так прыемна — быць чыстым. Праўда, мыла было вельмі дрэннай якасьці, і я спытаўся, ці ня знойдзецца ў цёткі іншага, але яна адказала, што калі прыйшлі саветы, мыла, соль і цукар зьніклі. Нам далі чыстую бялізну, і мы памылі сваю вопратку. Потым мы пагаліліся й нарэсьце маглі пачувацца людзьмі.
Косьцікаў дзядзька вярнуўся дахаты й разгубіўся. Ён згроб Косьціка ў абдымкі са сьлязьмі на вачох. Дзядзька паведаміў нам, што Беларусь была «вызваленая» 17 верасьня 1939 году. Савецкія войскі ўвайшлі ў краіну, і Беларусь зрабілася часткай Савецкага Саюза. Па ягоных словах, беларусы спачатку добра паставіліся да гэтага, але вельмі хутка ўсё зьмянілася. Пасьля «вызваленьня» быў праведзены плебісцыт, і адзінадушна (што магчымае толькі ў Савецкім Саюзе) было вырашана, што заходняя частка далучаецца да ўсходняй з мэтай утварэньня адзінай рэспублікі. Заможныя сяляне («кулакі») разглядаліся як эксплуататары, «непажаданыя элементы» й высылаліся ў Сібір. (Заможнымі лічыліся тыя сяляне, у каго было больш за дзьве каровы, альбо два каня й мелася больш за дзесяць гектараў зямлі.) Косьцік ціха спытаўся пра сваіх бацькоў, якія былі даволі багатымі. Дзядзька нейкі час памаўчаў, а потым сказаў, што яны зьніклі. Аднойчы ноччу да іх хаты пад’ехаў чорны варанок, нейкі чалавек даў ім дзьве гадзіны, каб сабрацца, а затым яны зьніклі. Пасьля пра іх нічога не было чуваць. Косьцікаў бацька не зрабіў саветам нічога дрэннага — ён працягваў працаваць на чыгунцы й урабляць сваю зямлю разам з жонкай і сынам, якога, па чутках, адправілі ў лягер у Сібір. Мы ня верылі сваім вушам.
Я спытаў Косьцікавага дзядзьку, што я, на ягоную думку, мушу рабіць. Ён адказаў, што дасьць мне сотню рублёў на дарогу, і папрасіў забыцца на тое, што я наведваў ягоны дом, і што ў мяне ёсьць сябар Косьцік. Я пачуваўся так, як быццам бы ён даў мне абухом па галаве. Я думаў, што ўва ўсім гэным маецца нейкая памылка. Я ўцёк з палону й вярнуўся на радзіму, каб вывучаць медыцыну, а тутака… Косьцікаў дзядзька абняў мяне й сказаў, што празь нейкі час я змагу зразумець становішча лепш.
Нашае разьвітаньне з Косьцікам было вельмі эмацыйным, бо мы столькі перажылі разам! Мы паабяцалі пісаць адзін аднаму, як толькі ўсё ўсталюецца. Дамовіліся як-небудзь сустрэцца й за чаркай узгадаць свае прыгоды. Мы абняліся. Нашыя вочы напоўніліся сьлязьмі, і я выйшаў. Я адчуваў, што ўжо ніколі не пабачу яго.
Я накіраваўся на чыгуначны вакзал. Я добра запомніў папярэджаньне дзядзькі ня ехаць пасажырскім, каб не апынуцца ў бядзе, бо вельмі часта праводзіцца праверка пашпартоў. Ізноў я не разумеў гэтага. Нашто ім трэба было правяраць уласных грамадзянаў? Але мне прыйшлося прымірыцца з сытуацыяй. Я ня мог рызыкаваць, бо самым галоўным на той момант было вярнуцца дамоў і пабачыць маці.
Разам з пасажырскімі меліся яшчэ вагоны для перавозкі збожжа: саветы ў вялікай колькасьці вывозілі яго зь Беларусі й Украіны ва ўнутраныя раёны Савецкага Саюза. Гэта мяне зьдзівіла, бо я думаў, што ў Савецкім Саюзе мусіць быць дастаткова збожжа. Я вырашыў не купляць квіток, а прабрацца ў адзін з такіх вагонаў.
Ноччу мы прыбылі ў Баранавічы, і я злез зь цягніка. Усё выглядала такім знаёмым, такім утульным. Я пачуваўся так упэўнена, што пайшоў і купіў у касе квіток да Наваградка. А чацьвертай вечара мы выехалі, і я пабачыў знаёмыя пейзажы. Мае сэрца моцна забілася, а вочы напоўніліся сьлязьмі, але я стараўся хаваць свае эмоцыі, каб не прыцягнуць увагі. Празь некалькі гадзінаў цягнік прыбыў у Наваградак.
Я ведаў, што мая маці жыве ў кватэры на вуліцы Карэліцкай. Калі я дайшоў да рогу вуліцы, то аслупянеў: футах у дзесяці ад мяне стаяла маці, якая дагэтуль нават ня ведала, мёртвы я ці жывы. Мы абодва разгубіліся. Потым кінуліся адзін аднаму ў абдымкі й заплакалі. Мы не маглі вымавіць ні слова, але нарэсьце маці, якая ўсё яшчэ трымала мяне, сказала: «Пойдзем дадому, сынок». Мы былі моцна ўзрушаныя й спрабавалі зразумець, што адбываецца. Моўчкі мы накіраваліся да двухпакаёвай кватэры маёй маці.
Кватэр было так мала, што ніхто ня меў права жыць асобна, і разам з маёй маці жыла медсястра з Савецкага Саюза. Калі мы прыйшлі, яе не было, і мы пачалі размаўляць, сьмяяцца й плакаць. Мы трымалі адзін аднаго за рукі, і нам спатрэбіўся пэўны час, каб супакоіцца. Маці згатавала мне паесьці й сказала, што ня можа ўжыцца са сваёй суседкай і думае, што тая працуе на КГБ. Людзі былі перакананыя, што ўсе, каго прысылаюць з Савецкага Саюза, — гэбісты й мусяць паведамляць саветам пра ўсё, што чуюць альбо што падаецца ім падазроным. Яны павінны былі даносіць на ўсіх, асабліва на патрыётаў.
Мая маці намалявала вельмі сумную карціну ў дачыненьні да становішча ў краіне. «Вызваленьне» прынесла толькі савецкую акупацыю. І яна была больш небяспечнай і шкоднай, чым папярэдняя польская акупацыя. Палякі, прынамсі, паважалі грамадзянскія правы беларусаў. Пад палякамі мы, ва ўсякім разе, маглі выбіраць сваіх прадстаўнікоў, друкаваць кнігі, перыядычныя выданьні, выказваць патрыятычныя настроі. Але, калі прыйшлі Саветы, людзі пабачылі сапраўдны твар камунізму й бальшавізму. Заможныя сяляне, шмат настаўнікаў, былыя актывісты, палітыкі бясьследна зьніклі. Некаторыя потым апынуліся ў лягерух у паўночных раёнах Савецкага Саюза. На Беларусь апусьцілася заслона цемры. Паўсюдна панавалі маўчаньне й страх, і нават сямейныя зборы сталі нейкімі штучнымі. Усе так баяліся абмяркоўваць падзеі, што нават членам сямьі ўжо ніхто не давяраў.
Цяжка зразумець, як дакладна паўстала такая сытуацыя. Талстой аднойчы заўважыў, што ён баіцца зьяўленьня Чынгіс Хана з тэлефонам. Сталін якраз і стаў новым Чынгіс Ханам, у распараджэньні якога знаходзіліся сучасныя тэхнічныя сродкі. Ён кантраляваў Усходнюю Эўропу й пераўтварыў яе, па сутнасьці, у турму, дзе былі падаўленыя ўсе свабоды. Ягоная вядомая канстытуцыя, якая гарантавала права збораў і свабоду слова зьяўлялася фарсам. Фіранкамі. На самой справе, гэта толькі Камуністычнай партыі было гарантаванае вяршэнства ў палітыцы, эканоміцы, навуцы й іншых сфэрах жыцьця. Эканоміка была цэнтралізаваная ў Маскве й, як вынік, пагаршалася год ад году. Усе тавары, якія раней можна было набыць у Заходняй Беларусі, вельмі хутка зьніклі. Салдаты Чырвонай Арміі, агенты акупантаў (настаўнікі, адміністратары, партыйцы) былі замежнікамі — у асноўным з Расеі. Яны ніколі ня ўмелі размаўляць па- беларуску й невідушча падпарадкоўваліся свайму начальству ў Маскве. Беларускі ўрад у Менску складаўся з марыянетак Масквы. Напачатку, напрыканцы 1920-х гадоў, беларускі рух перажыў уздым, але быў спынены чысткамі 1930 - 32 гадоў. Лідэры руху былі рэпрасаваныя, і большасьць зь іх — забітыя. Некаторыя памерлі ў савецкім ГУЛАГу. Мала хто выжыў. Я ўзгадаў, як чуў у Польшчы, што савецкая ўлада забівае сваіх уласных дзеячоў і што тыя прызнаюць сваю віну й, здаецца, паміраюць дабравольна. Тады я думаў, што гэна была антысавецкая прапаганда, створаная палякамі. Аднак цяпер я пабачыў, што, магчыма, памыляўся.
Мае маці адкрыта выказала свае страхі й хваляваньні. Яна загадала мне пайсьці да гарадзкіх уладаў, каб зарэгістравацца й атрымаць дакументы. Яна баялася, што маёй гісторыі не павераць і я магу апынуцца ў астрозе альбо ў лягеры на ўсходзе Савецкага Саюза.
Каля шасьці вечара вярнулася медсястра. Яна была высокай, хударлявай, з прыгожай таліяй й маленькім задком у шчынкай спадніцы. У яе былі маленькія грудзі, і, здаецца, я мог бачыць саскі пад сіняй кашуляй. У яе былі карыя вочы й тонкія выгнутыя бровы. Яна была пекнай, але нечага не хапала. У ёй не было жыцьця.
Калі яна ўвайшла, маці прадставіла мяне, і медсястра зьлёгку ўсьміхнулася, хаця выдавала на тое, што я яе не зацікавіў. Потым яна павярнулася й пайшла ў свой пакой. Празь нейкі час яна зьявілася йзноў, папіла з намі гарбаты й вярнулася да сябе.
Паколькі ў кватэры цяпер знаходзідася медсястра, размова зьмянілася. Мы з маці пачалі гаварыць пра нашую сямью ў Любчы й абмяркоўваць, што мне лепш зрабіць: застацца тутака альбо падацца туды. Я сказаў, што, хутчэй, паеду ў Львоў, які знаходзіўся тады ў Савецкай Украіне, дзе меўся ўніверсітэт і дзе мае сябры, Язэп Сажыч і Янка Хутар, вывучалі медыцыну. Я хацеў, каб мяне залічылі да верасьня.
На наступны дзень я рана падняўся й пайшоў наведаць аднаго добрага сябра, зь якім мы вучыліся ў польскай гімназіі — Янку Плескача. Янка быў на дзьве клясы старэй за мяне, але ў нас былі вельмі давяральныя адносіны й мы заўсёды адкрыта абмяркоўвалі нашае стаўленьне да палітычнай сытуацыі ў Польшчы. Янка зьяўляўся антыкамуністам і выступаў за свабоду слова й правы чалавека. Ён змагаўся за правы беларускіх меншасьцяў, кшталту жыдоў. Ён зрабіў накід гісторыі Беларусі, дзе падкрэсьліваў, што нашая краіна захоўвала вернасьць дэмакратыі й заўсёды давала прытулак тым, хто спрабаваў унікнуць перасьледу, напрыклад, французскіх пратэстантаў і гішпанскіх жыдоў. Янка моцна зьдзівіўся, калі пабачыў мяне, бо чуў, што я загінуў на фронце. Я запэўніў яго, што ёсьць жывым і здаровым і надта прагну вярнуцца да вучобы, каб займацца медыцынай, і што зь нецярпеньнем чакаю таго дня, калі Беларусь будзе йзноў вольнай. Янка сур’ёзна паглядзеў на мяне й запрасіў прысесьці. Ён растлумачыў мне, што інфармацыя, якую ён зараз паведаміць мне, зьяўляецца прыватнай і што яго арэштуюць і адправяць у Сібір, калі нехта даведаецца, што ён гэтай інфармацыяй валодае. Янка коратка абмаляваў мне сытуацыю, якая панавала ў Беларусі, што было падобным да таго, што распавяла мне маці. Ён пацьвердзіў, што саветы падаўляюць