Знайшоўшы яго на таку, дзе той з Напэ малаціў пшаніцу, ён з усёй адвагаю кідаецца ў гаворку пра шлюб: «Дай мне Хлою за жонку. Я ўмею на сірынзе прыгожа іграць, і вінаградныя лозы падразаць, і дрэвы саджаць. Умею зямлю араць і веяць збожжа на ветры. А як статак пасу — Хлоя сведкаю. Узяўшы пяцьдзесят коз, я падвоіў лік іх; я выгадаваў вялікіх і прыгожых казлоў; а раней мы чужымі казламі сваіх коз пакрывалі. Да таго ж я малады і сусед вам што трэба: а выкарміла мяне каза, як і Хлою — авечка. Пераважаючы ва ўсім гэтым над іншымі, я не ўступлю і ў падарунках. Даюць яны коз і авечак, пару шалудзівых валоў, збожжа, што і курэй не выстачыць пракарміць; а ад мяне — вось вам тры тысячы драхмаў. Толькі няхай ніхто не ведае, нават Ламан, мой бацька». З гэтымі словамі ён даў грошы, абняўшы, пацалаваў яго.

30. Яны ж, убачыўшы неспадзявана гэтулькі грошай, тут жа паабяцалі выдаць за яго Хлою і ўгаварыць Ламана. Напэ асталася з Дафнісам ганяць валоў наўкол току і выбіваць малацільнымі дошкамі калоссе; а Дрыяс, схаваўшы гаманец туды ж, дзе ляжалі Хлоіны прыкметныя знакі, хутка пабег да Ламана і Мірталы, каб — яшчэ такога не бывала — сватаць іх сына. Знайшоў ён іх, калі тыя мералі толькі што правеяны ячмень і былі вельмі зажураныя, бо ўраджай быў ці не меншы, чым пасеяна; на гэта ён іх суцешыў, што скрозь чуваць тыя самыя скаргі; а пасля пачаў прасіць выдаць Дафніса за Хлою і сказаў, што хоць шмат даюць другія, але ён ад іх нічога не возьме, а хацеў бы яшчэ і са сваіх прыпасаў ім дадаць; яны адно з адным гадаваліся і, разам пасучы, павязаны такою дружбаю, якую нялёгка разарваць, і тыя гады, каб ім адно з адным спаць. Гэта і яшчэ шмат чаго казаў ён, бо ўзнагародаю, каб угаварыў іх, меў тры тысячы. А Ламан, які не мог ужо выставіць за прычыну ні сваю беднасць, бо тыя ж перад імі не задаваліся, ні Дафнісавы гады — ён ужо ж дзяцюк, а сапраўднай прычыны, што Дафнісу суджаны лепшы, чым гэты, шлюб, не выказаў; памаўчаўшы трошкі, ён так адказаў:

31. «Вы справядліва робіце, аддаючы перавагу суседзям перад чужымі і не ставячы багацце вышэй за сумленную беднасць. Хай будуць за гэта спагадлівыя да вас Пан і німфы! Я і сам спяшаюся з гэтым вяселлем; бо быў бы вар'ятам, калі б я, стары чалавек, якому ўжо неўзабаве для работы трэба будуць больш спрытныя рукі, не палічыў бы за вялікае дабро парадніцца з вашым домам; кожны б Хлою хацеў, прыгожая, мілая дзяўчына, спрытная ва ўсім. Але я раб і ні над чым, што маю, не гаспадар; трэба, каб мой пан уведаў пра гэта і даў згоду. Давайма адкладзём вяселле на восень. Тады і сам ён тут будзе, як кажуць людзі, што з горада прыходзяць да нас. Тады яны стануць мужам і жонкаю. Цяпер жа хай любяць адно аднаго, як брат і сястра. Толькі ведай, Дрыяс, вось што: дамагаешся ты хлопца, які стаіць вышэй, чым мы». Сказаўшы гэта, пацалаваў яго і даў яму папіць, бо быў полудзень — самая спёка, і, усяляк ушаноўваючы, правёў яго ў дарогу.

32. Але Дрыяс не пусціў паўз вушы апошніх Ламанавых слоў і, ідучы дадому, даўся ў думкі, хто ж такі Дафніс. «Яго выкарміла каза, значыць, багі дбаюць пра яго; ён прыгожы і ані не падобны ні да гэтага кірпатага старога, ні да яго лысай жонкі. А мае ж ён тры тысячы, гэтулькі і грушак-дзічак у казапаса звычайна не бывае. Можа, і яго падкінулі, як Хлою? Можа, і яго знайшоў Ламан, як я яе? Можа, і пры ім ляжалі прыкметныя знакі, падобныя да тых, што знойдзены мною? Калі гэта было так, о ўладны Пане, і вы, любыя німфы, тады, можа, калі ён знойдзе сваіх, што-небудзь выйдзе на свет з Хлоінай таямніцы?» Так ён думаў і мроіў сам сабе, аж пакуль не дайшоў да току; прыйшоўшы туды і ўбачыўшы Дафніса, які напружана чакаў, што ж давядзецца пачуць, падбадзёрыў яго, назваўшы яго зяцем і паабяцаўшы ўвосень справіць вяселле, і падаў яму правую руку ў знак таго, што Хлоя не будзе належаць нікому, апроч Дафніса.

33. Хутчэй чым думка, не піўшы, не еўшы, пабег да Хлоі; знайшоўшы яе — яна якраз даіла і рабіла сыры, сказаў ёй радасную вестку пра вяселле і як бы жонку ўжо, не тоячыся, пацалаваў і разам рабіў усю работу. Даіў малако ў даёнкі, укладаў сыры ў пляцёнкі, каб сушыліся; падводзіў ягнят і казлянят пад маткі. Калі ўсё як мае быць было пароблена, яны памыліся, паелі, папілі і пайшлі шукаць спелых пладоў. Іх было мноства ў гэтую ўсёдайную пару года: шмат грушак, дзікіх і садовых, шмат яблык, адны пападалі долу ўжо, другія былі яшчэ на дрэвах; тыя, што на зямлі, больш духмяныя, тыя, што на голлі, больш румяныя; адны пахлі, як віно, а другія блішчалі, як золата. Адна яблыня была абабраная: ні пладоў на ёй, ні лісця — усе галінкі голыя. Толькі ў самым версе гайдаўся адзінюткі яблык — вялікі, прыгожы, сваёй духмянасцю ўсе іншыя перабіваў. Збіраючы, нехта пабаяўся лезці высока і не парупіўся яго зняць, а можа, збярог для закаханага пастуха.

34. Як толькі Дафніс убачыў гэты яблык, тут жа падышоў, узлез, каб зняць яго, не зважаючы, што Хлоя пярэчыла яму. Зазлаваўшы, што ён яе не слухае, яна пабегла да статкаў; Дафніс жа хутка ўзлез, каб дастаць яблык, прынёс дарунак Хлоі і прамовіў такія словы да гняўлівай: «Дзяўчынка! Гэты яблык прыгожыя Горы ўзрадзілі, прыгожае дрэва яго жывіла, сонца спяліла, а Доля яго ацаліла. Я не мог, маючы вочы, пакінуць яго, каб ён долу ўпаў і каб статак, пасучыся, яго растаптаў, ці паўзун-гад атруціў, ці час там яго зглуміў; яго, якім толькі любавацца ды захапляцца. Такі яблык Афрадыта ва ўзнагароду за красу атрымала, гэты — я табе даю ў знак твае перамогі. І суддзі вашы падобныя: той жа быў пастух авечак, а я казапас».

Гэта сказаўшы, паклаў ён яблык у складкі адзення на грудзях; і калі ён падышоў блізка, яна пацалавала яго, так што Дафніс ані не каяўся, што так адважна лез на гэтую вышыню: бо атрымаў ён даражэйшае, чым нават залаты яблык, — пацалунак.

Кніга чацвертая

 1. З Мітылены прыйшоў раб, які належаў таму гаспадару, што і Ламан, і прынёс вестку, што незадоўга да збору вінаграду прыедзе іх гаспадар, каб паглядзець, ці не прынёс шкоды яго палям напад метымнейцаў.

Лета ўжо канчалася, набліжалася восень, і Ламан рыхтаваўся да прыезду гаспадара, каб тут усё яму цешыла вока. Ён пачысціў крыніцы, каб вада была чыстая; вывез гной з двара, каб цяжкі дух не дакучаў; дагледзеў сад, каб ён меў прывабны выгляд.

2. А сад быў надзіва прыгожы, нібы царскі. Цягнуўся на цэлы стадый, а ляжаў на высокім месцы, маючы чатыры плетры ўшыркі. Можна падумаць, шырокае поле. Дрэвы ўсялякіх парод былі тут: яблыні, мірты, грушы і гранаты, а таксама фігі і алівы; а ў другім месцы высокія вінаградныя лозы абвівалі яблыні і грушы, чарнеючы гронкамі, нібы спрачаючыся з пладамі; гэта былі садовыя дрэвы. Але і былі кіпарысы і лаўры, платаны і хвойкі. Усе іх замест вінаграднай лазы абвіваў плюшч, і яго вялікія чорныя пучкі нагадвалі вінаградныя гронкі. Пладовыя дрэвы стаялі ўсярэдзіне, нібы пад аховаю: іх абступалі непладовыя, нібы агароджа, зробленая рукамі людзей; а ўсё разам аточваў нізенькі мур. Усё было акуратна падзелена і размерана, і дрэвы раслі роўна адно ад аднаго. А ўгары голле перапляталася, змешваючы лісце; так што створанае прыродаю, здавалася, было зробленае мастаком. Былі і градкі кветак; адны ўзрасціла самасеем зямля, другія — умельства; кусты руж, гіяцынты і лілеі — з працы рук, фіялкі, нарцысы, гусіныя лапкі зрадзіла зямля. Улетку тут быў цень, увесну — кветкі, увосень — плады, і на ўсякую пару свая раскоша.

3. Адсюль адсланяўся шырокі від на раўніну і можна было згледзець пастухоў, якія пасвілі жывёлу; адсюль адсланяўся і прыгожы від на мора і можна было ўбачыць, як праплывалі караблі; так што і гэта прыдавала прывабнасць саду. А ў самай сярэдзіне па даўжыні і шырыні яго стаяла капліца Дыяніса і ахвярнік; ён абвіваўся плюшчом, капліца — вінаграднай лазою. Усярэдзіне капліцы былі намаляваны карціны з жыцця Дыяніса: роды Семелы, сон Арыядны, Лікург скаваны, Пентэй разарваны. Былі і пераможаныя індыйцы і тырэнцы, перакінутыя ў дэльфінаў; усюды сатыры вінаград тапталі, усюды вакханкі танцавалі. Не абмінулі і Пана: сядзеў на скале, іграючы на сірынзе як бы агульную песню і для тых, што вінаград тапталі, і для тых, што танцавалі.

4. Гэты сад старанна даглядаў Ламан, сухое голле падразаў, вінаградныя лозы падвязваў. Дыяніса ён упрыгожыў вянкамі; да кветак правёў ваду. Была там крыніца, якую знайшоў для кветак Дафніс. Гэтая крыніца хоць служыла кветкам, усё ж называлі яе Дафнісавай крыніцаю. Ламан загадаў Дафнісу, каб ён як мага лепш адкарміў коз, бо гаспадар, сказаў ён, абавязкова захоча пабачыць іх, прыехаўшы пасля доўгай адлучкі. Але Дафніс быў упэўнены, што і так яго пахваляць за коз, бо лік іх, як ён іх узяў, падвоіўся; і воўк ніводнае не ўхапіў, і былі яны тлусцейшыя за авечак; але каб гаспадар ахватней

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×