здарэння, кажу: 'Гэта пуга, прызначаная для пакарання цябе самой, сама паганая i сама ненавiсная, i я перш парэжу яе i парву на шматкi, чым дакрануся да тваёй пуховай, малочнай скуры. Але ты раскажы, якi твой праступак пакiравала зменлiвасць лёсу на маю шкоду. Клянуся табе тваёй найдаражэйшай мне галавою, што я не магу паверыць нiкому i нават табе самой, калi б ты казала, што нiбы ты задумала нешта на маю згубу. А прытым неспадзяваны выпадак, калi б ён нават i аказаўся варожым, не можа цябе зрабiць вiнаватай'. Закончыўшы гэта, вочы маёй Фацiды, вiльготныя i трапяткiя, млявыя ад блiзкай страсцi, гатовыя вось-вось закрыцца, я пачаў асушваць гарачымi звонкiмi пацалункамi.

15. Тут яна, падбадзёрыўшыся ад радасцi, кажа: 'Дазволь спярша зачынiць дзверы, каб не зрабiць мне большага праступка, калi па маёй балбатлiвасцi вылецiць якое-небудзь лiшняе слова'. Пасля гэтага яна засунула засаўкi, зашчапiла крукi, а тады, вярнуўшыся да мяне i абняўшы мяне за шыю, пачала гаварыць ледзь чутным голасам: 'Я вельмi баюся адкрыць сакрэты гэтага дома i здрадзiць таямнiцы маёй гаспадынi. Я спадзяюся на цябе i на тваю адукаванасць i веру табе, што ты чалавек не толькi годны з прычыны свайго высакароднага паходжання, але i ўмееш захаваць дадзенае абяцанне маўчаць. Такiм чынам тое, што я давяраю глыбiням твайго сэрца, беражы запёртым вечна за моцнай агароджай i за шчырасць майго прызнання ўзнагародзь мяне сталасцю свайго маўчання. Маё каханне пабуджае мяне расказаць табе тое, што вядома толькi адной мне. Зараз даведаешся, што робiцца ў нашым доме, пазнаеш дзiўныя таямнiцы маёй гаспадынi, бо ёй паслухмяныя маны, па яе загаду мяняюць ход нябесныя свяцiлы, ёй падпарадкоўваюцца багi i служаць стыхii. Аднак нiколi з большым стараннем не выкарыстоўвае яна сваё ўмельства, чым тады, калi загледзiцца на прыгожага юнака, што здараецца з ёй даволi часта.

16. Вось i цяпер яна без памяцi закаханая ў нейкага маладога беатыйца, юнака цудоўнай прыгажосцi, i з запалам пускае ў ход усю сiлу свайго чараўнiцтва, усе свае хiтрыкi. Учора вечарам чула на свае вушы, уласнымi, кажу табе, вушамi чула, як яна пагражала самому Сонцу замкнуць яго ў туманны змрок i вечную цемру за тое, што, на яе думку, яно недастаткова хутка спусцiлася з неба i не паспяшалася адступiць месца ночы для выпаўнення магiчных абрадаў.

Учора, вяртаючыся з лазнi, яна выпадкова заўважыла, што гэты юнак сядзiць у цырульнi, i загадала мне забраць цiшком яго валасы, якiя пасля стрыжкi валялiся на зямлi. Калi я падбiрала, злавiў мяне цырульнiк, а дзеля таго, што пра нас i так гавораць, што мы займаемся вядзьмарствам, дык ён схапiў мяне за руку i злосна закрычаў: 'Перастанеш ты, паскуда, цягаць валасы прыстойных людзей? Калi не спынiш гэтых паскудстваў, дык здам цябе ў рукi ўлады!' Пасля гэтага ён абмацаў мяне i, запусцiўшы руку за пазуху i пашнырыўшы там, намацаў схаваныя ў мяне мiж грудзей валасы i выцягнуў iх з гневам. Вельмi засмучаная няўдачай i ведаючы нораў сваёй гаспадынi, якая пры такiх няўдачах асаблiва хвалюецца i ў злосцi б'е мяне, я адразу хацела зусiм ад яе ўцячы, але ўспамiн аб табе прымусiў мяне гэты намер пакiнуць.

17. I калi я так засумаваная iшла, думаючы, як мне вярнуцца дамоў не з пустымi рукамi, заўважыла, што нейкi чалавек абстрыгае невялiчкiмi нажнiцамi казлiныя скуры. Убачыўшы, што ён iх моцна пазвязваў, надзьмуў i пачаў развешваць, я падабрала рыжаватую воўну, падобную да валасоў юнака з Беоцыi, i, не сказаўшы праўды, перадала гаспадынi.

З надыходам ночы, перад тым, як табе вяртацца з вечара, Панфiла з вялiкiм нецярпеннем падымаецца на плоскi драначны дах, якi з таго боку будынка нiчым не заслонены ад вятроў i адкрыты на ўсход i на iншыя бакi. Туды ходзiць Панфiла тайком для сваiх магiчных заняткаў. Перш за ўсё рыхтуе яна ўсе прылады сваёй злавеснай творчасцi: розныя пахнiлы, таблiчкi з незразумелымi надпiсамi i ўцалелыя абломкi загiнуўшых караблёў, раскладзеныя шматлiкiя часткi аплаканых i нават пахаваных нябожчыкаў — там ноздры i пальцы, там цвiкi ад крыжоў з прысохлым мясам, у iншым месцы кроў, забраная пасля забойства, i прабiтыя чарапы, вырваныя з ляпы дзiкiх звяроў.

18. Там яна, вымаўляючы заклiнаннi над яшчэ трапяткiмi вантробамi, вылiвае розныя вадкасцi — то крынiчную ваду, то малако, то горны мёд, то вiно. Пасля тыя валасы, сплёўшы i звязаўшы вузламi, кладзе з рознымi пахнiламi на вуголле, каб спалiць. I вось у той час сiлай чараў i тайнай уладай над багамi яны ствараюць, што целы тых, чые валасы патрэсквалi i дымiлiся, прымаюць праз нейкi час чалавечую душу i адчуваюць, i чуюць, i рухаюцца, i, занаджаныя пахам астаткаў свайго цела, прыходзяць сюды, i, замест таго беатыйскага юнака, стараючыся ўвайсцi, ломяцца ў дзверы. А тут якраз з'яўляешся ты i пад уплывам выпiтага вiна, збiты з толку начной цемрай i ўзброены, быццам той шалёны Аякс, дастаеш свой меч. Толькi Аякс, напаўшы на жывёлу, перарэзаў увесь статак, а ты за яго адважнейшы, бо пад тваiмi ўдарамi выпусцiлi дух тры надзьмутыя бурдзюкi. Такiм чынам, у маiх абдымках знаходзiцца той, хто перамог ворагаў, не пралiўшы нi кроплi крывi, ты не чалавеказабойца, а бурдзюказабойца'.

19. Жывая гутарка Фацiды развесялiла мяне, i я адказваю ёй жартам: 'Вiдаць, я магу гэта праяўленне адвагi, якое мяне так праславiла, лiчыць адным з дванаццацi Геркулесавых подзвiгаў, параўноўваючы з трохцелым Герыонам цi з трохгаловым Цэрберам, бо i бурдзюкоў гэтулькi ж! Аднак для таго, каб я шчыра i ад душы дараваў твой праступак, якi каштаваў мне гэтулькi непрыемнасцяў, выканай маё запаветнае жаданне i пакажы мне, як твая гаспадыня займаецца гэтай боскай навукай. Я хачу ўбачыць, як яна выклiкае багоў, як рыхтуецца да сваiх чараў, бо да ўсяго, што адносiцца да магii, я вялiкi аматар. Мiж iншым, мне здаецца, што i ты сама не навiчок у гэтых справах, што маеш значны вопыт. Аб гэтым я здагадваюся i гэта адчуваю, бо раней я грэбаваў жанчынамi i iхнiмi абдымкамi, а ты мяне гэтымi блiскучымi вочкамi, румянымi шчочкамi, кучаравай галоўкай, сакавiтымi пацалункамi i пахучымi грудкамi зацягнула ў сваю, хоць i жаданую, няволю. Я ўжо i дамоў не спяшаюся, не рыхтуюся да ад'езду i вось гэтай ночы з табой нi на што не памяняю'.

20. 'Вельмi хацела б я, — адказвае яна, — зрабiць табе, Луцый, тое, чаго ты жадаеш, аднак, не гаворачы пра яе надзвычайную насцярожанасць у прыватным жыццi, магiчнымi справамi яна займаецца ў поўнай адзiноце, недаступная чужому воку. Але твая просьба даражэйшая мне за маю бяспеку, i пры першай магчымасцi я пастараюся яе выканаць. Толькi, як я ўжо казала раней, ты пра гэту такую важную справу павiнен непарушна маўчаць'.

Пакуль мы так балакалi, у абаiх у душы i целе прачнулiся пачуццi пажадлiвасцi. Раздзеўшыся дагала, мы аддалiся шаленствам Венеры… Калi я вельмi стамiўся i быў перакананы, што дасягнуў верху здавальнення, Фацiда з уласнай шчодрай самаадданасцi адкрыла мне на заканчэнне новую крынiцу бязмежнай юрлiвасцi… Нарэшце, знясiлеўшы, мы самкнулi вочы, i моцнае забыццё пратрымала нас у абдымках да самага рання.

21. Не шмат пасля таго правялi мы такiх ночак, калi раптам аднаго дня прыбягае да мяне ўсхваляваная Фацiда i паведамляе, што яе гаспадыня, якой нiякiя чары дагэтуль не памаглi ў яе любоўных справах, сягоння ўночы будзе абарочвацца ў птушку i ў такiм выглядзе паляцiць да свайго жаданага. Дык я павiнен падрыхтавацца назiраць гэтае надзвычайнае дзiва.

I вось пад поўнач яна вядзе мяне на дыбачках на гарышча i загадвае глядзець праз нейкую шчылiнку ў дзвярах. А далей усё адбывалася так.

Перш за ўсё скiдае з сябе Панфiла апраткi i, адчынiўшы нейкую шкатулку, вымае адтуль мноства скрыначак, здымае з адной накрыўку i, набраўшы мазi, расцiрае яе доўгi час мiж далонямi, а пасля намазвае ўсё цела ад ног да галавы. Доўга шэпчацца са сваёй лямпай, урэшце пачынае трэсцiся ўсiмi членамi. А пакуль яны ўздрыгваюць, iх пакрывае далiкатны пушок, вырастаюць моцныя пёры, нос загiнаецца i цвярдзее, крывымi робяцца ногi. Памфiла становiцца савой. Жаласлiва крыкнуўшы, яна выпрабоўвае свае сiлы, злёгку падскокваючы над зямлёй. А неўзабаве, узняўшыся ўгору i распусцiўшы крылле, адлятае.

22. Яна перамянiла выгляд сiлай свайго магiчнага майстэрства, а я, быццам зачараваны, акамянелы ад здзiўлення толькi што ўбачаным, адчуў сябе абы-кiм, толькi не Луцыем. Амаль страцiўшы прытомнасць, ашаломлены да крайнасцi, я доўга працiраў вочы, стараючыся пераканацца, што не сплю. Нарэшце, апамятаўшыся i вярнуўшыся да рэчаiснасцi, хапаю руку Фацiды i, падымаючы яе да сваiх вачэй, гавару:

'Не адмаўляй, прашу цябе, пакуль спрыяе нам выпадак, даць мне найвялiкшы доказ выключнай тваёй да мяне прыхiльнасцi i ўдзялi мне крышачку гэтай мазi. Заклiнаю цябе гэтымi вачамi, якiя належаць табе, зрабi мяне вечным неаплатным сваiм нявольнiкам i пасадзейнiчай, каб я стаў побач з табой, маёй Венерай, крылатым Купiдонам!'

'Гляньце, калi ласка, — адказвае яна, — якi хiтрун знайшоўся. Мой каханак хоча, каб я сама сябе пакрыўдзiла. Я i так з цяжкасцю абараняю цябе, безабароннага, ад фесальскiх дзевак, а як ты станеш птушкай, дык дзе я тады i калi цябе знайду?'

23. 'Няхай мяне багi бароняць ад гэткага злачынства, — кажу я, — каб я нават стаў арлом i высокiмi палётамi аблятаў усё неба ў якасцi даверанага вестуна цi ганарыстага збраяносца Юпiтэра, усё роўна адразу б вярнуўся пасля такога ўзвышэння ў сваё гняздзечка. Клянуся гэтым спакуслiвым завiтком тваiх кудзерак,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату