I зноў — занадта паспешліва-апускае да вышывання нявінныя, цёмна-сінія, дзівосныя вочы. Што з таго, што яны толькі двойчы абмяняліся парай нязначных слоў, што яны амаль незнаёмыя. Усё адно гэта Масква, і сонца, і дзень без крыві і стрэлаў. I Масква гэта, і ёсць Nadine, Надзенька, Надзейка, як кажуць тут. Што з таго, што ён цэлы год не бачыў яе, што яны малазнаёмыя. Вось ён бачыць яе валасы колеру ржавых кляновых лісцяў, такія пушыстыя, мяккія, лягусенькія, падзеленыя белым радком, яе рот з прыпухлай ніжняй губкай.

— Надзенька, каб вы толькі ведалі, як я сумаваў па вас, як нясцерпна мне было без вас на гэтай зямлі, што стаптана капытамі конных палкоў.

Яна ўсміхаецца. I цішыня. Недзе ўдарыў і змоўк у шкляным паветры далёкі звон. Шчасце! Масква! I цішыня, цішыня. ў шатах ліп. Цішыня.

Стрэл.

Гораў ад неспадзяванасці спатыкнуўся аб корань, які — д'ябал ведае нашто — выпер акурат на дарозе. I адразу пачуў за плотам распанелы грудны голас.

— Сымон, давай карту.

Вернуты стрэлам і гэтым голасам на зямлю, Юрый глыбока і цяжка ўздыхнуў і амаль з нянавісцю агледзеў страшны ў чаканні невядомага Дняпро.

Бровы маладога чалавека задрыжалі. Але ўжо ў наступны момант ён справіўся — нездарма яго паважалі за шалёную храбрасць, хоць толькі ён ведаў, як цяжка яна яму даставалася, — і цвёрдай хадою накіраваўся ў двор, гэты сумны двор, выбіты, як ток, акружаны паламаным плотам.

Сярод двара, тварам да забітай брамы, стаялі два чалавекі: салдат-дзяншчык і афіцэр. Салдат трымаў скрынку з пісталетамі і калоду карт. Афіцэр браў са скрынкі пісталеты і, не цэлячыся, страляў у браму, у маленькі белы чатырохкутнічак, прыбіты да шулы.

Афiцэр стрэлiў апошнi раз i павярнуўся:

— А-а, камрад… Да зброі, вісусы-гусары…

Горава ў які ўжо раз уразіў яго сухі прыгожы твар, белыя валасы і бакенбарды і, галоўнае, страшнаватыя блакітныя вочы з выразам пустаты і пагарды да ўсяго. I яшчэ рэзкі шнар паўз брыво і левую скронь.

Калі пры першай сустрэчы ён запытаўся ў Пора-Леановіча наконт паходжання гэтай адмеціны, той неахвотна буркнуў:

— Шпагаю тут адзін… падурэў. Штафедрон.

— Ну і што? — спытаў тады Гораў.

— Паспадзяваўся занадта на французскую школу, — з жахлівай іроніяй сказаў Леановіч, — у славутага, бачыце, Мерсье вучыўся.

Гораў ведаў, што чалавек, з якім звёў яго лёс, карыстаецца славаю першага ў палку — і не толькі ў палку — брэцёра, што ён ужывае толькі дуэльныя пісталеты, але за такім заняткам, як сёння, заставаў Леановіча ўпершыню.

— Руку набіваў, - сказаў Пора-Леановіч з паблажлівай ласкавасцю, — адвучвацца нельга.

Сымон, быццам жадаючы пахваліцца поспехамі пана, аддзёр ад шулы карту і здалёк паказаў яе Юрыю.

— Ат, глупства, — пагардліва сказаў Леановіч.

— Нічога не разумею, — сказаў Гораў, - звычайны туз… Жалудовы.

— А вы паглядзіце лепей, — раўнадушна сказаў капітан.

Гораў падышоў, схіліўся над картай і мімаволі пацягнуў ротам паветра.

Туз быў віновы. Тры кулі, пасаджаныя амаль адна ў адну, зрабілі з віней жолудзі.

— Капітан, — сказаў Гораў, - гэта лепшае, што я калі-небудзь бачыў,

— Лухта, — сказаў капітан, — хадзем лепей вып'ем…

…Гэта была звычайная вясковая хата, толькі што з бакоўкаю. Ды яшчэ палілі яе «па-беламу», так што хоць у гэтым сэнсе афіцэрам пашанцавала. Вялізны негабляваны стол, шырокія лавы, цемнаваты 'Спас' у куце.

На вокнах у гаршках 'алёнчыны слёзы'. Сухія слёзы, бо зямля ўся ў тытунёвым попеле. Аж шэрая.

Адзінай украсай пацямнелых сцен былі два лубкі. На адным святы Елісей з тварам хітрага ідыёта, насылаў на отракаў мядзведзіцу. Фарба ад німба расплылася ў Елісея па галаве, і невядома было, чаму ён з такой раскошнай шавялюрай пакрыўдзіўся на мянушку «лысы».

