якiм ты аблытала маю душу, што няма нiкога ў свеце, на каго б памяняў я сваю Фацiду. Вось што я падумаў яшчэ: як толькi ад гэтай мазi я абярнуся птушкай, мне прыйдзецца трымацца далей ад дамоў. Якая ж радасць з такога прыгожага i вясёлага палюбоўнiка, як сава? Цi ж мы не бачым, як гэтых начных птушак, калi яны заляцяць у чый-небудзь двор, ловяць i прыбiваюць да дзвярэй, каб тую бяду, якой пагражае iх злавеснае з'яўленне, яны адкуплялi сваiмi пакутамi. Аднак я забыўся папытацца, што трэба зрабiць цi сказаць, каб скiнуць тое апярэнне i зноў стаць самiм сабой, Луцыем?'
'Наконт гэтага не хвалюйся, — адказала яна, — гаспадыня паказала мне ўсе спосабы, якiмi кожная з гэтых жывёлiн можа вярнуцца ў сваё чалавечае аблiчча. Не думай, што яна зрабiла гэта ад нейкай прыхiльнасцi да мяне, а для таго, каб пасля яе вяртання дамоў я магла ёй дапамагаць. Зрэшты, глядзi, якiмi простымi i мiзэрнымi травiнкамi робiцца такая важная справа: кладуць у крынiчную ваду трохi кропу з лаўровым лiстам i даюць абмыцца i выпiць'.
24. Паўтарыўшы гэта яшчэ некалькi разоў, яна, вельмi ўсхваляваная, кiнулася ў пакой i выняла са шкатулкi скрыначку. Схапiўшы i пацалаваўшы яе, я ўпрошваю дараваць мне шчаслiвыя палёты, а пасля скiнуў з сябе ўсю вопратку, хцiва зачэрпнуў мазi i нацёр ёю ўсё цела. А тады, узмахваючы то адной, то другой рукой, я стараюся пераймаць рухi птушкi, аднак не бачу нiякага пушку, нi пярынкi, толькi мае валасы пачынаюць грубець, становяцца шэрсцю, скура мая цвярдзее, а на руках i нагах пальцы злучаюцца ў капыты i з хрыбта прарастае вялiкi хвост. Вось i твар становiцца велiчэзным, рот расцягваецца, ноздры расшыраюцца, губы вiсяць, вушы празмерна павялiчваюцца i абрастаюць шэрсцю. I не бачу я ў гэтым жудасным пераўтварэннi нiчога, што магло б мяне ўсцешыць, калi не лiчыць таго, што адзнака маёй прыналежнасцi да мужчынскага полу значна павялiчылася, хоць я i быў цяпер пазбаўлены магчымасцi валодаць Фацiдай.
25. I пакуль аглядаю ўсе часткi свайго цела без нiякай надзеi на ратунак i бачу сябе не птушкай, а аслом, хочацца мне дакараць Фацiду за яе ўчынак, аднак, пазбаўлены як голасу, так i чалавечых рухаў, раблю тое, што магу: адвесiўшы нiжнюю губу i скасiўшы вочы, моўчкi гляджу на яе. А яна, як толькi ўбачыла мяне ў такiм выглядзе, закрыла твар рукамi i выкрыкнула: 'Ах, гора ж маё! Падвяло мяне маё хваляванне i мая паспешлiвасць! Увяло ў зман i падабенства скрыначак! Яшчэ добра тое, што сродак супраць такога ператварэння зрабiць лёгка, варта табе пажаваць ружу, i ты станеш, скiнуўшы воблiк асла, зноў маiм Луцыем. Чаму ж я ўчора не прынесла, як заўсёды, якiх-небудь вяночкаў! Табе б i адной ночы чакаць не прыйшлося! Але як толькi пачне свiтаць, будзе табе лякарства!'
26. Так яна бедавала, а я, хоць i зрабiўся сапраўдным аслом, з Луцыя ператварыўся ва ўючную жывёлiну, усё ж захаваў чалавечае разуменне. Нейкi час я разважаў, цi не варта было б мне забрыкаць цвёрдымi капытамi i да смерцi закусаць гэту нягодную жанчыну. Аднак ад гэтага безразважнага намеру паўстрымала мяне разумнейшае меркаванне: пакараўшы смерцю Фацiду, я пазбавiў бы сябе надзеi на выратаванне. I вось, страсянуўшы нiзка апушчанай галавой, iду маўчком, змiраны са сваiм часовым прынiжэннем, да свайго каня, вернага майго слугi, у канюшню, там застаю яшчэ аднаго асла, якi належаў майму гаспадару Мiлону.
Я спадзяваўся, што калi iснуюць памiж бязмоўнымi жывёлiнамi якiя-небудзь тайныя i прыродныя ганаровыя абавязкi, дык мой конь, пазнаўшы мяне i паспачуваўшы, павiнен праявiць гасцiннасць i прыняць мяне, як знакамiтага чужаземца. Аднак, о справядлiвы Юпiтэр, i ты, запаветны бог Вернасцi! Мой слаўны носьбiт разам з аслом ссоўваюць морды i згаворваюцца мяне загубiць. Баючыся за свой корм, як толькi я падсунуўся да ясляў, яны, наставiўшы ў злосцi вушы, пачынаюць мяне брыкаць. I так адагналi яны мяне ад ячменю, якi я ўчора сваiмi рукамi насыпаў гэтаму стараннаму слузе.
27. Пасля такой непрыхiльнай сустрэчы я застаўся ў адзiноце i адышоўся ў кут канюшнi. I вось пакуль я разважаю аб нахабнасцi маiх сяброў i прыдумваю, як заўтра, ператварыўшыся пры дапамозе ружаў зноў у Луцыя, адпомшчу свайму нявернаму каню, раптам бачу на сярэднiм слупе, якi падпiраў бэлькi канюшнi, амаль на самай сярэдзiне абраз багiнi Эпоны, устаўлены ў нiшу i старанна ўпрыгожаны гiрляндамi з ружаў. Убачыўшы сродак паратунку, акрылены надзеяй, я стаў на заднiя ногi, абапёрся пярэднiмi i як толькi мог выцягнуў губы, каб дацягнуцца да гiрляндаў. Ды, на маё няшчасце, мой слуга, якому было даручана даглядаць каня, заўважыўшы мой намер, абурана ўскочыў. 'Колькi можна цярпець, — выкрыкнуў ён, — гэту клячу? Толькi што адбiраў ад жывёлы корм, а цяпер узяўся за выявы багоў! Я цябе, святататнiк, так адлупцую, што закульгаеш i зробiшся калекам!' I зараз жа пачаў шукаць, чым мяне набiць. Пад руку трапiла яму вязанка дроў, якая там выпадкова ляжала, дык, выбраўшы адпаведны калок яшчэ з неабдзёртымi лiстамi, датуль мясiў мяне, няшчаснага, пакуль знадворку не пачуўся грукат у дзверы, а побач нехта не закрычаў: 'Разбойнiкi!' Тады ён спалохаўся i ўцёк.
28. Не прайшло i хвiлiны, як шайка разбойнiкаў, разламаўшы браму, запаўняе сабой усё. Усе памяшканнi акружаны ўзброенымi людзьмi, а тыя, што бягуць на ратунак, усюды натыкаюцца на ворага. Ува ўсiх у руках паходнi, якiя разганяюць начны змрок, усе ўзброеныя мячамi. Зброя i полымя ззяюць, як сонца на ўзыходзе. Ударамi сякер узломваюць разбойнiкi Мiлонаву камору, якая знаходзiлася ў сярэдзiне дома i была замкнёная на моцныя засаўкi i замкi. Там зберагалася ўсё Мiлонава багацце. Уварваўшыся туды, рабаўнiкi паспешлiва выцягваюць усё дабро i, павязаўшы яго ў вузлы, дзеляць памiж сабой. Аднак колькасць клункаў большая за лiк насiльшчыкаў. Тады яны выводзяць з канюшнi нас — двух аслоў i майго каня, навальваюць на нас чым найбольш сама цяжкiх вузлоў i гоняць нас палкамi прэч з начыста абрабаванага дома. Пакiнуўшы аднаго са сваёй шайкi назiраць, як будзе разбiрацца гэта злачынства, уся група разбойнiкаў, асыпаючы нас ударамi палак, хутка гонiць непраходнымi сцежкамi ў горы.
29. Я быў ледзь жывы пад цяжарам такой паклажы ад стромкасцi гары i ад доўгай дарогi. Тут мне, хоць i пазнавата, затое ўсур'ёз прыйшла ў галаву думка папрасiць дапамогi ў мясцовых улад i, скарыстаўшы паважанае iмя iмператара, збавiцца ад гэтулькiх нягод. Калi ўжо пры дзённым святле мiналi мы нейкае мнагалюднае сяло, дзе з прычыны кiрмашу было вялiкае скопiшча народу, я ў самай гушчынi натоўпу спрабаваў азвацца на роднай мове грэкаў да боскага iмя Цэзара, але выкрыкнуў голасна i выразна толькi «О», а далейшых гукаў iмя Цэзара вымавiць не змог. Разбойнiкам не спадабаўся мой дзiкi крык, i яны так вырабiлi маю няшчасную скуру, што яна аказалася непрыдатнай нават на рэшата. I ўсё ж сам Юпiтэр паслаў мне неспадзяваны ратунак. Мiнаючы мноства хацiнак i вялiкiх двароў, убачыў я нейкi садок, у якiм памiж iншых раслiн цвiлi цнатлiвыя ружы, вiльготныя ад ранiшняй расы. Хцiва разявiўшы рот, акрылены радаснай надзеяй на выратаванне, я падышоў блiжэй i ўжо цягнуўся да iх дрыготкiмi губамi, як раптам спынiла мяне разумнейшая думка: калi я тут жа з асла ператваруся ў Луцыя, непазбежна загiну ад рук разбойнiкаў, бо яны або палiчаць мяне за чараўнiка, або абвiнавацяць у намеры данесцi на iх.
Такiм чынам, падпарадкоўваючыся неабходнасцi i змiрыўшыся са сваiм становiшчам, я, як належала аслу, устрымаўшыся ад ружаў, паскубаў сухой травiцы.
КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ
1. Каля паўдня, калi ўжо сонца моцна прыпякала, мы павярнулi ў адной вёсцы да нейкiх старых людзей, якiя вялi знаёмства i сябравалi з разбойнiкамi. Хоць я быў аслом, але зразумеў гэта з таго, як iх спатыкалi, з бясконцых радасных гутарак i пацалункаў. Разбойнiкi падаравалi iм сякiя-такiя рэчы, зняўшы iх з маёй спiны, прытым перашэптвалiся, вiдаць, расказваючы, што гэта частка iхняй бандыцкай здабычы. Праз нейкi час вызвалiлi нас ад усiх цюкоў i мяхоў i пусцiлi пасвiцца на блiзкi луг.
Не мог я сябраваць са сваiм канём i з аслом i не прывык яшчэ есцi сухой травы. Аднак, вельмi згаладаўшыся, смела накiроўваюся ў заўважаны мною за хлявом агародчык i там, хоць i сырой гароднiнай, набiваю сабе страўнiк.
Паклiкаўшы на дапамогу ўсiх багоў, пачынаю ўважлiва прыглядацца, цi не ўбачу дзе-небудзь у суседнiм садзе куста прыгожых ружаў. Самотнасць мясцовасцi цешыла мяне надзеяй, што, прыкрыты кустамi, ужыўшы лекi, нiкiм не заўважаны, узнiмуся i з жывёлiны стану зноў чалавекам.
2. I калi я так плаваў у моры гэтых надзеяў, бачу зводдаль зацененую далiнку з густым гаем, дзе сярод розных раслiн i прыемнай зелянiны выдзялялася чырвань ружаў. Я ўжо лiчыў у сваiм яшчэ не зусiм азвярэлым сэрцы, што гэты гай прысвечаны Венеры i грацыям i пад iх таямнiчай апекай ззяе гэта каралеўская кветка. Тады, паклiкаўшы на дапамогу багiню Ўдачу, пускаюся з усiх ног так, што клянуся Геркулесам, адчуў сябе не аслом, а вельмi хуткiм скакуном. Аднак гэта мая рэзвая i спрытная спроба не