Вашай шаноўнай жонкi i для Вас; багаж на вакзале? Hе? Што-небудзь прывезцi з Вашае кватэры? Таксама не трэба? Ах, толькi на дзве гадзiны, пакуль доўжыцца феерверк i парад 'Саюза змагароў'? Вядома ж, у нумары будзе досыць месца шасцi асобам, вялiкi балкон, i, калi жадаеце, мы можам пасастаўляць разам ложкi. Hе трэба? Гуга, Гуга, завядзi шаноўных спадароў у нумар 212 i вазьмi з сабою картку вiн; маладых пана i паненак я правяду ў Ваш нумар сам; само сабою, пан доктар, бiльярдавы пакой зарэзерваваны для Вас i для пана Шрэлы; на гэты час я пашлю да Вас Гугу; напраўду, ён добры хлопец: палову дня вiсеў во на тэлефоне, накручваў ды накручваў Ваш нумар; мяркую, што ён ужо нiколi не забудзе анi Вашага нумара, анi нумара пансiяната «Мадэрн»; а чаму сёння ў 'Саюза змагароў' парад? Дзень нараджэння якога-небудзь маршала — здаецца, героя Гузенвальда; мы зноў пачуем цудоўную песню: 'Айчына, хiстаюцца ўсе твае апоры…'; ну, няхай сабе хiстаюцца, пане доктар. Што? Заўсёды хiсталiся? Калi б Вы мне дазволiлi выказаць мой асабiсты палiтычны погляд, я б сказаў: увага, калi апоры зноў пачнуць хiстацца; увага!
— Я ўжо калiсьцi тут стаяла, — прамовiла яна ледзь чутна, — i глядзела, як ты маршыруеш там, унiзе; то быў парад з нагоды прыезду кайзера ў студзенi 1908 года; надвор'е было як замоўленае кайзерам, даражэнькi: траскучы мароз — гэтак, здаецца, пiшуць у вершах; я дрыжала, хвалюючыся, цi вытрымаеш ты апошняе i самае цяжкае выпрабаванне — выпрабаванне вайсковай формай; на суседнiм балконе стаяў генерал i разам з бацькам, мацi i мною падымаў свой келiх; тады ты вытрымаў выпрабаванне, стары; не глядзi на мяне так пiльна… менавiта пiльна; ты гэтак нiколi яшчэ на мяне не глядзеў; пакладзi галаву мне на каленi, запалi цыгару i прабач мне, што я вось дрыжу: мне боязна… цi бачыў ты твар таго хлопца? Хiба ён не мог быць братам Эдыт? Мне боязна, i ты павiнен зразумець, што я яшчэ не магу вярнуцца ў нашу кватэру, магчыма, нiколi ўжо ў яе не вярнуся; не магу зноў увайсцi ў гэтае кола… мне боязна, куды больш, як даўней; вы, вiдавочна, папрывыкалi ўжо да гэтых твараў, а я пачынаю сумаваць па маiх цiхiх вар'ятах; хiба вы сляпыя? Хiба вас так лёгка можна падмануць? Яны заб'юць вас нават не за нейкi жэст рукi, не за кавалак хлеба з маслам — проста так! Hе трэба нават быць цёмнавалосым цi бялявым, не трэба нават паказваць метрыкi хрэсьбiнаў тваёй прабабкi… яны вас заб'юць, бо iм не спадабаюцца вашыя твары; хiба ты не бачыў плакатаў, якiмi залеплены сцены? Хiба вы паслеплi? Кажу табе, мой даражэнькi, яны ўсе пакаштавалi бычынага прычасця; дурныя як бот, глухiя як пень i страшэнна нявiнныя, як апошняе ўцелясненне быка; прыстойныя, прыстойныя… мне боязна, стары: нават у трыццаць пятым цi ў сорак другiм годзе я не пачувала сябе такою чужою сярод людзей; мажлiва, мне патрабуецца час, але ж не хопiць i стагоддзяў, каб прызвычаiцца да гэтых твараў; прыстойныя, прыстойныя — i нiзвання смутку на твары; што гэта за людзi, зусiм без смутку? Дай мне яшчэ кiлiшак вiна i не глядзi падазрона на маю сумачку: вы ведалi лекi, але ўжыць iх мушу я сама; у цябе чыстае сэрца, i ты не можаш сабе ўявiць, колькi лiха ёсць на гэтым свеце; а я патрабую сёння ад цябе яшчэ адну вялiкую ахвяру: не праводзь сёння ўрачыстае вячэры ў Кронэравай кавярнi, разбуры гэту легенду, не заклiкай сваiх унукаў апляваць твой помнiк, а зрабi так, каб помнiка не было; сыр з папрыкай табе ж нiколi не быў смачны… няхай кельнеры i пасудамыйкi сядуць за святочны стол i зжаруць тваю святочную вячэру; мы застанемся тут на балконе, атрымаем асалоду ад летняга вечара ў сямейным коле, вып'ем вiна, паглядзiм феерверк i парад 'змагароў'; супраць чаго яны змагаюцца? Цi магу я патэлефанаваць у Кронэраву кавярню i адмовiцца ад святочнай вячэры?
Перад парталам сабора Святога Севярына збiралiся людзi ў блакiтнай форме; яны стаялi групамi, курылi цыгарэты; у iхнiх руках былi блакiтна-чырвоныя харугвы з вялiкай чорнай лiтарай «К»; духавы аркестр ужо рабiў рэпетыцыю песнi 'Айчына, хiстаюцца ўсе твае апоры'; кiлiшкi для вiна цiха звiнелi на балконах, вядзерцы з шампанскiм пазвоньвалi металам, коркi стралялi ў вячэрняе блакiтнае неба, званы Святого Севярына абвясцiлi без пятнаццацi сёмую; трое паноў у цёмных гарнiтурах выйшлi на балкон дзвесце дванаццатага нумара.
— Вы сапраўды думаеце, што яны могуць нам прыдацца? — спытаў М.
— Я ўпэўнены, — адказаў другi.
— Няма нiякiх сумненняў, - дадаў трэцi.
— Але цi не адпалохаем мы больш выбаршчыкаў, чым iх здабудзем, дэманструючы гэтым свае сiмпатыi?
— 'Саюз змагароў' не лiчыцца гэткiм ужо радыкальным, — сказаў другi мужчына.
— Прайграць Вы нiчога не прайграеце, — сказаў трэцi, — а выйграць можаце.
— Колькi гэта будзе галасоў у найлепшым i ў найгоршым выпадку?
— У найлепшым — каля васьмiдзесяцi тысяч, а ў найгоршым — недзе пяцьдзесят тысяч. Давайце вырашайце.
— Канчаткова я яшчэ не вырашыў, - адказаў М., - чакаю ўказанняў ад пана К. Як, на Вашу думку, цi ўдалося нам пакуль што пазбегнуць увагi газетчыкаў?
— Удалося, пане М., - адказаў другi.
— А персанал гатэля?
— Тут будзе ўсё абсалютна сакрэтна, пане М., - адказаў трэцi. Указаннi ад пана К. павiнны надысцi неўзабаве.
— Hе люблю гэтых хлопцаў, - сказаў пан М. — Яны яшчэ ў нешта вераць.
— Восемдзесят тысяч галасоў могуць сабе спакойна ў нешта верыць, пане М., - адказаў другi.
Смех. Пазвоньванне кiлiшкаў. Тэлефонны званок.
— Ага. М. каля тэлефона. Цi так я зразумеў? Выказаць сваю сiмпатыю? Добра.
— Пан К. прыняў станоўчае рашэнне, панове, давайце паставiм стол i крэслы на балкон.
— А што падумаюць за мяжой?
— Няхай сабе думаюць. Усё адно яны думаюць не тое, што трэба.
Смех. Пазвоньванне кiлiшкаў.
— Я сыду на вулiцу i скажу кiраўнiку парада, каб яны звярнулi ўвагу на Ваш балкон, — сказаў другi пан.
— Hе, не, — сказаў стары, — я не хачу класцi галаву табе на каленi, не хачу глядзець на блакiтнае неба; цi сказала ты ў Кронэравай кавярнi, каб яны прыслалi Леанору сюды? Яна будзе зусмучоная; ты ж яе не ведаеш, гэта Робертава сакратарка; мiлае дзiця, i я не хацеў бы, каб гэтая ўрачыстасць з яе ўдзелам не адбылася; не, ува мне няма чыстага сэрца, i я добра ведаю, колькi лiха ёсць на гэтым свеце; я адчуваю сябе чужанiцам, яшчэ большым чужанiцам, чымся тады, калi мы хадзiлi ў «Якар», што ў Верхнiм Порце, i насiлi грошы кельнеру, прозвiшча якога было Гроль; там, унiзе, яны становяцца ў шыхты для парада — цёплы летнi вечар, сутонее; аж сюды далятае смех — табе дапамагчы, мая дарагая? Ты, вiдаць, забылася, што ў машыне паклала сваю сумачку мне на каленi; яна цяжкая, але не досыць цяжкая — што ты, уласна, хочаш з гэтым зрабiць?
— Хачу застрэлiць таго тоўстага на сiвой клячы. Бачыш яго, пазнаеш?
— Думаеш, я магу яго забыць? Гэта ён забiў ува мне смех, паламаў схаваную спружыну ў схаваным гадзiннiкавым механiзме; ён загадаў знiшчыць бялявага анёлка, забраць бацьку Эдыт, Гроля i хлопчыка, чыйго iмя мы так i не ведаем; ён навучыў мяне, што адзiн жэст рукi можа каштаваць жыцця; ён зрабiў з Отам тую яго абалонку — i ўсё ж… я не стаў бы забiваць яго. Я часта пытаўся ў сябе самога: дзеля чаго я прыехаў жыць у гэты горад — можа, каб разбагацець? Hе — i ты ведаеш гэта? Дзеля таго, што я цябе кахаў? Hе, тады я цябе яшчэ не ведаў i не мог кахаць. Можа, у мяне былi амбiцыi? Hе. Мяркую, што я хацеў адно пасмяяцца з людзей, крыкнуць iм напрыканцы: 'Гэта ж было несур'ёзна'. Можа, я хацеў мець дзяцей? Хацеў. I ў мяне яны былi: двое памерла ў маленстве, адзiн загiнуў — i ён быў мне чужы, чужэйшы за тых вунь маладых паноў, што ўнiзе падымаюць свае харугвы. А другi сын? 'Як маешся, бацька?' — 'Добра, а ты?' — 'Добра. Дзякуй, бацька'. — 'Цi магу я што-небудзь для цябе зрабiць?' — 'Hе, дзякуй; нiчога не трэба…' Абацтва Святога Антонiя? Прабач, што я смяюся, дарагая. Усё гэта — пыл, не абуджае ўва мне нават сентыментальнасцi, тым больш — нiякiх пачуццяў; цi хочаш вiна?
— Налi, калi ласка.
Я аддаюся на мiласць пяцьдзесят першаму параграфу; законы гнуткiя… паглядзi: там, унiзе, наш стары сябар Нэтлiнгер; у яго досыць розуму на тое, каб нацягнуць на сябе гэтую форму, але ўсё ж ён паявiўся, каб пацiскаць руку, паляпаць па плячы, памацаць харугвы; ужо калi каго i застрэлiць, дык, можа, лепей гэта Нэтлiнгера — але яшчэ падумаю; можа, не буду страляць па гэтым музеi, што там унiзе, на вулiцы; забойца майго ўнука сядзiць побач на балконе — бачыш яго? У цёмным гарнiтуры, прыстойны, прыстойны; гэты мыслiць iначай, дзейнiчае iначай, плануе iначай i сяму-таму ўжо навучыўся: вольна гаварыць па-французску i па-ангельску, ведае лацiну i старажытнагрэцкую i назаўтра паклаў ужо закладку ў