Богам цалёны Ушаноўвае лёс! Фаўст
О гукі божыя магутнасці, лагоды, Навошта прыляцелі вы ў закутак шэры? Лунайце там, дзе ёсць пачуцці згоды — Я чую вестуноў, але не маю веры. Усякі цуд — ёсць веры любае дзіця. Я не магу ўзляцець у тыя сферы, Адкуль гучыць прызыўны кліч жыцця, З маленства мне знаёмы гэты звон, І сёння зноў мяне чаруе ён! Хацеў я ўпіцца пацалункамі нябёс, Суцішыць плоць у засені суботы, І вось парушаны мае турботы: Званы мне прадказалі іншы лёс — Сум непазбыўны па гарачым леце, Лугах у россыпе крыштальных рос, І праз смугу нявыплаканых слёз Угледзеў я сябе ў інакшым свеце. У мне раптоўна песня абудзіла Юнацкай радасці паток, І неадольных успамінаў сіла Цяпер загубны стрымлівае крок. Я плачу! Дык гучы, хвала харала! Зноў да зямлі мяне ты прыкавала! Хор вучняў
Дух яго й цела Узнёс гасподзь. У неба ўзляцела Крылатая плоць. Цудам нябёсы Ты акрылі! Горка нам слёзы Ліць на зямлі. Мы астаёмся Тут у журбе. Божа, імкнёмся Мы да цябе! Хор анёлаў
Тлен пераможаны! Слаўце Хрыста! Краты астрожныя Скіньце з Хрыста! Вам, знемагаючым, Бога благаючым, Міру жадаючым, Блізкі Хрыстос З чыстых нябёс! Шпацыр. Людзі выходзяць з брамы.
Некалькі рамеснікаў
Куды сабраліся такім гуртом? Другія
А вы куды? Мы ў Паляўнічы дом! Першыя
Ды вось надумалі пайсці да млына. Адзін рамеснік
Хадземце, хлопцы, да ракі. Другі рамеснік
Дарога кепская, раскісла гліна.