Дух Зямлі
У бурах падзей, у жыццёвых вірах То — упаду, то — узлячу, То — назад, то — наперад імчу! Імкнуся я ўдаль! І жыццё, і смерць, І мора, і цвердзь — Як зменлівасць хваль! Так тчэцца на кроснах прыродных кругоў Жывое адзенне багоў. Фаўст
Ты маеш свет і тчэш адзенне бога, Які ж, Дух дзейны, блізкі я табе! Дух Зямлі
Ты блізкі Духу, свет якога Уразумеў! Не мне!.. (Знікае.)
Фаўст (узрушана, з адчаем)
Табе не блізкі я?.. Каму ж тады?.. Богападобны вобраз я!{12} — Табе не блізкі, не?.. Стук у дзверы.
О ліха!.. Лабарант мой — фамулюс{13}, Прыйшоў, каб галаву мне затлуміць І ў жылы зноў атруты ўліць — Сухі праныра і падступны хлус! Уваходзіць Вагнер у начным каўпаку і ў шлафроку з лямпай у руцэ. Фаўст з прыкрасцю паварочваецца да яго.
Вагнер
Прабачце, вы дэкламавалі нешта З трагедый грэчаскіх, відаць! І я не супраць у мастацтве, зрэшты, Каронаю трыумфу заўладаць. Камедыянт, хай грае вельмі ўдала, Не пераплюне кардынала.{14} Фаўст
Калі, канечне, поп ваш не са сцэны — Такія ў нас здараюцца падмены. Вагнер
Ах, ці не лепш утульны кабінет! З яго ў акенца мы глядзім у свет. Нібы ў падзорную трубу на неба. Дык як жа нам вучыць людзей як трэба? Фаўст
Мастацтва без душы — не адмыслова. Калі ў яго я ўкладваю душу, То шчырым і сардэчным словам Людзям я сэрцы ўзварушу. А вы! Сядзіце, выбірайце з місак Чужыя недаедкі на булён І дзьмухайце ў даўно астылы прысак — А мо жарынкай выблісне вам ён. Не дзіва, што не адрыгнецца Такая страва смачная, ані — І вы не злучыце ніколі з сэрцам сэрца Сваёй няшчырасцю і поліўкай з хлусні. Вагнер
Ах, толькі казань шчасце нам дае, Ды жаль, мне красамоўства не стае.