— Я i Маруся таксама табе кажам: не iдзi! Але ж мы не маем «нешта», проста па-сяброўску раiм. Вось i Вайдаш табе па-сяброўску раiць!

— Маруся кахае Анатоля, таму i кажа! — аж падскочыла Галя.

— А я ж не кахаю Анатоля!

— Затое ты Вайдаша кахаеш! — заключыла Галя. — Бачыла, як ты плакала, калi ён да нас у лагер прыходзiў…

— Ды мне туш у вочы трапiла, вочы размазала… — пачала апраўдвацца Аленка. — У Вайдаша ёсць нявеста, ён — князь, i яна — князёўна, — схлусiла Аленка. — Як ты не разумееш, што ён з табою нiколi не ажэнiцца! Яму патрэбен жораў у небе, а не сiнiца ў руках.

— Дык я, па-твойму, — сiнiца? — раззлавалася Галя.

— Ён ажэнiцца па разлiку, — растлумачыла Аленка, — усе князi, каралi жэняцца па разлiку. I выкiнь яго з галавы!

— Значыць, за Анатоля iсцi? — не разумела Галя.

— I за Анатоля не iдзi, i на Вайдаша не спадзявайся! — уздыхнула Аленка i замахала перад сабою насоўкай. — Працуй, рабi кар'еру, разумней! Уф! Я хутка тут з табою здурнею!

Яна паднялася i накiравалася да выхаду. За ўвесь час танцаў Аленку так нiхто i не запрасiў. 'Няўжо гэта праўда, што я нiкому не патрэбная?' падумала яна.

* * *

З боку вёскi паказалася чорная хмара. Падзьмуў вецер, зашамацелi, загайдалiся верхавiны дрэваў, паднялiся ў паветра сухiя лiсты, галiнкi, сыпанулi ў твар Анатолю. Ён закрыўся рукавом штармоўкi.

— Ну, што назбiраў грыбоў для будучай жонкi? — аклiкнуў яго вясёлы дзявочы голас.

Азiрнуўся: у жоўтым спартовым касцюме i з кошыкам стаяла ля яго i ўсмiхалася Маруся.

— Садзiся, падвязу! — саскокваючы з ровара, узрадаваўся Анатоль. — Садзiся наперад, а то дождж хутка будзе! Ведаеш, у мяне з Галяй — усё! Яна на шыю гэтаму панiчу вешаецца!

— Дуброўскаму? — здзiвiлася Маруся. — Што ў iх агульнага?

— А ты ў яго спытай! — незадаволена буркнуў Анатоль, падсаджваючы Марусю на раму. — Малалетак кадрыць, i ўсё! Iрэна памяшалася, да яго ў машыну голая хадзiла, Аленка нешта плача…

— Можа, яна з-за Мiколы? — абазвалася Маруся. — Ён жа ўжо Гайву кадрыць…

— Ды не з-за Мiколы! — павысiў голас Анатоль. — Яна Мiколу ўсё даруе. А тут, надысь, князь гэты заяўляецца, рыбу вудзiць. Сядзiм утрох: я, Антосiк i ён, гад! Аленка падышла, павiталася, а ён сядзiць i глядзiць на яе, сядзiць i глядзiць, дык яна сваю вуду кiнула, заплакала i пайшла!

— Няўжо заплакала? — не паверыла Маруся.

— Ля мяне ж сядзела, бачыў… А Галя казала, што калi зiмою Аленка прыязджала да яе, то Дуброўскi гэты на танцах кадрыўся да Аленкi. А што там было потым, хто ведае, можа, у Менску стрэлку накiнуў… Сустракалiся, можа… Невядома яшчэ, ад каго яна аборт рабiла, ад яго цi ад Мiколы…

— Стой! — закрычала Маруся. — Што за плёткi?

I саскочыла з ровара. Анатоль паставiў ровар да дрэва. Буйныя кроплi дажджу ўпалi Марусi на шчокi i нос, пасыпалiся на валасы. Анатоль абхапiў Марусю, затулiў у сваю штармоўку i горача зашаптаў:

— Успомнi, як усё было ў Менску? Я прынёс табе эдэльвейсы, а ты гаворыш: застанься!.. Якi я дурны быў! Я гатовы застацца з табою назаўсёды! Ты разумная, з табою не сорамна ў кампанii, ты не гаворыш глупстваў. Ты добра гатуеш, да такой жонкi не сорамна i сяброў пасля паходу запрасiць! I размаўляць з табою цiкава. А да мацi маёй паедзеш — не нахвалiцца табою, бо ты i грады выпалеш, i карову падоiш! I з паходу мяне чакаць будзеш! Маруся, выходзь за мяне замуж!

Ён памкнуўся пацалаваць яе, але тая адхiлiлася i гарэзлiва спытала:

— А мяне ў паходы браць будзеш? На турзлёты будзеш пускаць?

— Маруся, якiя паходы, турзлёты ў тваiм узросце?

— Дык што я табе, баба старая? — раззлавалася Маруся i адпiхнула яго ад сябе.

Ён упаў, падняўся i пачаў апраўдвацца:

— Маруся, я пра здароўе тваё клапачуся… Табе i без паходаў работы ў хаце хопiць!

— А дзецi? Ты хочаш дзяцей?

— Маруся, калi ты мяне кахаеш, то зразумееш: адна турыстычная спартовая пуцёўка на Камчатку ў паход пятай катэгорыi больш за сто даляраў каштуе. А мне пазарэз трэба гэты паход, я майстрам спорту стаць хачу! Пра якiх дзяцей можа быць гаворка, каб самiм пракармiцца неяк ды мне на пуцёўку сабраць… А ты ў Дуброўскага ў фiрме мазаiчнiцай такiя даляры заграбаць будзеш — я ўвесь свет змагу пабачыць!

— А я? — упарта дапытвалася Маруся.

— Жанчына, калi кахае, на ўсе ахвяры пойдзе…

— А вось гэтага не хочаш? — Маруся сунула яму пад нос вялiкi кукiш. — На, вось табе, з маслам!..

I пабегла ад яго пад пралiўным дажджом, паставiўшы на галаву кошык.

* * *

— Дзед Уладыморык, — ветлiва ўсмiхнуўся Мiкола, — вось прыйшоў паданне запiсаць. Пра Тарфянога аленя, як абяцалi…

— Заходзь, заходзь, — запрасiў той у хату. — I дажджу не пабаяўся!

Дзед правёў яго ў прасторную, вялiкую хату з пабеленай печчу. Паказаў рукою на канапу. Узяў са стала мiсу з яблыкамi i падаў хлопцу:

— Частуйся! Можа, гарбаткi вып'еш? Прамок жа…

— Не, дзякую! — адмовiўся Мiкола. — А вы адзiн у хаце? Дзе ваша ўнучка Гайва?

— Я тут! — выглянула з другога пакойчыка прыгожая дзяўчына ў спартовым касцюме, з распушчанымi валасамi. — А я вас памятаю… Вы — сын дзядзькi Адася, у якога смачныя мочаныя яблыкi!

I засмяялася.

— Гайва! Як ты вырасла! — усмiхнуўся Мiкола. — А я ж цябе ў клубе не пазнаў! I зараўнаваў, калi ты з Алесiкам танцаваць пайшла! Навошта табе той Алесiк, вунь якi шрам у яго праз увесь твар, а ты — прыгажунечка! Табе прынц патрэбны.

— Як ты? — засмяялася Гайва i кiнула ў яго яблыкам. — Бачыла я, як ты са сваёю прынцэсаю Аленкаю ў рэчцы купалiся ноччу… Мы тады з Алесiкам гулялi…

— Яна ўжо не мая прынцэса, — абарваў яе Мiкола i ўзяўся слухаць аповяд дзеда.

Стары добра ўладкаваўся ў крэсле i, пацягваючы з прыгожага глiнянага кубка гарбату, пачаў:

— Жыў некалi ў тарфяных балотах алень. Рогi меў — тры метры даўжынёю. На яго часта палявалi, бо з такiх рагоў можна было шмат упрыгожанняў вырабiць, дый наканечнiкi стрэлаў, коп'яў, тронкi нажоў. Аленяў гэтых раней было шмат, але знiшчылi iх. I застаўся адзiн Тарфяны алень. Нiхто на яго ўжо не паляваў, шкадавалi людзi, бо была гэта самка, аленiха, i магла яна прынесцi прыплод… Але адна прыгажуня загадала жанiху свайму забiць аленiху, тады толькi згодзiцца пайсцi за яго замуж. Пайшоў хлопец у лес. Глядзiць — стаiць на паляне аленiха, а ля яе — цяля. Пашкадаваў хлопец аленiху i не забiў яе. Але ўпартая прыгажуня загадала зараз жа прывесцi да яе аленiху i цяля. Вярнуўся ён назад у лес. Убачыла яго аленiха i кажа чалавечым голасам:

— Не губi мяне, хлопец! Апошняя я з роду майго. Заб'еш — прападзе i дзiця маё, згiне род наш назаўсёды…

Сляпое каханне перамагло пачуццё лiтасцi да жывёлы, бо каханне заўсёды ад д'ябла, даражэнькiя мае…

Дзед Уладыморык абвёў позiркам Мiколу з Гайвай i дадаў:

— Каханне да жанчыны або каханне да мужчыны — ёсць самая няправiльная ў чалавечым разуменнi любоў. Гэта не боская любоў, гэту любоў прыдумаў д'ябал, ён асляпляе пажаднасцю да цела…

— А што ж аленiха, загiнула? — пацiкавiлася Гайва. — Забiў яе хлопец?

— Не, — матнуў дзед галавою. — Прывёў хлопец аленiху да сваёй каханай, а цяля па дарозе ўпала ў дрыгву i загiнула. Аленiха ж падняла дзяўчыну на рогi i закiнула аж на самы Месяц, а сама пабегла да дрыгвы i згiнула там. З таго часу прапаў у нашых краях Тарфяны алень, вымер. А прыгажуня, кажуць, i дагэтуль на Месяцы сядзiць, аленiху выглядвае, прабачэння ў яе папрасiць хоча. Але ж тая мёртвая ўжо, няма яе. Трэба пры жыццi яшчэ паспяваць даравання сабе прасiць, пры жыццi тых, каго мы пакрыўдзiлi. А памёр чалавек цi жывёлiна, хто нам даруе тады? У Бога ўжо прабачэння прасiце…

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату