Дзед Уладыморык махнуў на яе рукою, падняў вядро i пайшоў у хлеў.

Аўдоцця крыху пастаяла i падалася да другога двара. Тут жыў Рыгор. Мужчына гарадскi, купiў нядаўна ў Вiшаньцы хату. Дзецi ў яго дарослыя, пажанiлiся ўжо. Пакiнуў жонцы кватэру, а сам прыехаў сюды.

Рыгор стаяў на ганку ў джынсах, без майкi.

— Ты, як манах, жывеш! — крыкнула яму праз плот Аўдоцця. — Бабу сабе не хочаш?

— У сваты прыйшла? — засмяяўся Рыгор.

— Бессаромнiк, накiнь што на плечы! — махнула на яго рукою Аўдоцця. Навошта ты мне патрэбны?! Памрэш, дык прыедуць твае дзецi ды хату тваю на чатыры часткi падзеляць, а мне пятая застанецца — бяры бярвеннi ды цягнi пятую частку! Ведаю я законы, дарагi! На цябе iшач, а тады ўсё дзецям застанецца!

— А я на жонку хату перапiшу! — адказаў Рыгор. — Пойдзеш тады?

— На халеру ты мне! — плюнула Аўдоцця. — Галю маю лепш бяры, маладую!

— Прыводзь! — засмяяўся зноў Рыгор i прысеў на ганак.

— А я ж чула, што ў цябе палюбоўнiца ў горадзе была, якую ты замуж не ўзяў! — вышчарылася Аўдоцця. — Колькi з жонкаю жыў, столькi табе i помсцiла! А вось, глядзi, i сюды дабярэцца!

— Тфу на цябе! — плюнуў Рыгор. — Не накаркай!

Аўдоцця скрывiлася i пайшла да сваёй хаты.

Аленка доўга чакала на прыпынку аўтобус. Павiнна была прыехаць мацi. Нарэшце падкацiла легкавая машина, i адтуль, незадаволена буркаючы, вылезла Соф'я ў кароткай спаднiцы i маладзёжнай майцы.

— Ты ўжо зусiм з глузду з'ехала! — не стрымалася Аленка. — Бабы ў вёсцы засмяюць!

— Пляваць мне на тваiх баб! — кiнула ёй у рукi сваю дарожную сумку Соф'я. — Я дзеля шчасця свайго прыехала!

Яна паправiла прычоску:

— Бабка твая памерла.

— Што, бабка? Ты хiба з Жыровiч? Чаму ж тэлеграму не дала на пахаванне прыехаць?

— Надта шмат пытанняў задаеш! — пайшла паперадзе Соф'я, горда трымаючы галаву. — У гэтай вёсцы Рыгор мой жыве! Цяпер, калi ён разышоўся з жонкаю, калi старая памерла, цяпер вы, гады, мне не перашкодзiце выйсцi замуж за Рыгора! Дзякуй богу, што бацьку твайму ногi адняло! Я ж казала — калека!

— Ты называла яго ўвесь час так, i твае словы збылiся! Ты прыцягваеш адмоўную энергiю на людзей!

— Я — прарочыца! — засмяялася Соф'я. — Казала на цябе — прастытутка? Вось прастытуткай i стала, валяешся ў нагах у гэтага хама, Мiколы! — Соф'я плюнула сабе пад ногi. — Цяпер нiхто не перашкодзiць майму шчасцю!

— Я так i ведала, што бабка памрэ! — усхлiпнула Аленка. — Наш сабака цэлую ноч выў. Потым каровы снiлiся — цэлы статак. А адна адбiлася i прэцца да бабiных варот, а я не пускаю…

— Я варажыла, — усмiхалася Соф'я, — хадзiла да цыганкi, i яна сказала, што i калека хутка памрэ… I разводу не трэба! Рыгор будзе мой…

— Дзе пахавалi бабку? — спытала са слязьмi на вачах Аленка.

— Дзе жыве Рыгор, сучка? — закрычала Соф'я. — Ты мне зубы не загаворвай!

— Атрутнае ў цябе каханне, — прашаптала Аленка. — Ад д'ябла яно!

— А што ад Бога твайго? Што? — ускiпела Соф'я. — Што мне даў твой Бог? Колькi я нi прасiла, нi малiла яго, каб у мяне здарыўся выкiдыш! Табою, сучка, зацяжарала, як Рыгор быў у войску! А ты, сучка, моцна трымалася ў жываце! Колькi я камення пацягала! Колькi праклёнаў табе пасылала, а ты ўсё роўна, назло мне i майму шчасцю з Рыгорам, нарадзiлася! Кажы зараз жа, дзе ён жыве?

Аленка моўчкi паказала на невялiчкую хатку сярод прыземiстага саду. Соф'я, кiнуўшы дачку ў слязах, пабегла ў двор да Рыгора.

— I як жа ж ты той шакалад робiш? Усiх дзяцей перакормiш! — дзiвiлася баба Саша, назiраючы, як Маруся памешвае на агнi малако з цукрам.

— Колькi ты лыжак малака лiла? — убегла ў хату Гайва. — У мяне нiчога не выходзiць — вада адна, i ўсё…

— Трэба ж пароўну ўсяго, — усмiхнулася Маруся, — калi дзве лыжкi малака, то i дзве лыжкi цукру… Глядзi, размешваем… Трэба, каб пяць хвiлiн толькi пакiпела, не болей… Здымаем!

