эгаістычнае і незалежнае… Бо чалавек, будуючы ідэал свайго кахання, знаходзіць больш або менш падобную да яго і кахае больш за ўсё тое, што стварыў у сваім уяўленні. А той, хто пакахаў другім — кахае больш эканамічна, бо адкрывае паступова і знаходзіць толькі тое, што ёсць… I чым Асоба, што пакахала першай, мацней, тым недасяжней ідэал, створаны ёю.

Пакуль Андрэй раздумваў і ўнутрана не згаджаўся з некаторымі думкамі Кальцова, той перайшоў на праблему гуманізму і рэвалюцыі, на тое, што ў прынцыпе суіснавання чалавек бліжэй за ўсё падышоў да вырашэння гэтай праблемы.

— Мала таго, што мы чырвоныя і белыя, захад і ўсход, але забіваць адзін аднаго мы не намераны. Мы непрыяцелі, але гэта не азначае, што, змагаючыся з ідэяй другога, трэба знішчыць носьбіта той ідэі… А ў змаганні галоўнае — аб'ектыўныя факты! Погляд чалавецтва! А чалавецтва — гэта яго прагрэсіўная частка!

Андрэй пахітаў галавою.

— I найлепшая канстытуцыя Асобы — тая, якая спрыяе поступу грамадства…

'Не так сказаў, - падумаў Андрэй. — Найлепшая канстытуцыя псіхікі — гуманізм. Яму часам зусім не спрыяюць абставіны, якія пазбаўляюць яго магчымасці ўплываць на поступ грамадства. Але што з таго, калі да яго імкнуцца, калі аб'ектыўна менавіта ён рухае чалавецтва наперад. Хіба той самы Грыгорый мог спрыяць поступу грамадства? Але ён чалавек. Таму што адзін ён у цэлым рамане супраць разбою вайны, адзін ён верыць, што кожны рух наперад павінен быць максімальна гуманным. Ужо тады. I не дэкларацыйна, а на самай справе. I таму ён — чалавек-герой, чалавек-пакутнік. Ламалі яго двое жорнаў, біўся ён насмерць з падобнымі сабе. I ўсё ж аддаў сэрца Чалавеку. I менавіта таму мы любім яго. Не як прадстаўніка саслоўя ці нацыі. Як Чалавека, якімі ў вельмі далёкай будучыні павінны зрабіцца ўсе'.

Кожны думаў аб гэтай лекцыі па-свойму. Думаў і тады, калі Кальцоў пайшоў і пачалася лекцыя Горавай. Андрэй нават не памятаў, у сувязі з чым яна перадала змест апавядання нейкага заходняга пісьменніка… Было гэта нешта накшталт гогалеўскай 'Шынелі': жыў сабе ў гарадку стары, які ні ад каго не атрымліваў лістоў. Ну і гэтак далей. Шкада было гэтага старога — слёзна.

I тут аўдыторыя завіравала. Першым ускочыў востры Харунжы і пачаў раўці дубовым голасам:

— Трагедыя можа быць толькі з духоўна вялікім чалавекам!

— У акакіяў акакіявічаў гэта горш, — кінуў Андрэй. — Вялікі і сам за сябе пастаіць.

— Пастаяў, па-твойму, Грышка Мелехаў? З гарачкі ўсе несправядлівасць чынілі. А на яе адказвалі таксама несправядлівасцю. Вось і Грышка… Скруціў галаву — вось і ўсё.

Андрэй быў яшчэ спакойны. Толькі ўзбуджанне нарастала недзе ў душы:

— Пабілі, бо ведаў: барацьбу трэба весці па-джэнтльменску, а не хапацца за ўсялякае слабае месца, як хтосьці там — заўважце, не д'ябал, — у 'Гаўрыліядзе'… А час быў не той. Кожны, хто не змог быць ні белым, ні чырвоным, быў біты з абодвух бакоў… 'Ах, ты майго дарагога госця — на і твайму'. — 'Дык ты майго найдаражэйшага госця — хай і твайму перападзе'. Былі, вядома, і дробныя, тыя хаваліся ад тых і ад другіх. А гэты быў сіла… I час паказаў, што праўда на яго баку… Людзі падумалі, дый сказалі Мішку Кашавому: 'Хопіць, Міша. Парубаў, і хопіць. Гэта табе не капуста, а людэі. Ты вунь вінаватых пацяпаў — узяўся за добрых, бо разумеў: пакінеш цяпаць — будзеш непатрэбным. Таму ты, Міша, і прыдумаў тэорыю аб абвастрэнні класавай барацьбы. Дык вось, ідзі ты, Міша, разам са сваёй тэорыяй на пенсію, а мы пачнём крыху думаць, хто цябе хваліў, каму час клубніку разводзіць. Што ты там нахамутаў…'

Харунжы ўспыліў:

— Сам супярэчыш сабе. Пры патуранні тваіх маленькіх вырастаюць гітлеры!

— Яны вырастаюць патураннем дужа сквапных i багатых. I ўцiскаюць малых, Толя.

Толька развёў дрыжачымі рукамі:

— Ну, а каб ты пры Гітлеру жыў? Галовы сякуць вакол, а ты стогнеш аб адзінках, што не атрымліваюць лістоў. Так?

— Не трэба, Толя, — усё яшчэ спакойна сказаў Андрэй. — Я б не стагнаў, я б сам, першы, страціў галаву. Я таксама не з дробных і ведаю, што права здзекавацца з гонару і сумлення чалавека ні ў каго няма. I калі пачынаюць рабіць такое — чалавек, грамадства мае права ўзяцца за зброю і паўстаць супраць гэтага…

Ён памаўчаў.

— Але ты забываеш, што гітлеры сякуць галовы адзінкам, а астатніх прыдушваюць жахам і пагардай. I мне, чалавеку не зусім дробнаму, шкада тых, хто не можа заступіцца за сябе. Я шкадую і тых і другіх. Усе людзі.

— Нявартыя такія людзі шкадавання! — страсна кінуў Толька. — Страшна ім, баяцца яны зброі — ну і д'ябал з імі!

— Навучацца з часам, — сказаў Андрэй. — А ты, Толька, накшталт Авакума. Ніякай памяркоўнасці. Дай табе волю — ты б сам усіх нязгодных у Пустазерск загнаў і спаліў… I ўсё ж я люблю і цябе, Толька… Ты непадкупны. I ты з часам зразумееш.

Харунжы стаяў увесь чырвоны і гнеўны:

— Шкадава-аць, — і раптам выплюнуў: — Ідыёт ты! Князь Мышкін!

Аўдыторыя абурана загудзела. Тыя гады былі ўрадлівыя на нервовых людзей, ніхто асабліва й не здзіўляўся. Палоны, войньі, блакады, лагеры, пажары — усё гэта капілася ў сэрцах і нервах людзей, каб часам выбухнуць.

— Дзякуй, Толенька, — з'едліва сказаў Андрэй. — Дзякуй, родны.

Яго пачалі ўмаўляць, каб ён не крыўдзіўся.

— Крыўдаваць на ўсіх людзей — лепей ужо з каменем на шыі ў вір, — сказаў ён.

I толькі тут ён, забыўшыся на ўсё ў запале спрэчкі, успомніў пра Ірыну і зірнуў на яе. Яе вочы, звернутыя на яго, ззялі нейкім асаблівым, цёплым агнём. Потым яна апусціла павекі.

— Вы не зразумелі яго, Толя, — сказала яна. — Ён укладваў у слова «шкадаваць» зусім другі сэнс. Вы ж ведаеце, слова 'любіць' трапіла ў літаратуру памылкова. У кандовых вёсках і дагэтуль 'любіць' азначае 'любіць па гумнах'. А калі чалавек з такой вёскі вельмі кахае жанчыну, ён яе «шкадуе». I чалавека таксама «шкадуе». Нічога ганебнага для жанчыны і чалавека тут няма… Напэўна, і на Беларусі так.

— Так, — сказаў Андрэй.

I тут Толька, быццам атрымаўшы падмацаванне ад адной назвы «Беларусь», зноў рынуў у казацкую атаку:

— Гуманіст! Маленькія людзі! Шынялі! Сорам стагнаць аб шынялях. Ты пра сваю Беларусь успомні! Два мільёны дзвесце тысяч з нечым людзей загінула.

I тут Андрэй упершыню ўзвысіў голас. Крыўда агнём разлілася па шчоках:

— Так. Бухгалтэрыя досыць дакладная. Два мільёны і дзвесце тысяч з нечым. I тое 'з нечым' — гэта, прыблізна, насельніцтва майго горада. I сярод гэтых мільёнаў не ўсе былі вялікімі людзьмі. Былі і маленькія, што навучыліся. Быў сярод іх і мой брат. Ён не пісаў апавяданняў, як ты. Ён ніколі не думаў пра палітыку. Пра шынель ён, праўда, таксама не думаў. Але я памятаю, як ён збіраў на матацыкл. Шынель — даведзены да абсурду сімвал… Брат мой збіраў на матацыкл… Нічога больш. Потым, пэўна, узбіўся б і на машыну. Ён любіў. машыны. Цяпер ён ляжыць недзе там… Ён, ці бачыш, гнаў праз зону абстрэлу машыну з цяжка параненымі. Многія з іх выжылі. А ў кабіне знайшлі дзесяць прабоін… I жонка ў яго была недалёкая жанчына: праца, ды кіно, ды зрэдку госці. Прыгонных, як у прадзедаў, у нас не вялося. Заводаў — таксама. I вось гэтай жанчыне соллю пасыпалі ў гестапа раны на спіне. Той соллю, што яна несла партызанам у лес. Яна толькі і здатная была, што насіць соль, бо яна да смерці баялася стрэлаў… Там яна маўчала… Яна вельмі баялася стрэлаў і вельмі любіла кіно…

Вусны яго — ён ніяк не мог авалодаць імі — дрыжалі.

— I гуманізм вось для такіх. Каб і яны, каб усе сталі вялікімі, бо кожны аднолькава дарагі для зямлі і для мяне. Нават той, хто любіць кіно, баіцца стрэлаў і пакуль што не трапляў у гестапа.

Андрэй сеў, адвярнуўшыся да акна. У цішыні, што гнятуча навісла над аўдыторыяй, ён пачуў голас Горавай:

— Хопіць. Даспрачаецеся потым. Дык вось…

I потым ён ужо нічога не чуў, паглыбіўшыся ў свае думкі. Снег валіў за вокнамі. Потым перастаў. Кожная галінка на дрэвах была ўкрыта гурбачкай. Пэўна, калі расстрэльвалі партызан, кроў была вельмі чырвонай на такім снезе. Радзіма, чырвонае на белым, кроў на снезе.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату