І светлым робіцца начны абшар, Нібыта месяц выглянуў з-за хмар. Вітаю я цябе, адзіны мой фіял, Здымаючы з паліцы трапяткой рукою! Цябе, увасабленне міру і спакою, Чый змест глыбокі многім — ідэал, Цябе, плён розуму людскога свету, Крыніцу творчага, смяротнага імпэту — Цябе прашу, не адмаўляйся другу Зрабіць апошнюю паслугу. Цябе пабачыўшы, пакуты забываю, Таймую буру я, калі цябе трымаю. На моры, што ў душы, мне ўжо адліў відзён. Прасторы чыстых сініх вод Мяне завуць, імкнуць і вабяць у паход Да новых берагоў, да новых дзён. Злятае агнявая калясніца Да ног маіх. І ад зямной хімеры Гатовы я ў эфір на ёй узвіцца У новыя нязведаныя сферы. Высокае жыццё, нябёсаў дух лагодны! Але, чарвяк, ці варт яго, ці годны? Так, варты! Дык рашуча, смела Ад сонца адвярніся, што зямлю прыгрэла, І браму адамкні, адолеўшы свой страх, Якога ўнікнуць кожны быў бы рад, І дакажы, што ты не сцерты ў прах, Што дзейнасць чалавека з божай стане ў рад, Што ты скарыць фантазію нарэшце змог, Што ні агонь пякельны, ні ўяўленні Не скаланулі вусцішна твае калені І ты пераступіў таемнасці парог, Што весела, спакойна робіш гэты крок Перад пагрозай адысці ў адвечны змрок! Пакінь свой футарал, святы сасуд,— Хай спраўдзіцца апошні мой прысуд! Забыў я пра цябе ў сваіх мурах. А некалі ж ты быў лякарствам ад дакукі І ззяў раскошаю на дзедаўскіх пірах, Калі цябе перадавалі з рук у рукі, Дзівосны ўзор мастацкае разьбы — (Па звычаю, хто п’е, павінен на пацеху Тлумачыць так, каб клаліся ад смеху) Напомніў дні юнацкае гульбы. Цяпер цябе не перадам суседу, Дасціпнасцю сваёй не ажыўлю бяседу. Прыму ж пітво смяротнае, якое Абраў я спрагненай душою, І ў полымі яго згару. Апошні раз я п’ю. Вітаю новую зару. (Падносіць чашу да вуснаў.)
Званы і харальнае песнапенне.
Хор анёлаў{15}
Уваскрэс Хрыстос! Мір вам, самотныя, Целам смяротныя, Духам гаротныя, З неба прынёс! Фаўст
Але чаму, якая раптам сіла Фіял, да губ паднесены, спыніла І адвяла мяне ад чорнае труны? Ці не ўваскрэсення імгненне Вяшчаюць медныя званы І пра маё другое нараджэнне Над плашчаніцаю гудуць яны?{16} Хор жанчын
Пахкім бальзамам Масцілі і палівалі, Цела ягонае самі Саванам мы спавівалі. Мы клалі святыню У дамавіну. Як, сыне мілы, Ты ўзнёсся з магілы? Хор анёлаў
Уваскрэс Хрыстос! Богаславёны Той, хто ягоны