пушчай, каб цалкам палянізаваць гэтую тэрыторыю. Зьяўленьне Юзікавай часткі ў Лідзе, дзе яна прайшла праз горад зь беларускімі песьнямі, было ўспрынята як чырвоная шматка быком. Раней, пад дуламі акоўцаў-палякаў, Ліда выглядала, як цалкам польскі горад. Літаральна за пару месяцаў Юзік усё зьмяніў. Да яго пацягнуліся людзі, у адміністрацыі шмат якіх палякаў замянілі беларусамі.
Юзіку ў ягонай справе дапамагаў былы начальнік менскай паліцый Саковіч, які пайшоў з гэтай пасады, бо ня меў на ёй свабоды (паліцыю цалкам кантралявала гестапа). БНП паслала Саковіча ў Ліду ўзьнімаць беларускі нацыянальны супраціў. Ён меў заданьне зьвязацца з польскім супрацівам, каб наладзіць супрацоўніцтва, устанавіць давер, каб пазьбегнуць супрацьстаяньня між палякамі і беларусамі, якія мелі агульнага ворага — савецкі рэжым. Саковіч жа пабачыў, што польскія атрады сакрэтна супрацоўнічаюць зь немцамі, атрымліваюць ад немцаў баепрыпасы і амуніцыю пад умовай, што будуць ваяваць ня зь немцамі, а з чырвонай партызанкай, прычым гэта было даволі распаўсюджанай практыкай.
Тым часам пры канцы жніўня трагічны выпадак здарыўся ў Наваградку. Штабсляйтэр Вольфмаер трапіў у засаду ў Налібоках і загінуў. Я называю гэты выпадак трагічным, бо Вольфмаер быў сапраўдным сябрам Беларусі і падзяляў нашы намеры, разумеў нашае стаўленьне да Савецкага Саюзу, нашыя імкненьні пабачыць Беларусь вольнаю. Гэты чалавек ведаў, што мы ніколі ня станем поўнымі хаўруьснікамі Нямеччыны, што мы проста скарыстоўваем зь нямецкае акупацыі, каб разьвіваць нашу справу, але пры гэтым разумеў, што беларускія нацыяналісты маглі б быць у дапамозе дзеля нямецкага змаганьня з камунізмам. Аднак і яму не ўдавалася — ён сам у гэтым прызнаваўся — пераканаць найвышэйшыя ўлады, каб тыя зьмянілі сваё стаўленьне да беларусаў. Ён займаў такую ж пазыцыю, як барон фон Энгельгард, які падтрымліваў ідэю стварэньня незалежнай або, прынамсі, напаўнезалежнай Беларусі ў саюзе зь Нямеччынай, своеасаблівай буфернай дзяржавы, базай для далейшых дзеяньняў супраць Савецкага Саюзу. Спачатку ягоныя погляды на беларусаў сустракалі падтрымку сярод немцаў, але пасьля немцы зьмянілі сваю пазыцыю і вырашылі вызваліць на акупаваных тэрыторыях жыцьцёвую прастору для немцаў без увагі на нацыянальныя памкненьні мясцовага насельніцтва. Энгельгарда скінулі з пасады намесьніка міністра замежных справаў, адправіўшы працаваць лесьніком пад Наваградак. Энгельгард быў аўтарам кнігі «Weissruthenia», гісторыі Беларусі, у якой ён апісаў паходжаньне Беларусі, Вялікае Княства Літоўскае і ў правільным сьвятле падыходзіў да беларускай гісторыі й культуры. Хаця ён страціў увесь свой уплыў, але сустрэцца зь ім і абмеркаваць нашы праблемы было карысна, і аднойчы такая сустрэча адбылася. Трэба сказаць, што мой дзядзька і ён цесна пасябравалі.
Неяк мы былі ў яго разам зь дзядзькам, і я памятаю дзядзькавы словы: «Прабачце, барон, але немцы моцна памыляюцца, паўтараючы памылкі Напалеона. Вы перайшлі Нёман у той самы дзень, што і Напалеон; вы не спынілі прасоўваньня і не арганізавалі шляхоў забесьпячэньня войска, не стварылі буфэрных дзяржаваў у Беларусі і балтыйскіх краінах. Напалеон таксама сьпяшаўся заняць усю Расею і прайграў вайну. Ці ня думаеце вы, барон, што Нямеччына таксама прайграе вайну?» Энгельгард доўга маўчаў, а пасьля адказаў: «Баюся, вы маеце рацыю, але ня ўсё яшчэ страчана. Нямецкае войска хутка наступае на поўдні Савецкага Саюзу. Ёсьць шанцы, што праз пару дзён Сталінград будзе захоплены і тым самым будуць адрэзаны пастаўкі нафты. Гэта можа азначаць канец Савецкага Саюзу». «Я спадзяюся, што так і будзе, але сумняваюся». На тым размова й скончылася. Разьвітваючыся, мой дзядзька папрасіў нікому не распавядаць пра гэтую размову, бо тое, што разумеюць сябры, можа быць згубным, калі гэта стане вядомым каму яшчэ.
У Сталінградзе немцы былі разьбітыя. Ніхто гэтага не чакаў. Пра гэта не адразу стала вядома, толькі ў сьнежні ўдалося пачуць пра гэта па BBC зь Лёндану (іншым крыніцам інфармацыі давяраць было нельга). У нас была магчымасьць слухаць савецкае радыё, але мы лічылі зводкі савецкага радыё прапагандай і ня надта давяралі ім. Немцы сталі рабіцца ўсё больш і больш заклапочанымі, рэпрэсіі ўзмацніліся, але ставала ясна, што немцы прайграюць змаганьне з партызанкай.
Віктар узначальваў моцны партызанскі атрад, які дзейнічаў пад Наваградкам. Пры канцы 1942 году ён выйшаў на кантакт зь Людмілінай маці, якая тады жыла ў вёсцы Багудзенка. Жыцьцё ў Наваградку было вельмі цяжкім: па картках давалі нейкі мізэр, а на базары харчоў было не дакупіцца. Больш-менш прыстойна жылі толькі тыя, каму траплялі прадукты ад сваякоў ці сяброў зь вёсак. Віктар не адзін вечар прагаварыў з багудзенскім настаўнікам Міколам, распавядаючы яму пра жыцьцё ва ўсходняй Беларусі, сваёй бацькаўшчыне, дзе ён скончыў сярэднюю школу і скуль ён пайшоў у Чырвоную армію. Дзіўна было, што памкненьні да стварэньня беларускай дзяржаўнасьці ўсё яшчэ трымаліся і на ўсходзе. Віцебск заставаўся адным з моцных культурных цэнтраў, у тым ліку і беларускага нацыянальнага духу, нягледзячы на татальную дэнацыяналізацыю. Віктараў бацька выкладаў гісторыю і літаратуру ў беларускамоўнай школе, а маці працавала сакратаркаю ў гарвыканкаме. Віктар атрымаў беларускую адукацыю, быў выхаваны ў беларускім духу. Дзейнічаючы пад Наваградкам, вакол нашага цудоўнага возера Сьвіцязь, Віктар таксама абараняў Людміліну маці ад нападу партызанаў (тыя часта зьбівалі або расстрэльвалі мясцовых жыхароў, асабліва тых, чые сем’і жылі ў горадзе, хто лічыўся калябарантам). Дзякуючы сяброўству зь Віктарам, Людміліна маці і ўся іх сям’я жыла досыць няблага: маці не баялася часта наяжджаць у Наваградак, прывозіць сёе-тое з прадуктаў. Яна не магла не заўважыць, што я маю вялікую сымпатыю да яе дачкі, і добра паставілася да нашых стасункаў. А вось Людмілін бацька мне не давяраў, баючыся, што я пацешуся зь ягонай дачкою і кіну. Як жа ён памыляўся і якая малайчына была Людміліна маці.
Ішоў час, мянялася становішча на фронце, мянялася й становішча ў Наваградку, стаўленьне немцаў да нас. Арганізавалася «Самапомач» на чале з доктарам Ермачэнкам, якога гаўляйтэр Кубэ выклікаў з Прагі. Але гэтая арганізацыя была чыста паказушнай, яна мелася стварыць уражаньне, што беларусам дазваляюць мець сякую-такую сыстэму самакіраваньня, якой некалі, магчыма, будзе нададзена адміністратыўная ўлада. Насамрэч «Самапомач» стваралася зусім не для гэтага. Я сустракаўся ў Менску з доктарам Ермачэнкам, і ён мяне ня ўразіў: таўстун, слабая асоба, які імкнуўся ўзбагаціцца пры нагодзе і задаволіць адно свае ўласныя амбіцыі. Такіх і паплечнікаў ён сабе падабраў. Сярод прызначаных ім у розныя мясцовасьці прадстаўнікоў быў і спадар Якуцэвіч з Наваградка. На маю думку, ён быў стопрацэнтовым нямецкім агентам. Уся гэтая задумка з стварэньнем «Самапомачы» хутка выдыхлася, і пасьля забойства Кубэ новы губэрнатар генерал фон Готбэрг скінуў Ермачэнку зь ягонай пасады, выслаў назад у Прагу і забараніў выяжджаць стуль. Беларускія праграма самапомачы і самааховы так шырока й не разгарнуліся: немцы не давалі ні зброі, ні амуніцыі, адзін толькі Юзік Сажыч з сваімі выпускнікамі «настаўніцкіх курсаў» рабіў посьпехі ў Лідзе, разгортваючы беларускую дзейнасьць і спрыяючы нацыянальнаму ўздыму ў гэтых складаных краях, моцна скалянізаваных і кантраляваных польскім падпольлем.
З тае пары, як я выказаў свой непакой абыходжаньнем з нашымі работнікамі ў Нямеччыне, я ні разу больш не сустракаўся з камісарам Траўбам. Мяне папярэджвалі, што я магу стаць ахвяраю нейкай правакацыі, у прыватнасьці, з боку жандармаў, што знаходзіліся пад уплывам польскага падпольля праз тых палячак, якія працавалі служанкамі ў жандармэрыі. Мяне маглі ліквідаваць, адплаціўшы мне такім чынам. Мая сіла заключалася толькі ў тым, што я прайшоў праз савецкую вязьніцу, і ніхто ня мог абвінаваціць мяне ў сымпатыях да Саветаў або да камуністаў. Толькі гэта, мабыць, мяне й ратавала.
Жандармэрыя сапраўды была пад моцным польскім уплывам і працягвала выбарачна перасьледаваць то аднаго, то другога беларускага актывіста, абвінавачваючы іх у сымпатыях да камуністаў, што было няпраўдаю. Людзі зьнікалі адзін за адным. Становішча ў Беларусі ўсё пагаршалася. Удзень у гарадах лютавалі немцы, уначы ў вёсках лютавалі партызаны, і яны сутыкалі людзей ілбамі. А цярпела ад усяго гэтага беларускае насельніцтва, людзі былі ў адчаі. Усе расчараваліся ў нямецкім вызваленьні, становішча было бязвыхадным. Ніхто ня меў упэўненасьці ў будучыні. На немцаў спадзявацца не прыходзілася, пра вяртаньне савецкай акупацыі таксама не хацелася нават думаць. БНП імкнулася ў такой сытуацыі выконваць ролю пасярэдніцы паміж рознымі плынямі, умацоўваючы ідэі незалежнасьці сярод людзей. Бюлетэнь гаварыў людзям праўду. Прадказваючы паразу немцаў і раючы, што рабіць. Мы правільна прадбачылі вынікі вайны, амаль беспамылкова прадказалі падзел Нямеччыны на зоны ўплыву паміж амэрыканцамі і Савецкім Саюзам і раілі людзям выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб апынуцца ў Заходняй акупацыйнай зоне, бо там, спадзяваліся мы, беларусы апынуцца пад абаронай дэмакратычнай сыстэмы. Мы меркавалі, што пасьля перамогі над Гітлерам дэмакратычныя саюзьнікі спыняць сталінскі тэрор і разбурэньне ўсяго, што было чалавечага. Мы меркавалі, што заходнія краіны сутыкнуцца з Савецкім Саюзам. Мы памыліліся: гэта даказвае, што мы ня ведалі, як дзейнічае дэмакратычны мэханізм. Мы не разумелі, што дэмакратыя — гэта лад, калі сам лідэр ня мае права прыняць рашэньне, калі перш трэба падрыхтаваць