Маруся ўзяла анучкай мiску i паставiла на прыпечак.

— Чым займаецца твой брат? — як быццам з ветлiвасцi папыталася ў дзяўчыны. — А дзед што робiць?

— Дзед тэлевiзар глядзiць, — Гайва ўзяла ў лыжку масла i палажыла ў мiску.

— Яшчэ адну лыжку кладзi, — параiла Маруся. — А брат што робiць?

— Таксама глядзiць! — Гайва палажыла лыжку масла i пачала размешваць, лiзнула языком. — Смачна як! А ў Вайдаша нешта настрою няма.

Яна ўзяла ў Марусi з рук пакецiк з парашком какавы.

— Дзве лыжкi сыпаць? — перапытала ў Марусi.

Тая кiўнула.

— Вайдаш сумны, — працягвала Гайва, памешваючы ў мiсцы. — Нехта яму настрой сапсаваў…

— Стаў на агонь усё! — загадала Маруся. — Няхай кiпiць чатыры хвiлiны. Тады разлiвай у формачкi i стаў у халадзiльнiк…

— I ў цябе таксама няма настрою! — заўважыла Гайва. — Учора мы з табою столькi шакаладак нарабiлi! А сёння ты нiчога не хочаш рабiць…

— Нешта Вайдаш са мною i не павiтаўся, — паскардзiлася Маруся. — Глянуў i адвярнуўся.

— На цябе наплялi ўсяго, — растлумачыла Гайва, — быццам бы ты з Галiным Толiкам абдымалася ў лесе…

— Вось яно што! — уздыхнула Маруся. — Ён у плёткi верыць?

— Можа, ён цябе зараўнаваў! — засмяялася Гайва.

— Анатоля я ведаю проста як сябра, перадай яму! I хай ён не судзiць мяне па сабе! Анатоль мне ўсю праўду пра яго сказаў, пра яго адносiны з Галяй i Аленкай! — раззлавалася Маруся.

— Пойдзем сёння ў лагер! — прапанавала Гайва. — Няхай Вайдаш параўнуе! I Алесiк таксама!

Маруся згодна кiўнула галавою.

…Утульна i цiха было ноччу ля вогнiшча. Анатоль раздаваў у кубках гарбату. Мiкола абапёрся на грыф сваёй гiтары i пазiраў на цёмную паверхню вады, у якой раз-пораз плёскалася рыба. Антось трымаў у руцэ галiнку i адмахваўся ёю ад камароў. Галя сядзела, насупiўшыся, ля яго i кiдала незадаволеныя позiркi на Марусю i Гайву.

— Я раскажу вам аповяд, — прапанаваў Мiкола. — Пра каханне. Шкада, што няма Аленкi, паехала на магiлу да сваёй бабкi. Але ж слухайце. Некалi чалавек быў магутны, ён меў выгляд страшны: жаночае i мужчынскае тулавы, зрослыя ў адно. Багi вельмi баялiся гэтых людзей, таму рассеклi iх на палавiны: мужчынскую i жаночую… Тады чалавек стаў слабы i няшчасны — ён увесь час шукаў сваю палавiнку, iншы раз i за ўсё сваё жыццё не знаходзiў. Вось i я шукаю… Усе мы шукаем, таму так шмат пакут ад кахання, бо часта хапаем не сваю палавiнку…

— Таму, што верым у гэтую казку! — строга сказаў Антось. — Яе выдумаў д'ябал, як выдумаў каханне. Такога няма ў Бiблii. Мы ўсе — душы жывыя, палоннiкi цела свайго. Душа не мае полу: нi жаночага, нi мужчынскага. Калi нараджаецца дзiця, Бог пасылае яму душу. Душа — бясполая! Запомнiце гэта! I чаму мы менавiта шукаем сваю роднасную душу сярод супрацьлеглага полу? А можа, яна, тая наша роднасная душа, знаходзiцца ў тваiм сябры, сяброўцы, у тваiм дзiцяцi? Падумайце пра гэта! Успомнiце, колькi на зямлi няшчасных людзей, тых, якiя не знайшлi шчасця ў каханнi, шлюбе? Толькi адзiн шлюб на тысячу шчаслiвы. Астатнiя дзеля прылiку, каб людзi не смяялiся, альбо дзеля дзяцей жывуць! Паглядзiце, у гэтай вёсцы ёсць шчаслiвыя сем'i? Не, iх няма. Сем'i iнтэлiгенцыi вясковай — бутафорыя, на людзях быццам бы i добра, а глыбей зiрнеш — здрады, спрэчкi. Няўжо ж так цяжка адшукаць гэтыя палавiнкi? Ды проста нiякiх палавiнак няма! Ёсць любоў боская, яе вы знойдзеце ў манастыры! Паглядзiце, якая любоў там сярод братоў i сясцёр! Вось гэта i ёсць сапраўдная любоў! На зямлi няма нiчога вечнага! Iсус гэта ведаў, калi д'ябал у пустынi прапаноўваў яму стаць царом свету гэтага. Хто ж тады з'яўляецца царом свету гэтага? Калi б д'ябал не з'яўляўся царом свету гэтага, ён не прапаноўваў бы яго Iсусу! Значыць, мы жывём у iлюзорным свеце, у

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату