непатрэбна-с.

I тут пачалося. За акном раптам сцямнела. Шалёная віхура праляцела дваром, задзёрла шынель на галаву вартавому, схіліла на страху стайні чорную вольху, і тая затрапятала, сагнуўшыся ў дугу.

Шаленства пераднавальнічнага ветру не скончылася на гэтым. Ён вырашыў, відаць, наведацца ў госці да людзей у хаце. Раптоўна грукнулі. дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы, дзьмухнула ў чалеснікі, задзёрла па дарозе абрус, ледзь не сарвала яго са стала разам з наедкам і вылецела ў комін, сказаўшы выразным фальцэтам:

— Аоў.

Гораў убачыў у акно, як гэты парыў проймы выкінуў з напаўразбуранага коміна галчынае гняздо і пагнаў яго, як кола, па пыльнай траве.

— Сымон, чортаў сын, — крыкнуў Гораў, - каглу забыў зачыніць.

I сам кінуўся да печы, зачыніў каглу, падторкнуў яе анучай.

Сымон скочыў у хату як апантаны, паправіў абрус, зачыніў дзверы, шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай.

Гораў убачыў, што Леановiч сядзiць, успёршыся скронню на кулак, вельмi бледны, з заплюшчанымi вачыма. Вусны яго варухнулiся:

Стаiць певень над кручаю, -

Заторкнута с… анучаю.

I растлумачыў:

— Разгадка гэтай загадкі — «кагла». Катэхізіс народнай мудрасці ўвесь складаецца з такіх выслоўяў. Гораў убачыў, што Сымон задаволена хмыкнуў.

— Iдзiце, Сымон, — сказаў ён, гледзячы ў акно.

Сымон выйшаў. Гораў павярнуўся да субяседніка і з дакорам сказаў:

— Як вам не сорамна. Пры салдаце паказалі сябе дурнейшым за яго. Аблаялі народ. Вы ж беларус. Старога роду.

Па шчоках Леановіча папаўзлі чырвоныя плямы. I раптам ён зацікаўлена спытаў у Горава:

— Што мне, есці гэта? I што такое, наогул, беларус? Каго тут не было? Немцы былі, палякі былі, літва была. I раптам… бе-ла-рус. Сеў сабе з дурной мордай і — сікась-накась — пальцам у носе калупае…

Пры апошнiх словах зрэнкi Леановiча папаўзлi да пераносся. Твар стаў такi дурны, што Гораў са сваiм легкаважным i вясёлым характарам не вытрымаў, засмяяўся.

— Няма нічога смешнага, — вызверыўся Леановіч. — I ў вас і ў нас адна хвароба. Усю сваю гісторыю мы задніцай думалі. I наконт будучага ў гэтым сэнсе я аптымістам быць не магу… Чаго ад нас чакаць? Святаслаў забі Яраслава, Яраслаў забі Ізяслава, Ізяслаў забі Святаполка, а Святаполк коцнуў Барыса ды яшчэ і Глеба… туды ж яго матары. А тыя да пакутніцкай канчыны ўходалі двух братоў і трох сватоў і за гэта хрысталюбівай праваслаўнай царквою прылічаны да хеўры святых…

Вераб'іная ноч за акном ужо ўступіла ў свае правы. Неяк вельмі хутка. Дождж сцябаў так, што, здавалася, паветра было менш, чым вады. Маланкі крэслілі неба. Так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім непатрэбным. У сінім агні бліскавіц Гораў бачыў мярцвяны твар, пакрыты кропелькамі поту.

— I заўсёды на наш вялікі народ палка знойдзецца, часцей за ўсё чужая. Цар, псар — гэта нам усё адно, абы кумпякі магутныя былі, ды барада венікам, ды вусы пажахлівей. I ўжо тут мы ў вернападданасці сваёй усяго яго абліжам, аж да цяжкага гузна. Іх вялікасць у ложы сядзяць, гімн, створаны вялікім паэтам, яму спяваюць, а бараны ў лікаванні да яго ўсім натоўпам кідаюцца… А блакітныя мундзіры іх — па мордзе, па мордзе: 'Сядзіце на нумарных месцах. Чорт вас ведае, а раптам у вас гармата ў каго ў кішэні…' А ў тых па мордах і юшка цячэ, і слёзы замілавання. I не разбярэш, чаго яны галосяць — ці ад болю, ці ад захаплення… А назаўтра — 'За цара, за веру, з намі бог! Бязбожныя французішкі караля свайго да смерці забілі. Бі іх, пакуль смяротнай ікаўкай не загікаюць'. Патрыятызм.

Юрыю і шкада было гэтага чалавека, і абурэнне разбірала. I ўсё ж згадзіцца з ім было нельга. Гэта азначала, што ўвесь ягоны свет: універсітэт, дзе прафесары чыталі пра мікракосм, Nadine, якая захапляецца Тургеневым, чынны, велічны, дзяржаўны спакой Неўскай набярэжнай, маці, якая просіць аб веры для сына і хрысціцца з любоўю на крыж Міколы на Курыных ножках, — усё мана, усё міраж.

Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна — ён і сам адчуў гэта і пачырванеў — сказаў яму:

— Вы дваранiн, капiтан Леановiч, вы павiнны паважаць традыцыi…

Леановіч ускіпеў:

— А адкуль маё дваранства ідзе, вы ведаеце? Чаму ў мяне да прозвішча прыдомак «Пора», ці, па- простаму, «Пара»?

— Не, не ведаю,

— Таму што ад бандзюкоў паходзiм, мiл-свет Юрый Аляксандравiч… У цараванне, здаецца, цара- цяляцi горад Магiлёў аддаўся ва ўладу баганоснага маскоўскага воiнства. Заўважце, сам. Ну, на знак удзячнасцi жыхароў уганорылi трымаць гарнiзон коштам самога ж вялiкага града. I сталi тут нашы лабiдуды думу думацi. 'Гэта каб яшчэ батагамi, дык згода была б — усё жыццё з-пад батагоў не вылазiм. А грошыкi — тут ужо не. Дудкi'.

Стук у дзверы прымусіў Леановіча змоўкнуць. I Гораў сказаў холадна:

— Заходзь.

Увайшоў Іван, той самы, з якім Гораў размаўляў на пароме. Грубы, чырвоны твар Івана, твар сапраўднага салдафона, быў мокры. З-пад салдацкай бесказыркі спадала пасма рэдкіх сівеючых валасоў. I нягледзячы на тое, што ён быў мокры, хоць выціскай, што з шыняля капала, — кожны пазнаў бы ў ім старога, бывалага салдата. Выраз твару казаў сам за сябе, выраз афіцыйнай адданасці і пачцівасці, праз які відавочна праглядала лёгкая пагарда і свая, незамаскаваная, думка аб усім.

— Чаго табе? — спытаў Леановіч.

— Ваша высакароддзе, вада прыбывае. Рака пайшла старыкам.

Гораў мог бы пабажыцца, што на твары Леановіча мільганула радасць.

— Брашы больш, — з недапушчальнай фамільярнасцю сказаў капітан. — Што ж, за гадзіну залівені магло так раку наліць?

— Пэўна, у вярхоўях некалькі гадзін ліло, ваша высакароддзе. Вадамерная рэйка пад вадой.

— Ну і добра. Дні два можам не чакаць мяцежнікаў… Ідзі да д'ябла.

I, пабачыўшы, што салдат усё яшчэ стаіць, спытаў:

— Ну, чаго табе яшчэ?

— Прахожыя могуць сунуцца ў ваду на звычайным пераездзе цераз старык… Дазвольце мне каравул паставіць… Могуць патопнуць.

— Твая якая справа? — спытаў капітан. — Няхай не соваюцца ў ваду, няхай вяртаюцца ў Збароў і там начуюць… Ніякіх каравулаў.

— Слухаюся — ніякіх каравулаў, - сказаў Іван і выйшаў.

Леановіч яшчэ хвіліну маўчаў, гледзячы за акно, дзе ў сінім святле маланак буйна скакалі па зямлі густыя вадзяныя бізуны. Потым казаў далей:

— I вырашылі рззаць кроўных братоў. Калі ваш продак сярод іх быў, дык я яму не пазайздрошчу. Таму што некалькі тысяч іх было, і ніхто не ўцёк… Пачалося з таго, што нехта са стральцоў на кірмашы пірог у бабы ўхапіў. I тут мой продак, як хрысціянін, не вытрымаў, выбег з ратушы з крыкам 'Пара!..'.

…Увесь Мікалаеўскі спуск касцямі закідалі — адсюль і пайшла новая назва: Касцярня… Колькі стральчыхі па іх пагаласілі, колькі дзеці! Нічога не зробіш, любоў да брата… А з-за чаго? З-за пірага ўсё, родненькі, з-за пірага…

…З пірага і дваранства наша пачалося. Кароль польскі — бац, прывілей: даць Леановічам прыдомак «пара», а як на іхняй мове гэта дрэнна гучыць, то перарабіць яго на «пора». Весяліся, Марцэля! А потым у горад польскае войска, ды кожнага дваццатага — на слуп: няма чаго зламысныя змовы з Масквою заводзіць. Э-ех, павесяліліся.

— У вас ёсць народ, — ціха сказаў Гораў. — Ёсць павага да чалавека, любоў да яго. Хіба гэтага мала? Я ведаю, многа дрэннага рабілі і робяць улады, але ж людзі не вінны.

— Мы вельмі любім народ, — сказаў Леановіч, усміхаючыся кутком прыгожых губ. — Каб зручней залазіць яму ў кішэнь… Не-е, вы, Юрый Аляксандравіч, з вашай слінявай вераю ў чалавека ідзіце — ведаеце

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату