разумнай дзяўчынай і хацела вучыцца ва ўніверсітэце. Мы паведамілі ёй, што зьбіраемся перайсьці мяжу й дабрацца дадому. Ванда папярэдзіла нас, што мяжа зачыненая й моцна ахоўваецца й што ўсіх, хто спрабуе перайсьці яе, адпраўляюць на некалькі гадоў у лягеры ў глыб Расеі. Я быў у шоку. Я ня мог паверыць, што саветы так ставяцца да тых, хто ўцякае ад немцаў. Дзяўчына паціснула плячыма й сказала, што проста перадае, што чула сама. Аднак увогуле яна вельмі адмоўна ставілася да пакту, які падпісалі Германія й Савецкі Саюз і такім чынам падзялілі паміж сабой Польшчу. Яна папярэдзіла нас, каб мы не казалі ейнаму бацьку, хто мы такія на самой справе, бо той моцна баіцца немцаў. Тым больш, калі яны западозраць, што ейны бацька хавае ўцекачоў, то яго адправяць ў концлягер. Ванда прапанавала нам і далей маніць, што мы батракі, якія шукаюць працы. Якраз быў час збору ўраджаю, і патрэбная была дапамога ў гаспадарцы. Ванда падкрэсьліла, што праца на палёх, набліжаных да мяжы дасьць нам магчымасьць назіраць за нямецкім патрулём і выбраць найлепшы час для пераходу мяжы. Дзяўчына таксама паабяцала, што пазнаёміць нас са сваім бацькам пасьля вячэры. Увесь час Ванда размаўляла са мной, але глядзела на Косьціка, які быў бландынам і нашмат вышэйшым за мяне. Ён узіраўся ў яе такімі галоднымі вачыма, што гэта, магчыма, уразіла мяне. Я не раўнаваў, але згаладаўся ня менш за яго й мяне таксама ўзбуджала гэтае прывабнае маладое жаночае цела. Я амаль адчуваў пах ейнага поту, і гэты пах быў такім спакушальным, што я ледзь не раззлаваўся на Косьціка за тое, што ён ёй больш падабаўся. Зося, малодшая сястра, была неяк па-дзіцячы больш фрывольнай і больш патрыятычнай. Яна сказала, што яны дапамогуць нам, бо мы, відавочна, героі, якія змагаюцца за свабоду Польшчы. Мне гэта пасавала. Пакуль нам прапаноўвалі дапамогу, я мог пагадзіцца на што заўгодна.
Недзе каля шасьці Ванда вярнулася, каб пазнаёміць мяне са сваім бацькам. Калі мы зайшлі ў хату, дзяўчына сказала, што я шукаю працу дзеля ежы й начлегу й, магчыма, пары злотых у дзень. Ейны бацька спытаўся, ці зь сялянскай сямьі я паходжу. Я запэўніў яго, што дапамагаў свайму дзеду па гаспадарцы, ведаю ўсё, што ад мяне патрабуецца, асабліва пры зборы ўраджаю. Гаспадар пагадзіўся наняць мяне й сказаў, што я магу есьці зь імі ў хаце, але спаць мушу ў гумне. Пакуль я еў і размаўляў з гаспадаром, Ванда пайшла аднесьці Косьціку паесьці. Дзяўчына зьнікла на даволі працяглы час, і я здагадваўся, што тамака адбываецца, а таму не сьпяшаўся вяртацца назад. Я папрасіў Зосю паказаць мне гаспадарку ў надзеі пабачыць, што адбываецца на мяжы. Так мы гулялі каля гадзіны. Калі сьцямнела, мы з Зосяй наблізіліся да гумна, і я кашлянуў і моцна загаварыў у знак папярэджаньня. Выйшла Ванда, і мне падалося, што яна зачырванелася — і ня ведаю, што гэта было: захад сонца, альбо дзяўчына засаромелася. Ейныя валасы зблыталіся й спадніца была крыху зблочанай. Мы моўчкі мінулі адзін аднаго. Дзяўчаты вярнуліся дахаты. Косьцік ляжаў на сене, углядаўся ў столь і ўсьміхаўся. Я нічога не пытаўся ў яго, але моцна раўнаваў.
Нараніцу гаспадар загадаў мне ўзяць каня й запрэгчы яго ў брычку. Я вельмі разгубіўся, бо ў іх была іншая сыстэма, чым у нас у Беларусі, і я ня мог даўмецца, як гэта зрабіць. Калі я нарэсьце, здавалася, прыстасаваў вупраж, і гаспадар сказаў: «Но! Пайшоў!» — конь рушыў, але брычка засталася стаяць, як і раней. Гаспадар пагляздзеў на мяне й сказаў: «Я думаў, што ты селянін». Тады я пачаў запэўніваць яго, што ў нашай мясцовасьці проста іншая сыстэма. Гаспадар паверыў мне, паказаў, як трэба запрагаць, і мы паехалі. Я спытаўся, што гэна за вышкі ў далечыні, хаця й ведаў дакладна, што тамака мяжа. Селянін адказаў, што гэна савецкія кантрольныя вышкі й паўтарыў усё, што Ванда паведаміла нам раней. Я пацікавіўся, каму можа спатрэбіцца пераходзіць мяжу, і ён адказаў, што шмат хто з палякаў лічыць, што гэта адзіны шлях уцячы ад немцаў, але ён асабіста ўпэўнены, што раней ці пазьней паміж Германіяй і Савецкім Саюзам таксама пачнецца вайна.
Я старанна працаваў, але здолеў заўважыць, што нямецкі патруль, у складзе двух-трох чалавек, ходзіць па сьцежцы, якая знаходзіцца ярдах у стах ад мяжы. Немцы паводзілі сябе даволі разьняволена, нават спыніліся, каб павітаць нас і пагутарыць. Я зразумеў, што мы можам скарыстаць гэта на сваю карысьць. Я агледзеў і другі бок мяжы, каб даведацца, якім чынам яна ахоўваецца, але ня здолеў пабачыць шмат. Наўкола было поўна кустоў, і яшчэ я заўважыў, што перад мяжой ёсьць разараная плугам лінія. Я спытаў селяніна, што гэна такое, і ён адказаў, што саветы разаралі зямлю, каб адразу пабачыць, калі хто захоча перайсьці мяжу.
Лідэрства не заўсёды аплочваецца па заслугах. Косьцік бавіў час у кампаніі Ванды, а я мусіў мірыцца з гэтым, таму што маё жаданьне ўцячы было мацнейшым за сэксуальныя памкненьні. На другі дзень, пасьля вячэры, я сказаў Зосі й Вандзе, што мы мусім ісьці. Ванда хацела, каб мы пабылі яшчэ колькі дзён. Косьцік таксама пачаў даводзіць, што мы не павінны сьпяшацца, а мусім лепш азнаёміцца зь мяжой. Я запярэчыў, што ўжо дастаткова добра вывучыў яе і што мы павінны сысьці а дзясятай вечара. Косьцік вельмі добра ведаў мяне й разумеў, што я не зьмяню свайго рашэньня, і пагадзіўся. Пазьней ён прызнаўся мне, што ўпіраўся, бо яго прываражыла Ванда, і ён хацеў правесьці яшчэ хаця б дзень зь ёй пасьля такой галадухі. Дзяўчаты выйшлі, каб прынесьці крыху ежы, і потым вярнуліся разьвітацца. Ванда даволі страсна разьвіталася з Косьцікам, а Зося зачырванелася, падышла да мяне й сказала, што ганарыцца тым, што сустрэла мяне, і прызналася, што яна ледзь не закахалася ў мяне. Яна пяшчотна пацалавала мяне, і я сумеўся, бо яна была ўжо не дзіцём, але яшчэ й не дзяўчынай. Гэта разварушыла мае пачуцьці — я згроб яе ў ахапак, моцна сьціснуў, пацалаваў у шчаку й выйшаў.
Мы з Косьцікам апынуліся адны ў цемры й пачалі павольна рухацца да мяжы. Мы спыняліся й хаваліся за кожным кустом, які міналі. Каля адзінаццаці вечара футах у трыццаці-сарака ад нас прайшоў нямецкі патруль. Яны размаўлялі вельмі моцна й пачуваліся даволі ўпэнена на сваёй тэрыторыі. Немцы аддаліліся, і мы рушылі далей да мяжы. Калі мы яе дасягнулі, я паведаміў Косьціку пра разору й прапанаваў ісьці задам наперад. Такім чынам, калі разору агледзяць, падумаюць, што гэта нехта ўцёк з Савецкага Саюза ў Польшчу, і за намі ня будзе пагоні. Мы так і зрабілі й, калі перайшлі мяжу, шпарка рушылі далей. Празь некаторы час мы спыніліся, паглядзелі адзін на аднаго й закрычалі, ад радасьці, што йзноў вольныя. Я чуў раней, што людзі, якія вяртаюцца з выгнаньня, укленчваюць і цалуюць родную зямлю. Я заўсёды думаў, што гэна былі рамантычныя выдумкі, але тады мяне настолькі перапаўнялі пачуцьці, што я таксасама прыпаў да зямлі й пацалаваў яе. Гэта была мая зямля. Мая краіна, дзе жыў мой народ. Мы былі ўдзячныя Богу, што апынуліся на свабодзе. Мы вярнуліся ў Беларусь!
Разьдзел 3. Свабода?
На досьвітку мы прыйшлі на падворак, які стаяў убаку ад дарогі. Мы падышлі да хаты, пагрукалі ў дзьверы й чакалі адказу. У дзьвярах зьявіўся спужаны чалавек і спытаўся, хто мы такія. Мы адказалі, што ёсьць ваеннапалоннымі, уцяклі ад немцаў і толькі-толькі апынуліся на радзіме. Мы папрасілі яго расказаць нам пра тое, што чуваць у краіне. Селанін паглядзеў на нас і сказаў: «Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце разам зь імі, каб вызваліць нас!» Я пачуваўся так, як быццам у мяне трапіла маланка. Мы адкрылі раты ад здзіўленьня. Мы не разумелі, што ён кажа. Мы зьбеглі ад немцаў на радзіму, у нашую ўзьяднаную краіну! Дык чаму ж ён загадвае нам пайсьці й вяртацца зь немцамі? Няўжо ён ня ведае, што значыць быць у палоне? Селянін на гэна спытаўся, ці ведаем мы, што такое жыць пад савецкай акупацыяй. Ён параіў нам ісьці прэч, забыцца пра ягоны падворак і трымацца далей ад саветаў. Ён дадаў, што мы зрабілі найвялікшую памылку, калі ўцяклі ў Савецкі Саюз.
Мы моўчкі стаялі ля дзьвярэй. Гэта было неверагодна!. Ня можа быць, каб гэта адбывалася з намі! Мы вярнуліся на сваю ўлюбёную радзіму, каб жыць вольнымі й зьдзейсьніць свае мары. І што тутака робіцца?!
Я запрапанаваў пайсьці ў Беласток, дзе ў Косьціка была сямья й дзе нам маглі тое-сёе растлумачыць. Мы йшлі вельмі асьцярожна, і нам спатрэбілася два дні, каб трапіць да Косьцікавага дзядзькі. За гэты час мы моцна стаміліся, былі галоднымі, зьбітымі з панталыку, але не спыняліся нідзе, бо памяталі словы селяніна. Калі мы прыйшлі ў Беласток, Косьцік ледзь не звар’яцеў: ён ведаў кожную вуліцу, кожны куток і рухаўся проста да хаты свайго дзядзькі.
Калі мы пагрукалі ў дзьверы, было каля дзесяці раніцы. Дзьверы адчыніла Косьцікава цётка й застыла на месцы, бо не чакала нас убачыць. Калі ж яна ўпусьціла нас у хату, радасьць сыйшла зь ейнага твару, і відаць было, што яна пасумнела й нечага баіцца. Я спытаўся, што яе турбуе, але цётка адказала, што ейны муж зможа лепш растлумачыць сытуацыю. (Косьцікаў дзядзька працаваў у гарадзкой адміністрацыі й лепш ведаў палітычнае становішча.) Мы прынялі гарачую ванну, якую цётка прырыхтавала для нас, і гэта было