнтка, калi пачула адтуль нейкi голас. Сцiшылася. Падышла блiжэй. Голас чуўся выразна. Аленка разбiрала словы:

— Князь мой! Вiтаўт! Пакуль мы ў разлуцы, а як доўга яна прадоўжыцца — я не ведаю. Але я буду малiцца, каб Бог дараваў вам жыццё. Кожны раз пасля таго, як я праводжу вас за вароты замка, мне здаецца: знiкаеце вы, знiкаю i я. Мая душа ляцiць за вамi. Я чую ваш голас у шэпце траў, у гомане званочкаў, я бачу вашы вочы ў блакiце ранiшняга неба. Не знiкайце надоўга, князь. Не пакiдайце мяне назаўсёды. Мне страшна. Без вас я памру.

Нехта ўздыхнуў.

— Я зачараваны… — сказаў мужчынскi голас.

— Вы проста паэт альбо — фантазёр! — засмяяўся жаночы.

Аленка падкралася блiжэй. На першым паверсе, у зале маёнтка стаялi двое: Дуброўскi i… Маруся. Яны прайшлiся да прыступак, што вялi на другi паверх. Кожны крок адазваўся тугою ў сэрцы Аленкi. 'Вось мне б так, — падумала яна, з Мiколам… Як рамантычна!'

Дуброўскi i Маруся паднялiся па прыступках, i Аленка ўжо не бачыла iх, толькi чула галасы. Ёй было так цiкава паслухаць, аб чым размаўляе з яе сяброўкай гэты 'стары цыган'. 'Цяпер ужо князь!' — усмiхнулася Аленка. Яна стала прыслухоўвацца.

— Вы сёння такая прыгожая, — сказаў Дуброўскi, — гэты сарафан вельмi пасуе вам…

'Хоць бы мне адзiн камплiмент сказаў Мiкола!' — пранеслася ў думках у Аленкi.

— Кiм вы марылi быць у дзяцiнстве? — папытаўся Дуброўскi ў Марусi.

'Мiкола нiколi не цiкавiўся, кiм я марыла быць, i наогул, як я жыла, што мяне засмучала i радавала', — абуралася Аленка.

— Ну што, расказваць далей пра сваё захапленне спелеалогiяй? — засмяяўся Дуброўскi.

V

У разбуранай царкве пасялiлася сава. Яна крычала ўначы, як малое дзiця, i палохала дзяўчат, якiя познiлiся на танцах. Мiколу не давала спакою думка пра царкоўны склеп i ўмураваныя ў сцяну, ледзь прыкметныя дзверцы. Ён зусiм не слухаў музыкi, нiкога не запрашаў да танцаў. Сядзеў з Антосем за столiкам i гуляў у шахматы.

— Пайшлi, паспрабуем адчынiць тыя дзверцы! — з запалам шапнуў на вуха сябру. — А то Дуброўскi i туды лезцi забаронiць!

— Ды там, пэўна, вiно захоўвалася, — адмахнуўся Антось i нечакана запынiў погляд на дзяўчыне, што з'явiлася на парозе.

Пышныя кучаравыя валасы яе ў святле каляровых лiхтароў дыскатэкi адлiвалi блакiтным святлом. Танюткая талiя перацiснута блiскучым поясам. Жоўтая сукенка пералiвалася то малiнавым, то аранжавым адценнем.

— Гэта мая мара! — усклiкнуў Мiкола i заспяшаўся да яе.

Але ў гэты момант яму перайшоў дарогу высокi юнак, чарнявы, з чубам, зачасаным набок.

— Алесiк! — уклiкнула дзяўчына. — Ты не забыў мяне?

— Патанцуем, Гайва! — усмiхнуўся той, i дзяўчына, усмiхаючыся, павяла яго ў круг.

Мiкола аж заскрыпеў зубамi.

— Усё роўна адаб'ю! — цвёрда сказаў ён, гледзячы на Антося.

Сябар засмяяўся.

Галя сядзела побач з Аленкай i ўвесь час азiралася, калi хто заходзiў у клуб.

— Каго ты там выглядваеш? — пацiкавiлася Аленка. — Анатоль усё роўна застаўся ў лагеры.

— Я ж табе даверылася: Вайдаша кахаю!

— Дарэмна гэта…

— Ну чаму дарэмна? Калi ён сказаў мне: не выходзь замуж, значыць, хоча, каб я пасталела, а тады мяне возьме! Нават дзядзька Адась так казаў! А чаму Вайдаш гаварыў мне: не iдзi замуж? Значыць, меў нешта такое…

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату