Тыя–ж, Лапурка, Галька, Уршуля (уваходзяць).
Лапурка (вясёлы хлапец з гармонікам; увайшоўшы, цалуе Магдалену ў руку). Пані Магдалене наша паважаньне! Віншую з імянінамі… каб заўсёды было многа грошай, многа шчасьця і многа дзетак…
Магдалена. Фу!.. Ну, што вы!.. Дзякую!..
Галька (цалуецца з Магдаленай). Віншую цябе, Магдзя, і зычу табе ўсяго таго, чаго сама хочаш…
Магдалена. Дзякую… дзякую…
Уршуля (так–сама цалуецца). Усяго найлепшага…
Магдалена. Дзякую… Будзьце знаёмы: граф Мацальскі, — пан Лапурка з жонкай, панна Уршуля…
Мацальскі (падае руку). Граф Мацальскі… Я, можна сказаць, авэк плязір…
Магдалена. Ну, і ня будзем марудзіць. Калі ласка, прашу ўсіх сюды, у гэты пакой, закусіць крыху… Прашу!.. (паказвае рукой на сярэднія дзьверы).
Усе, апроч Шышкі і Пышкі, ідуць у другі пакой і сядаюць навокал стала. Мацальскі пасярэдзіне.
Пышка (устрымоўваючы Шышку). Слухай, ты ня ведаеш, ці пры стале трэба з дамамі гутарыць, ці можна маўчаць?
Шышка. Пры стале, здаецца, можна маўчаць… але вось у часе скокаў дык трэба гаварыць камплямэнты…
Пышка. Гм… трудна…
Шышка. Есьць такая кніжка, называецца «самавар вівр», ці што, дык у ёй напісана ўсё, як і калі трэба. Мы яе купім у складчыну. Добра?
Пышка. Але. Купім…
Магдалена (зварачваючыся да Пышкі і Шышкі). Калі ласка, просім да стала!.. Чаму–ж вы засталіся?..
Пышка І Шышка. Мы ўжо… выбачайце…
Магдалена (паказваючы ім іхнія месцы). Вось вы тут, пане Пышка, а вы, пане Шышка, тут…
Мацальскі (устае, трымаючы ў руцэ чарку). Мэдам і мэсье! У гэтакі ўрачысты мамэнт, калі можна сказаць, наша пані гаспадыня сьвяткуе свае імяніны, я прапаную выпіць гэту першую часрку за здароўе пані гаспадыні… Ура!
Усе. Уррра! (пьюць).
Заслона Дэкарацыя тая самая.
Усе ўжо добра выпілі. Твары пачырванелі.
Гаўдэнт, Магдалена, Мацальскі, Фэлька, Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка, Уршуля, Лапурка, Галька, Пышка, Шышка.
(Усе сядзяць яшчэ пры стале).
Мяшочак (да Мацальскага). Вось калі ты такі вучоны граф, дык ты скажы мне, чаму Каін Абэля віламі колець? Вось я стаю, гляджу на месяц і бачу: Каін Абэля… Ну, чаму, пытаюся?
Мацальскі. Гэта мусіць ад ветру…
Мяшочак. Сам ты ад ветру… Я пытаюся, чаму…
Мацальскі. Выбачайце, але я не ад ветру, і абражаць сябе не пазволю! (Устае).
Мяшочыха (да мужа). Калістрат! Кінь ты ўжо аб навуцы!
Магдалена (да Манальскага). Граф! Не зважайце на гэта!..
Мацальскі (цалуе гаспадыню ў руку). Для вас я гэта зраблю, але каб хто іншы… Я ўжо раз меў такое здарэньне… дык адразу на паядынак! (Уваходзяць па сцэну).
Магдалена. Ах, Божа мой! і забілі?
Мацальскі. Ці я дурны! Каб у турму папасьці! Фі донк!
Мяшочак (уваходзіць на сцэну з Гаўдэнтам; за імі іншыя госьці) . Вось ты Гаўдэнт, а я Калістрат… А чаму, пытаюся, не я Гаўдэнт, а ты Калістрат… Але што я хацеў казаць?.. Ага! Чаму, пытаюся Каін Абэля… Або не! Давай лепш пацалуемся!.. (цалуюцца) .
Мацальскі. А цяпер мэсье і мэдам, я думаю, можна пайсьці ў скокі.
Уршуля, Галька і Леакадка (радасна). Але! але! У скокі!
Магдалена. А вось пан Лапурка нам зайграе на гармоніку… Пане Лапурка, калі ласка!
Лапурка. Авэк мой плязір, ак кажа пан граф. (Бярэ гармонік у рукі) .
Магдалена. А стол перанясем сюды, тагда будзе больш месца. (Да мужа). Гаўдэнт! перэнясі стол, вось пан Пышка і пан Шышка табе памогуць… Пане Шышка, калі ласка!.. Пане Пышка!..
Пышка і Шышка. Авэк наш плязір!