абрусамi сталоў; спынiлiся, калi спынiлася гаспадыня кавярнi, а потым мiжвольна абступiлi з усiх бакоў вялiкi чатырохкутны стол, засланы палатном; пад палатном нейкi прадмет няправiльных памераў.
— Вельмi добра, — сказала фраў Кронэр, — што нас чацвёра; вазьмiце, калi ласка, кожны за рог палатна i, калi я скамандую «падымайма», акуратна падымайце яго ўгору.
Марыяна падпiхнула Рут да яшчэ не занятага левага рога палатна, кожны ўзяўся за свой рог, фраў Кронэр сказала: 'Падымайма!', i яны паднялi палатно; абедзве дзяўчыны сышлiся, склалi свае рагi палатна, а фраў Кронэр беражлiва згарнула яго.
— О Божа! — ускрыкнула Марыяна. — Гэта ж дакладная копiя абацтва Святога Антонiя.
— Праўда? — спыталася фраў Кронэр. — Паглядзiце, нават пра мазаiку над галоўным уваходам мы не забылiся; a вось тут вiнаграднiкi.
Мадэль мела не толькi дакладныя прапорцыi абацтва, але i адпаведныя колеры: цёмны касцёл, светлы гаспадарчы будынак, чырвоны дах прытулку пiлiгрымаў, каляровыя вокны рэфекторыя.
— Усё гэта, — сказала фраў Кронэр, — зроблена не проста з цукру альбо з марцыпану, а з цеста: наш падарунак да дня нараджэння пана тайнага радцы; гэта самае лепшае пясочнае цеста. Як Вы мяркуеце, цi не змог бы Ваш дзядуля зайсцi сюды i агледзець гэты торт, перш чым мы завязём яго ў ягоны рабочы кабiнет?
— Напэўна, — адказаў Ёзэф, — ён зойдзе i агледзiць торт; дазвольце мне напачатку ад яго iмя падзякаваць Вам; павiнны быць сур'ёзныя прычыны, якiя змусiлi яго адмовiцца ад урачыстае вячэры, i Вы нас, канечне, зразумееце…
— Я добра разумею, што Вам пара iсцi… не, калi ласка, не трэба класцi палатно назад; тэлебачанне паведамiла, што прыедзе сюды.
— Я хацеў бы аднаго, — сказаў Ёзэф, калi яны iшлi па пляцы перад саборам Святога Севярына, — засмяяцца цi заплакаць, ды не здольны нi на тое, нi на тое.
— Я ведаю толькi, што хутчэй бы магла заплакаць, — сказала Рут, — але я гэта рабiць не буду. Што там за людзi? З якой нагоды ўвесь гэты вэрхал… што яны робяць там з паходнямi?
На вулiцы было шумна, плямкалi конскiя капыты, конi гiгаталi; галовы, прывычныя даваць каманды, заклiкалi да збору, музыканты духавога аркестра апошнi раз спраўджвалi свае iнструменты; i тут, сярод гэтага голасу пачуўся нягучны, сухi кароткi гук, зусiм не такi, як iншыя гукi.
— Божа мой, што гэта? — спалохана спыталася Марыяна.
— Нехта стрэлiў, - адказаў Ёзэф.
Прамiнуўшы гарадскую браму i выйшаўшы на Модэстгасэ, Леанора спалохалася: завулак быў пусты, не было нi навучэнцаў, нi манашак, нiдзе нiводнага грузавiка, нiякага вулiчнага руху; толькi белы хвартух фраў Грэц там за крамаю; ружовыя аголеныя рукi пхалi перад сабою швабру, гонячы мыльную пену; брама друкарнi была замкнёная наглуха, як быццам у ёй ужо не збiралiся друкаваць будаўнiчых тэкстаў на белай паперы; дзiк з ранай у баку; каля раны запяклася кроў; дзiк ляжаў, адкiнуўшы капыты, на сходах; яго якраз паволi пачалi зацягваць унутр крамы; па ўчырванелым Грэцавым твары было вiдаць, якая цяжкая была гэтая жывёлiна; толькi на адзiн з яе тэлефонных званкоў адказалi: не ў доме нумар сем i не ў доме нумар восем — толькi ў Кронэравай кавярнi:
— Тэрмiнова доктара Фэмеля?.. Яго тут няма. Святочная вячэра не адбудзецца. Вы фройляйн Леанора? Вас чакаюць у гатэлi 'Прынц Генрых'.
