Ад ліпы, смеху і музык! А ўподручкі з ім… цаца! Вух-ха! Юх-ха! Вух-ха! І хі-хі-хі! Стары селянін
Пан доктар, вы вучоны муж,— Тым болей радуемся мы, Што не пагрэбавалі зноў Прыйсці да нашае гурмы. Найлепшы кубак падаём: І асвяжальны наш напой Няхай патоліць смагу вам, Няхай у сэрца лье спакой,— І кропель колькі ў гэтым шкле, Хай столькі дзён вам бог пашле! Фаўст
За гонар дзякую. Я п’ю За вашу дружную сям’ю. Людзі збіраюцца навокал яго.
Стары селянін
Дальбог, мы рады ад душы, Што вы прыйшлі ў святочны час, Хоць, праўда, і ў благія дні Наведвалі вы часта нас! Нямала тут стаіць людзей, Якім калісь жыццё збярог Нябожчык бацька ваш, калі Прагнаць паморак дапамог; Яшчэ тады, бывала, з ім Хадзіў да хворых і юнак! Ах, колькі згінула ў той час,— Вас бараніў гасподзь, аднак. З нягод ліхіх, цяжкіх вы цэлы выйшлі, Збярог збавіцеля збавіцель вышні. Усе
Няхай здароўе ваша, пане, Зарукай дапамогі стане! Фаўст
Маліцеся Таму, які ўгары! — За веды, розум і дары! (Ідзе з Вагнерам далей.)
Вагнер
Што адчуваеце вы, муж вялікі, Калі вітаюць вас натоўпу крыкі? Шчаслівы, хто пасля ліхіх турбацый Дажыў да гэтакіх авацый! Усе бягуць, нібыта ў ліхаманцы, Таўкуцца, з любасцю на вас глядзяць, Угору шапкі скрозь ляцяць, Змаўкае скрыпка, ціхнуць танцы. Народ на шпацыры, на пагулянцы Каб трохі — у святым маленні Прад вамі стаў бы на калені. Фаўст
Давайце, дружа мой, з дарогі Мы адпачнём на тым каменні, Дзе ў пост галодны, пост убогі Я кленчыў чыста ў задуменні, З надзеяй верачы яму, Маліўся, слёзна ўзносіў рукі, Благаў, каб вызнаў нашы мукі І адагнаў ад нас чуму. Хвала натоўпу мне — дакор! Бо сэрца кажа: тая слава, Якою цешуся да гэтых пор, Мне так дасталася без права. Мой добры бацька праблукаў Каля таемнасці натуры, Свядома нішчыў дух пануры І думак строй па-свойму ткаў;