На другім лубку тры татарыны дзялілі палон.

Пакуль Сымон ставіў на стол гарэлку, гуркі ў смятане, міску з варанымі кіяхамі і патэльню, на якой клекаталі ў кіпячым масле смажаныя гусцёркі, Пора-Леановіч сядзеў на лаве ля акна, чысціў пісталеты і размаўляў сам з сабою.

— Зброю, міл-свет Юрый Аляксандравіч, трэба даглядаць толькі самому. Гэта адзіная машына, годная двараніна. Масла для зброі — арыстакрат сярод маслаў для ўсіх машын… Толькі самому. Мой сябра аднойчы загінуў з-за таго, што крэмень у дуэльным пісталеце быў тлусты… Нават не брудны, проста тлусты, ад пальцаў.

Гораў глядзеў, як пальцы Пора-Леановіча з незвычайнай пяшчотай мацалі сталь, і здзіўляўся, чаму нешматслоўны, заўсёды іранічны калега сягоння такі гаваркі, быццам баіцца пакінуць язык хоць на хвіліну без працы.

А Леановіч ужо скончыў з пісталетамі, паклаў іх у футляр і сеў да засланага стала.

— Сёння я нап'юся, — вельмі сур'ёзна сказаў ён.

Юрый сеў за стол з другога боку. Ён толькі прыгубіў першую чарку: піць не хацелася.

Спякота за акном стала, відаць, зусім нясцерпнай. Грозны Дняпро ледзь рухаў у разамлелых берагах цяжкія, як расплаўленае волава, плыні. Пярун бурчаў ужо зусім блізка, замрэяна, амаль без перапынку.

Гэта чаканне жахлівага, разлітае ў знемагаючай прыродзе, гняло нервы. Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць. Яна цякла павольна, нараджаючы панура-злосныя, амаль ліхаманкавыя думкі. I Леановіч да таго ж ляскаў чарку за чаркай, як быццам жадаў што б там ні было выканаць свой добры намер: напіцца да моцы божай.

Уважаючы на сённяшні настрой Леановіча, ад гэтай 'моцы божай' можна было чакаць чагось цікавага. I таму Гораў бадай не здзівіўся, калі Пора-Леановіч раптам адсунуў чарку.

— Вайна называецца, — з лютай весялосцю сказаў ён. — Сумна, Юрачка. Мне б тады ваяваць, калі рабавалі, за косы валілі пад сябе дзяўчат. А тут замест усяго гэтага — капеечны віст і бацькоўскае пасячэнне пейзанаў. Абас… мы з расійскай гісторыяй.

Проста перад сабою, на фоне акна, Гораў бачыў яго сілуэт, рэзкі, прыгожы профіль з прамым носам і ссунутымі бровамі.

— Ты кажаш 'людзі', — сказаў Леановіч, хоць Гораў нічога не казаў. — Вось калі не ўходаюць цябе мае суайчыннікі і ты дажывеш да нейкага там часу, — ты ўбачыш дажджы Леанід. Гэта зорны дождж. Зямля пападае ў яго кожныя трыццаць тры гады. I тады лятуць Леаніды. Зялёныя. Фасфарычныя. Быццам пан-бог, здзяцінеўшы, шморгае тысячамі западак і глядзіць, ці ўсё яшчэ людзі льюць кроў… Так яны лятуць тысячагоддзі. I кожны раз, як прылятаюць, бачаць на зямлі тое самае: п'юць кроў, гвалцяць, круцяць хвастом добрыя людзі.

За акном — Юрый з трывогай сачыў за гэтым — хмары пачалі наплываць аднекуль і зацягваць неба. Яны накіпалі з амаль неверагоднай хуткасцю, грувасціліся адна на адну, пасоўваючыся туды, да Дняпра, у бок горада, дзе вісела яшчэ бялёсая смуга на невялічкім лапіку блакітнага неба.

Задуха стала нясцерпнай. I нясцерпным стала чаканне.

Толькі Леановіч, здавалася, не адчуваў нічога. Яго нахабныя і страшныя вочы гарэлі вясёлым шаленствам. I Гораў, успомніўшы яго сённяшнюю забаўку, зразумеў, што чалавек, які сядзіць насупраць яго, — страшны чалавек, вельмі небяспечны чалавек, драпежнік, у якога, пэўна, зусім няма ў душы месца для так званых пакут сумлення.

Леановіч торкнуў пальцам у адзін з лубкоў.

— Мы вось… як гэтыя тры татарыны. Адзін татарын — Філька (так ён зваў генерала Фікельмонта), другі татарын — я, а трэці — вы, вельмі шаноўны Юрый Аляксандравіч… Дзелім цноту прыдняпроўскай зямлі. Занятак з сэнсам. Таму што яна пад каго толькі не клалася. I выяўляецца, што ўсё гэта па меншай меры

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×