Сабака так не мог бы жыць! І вось пачаў я варажыць, Спадзеючыся, што адвечны дух Мне разамкне таемнасці ланцуг, Каб ведаў я, што гавару,— Ці злу служу я, ці дабру,— Каб сувязь рэчаў разгадаць І тлумачэнне думцы даць, Каб дзеянняў спазнаць асновы, І перакласці іх дакладна ў словы. О, на пакуты з вышыні, Мой месячык, хоць раз зірні: Як я над кнігамі ўсю ноч Нядрэмных не заплюшчыў воч. Зірні і сумны свой прывет Пашлі ў абрыдлы кабінет! О, каб узняцца мне да гор, Лунаць, як дух, каля пячор, Турбот няпэўнасці пазбыцца, Расой гаючаю абмыцца І вызваліць душу і рукі Ад марнасці пустой навукі! Няўжо да гэтае пары Не вырвуся з глухой нары, Дзе і нябеснае святло Ледзь-ледзь прасочваецца ў шкло, Дзе стосы кніг маіх пад столь — Вучоных доследаў клады — Чарвяк стачыў, паела моль За ўсе бясплённыя гады. Сядзіць, як здань, убогі дзед, А на стале прабірак строй, Прылады складзены гарой. Такі твой свет! І гэта свет?! Пытаешся, чаму туга І роспач у душы расце, Чаму няпэўнасці смуга Бадзёрасць гасіць, дух гняце? — Твая стыхія не цяпло, Якім гасподзь сагрэў людзей, А павуціна, пыл і тло І холад нежывых касцей. Бяжы на волю! Кінь бярлог! Ці ж таямнічы Нострадам{9} Табе парадай не памог? Не стаў апораю? Ты там Спазнаеш без усіх свяціл І выверыш прыроды рух, Духоўных набярэшся сіл І будзеш з духамі, як дух. Наш чэрствы розум тых радкоў Святых не растлумачыць, не! Вы, духі, тут, з усіх бакоў! — Прашу вас, адкажыце мне!

(Разгортвае кнігу і бачыць знак Макракосму{10} .)

Га! Знак чароўны раптам зноў Усімі думкамі і сэрцам авалодаў, І кроў застылая, старая кроў Юнацкіх прагне асалодаў. Той, пэўна — бог, хто склаў радкі, Што бунт унутраны таймуюць, Уцехай сэрца беднае чаруюць; Мне знакі геніяльнае рукі Па-свойму сэнс жыцця трактуюць! Ці сам я бог? Мне ж ясны да канца Аб дзейнасці прыроднай сілы словы, Я разумею праўду мудраца І споведзі ягонай сэнс суровы: «Для нас свет духаў не замкнуты, Але на розуме ў нас путы; Стань, вучань, і пунсом зары Зямныя грудзі абатры!»{11}

(Разглядвае знак.)

Нішто адвольна цэласці не рве, Усё ўзаемнай еднасцю жыве! Нябеснай сілай свецяцца паўсюды Быцця крыштальныя сасуды. І сіле той няма запруды — На крылах у гармоніі чароўнай Усе часцінкі і сасуды роўны.
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату