Які спектакль! У шклянцы бура! Дзе ж я схаплю цябе, бясконцая натура? Дзе ж я знайду цябе, жыцця крыніца, Што моц дае і небу, і зямлі? Калі ж таму, хто п’е з цябе, прыпаўшы ніцма, Астудзіш вусны смяглыя, калі? (Нецярпліва перагортвае старонкі, бачыць знак Духа Зямлі.)
Другая ў знаку моц відна! О Дух Зямлі! Ты мне бліжэйшы! Здаецца — сам я стаў дужэйшы, Палаю, нібы ад віна, І мужнасць маю ў свет ісці, Дзяліць і сум, і радасці, Цяпер мне стала ўсё адно — Перамагчы Ці з караблём — на дно! Гусцеюць хмары… Закрылі месяца святло… Мігае лямпа… чад… Праменні скачуць Над галавой… і дзьме Са столі жудасць на мяне, Агортвае, хапае! Я чую — Дух жаданы тут! Адкрыйся мне! А сэрца рвецца, рвецца з пут! Да адчуванняў новых Душой і сэрцам я гатовы! Я прагну адкрыцця! — З’явіся, Дух! З’явіся, Дух! Мне не шкада ні сэрца, ні жыцця! (Бярэ кнігу і вымаўляе таямнічае заклінанне Духа.)
Успыхвае барвовае полымя.
У полымі з’яўляецца Дух Зямлі.
Дух Зямлі
Хто зваў мяне? Фаўст (адварочваецца)
Жахлівы твар! Дух Зямлі
Маіх ты прагнуў сфер, з маіх піў чар! Нашто ж благаў, нашто прасіў, Калі цяпер… Фаўст
О боль! Глядзець нясіл! Дух Зямлі
Здзівіўся я: хто так упарта кліча? Хто хоча глянуць мне ў аблічча? Дай, думаю, прыму яго капрыз. І вось я тут, а Фаўст — раскіс! Цябе, звышчалавек, скруціў мізэрны страх. Дзе кліч душы? Няўжо зачах Той свет, які за доўгія гады У сэрцы выпеставаў ты, Каб потым цешыцца заўзята, Што з духамі ты стаў запанібрата! Дзе Фаўст наш горды, чый язык Данёс душы збалелай крык? Як разумець, што раптам ты Майго агню спалохаўся і твару І ўжо не хочаш стаць са мною ў пару, А толькі, знішчаны, трасешся ад жуды, Нібы чарвяк! О гэты вечны страх! Фаўст
Не страшна мне! Агонь мой не патух! Я — Фаўст! З табою роўны, Дух!