Дзед уздыхнуў, падняўся з канапы.

— Дождж скончыўся, — глянуўшы ў акно, зазначыў стары.

— Дазвольце нам з Гайвай па лужынах пабегаць! — весела ўсмiхнуўся Мiкола дзеду.

Той кiўнуў, i Мiкола, схапiўшы дзяўчыну за руку, пацягнуў яе на вулiцу.

— Я ведаю таемныя дзверцы адны, — шапнуў ёй на вулiцы, — яны ў падзямелле вядуць!

I павёў яе да царквы. Гайва ўвесь час iшла моўчкi, абмiнаючы мокрыя кусты, пераскоквала праз лужыны. Выглянула сонейка. Халадком i свежасцю пахлi прамытыя дрэвы i трава, кветкi зiхацелi ў сонечных промнях.

— Яшчэ да сустрэчы з табою я склаў вершы незнаёмцы з будучынi. Хочаш, прачытаю? — пранiкнёна сказаў Мiкола i ўзяў Гайву за руку.

— Не, — адмовiлася дзяўчына. — Пасля нашай смерцi тыя вобразы, якiя мы стваралi ў час зямнога жыцця, матэрыялiзуюцца ў астральным свеце. Тваё цела пакiне душа i стане астралам. У астральным свеце ты ўбачыш сваю незнаёмку. А таксама i iншыя вобразы… Напэўна, Пушкiн сустракаў там i сваю Таццяну Ларыну, i Анегiна…

Гайва таемна ўсмiхнулася, а потым дадала жорстка:

— А яшчэ ты там сустрэнеш сваiх дзяцей, тых, ад якiх адмаўляўся, а дзяўчаты рабiлi аборты… Гэтыя дзецi будуць чапляцца за твае ногi i рукi i не пускаць цябе вышэй — да Бога, у чысты свет, у духоўны…

— Якая ты жорсткая! — з крыўдаю вымавiў хлопец.

— А ты — лавелас! — надзьмула яна вусны. — Бачыла я такiх: прыгожы збан, унутры якога пустата… Збан, аб якi не адна дурнiца разаб'е галаву!

Мiкола збялеў.

— Добра, не крыўдуй! — прымiрэнча дакранулася да ягонай рукi Гайва. — Гэта ў мяне з дзяцiнства. Люблю казаць, што думаю. Яшчэ люблю мучыць хлопцаў, асаблiва тых, якiя мяне кахаюць. А вось закахалася сама, у Алесiка, але нiзашто не прызнаюся! I буду яго мучыць… Люблю сцэны, як у фiльмах пра сярэднявечча: рыцар на каленях прызнаецца ў каханнi…

Яна засмяялася:

— Алесiка ўжо так два разы мучыла. Адзiн раз загадала ў рэчцы халоднай пакупацца, мне кветак з таго берага прынесцi, а другi раз — каб залез на вежу i напiсаў там маё iмя.

— Трэцяга разу не будзе! — пасмiхнуўся Мiкола.

— Што я скажу, тое i будзе! — упарта адказала Гайва. — Каралевы заўсёды ставiлi перад кавалерамi iспыты, каб тыя маглi даказаць сваю адданасць, сваё каханне. Вось калi Алесiк выканае маё трэцяе заданне, апошняе, тады згаджуся быць ягонай жонкай.

— Ты не кахаеш яго…

Гайва засмяялася i пабегла да склепа разбуранай царквы, спусцiлася туды, адчынiла таемныя дзверцы i крыкнула:

— Вось табе даказваю, што кахаю!

I палезла ў падзямелле.

Яны iщлi па цёмным калiдоры, выкладзеным брукаванкай. Пахла сырасцю i плесняй. Мiкола падняў лiхтарык угору. Роўная, пакрытая зялёным налётам столь.

— Калi дзверцы так лёгка адчыняюцца, тады мы не першыя тут, — зрабiў выснову хлопец.

— Тут былi спелеолагi, — паведамiла Гайва. — Такiя лабiрынты прайшлi, розныя пасткi тут, нечаканасцi, тупiковыя калiдоры, карацей, адны загадкi… Таму мне брат i забаранiў лазiць сюды…

— А Блакiтны пакойчык знайшлi? — пацiкавiўся Мiкола. — Кубак жалезны…

— Пакойчык знайшлi, а кубка — не… Пайшлi пакажу, дзе той пакойчык, пацягнула яго за руку Гайва.

Неўзабаве ад галоўнага ходу аддзялiўся ў правы бок другi ход, вузейшы. Яны звярнулi туды, але хутка натыкнулiся на сцяну.

— Завяла! — расчаравана прамовiў Мiкола i прытулiўся да халоднай сцяны. Раптам заўважыў збоку вывалены камень, пасвяцiў туды лiхтарыкам. — Гэй! Ды там жа, пад намi, яшчэ адзiн калiдор! Глядзi!

Гайва прасунула ў шчылiну галаву i сапраўды ўбачыла ў цьмяным святле лiхтарыка каменную падлогу…

— Можа, там якi пакойчык? — шапнула яна. — Але мы, сябра, не туды прыйшлi! Трэба вярнуцца назад, да галоўнага калiдора, прайсцi далей, там будзе паварот налева, я пераблытала — Блакiтны пакойчык знаходзiцца далей. Трэба доўга iсцi, а потым налева звярнуць, там, дзе чырвоным адзначана — крыжык спелеолагi паставiлi…

— Усё роўна ж кубка там не знайшлi, — адмахнуўся Мiкола. — Стой тут, а я скокну — гляну, што там!

I знiк у прагалiне.

…Мiкола стаяў у пакойчыку сярод халодных сцен, выкладзеных камянямi, палова з якiх вывалiлася са сцяны i ляжала пад нагамi. Хлопец асвятлiў пакойчык лiхтарыкам, крыкнуў нешта ўгару Гайве i накiраваўся ў адтулiну, што была раней дзвярыма. Прайшоў яе i апынуўся ў шырокiм калiдоры. Доўга iшоў па iм, калi раптам з-за вугла паказалася нейкая постаць. Мiкола асвятлiў яе. Жанчына ў ружовым халаце, з сабранымi ў пук валасамi нават не адрэагавала на святло. Яна цiха наблiжалася да яго. Калi параўнялася, запынiлася i глянула на яго. 'Цётка Соф'я? — здзiвiўся Мiкола. — Аленчына мацi! Як яна сюды трапiла?'

Жанчына пайшла далей i знiкла за паваротам. Мiкола пайшоў у той бок, з якога iшла яна, але хутка натыкнуўся на сцяну. Нейкi страх пракраўся ў душу. Мiкола подбежкам вярнуўся ў пакойчык, пасвяцiў угару i ўбачыў вясёлы тварык Гайвы.

— Ну што, знайшоў кубак? — засмяялася яна.

— Пашукай дзе вяроўку, — папрасiў ён. — Я хачу выбрацца адсюль!

Гайва пабегла, а Мiкола прысеў на выступ у сцяне, адштурхнуў нагою невялiчкi камень. Той адкацiўся, але, як здалося Мiколу, з металiчным грукатам. Хлопец пасвяцiў уперад i ўбачыў на падлозе… кубак! Схапiў яго i пачаў разглядваць. Зялёны ад сырасцi i цвiлi жалезны кубак сапраўды быў з вечкам. Мiкола адкрыў яго, заглянуў усярэдзiну. Ён быў пусты…

— Там нiчога няма! — закрычаў ён Гайве, якая ўжо спускала яму вяровачную лесвiцу.

— I мары твае, i словы, i каханне — усё гэта дутае, вось такое, як кубак гэты прыгожы! — засмяялася Гайва. — Усярэдзiне ў iм — пустата!

Мiкола пачаў падымацца. Кiнуў позiрк унiз, i яму падалося, што там стаяла i пазiрала на яго жанчына ў ружовым халаце…

Аўдоцця, папраўляючы белую ў крапiнкi хустку, уляцела ў двор дзеда Ўладыморыка. Той корпаўся ў агародзе.

— А бяроз ля цябе насаджана, ай колькi! Мусiць, поўны пограб квасу! сакатала маладзiца i дакранулася рукою да ствала дрэва. — Ай, спёка якая, а бяроза халодная як лёд!

— Белы колер бярозы не для прыгажосцi, — пасмiхнуўся дзед. — Бачыла, як вясною беляць дрэвы? Гэта робяць, каб зберагчы дрэва ад сонечных апёкаў… Вось i бярозе Гасподзь даў белы ствол, каб сонечныя промнi не шкодзiлi.

— А дуб як жа тады? — пераступiла з нагi на нагу маладзiца.

— А ў таго кара тоўстая… Малады — гэты велiкан кволы, не любiць марозу, ветру, сонца, таму прарасцi i жыць першыя два-тры гады ён можа толькi пад апекаю iншых дрэў i кустоў. Ты, напэўна, бачыла на лясных палянках адзiнокiя магутныя дубы? I пыталася ў сябе: чаму яны не загiнулi i растуць тут, калi больш дрэваў наўкола няма! Адказ просты: тут некалi былi дрэвы i кусты, якiя дапамаглi дубу вырасцi. А iх гадаванец перажыў сваiх апекуноў!

Аўдоцця заўважыла, што з гаража выйшаў Вайдаш Дуброўскi, i загаварыла мацней:

— Ай, а мая ж Галечка збiралася замуж за Анатоля, дык гэтая ж Маруся, што ў твайго Вайдаша ў маёнтку працуе, адбiла яго!

Дуброўскi зiрнуў на жанчыну. Яна перахапiла позiрк i дадала:

— Дрэнных кадраў сабе падбiраеце, Вайдаш! Учора Маруся ў лесе з Анатолем стаяла! Як дождж iшоў.

Той уздыхнуў i адвярнуўся ад яе.

— А мая ж Галечка плача i плача! — не сунiмалася Аўдоцця.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату