Усмiхаючыся, ён узяў апошнi кавалак ласася з талеркi i паклаў яго зноў памiж дзвюма грэнкамi. Нэтлiнгер са злосцю паглядзеў на яго.

— Напэўна, — сказаў Шрэла, — ты б цяпер ахвотней за ўсё забiў мяне; не з тае прычыны, з якой хацеў забiць тады — гэта праўда, але мэта засталася б тая самая; паслухай, што скажа табе сын кельнера: па- сапраўднаму шляхетны чалавек нiколi не схоча падпарадкоўвацца тыранii кельнераў; хоць, вядома, сярод iх ёсць i такiя, што думаюць гэтаксама, як шляхетныя людзi.

Пакуль Шрэла еў свой бутэрброд, кельнер з дапамогаю служкi, накрываў стол пад галоўную страву: на дапаможных столiках ставiлiся складаныя прылады — падагравальнiкi яды, на абрус клалася начынне i талеркi, выкарыстаная пасуда прыбiралася; Нэтлiнгеру было прынесена вiно, Шрэле пiва. Нэтлiнгер адпiў з чаркi.

— Крышачку залiшне цёплае, — сказаў ён.

Шрэла даў кельнеру магчымасць пакласцi куранят, бульбы i салаты, кiўнуў галавой Нэтлiнгеру i падняў келiх з пiвам, назiраючы, як кельнер палiвае густою цёмна-бураю падлiвай кавалак паляндвiцы на Нэтлiнгеравай талерцы.

— А Вакера цi жывы яшчэ?

— Натуральна, — адказаў Нэтлiнгер, — яму ж толькi пяцьдзесят восем, i ён — ад мяне пачуць гэтае слова табе будзе напэўна смешна, — ён належыць да непапраўных.

— Ды што ты? — спытаў Шрэла. — Цi такое напраўду мажлiва — непапраўныя немцы?

— Ну, ён шануе тыя самыя традыцыi, якiя шанаваў i ў 1935 годзе.

— Гiндэнбург i гэтак далей? Прыстойнасць, адданасць, гонар — цi так?

— Менавiта. Гiндэнбург бы i цяпер быў ягоным лозунгам.

— А якi твой лозунг?

Нэтлiнгер падняў вочы ад талеркi, затрымаў вiдэлец, уваткнуты ў кавалак мяса, якi ён толькi што адрэзаў.

— Калi ты ўсё ж здолееш мяне зразумець? — сказаў ён. — Я дэмакрат, дэмакрат паводле сваiх перакананняў.

Ён зноў нахiлiўся над паляндвiцаю, падняў вiдэлец з наколатым на яго кавалкам мяса, засунуў мяса ў рот, абцёр губы сурвэткаю i, пахiтваючы галавою, працягнуў руку па чарку з вiном.

— А што сталася з Трышлерам? — спытаў Шрэла.

— Трышлер? Hе прыпамiнаю нешта.

— Стары Трышлер жыў у Нiжнiм Порце — там, дзе карабельныя могiлкi! Хiба ты не памятаеш таксама Алоiса; ён вучыўся з намi ў адным класе?

— Ага, — адказаў Нэтлiнгер, накладваючы сабе на талерку сельдэрэевай салаты, — цяпер прыгадваю: гэтага Алоiса мы шукалi колькi тыдняў запар i не здолелi знайсцi, старога ж Трышлера дапытваў сам Вакера, але не выцягнуў з таго нiчога, зусiм нiчога — гэтаксама як i з ягонай жонкi.

— Hе ведаеш, цi яны яшчэ жывыя?

— Hе ведаю. Але раён, дзе яны жылi, моцна бамбардзiравалi. Калi хочаш, я магу высветлiць, дзе яны i што з iмi. О Божа, — дадаў ён цiха, — што такое, што ты збiраешся рабiць?

— Я хачу пайсцi, — адказаў Шрэла, — прабач, але я мушу iсцi.

Ён падняўся; стоячы дапiў пiва, махнуў рукой кельнеру i, калi той цiха падышоў да стала, паказаў на падагравальнiк з срэбнай талеркай, дзе астатнiя тры кавалкi курынага мяса скварчэлi ў распушчаным тлушчы.

— Калi ласка, — сказаў Шрэла, — цi не маглi б Вы запакаваць мне гэта, каб толькi тлушч не праходзiў?

— Ахвотна, — адказаў кельнер, узяў талерку з падагравальнiка, крыху быў нахiлiўся ўперад, каб iсцi, але потым выпрастаўся i спытаў: — Бульбу Вам таксама запакаваць, шаноўны пане, — i, можа, крыху салаты?

— Hе, дзякуй, — адказаў Шрэла з усмешкай, — бульба фры зробiцца мяккай, а салата не будзе ўжо мець смаку.

Ён дарэмна намагаўся ўбачыць хоць след iронii на дагледжаным твары сiвога кельнера. Нэтлiнгер, падняўшы вочы ад талеркi, зiрнуў на Шрэлу са злосцю.

— Добра, — сказаў ён, — ты хочаш мне адпомсцiць, я разумею; але хiба гэта трэба рабiць менавiта гэткiм чынам?

— А што, было б лепш, каб я цябе забiў?

Нэтлiнгер маўчаў.

— Зрэшты, гэта нiякая не помста, — сказаў Шрэла, — мне проста трэба пайсцi адсюль; не магу больш трываць; ды я да канца жыцця рабiў бы сабе папрокi, калi б пакiнуў тут гэтую страву; можа, ты наважышся прыпiсаць гэты ўчынак маёй гаспадарнасцi: каб я цвёрда ведаў, што кельнерам i служкам дазваляецца даядаць рэшткi страваў, я яе не забiраў бы, — але мне вядома, што тут гэтага рабiць не дазволена.

Ён падзякаваў служку, што прынёс i дапамог яму апрануць палiто, узяў свой капялюш, яшчэ раз сеў i спытаў у служкi:

— Цi ведаеш ты пана Фэмеля?

— Ведаю, — адказаў Гуга.

— А яго нумар тэлефона?

— Ведаю.

— Тады зрабi мне ласку i тэлефануй яму праз кожныя паўгадзiны; калi ён адзавецца, скажы яму, што яго хоча бачыць пэўны спадар Шрэла.

— Добра.

— Я не ўпэўнены, што ў тым месцы, куды мне трэба, ёсць тэлефонныя кабiны, iначай я б паспрабаваў дазванiцца сам. Цi запомнiў ты маё прозвiшча?

— Спадар Шрэла, — сказаў Гуга.

— Добра. Каля паловы сёмай я затэлефаную сюды i спытаю цябе. Як тваё iмя?

— Гуга.

— Дзякуй, Гуга.

Ён падняўся i зiрнуў зверху на Нэтлiнгера, якi акурат браў з талеркi чарговы кавалак паляндвiцы.

— Мне вельмi шкада, — сказаў Шрэла, — што ты глядзiш на мой бязвiнны ўчынак як на акт помсты. Я нiводнай хвiлi не думаў пра помсту, але ты павiнен зразумець, што я зараз хачу пайсцi адсюль; у мяне няма ахвоты занадта доўга заставацца ў гэтым гасцiнным горадзе, а мне сёе-тое яшчэ трэба тут зрабiць. Але ж дазволь яшчэ раз нагадаць табе пра тыя спiсы…

— Вядома ж, у любы час я гатовы прыняць цябе, дома цi на службе, як ты схочаш.

Шрэла ўзяў з кельнеравых рук акуратна абвязаны белы скрутак, даў кельнеру на чай.

— Тлушч не будзе праходзiць, шаноўны пане, — усё запакавана ў цэлафан i пакладзена ў нашу фiрмовую 'кардонку на пiкнiкi'.

— Да пабачэння, — прамовiў Шрэла.

Нэтлiнгер, крыху падняўшы галаву, адказаў:

— Да пабачэння.

— Вядома ж, — тлумачыў Ёхэн якраз у гэтай хвiлi, — i потым вы ўбачыце шыльду: 'Да рымскiх дзiцячых магiлак' , там адчынена да восьмай i, калi робiцца цёмна, уключаецца асвятленне, шаноўная панi. Няма за што… дзякуй.

Ён, накульгваючы, выйшаў з-за бар'ера i падышоў да Шрэлы, якому служка ўжо быў адчынiў дзверы.

— Пане Шрэла, — сказаў ён, — я зраблю ўсё, каб даведацца, дзе можна знайсцi пана доктара Фэмеля; сёе-тое я ўжо высветлiў у Кронэравай кавярнi; а сёмай там адбудзецца сямейная ўрачыстасць у гонар старога пана Фэмеля; там вы яго напэўна ўбачыце.

— Дзякуй, — адказаў Шрэла, — вялiкi дзякуй.

Ён ведаў, што даваць на чай тут было б не да месца; усмiхнуўшыся старому, ён выйшаў праз дзверы; яны крутанулiся i неўзабаве сталi на месца, у абабiтыя лямцам пазы.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату