З тых сфер, куды ідуць з труны. Калі, о духі, ёсць вы, — ёсць і лад, Калі між небам і зямлёй ляціце, Прыйдзіце з залатых сваіх палат І прэч мяне ў стракаты свет нясіце! О, каб мой плашч быў падуладны чарам І каб памчаў мяне ў нязнаны край, Другой адзежыны не ўзяў бы дарам — Не трэба мне і царскі гарнастай.

Вагнер

Не выклікай знаёмай чарады, Што над зямлёй лунае ў пасмах чаду. Са злымі духамі{19} не знойдзеш зладу — Не знаеш сам, адкуль чакадь бяды: Ці з поўначы — вятры сцюдзёнымі зубамі Кусаюць нас, халодзяць нетры душ; Ці то з усходу — ліжуць языкамі, Нясуць людзям сухоты, смагу, суш; Ці з поўдня — з перасмажаных пустынь Дыхнуць спякотай, жарам і духотай; Ці з захаду — нясуць імжу яны і стынь І захінаюць неба шэрай слотай. Такія духі гэтыя: на зовы, На шкоду тут жа з’явяцца яны. Хоць склад анёльскі іхняй мовы, Аднак усе — адроддзе сатаны. Але хадзем! Бо лёгкі змрок і мгла Заткалі далячынь, і стома падпаўзла. У берлагу нам толькі ноччу міла. Чаго пасталі, што вас так здзівіла, Чым вас уразіў морак надвячорны?

Фаўст

Бяжыць па руні цюцька чорны!

Вагнер

Няхай сабе. А што ж у тым такога?

Фаўст

І не сабака, не! Прыгледзься да яго!

Вагнер

Звычайны пудлік, больш, бадай, нічога — Згубіў, відаць, гаспадара свайго.

Фаўст

Ды не — пятляючы, да нас бяжыць. Я нават бачу хіжы выскал, І з поўсці сыплюцца пад ногі іскры, І ўвесь ад хцівасці дрыжыць.

Вагнер

Вас змрок падманвае заўчасна — Сабака чорны — бачу ясна.

Фаўст

Здаецца мне, вядзьмарскі круг Ён робіць, бегучы па полі.

Вагнер

Блазнуе, скачучы ў сваволі — Гаспадароў угледзеў двух.

Фаўст

А можа, праўда — бачу я сабаку?

Вагнер

Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату