Хлоі нечага большага, чым пацалункі ды абдымкі, бо ён не хацеў, каб яна ад яго крычала, нібы ад ворага, плакала ад болю і сплывала крывёю, нібы яе забіваюць. Толькі ледзь падвучыўшыся, ён баяўся крыві і думаў, што толькі з раны кроў можа ліцца. І рашыўшы з ёю цешыцца звычайным спосабам, Дафніс выйшаў з лесу; прыйшоўшы туды, дзе сядзела Хлоя, плетучы з фіялак вянок, ён схлусіў ёй, што вырваў гусака з арліных кіпцюроў, і, абняўшы яе, пачаў цалаваць, як ён, цешачыся, рабіў з Лікэніён, бо гэта ж была дазволеная і бяспечная ўцеха. А яна надзела яму вянок на галаву і цалавала яго валасы, якія здаліся ёй прыгажэйшымі за фіялкі. І дастаўшы са свае пастуховай торбы пляйстар сушанай садавіны і некалькі скібак хлеба, дала яму падсілкавацца; і калі ён еў, яна выхоплівала ў яго з рота кавалачкі і глытала, як маленькае птушаня.

21. Калі яны так елі, а яшчэ больш цалаваліся, чым елі, то ўбачылі рыбацкі човен, што праплываў паўз іх. Ветру не было, мора было спакойнае, і даводзілася веславаць. І рыбакі з усіх сіл працавалі вёсламі, бо спяшаліся прывезці ў горад аднаму багацею толькі што злоўленую рыбу. І як гэта заўсёды робяць маракі, каб забыць пра стому, так рабілі, вяслуючы, тыя. Адзін з іх, задаючы тэмп, запяваў марскія песні, а рэшта, як хор, усе разам і ў лад падхоплівала іх.

Пакуль яны так рабілі ў адкрытым моры, песня замірала, бо тоны яе губляліся ў далёкай прасторы; але калі яны, аб'ехаўшы мыс, увайшлі ў глыбокую выгнутую паўмесяцам бухту, іх усклікі чуліся мацней і бадзёрая песня выразней далятала да берага. Бо глыбокая цясніна прылягала да раўніны і, нібы поласць флейты, прымаючы ў сябе гук, на кожны голас адгукалася рэхам — выразна чуліся і плёскат вёслаў, і галасы весляроў. Люба слухаць было гэта. Бо спярша далятаў гук з мора, і доўга, пасля таго, як ён заміраў, гучаў толькі водгалас з сушы, спыняючыся нагэтулькі пазней, наколькі ён і пазней пачынаўся.

22. Дафніс, ведаючы ўсё гэта, сачыў толькі за морам і любаваўся, гледзячы, як карабель хутчэй за птушку пралятае паўз раўніну, і стараўся нешта запомніць з песень, каб сыграць пасля на сірынзе. А Хлоя, якая тады ўпершыню пачула тое, што рэхам завецца, то глядзела на мора, дзе маракі ў такт вёслам спявалі, то, павярнуўшыся да лесу, шукала, хто ж ім адгукаецца. І калі тыя праплылі паўз яе і ў цясніне запанавала ціша, яна спыталася ў Дафніса, ці ёсць за мысам яшчэ мора, і ці праплыў там другі карабель, і ці не спявалі другія маракі тую самую песню і ўсе ў адзін час замоўклі. Усміхнуўся пяшчотна Дафніс, яшчэ пяшчотней пацалаваў Хлою і, усклаўшы на яе вянок з фіялак, пачаў расказваць ёй легенду пра Эхо, наперад выпрасіўшы ў яе яшчэ дзесяць пацалункаў у плату за аповяд.

23. «Род німфаў, мая любая, вялікі: мэліі, дрыяды, гэлеі, усе красуні, усе пявунні. Адна з іх мела дачку Эхо, смертную, бо ад смертнага бацькі, прыгожую, бо ад прыгожае маткі. Німфы яе ўзгадавалі, музы яе на сірынзе, на дудцы іграць навучылі, пад ліру, пад кіфару ўсялякія песні спяваць, так што, увабраўшыся ў дзявочую красу, з німфамі яна танцавала, з музамі спявала. Але ад усіх мужчын уцякала — і людзей, і багоў, любячы сваё дзявоцтва. Зазлаваў на дзяўчыну Пан, зайздросцячы яе спевам, намарна прагнучы яе красы, спаслаў вар'яцтва на пастухоў авечак і коз. І гэтыя, як сабакі ці ваўкі, разрываюць і па ўсёй зямлі раскідаюць яе часткі, якія яшчэ ўсё спяваюць. Зямля з ласкі да німфаў пахавала ўсе гэтыя часткі. А ўмельства гучання зберагла і з волі муз падае голас і ўсё пераймае, як некалі дзяўчына: багоў, людзей, музычныя інструменты, звяроў; нават ігру на сірынзе самога Пана пераймае. А ён, пачуўшы гэта, ускоквае і ганяецца па гарах, не так хочучы злавіць, як даведацца, хто ж гэта за таямнічы вучань».

Калі Дафніс расказаў гэтую легенду, Хлоя не дзесяць, а безліч разоў пацалавала яго, бо амаль тое ж за ім паўтарала Эхо, нібы сведчачы, што ён ані не салгаў.

24. З кожным днём сонца больш прыгравала, бо вясна канчалася, пачыналася лета, і зноў прыйшлі да іх новыя летнія радасці. Ён плаваў у рэках, Хлоя купалася ў ручаінах; ён іграў на сірынзе наўзахапкі з пошумам хвойкі, яна ж спявала навыперадкі з салаўямі. Яны ганяліся за стракатлівымі цвыркунамі, лавілі звонкіх цыкад, збіралі кветкі, абтрасалі дрэвы, елі плады. Урэшце клаліся разам голыя, накрыўшыся адною казлінаю шкураю. І Хлоя лёгка стала б жанчынаю, калі б Дафніса не бянтэжыла кроў. Праўда, баючыся, каб не страціць калі-небудзь улады над сабою, ён не дазваляў Хлоі раздзявацца дагала; Хлою ж гэта дзівіла, але яна саромелася спытацца чаму.

25. У гэтае лета да Хлоі заляцалася шмат хлопцаў, і з розных месцаў прыходзіла шмат народу да Дрыяса сватаць яе; адны прыносілі падарункі, другія — вялікія абяцанкі. Напэ, падахвочаная спадзеўкамі, раіла яму выдаць Хлою і не трымаць далей дома такую дарослую дзяўчыну, якая, пасучы, можа не сёння-заўтра страціць сваё дзявоцтва, узяўшы сабе мужам якога з пастухоў за некалькі яблыкаў ці ружаў; лепей жа зрабіць яе сапраўднаю гаспадыняю дома, а вялікія падарункі самім узяць і зберагчы для свайго ўлюбёнага роднага сына (якраз незадоўга перад тым у іх нарадзіўся хлопчык). Часам Дрыяс пагаджаўся з гэтымі гаворкамі, бо кожны залётнік абяцаў большыя падарункі, чым можна было ўзяць за дачку пастуха; а часам ён зноў пачынаў думаць, што дзяўчына вартая лепшага мужа, чым сялянскія хлопцы, і што калі б яна некалі знайшла сваіх сапраўдных бацькоў, то абагаціла б і ашчаслівіла і яго і жонку; і марудзіў з адказам, адкладаючы яго з дня на дзень, тым часам збіраючы ніштавата падарункаў.

Хлоя, даведаўшыся пра гэта, цяжка зажурылася, але доўгі час не казала Дафнісу, не хочучы яго засмучаць; калі ж ён пачаў прыставаць і распытваць, што здарылася, і яшчэ больш засмуціўся ад няведання, чым бы ад ведання, яна яму ўсё расказала: што шмат залётнікаў сватаецца да яе і якія яны багатыя, пра ўгаворы Напэ, якая прыспешвае вяселле, пра Дрыяса, які не адмовіў нікому, але адклаў усё да збору вінаграду.

26. Сам не свой зрабіўся Дафніс ад гэтага, і, сеўшы, заплакаў, і казаў, што памрэ, калі Хлоя не будзе з ім больш пасвіць; і не толькі ён адзін, але разам з ім і авечкі без такое пастушкі. Пасля, сабраўшыся з духам, ён трохі суцешыўся і надумаў угаварыць яе бацьку, палічыўшы і сябе сярод залётнікаў і спадзеючыся, што возьме верх над імі. Толькі адно турбавала — Ламан не быў багаты, і гэта адно аслабляла яго надзею. Але ён наважыў сватацца, і Хлоя згадзілася з гэтым. Ламану ён не адважыўся сказаць, Міртале ж даверыўся адкрыць сваё каханне і пра шлюб слоўца ўкінуў; а яна ўночы расказала пра гэта Ламану. Той сурова сустрэў прапанову і пачаў папракаць, што яна хоча з дачкою простых пастухоў звесці хлопца, якому прыкметныя знакі абяцаюць багатую долю; бо, калі ён сваіх сапраўдных бацькоў знойдзе, зробіць іх вольнымі і дасць ім куды большыя надзелы зямлі. Міртала ж, баючыся, каб Дафніс, зусім страціўшы надзею на шлюб, з-за кахання не рашыўся зрабіць чаго над сабою, падала яму зусім іншыя прычыны адмовы. «Мы, дзіцятка, бедныя людзі, і нам трэба нявестку, якая сама прынясла б чым болей у хату; яны ж багатыя і хочуць багатых зяцёў. Ідзі ж, угавары Хлою, хай яна пераканае свайго бацьку, каб ён не вымагаў шмат і выдаў яе за цябе. Бо напэўна яна цябе кахае і ёй хочацца лепш спаць з прыгожым, хоць бедным, хлопцам, чым з багатаю малпаю».

27. Міртала, якая ніколі не спадзявалася, што Дрыяс дасць згоду — меў жа ён багацейшых залётнікаў, — думала, што знайшла найлепшую адгаворку, каб унікнуць шлюбу; Дафніс не мог адкінуць яе словы. Бачачы, як далёка ён ад сваіх спадзяванняў, рабіў тое, што звычайна робяць няшчасныя закаханыя: плакаў і зноў клікаў німфаў на дапамогу. І ўночы, калі ён спаў, яны з'явіліся ў сне ў тым самым абліччы, як і мінулы раз, і зноў загаварыла старэйшая: «Пра Хлоін шлюб дбае іншы бог; мы ж дамо табе падарункі, якімі задобрыш Дрыяса. Карабель маладых метымнейцаў, лазовую вітку якога некалі з'елі твае козы, у той дзень ветрам адагнала далёка ад зямлі; але ўночы, калі з адкрытага мора наляцела бура і яно ўсхадзілася, карабель выкінула на скалы гэтага мыса. Сам карабель і шмат чаго ў ім загінула; але гаманец з трыма тысячамі драхмаў, выкінуты хваляю на бераг, ляжыць там і цяпер, прыкрыты марскою травою побач з мёртвым дэльфінам, і ніхто з падарожных не падыходзіць да таго месца, унікаючы смуроду гнілізны. Але ты падыдзі, і, падышоўшы, вазьмі, і, узяўшы, дай. Гэтага на разе табе досыць, каб не здацца бедным; а з часам ты станеш і сапраўды багатым».

28. Гэта сказаўшы, яны зніклі разам з ноччу. Калі ж заняўся дзень, Дафніс, узрадаваны, ускочыў і, голасна насвістваючы, пагнаў сваіх коз на пашу; пацалаваў Хлою і, ушанаваўшы німфаў, пабег да мора, нібы хочучы абмыцца; і там на пяску, побліз прыбою, хадзіў ён, шукаючы тыя тры тысячы. Не шмат давялося прыкласці клопату, бо неўзабаве дайшоў да яго нядобры пах дэльфіна, які ляжаў там і гніў; гэты смурод падлы і паказаў яму дарогу, ён пабег проста туды і, разгробшы водарасці, знайшоў гаманец, набіты серабром. Падняўшы яго і паклаўшы ў сваю пастухову торбу, не адышоў, аднак, пакуль удзячна не памаліўся німфам і мору; бо хоць і быў пастух, але мора ўжо здавалася яму мілейшым, чым зямля, бо яно спрыяла яму ў шлюбе з Хлояй.

29. З трыма тысячамі драхмаў ён больш не марудзіў, лічачы сябе найбагацейшым чалавекам на свеце, а не толькі сярод тамтэйшых сялян, — тут жа прыбягае да Хлоі і расказвае ёй сон, паказвае гаманец, просіць яе папільнаваць статак, пакуль ён не вернецца, і як мага імчыцца да Дрыяса.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×