Лiстаносец, рэзка нацiснуўшы гузiк, пазванiў ёй у дзверы, калi яна сядзела ў ванне; гэты рэзкi званок не абяцаў нiчога добрага; яна хуценька вылезла з ванны, накiнула на сябе купальны халат, абкруцiла мокрую галаву ручнiком, падышла да дзвярэй i атрымала з рук лiстаносца экспрэс-пiсьмо: Шрыт напiсаў адрас сваiм жоўтым алоўкам, на канверце крыж-накрыж былi дзве чырвоныя паласы; вiдавочна, яго васемнаццацiгадовая дачка мусiла гнаць на ровары ў паштовае аддзяленне; пiльная справа…
'Дарагая фройляйн Леанора! Паспрабуйце, калi ласка, неадкладна звязацца з панам Фэмелем; усе статыстычныя разлiкi аб'екта будоўлi Х-5 няправiльныя; у дадатак да гэтага пан Кандэрс, з якiм я толькi што размаўляў па тэлефоне, пераслаў дакументацыю — з усiмi памылкамi — непасрэдна заказчыку, насуперак звычаям нашай фiрмы; справа настолькi пiльная, што я збiраюся сёння выехаць да Вас хуткiм цягнiком, у выпадку калi да 20.00 не атрымаю ад Вас звестак наконт таго, якiя захады зробленыя, каб выправiць гэтую прыкрую памылку; вядома, няма патрэбы нагадваць Вам, якi буйны i важны аб'ект Х-5. З сардэчнымi прывiтаннямi — Ваш Шрыт'.
Ужо два разы яна праходзiла сюды-туды перад гатэлем 'Прынц Генрых': вярталася амаль аж да Грэцавай крамы на Модэстгасэ i зноў прыходзiла пад вокны гатэля; яна баялася скандалу, якi неўзабаве павiнен выбухнуць; субота была для яго свяшчэнны дзень; ён яшчэ мог сцярпець, калi ў суботу яго патурбуюць па прыватнай справе, але не па службовай, якая б яна нi была; у яе ўвушшу яшчэ гучалi яго словы: 'Проста няведама што'; яшчэ не надышла сёмая, i некалькi хвiлiн Шрыта можна было яшчэ заспець па тэлефоне; добра, што стары вырашыў адмовiцца ад урачыстае вячэры; бачыць, як Роберт Фэмель есць i п'е, было б для яе гвалтам над святыняю; са страхам яна думала пра аб'ект Х-5; гэта не быў прыватны аб'ект; якi-небудзь там 'дом выдаўца на ўскрайку лесу' цi 'дом настаўнiка каля ракi'; яна нават не наважвалася думаць пра гэты аб'ект: такая была вакол яго таямнiца, паперы ляжалi ў самай глыбiнi сейфа; ёй займала дыханне; хiба ж пан доктар не размаўляў пра гэты аб'ект з Кандэрсам цэлую чвэрць гадзiны? Ёй было вельмi боязна.
Грэц усё яшчэ цягнуў свайго дзiка па сходах: гэта ён рабiў рыўкамi, бо жывёлiна была агромнiстая: хлопец-пасыльны з вялiзным кашом кветак пазванiў каля брамы друкарнi, паявiўся прыдзвернiк, забраў кош i зноў зачынiў брамку; хлопец расчаравана глянуў на тую дробязь 'на чай', што паклаў у яго далонь прыдзвернiк; 'Я скажу яму, — падумала Леанора, — гэтаму ветламу старому, што прыдзвернiк не выконвае ягонага загаду даваць кожнаму пасыльнаму хлопцу па дзве маркi на чай; срэбра, вiдавочна, не паблiсквала ў яго далонi, то былi цьмяныя медзякi'.
Будзь адважнаю, Леанора! Будзь адважнаю, сцiснi зубы, пераадолей свой сполах ды iдзi ў гатэль. Яна яшчэ раз адышлася за рог вулiцы; тым часам дзяўчына з кошыкам далiкатэсаў зайшла ў брамку друкарнi; праз хвiлю яна таксама без радасцi паглядала на сваю далонь; 'якi нягоднiк гэты прыдзвернiк, — падумала Леанора, — абавязкова скажу пра ўсё пану Фэмелю'.
Яшчэ дзесяць хвiлiн, перш чым праб'е сёмая; яе запрасiлi ў Кронэраву кавярню, а потым загадалi прыйсцi ў 'Прынц Генрых', а яна заявiцца туды i пачне гаварыць пра справы фiрмы, якiх па святых суботах ён не можа цярпець; можа, зважаючы на выключнасць аб'екту Х-5, ён зрэагуе сёння iначай? Яна страсянула галавой i з роспачнай адвагай нарэшце штурхнула дзверы ды тут са страхам адчула, што знутры iх нехта трымаў.
Дзiця, дзiця, i ў дачыненнi да цябе я дазволю сабе зрабiць прыватную заўвагу; падыдзi сюды блiжэй; спадзяючыся, што прычыну тваёй сарамлiвасцi не варта шукаць у мэце твайго прыходу сюды, а толькi ў iм самiм; мне давялося ўжо бачыць шмат дзяўчат, што ўваходзiлi ў гэтыя дзверы, але гэткай, як ты, мне яшчэ бачыць не выпадала; у гэтай хвiлi тут ёсць толькi адзiн-адзiны клiент, да якога я пусцiў бы цябе, не выказваючы прыватных заўваг, — гэта Фэмель; я мог бы быць табе дзядулем, i ты не зазлуеш на мяне за маю прыватную заўвагу; чаго ты шукаеш у гэтай зладзейскай пячоры? Рассыпай за сабою хлебныя крошкi, каб знайсцi адсюль дарогу назад; дзiця, ты заблукала; той, хто прыходзiць сюды па справе, выглядае не гэтак, як ты; а ў каго тут ёсць прыватныя справы — i пагатоў; але ж падыдзi блiжэй.
— Да доктара Фэмеля? Ага, сакратарка. Па неадкладнай справе? Пачакайце, фройляйн, я папрашу, каб яго паклiкалi да тэлефона… Спадзяюся, што вулiчны шум Вам не будзе замiнаць.
— Леанора? Я рады, што мой бацька запрасiў Вас на святочную вячэру, i прабачце мне, калi ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўраннi. Добра, Леанора? Бацька чакае Вас у дзвесце дванаццатым нумары. Лiст ад пана Шрыта? Уся дакументацыя да аб'екта Х-5 няправiльна разлiчана? Добра, я разбяруся i затэлефаную Шрыту. Так цi iнакш, дзякуй, Леанора, i — да хуткай сустрэчы.
Яна паклала слухаўку, падышла да парцье, хацела была ўжо разявiць рот, каб спытацца, як прайсцi ў Фэмелеў нумар, — але тут яе напалохаў моцны, сухаваты, рэзкi гук.
— Божа мой, — ускрыкнула яна, — што гэта?
— Гэта стрэлiлi з пiсталета, маё дзiця, — адказаў Ёхэн.
Чырвонае па зялёным, белае па зялёным; Гуга стаяў, абапёршыся аб белыя лакiраваныя парэнчы i заклаўшы рукi за спiну; фiгуры здавалiся яму не такiмi дакладнымi, рытм руху шароў — парушаным; хiба гэта не былi тыя самыя шары, той самы стол з сукном найлепшай якасцi, за якiм даглядалi самым лепшым