II.

Беларускі актыў Наваградзкай Акругі сабраўся на адмысловым сходзе дзеля выслуханьня Барыса Рагулі, якому Акруговы Камісар Наваградка запрапанаваў арганізаваць беларускі эскадрон і абяцаў, у выпадку ягонай згоды, заладзіць усе фармальнасьці, зьвязаныя з арганізацыяй перад Гэнэральным Камісарам Беларусі.

Барыс Рагуля ў той час меў каля 23 гадоў. Выйшаўшы з бальшавіцкай турмы, у якую трапіў, уцёкшы зь нямецкага палону, вымучаны допытамі НКВД, лячыўся ў сваім родным мястэчку ад захапіўшага ягоныя лёгкія тубэркулёзу. На другім аднак тыдні пасьля вызваленьня ён сустрэўся зь беларускімі студэнтамі, якія вярталіся пехатой із Львова. Ад іх ён атрымаў лістоўкі, што заклікалі беларускі народ да выкарыстаньня палітычнай сытуацыі з мэтай адбудаваньня свае дзяржаўнасьці. Палкія словы ягонага двуроднага брата Міхася Рагулі, студэнта палітэхнікі, зрабілі сваё. У той самы дзень ён пераяжджае ў Наваградак і стае на працу ў характары перакладчыка пры раённай управе. Месяц пазьней, раённы бурмістр Панько, вялікі беларускі патрыёт, які загінуў пасьля ад нямецкае кулі, камандыруе яго на перакладчыка да Акруговага Камісара. На гэтым становішчы ен мае нагоду дапамагчы шмат у чым сваім суродзічам. Яму ўдаецца здабыць пры дапамозе З. К. (аднэй беларускай патрыёткі) прыхільнасьць і адданасьць беларускай справе штабсляйтэра Вольфмаера[3], які быў пасьля вялікай апорай у ўсьцяжным змаганьні з польскімі ўплывамі і нямецкай палітычнай тупалобасьцяй. Выкарыстоўваючы сваё становішча перакладчыка і растучы ўплыў на камісара Траўба, Б. Рагуля праводзіць у жыцьцё пляны адносна арганізацыі школьніцтва, распрацаваныя др. Орсам. Др. Орса, былы ягоны школьны настаўнік, зьяўляўся духовым бацькам маладога Рагулі, а таксама й настаўнікам у грамадзкай працы. У цесным супрацоўніцтве зь Я. Сажычам, былым школьным сябрам, ён арганізуе падахвіцэрскую школу Самааховы, якую й даручае апошняму.

Траўб пастанаўляе даць нагоду Рагулі наведаць Нямеччыну, спадзяючыся, што такое падарожжа зробіць належны пераўзгадаваўчы ўплыў у про-нямецкім кірунку. Вынік аднак, паводля словаў самога-ж Рагулі пасьля павароту ў коле сваіх сяброў, быў якраз адваротны. Да гэтага спрычыніліся два асноўныя моманты: «Майн Кампф» — кніга, якую нельга было дастаць на акупованай тэрыторыі ды сустрэча зь беларускімі работнікамі, што выехалі «дабраахвотна» на працу ў Нямеччыну. Рэзультат: 7-га ліпеня 1942 г. ён прыймае ўдзел у заснаваньні Беларускай Незалежніцкай Партыі, нелегальнай антыбальшавіцкай і антынямецкай арганізацыі, беспасярэднім арганізатарам якое быў Усевалод Родзька, таксама школьны калега Рагулі. У. Родзька адзначаўся бязьмежным патрыятызмам і выдатнымі інтэлектуальнымі якасьцямі. Ён дзейнічаў у паразумленьні з кс. Гадлеўскім і М. Абрамчыкам.

У далейшым Рагуля поўнасьцяй аддаўся нелегальнай дзейнасьці. Ягоныя даклады аб Нямеччыне ўзбуджаюць недавер немцаў і Траўб адсоўвае яго ад Акруговага Камісарыяту, бяручы на ягонае месца расейскага немца Гэмпэля. Рагуля аддаецца тады працы ў сэмінарыі. Будучы там настаўнікам нямецкае мовы ды фізычнага ўзгадаваньня, ён праводзіць вайсковую падрыхтоўку хлапцоў на ўзроўні да камандзера зьвязу. Ён засноўвае, у паразумленьні і з падтрымкай Акруговага Інспэктара, вайсковую арганізацыю, апранае ў саматканыя ўніформы хлапцоў і дзяўчат, уводзіцца вайсковае прывітаньне… Тут якраз і гадуюцца будучыя кадры эскадрону.

Беларускі актыў перад цяжкой праблемай. Выслухаўшы інфармацыі Рагулі, у глыбокай задуме схіліліся сівыя галовы беларускіх патрыётаў. Пачалася дыскусыя. Разважаецца «супраць», абмяркоўваецца «за». Сытуацыя на фронце, недавер да немцаў, непакой аб сем’ях, будучы лёс жаўнераў з аднаго боку, а з другога незалежная беларуская нацыянальная адзінка, пачуцьцё апоры на беларускую зброю, якая ніколі не падымецца супраць інтарэсаў беларускага насельніцтва, а толькі ў іхнай абароне, незалежна ад таго, ці гэта будуць чырвоныя, ці немцы. Доўга важыліся аргуманты. І як на той вазе, раз пераважаў адзін, раз другі бок. Нарэшце сьвежая вестка аб тым, што немцы маюць мабілізаваць у недалёкай будучыні беларускую моладзь у нямецкі паліцыйны батальён зь нямецкім камандным складам ды поўнасьцяй падпарадкаваны мясцовай жандармэрыі, заважыла на канчатковай дэцызыі. Запала пастанова арганізаваць «Наваградзкі Эскадрон» выключна на базе дабраахвотнасьці ды датрыманьня немцамі пэўных умоваў.

На наступны дзень Рагуля ў камісара. Гутарка кароткая. Ён дае згоду арганізаваць эскадрон пад наступнымі ўмовамі:

1) поўная незалежнасьць перад мясцовымі нямецкімі ўладамі;

2) поўная свабода ў тактыцы змаганьня з партызанамi;

3) пачатак арганізацыі пасьля атрыманьня зброі і вопраткі;

4) асабістая гваранцыя генэральнага камісара да трыманьня пастаўленых умоваў.

Камісар Траўб адказаў: 

 «Вы можаце быць пэўны, што ўсе ўмовы будуць датрыманы. Я зразумеў нашыя памылкі. Я зразумеў, спадзяюся, не за позна, што вашыя дамаганьні былі слушнымі. Нажаль, мала хто з нас так разумее…»

Ён неяк задумана сказаў апошнія словы, здаецца на момант страціў штодзённую гордую паставу, але хутка апанаваўшыся, дадаў:

«Чакайце вызаву Гэнэральнага Камісара. Жадаю Вам посьпеху і рэалізацыі вашых мэтаў. Я тут больш не застануся, за некалькі дзён пераяжджаю ў Італію».

 Здавалася, ён хацеў яшчэ нешта дадаць, але на гэта не дазваляла яму ягоная штучная нямецкая гордасьць.

Каб зразумець гэтага немца, які едучы сюды быў падрыхтаваны на абняцьце нейкае маленькае часткі прастору іхняга новага «Лебэнсраўму», неабходна пазнаёміцца з адным, можа мала важным выдарэньнем, якое аднак беспасярэдня спрычынілася да пэўнай эвалюцыі, здавалася б ня здатнага да гэтага нямецкага ўрадаўца.

 Жнівень 1943 г. У Акруговым Камісарыяце, які зьмяшчаўся ў будынку былага польскага «ваяводзтва» на Сломінскай вуліцы, насупраць «Белага Дому», як называлі папулярна наваградзкую турму, адбывалася нарада раённых бурмістраў з Акруговым Камісарам. На парадку дня: мэтады змаганьня з партызаншчынай.

На залі атмасфэра даволі тугая. Нейк неспакойна круціцца на крэсьле бурмістр любчанскага раёну, сп. М. Здаецца нехта насыпаў яму пад ягоную прыладу да сяджэньня войстрых каменчыкаў. Ягоныя маленькія вочкі неспакойна пераскаквалі з камісара на перакладчыка, з перакладчыка на вакно, і пасьля зноў вярталіся на залю, быццам шукалі выхаду зь няпрыемнае сытуацыі. Карэліцкі бурмістр, тып сярэдня заможнага селяніна з шырокай усьмешкай, чалавек не легендарнай адвагі, любячы перадусім спакойнае і дастатковае жыцьцё зь некаторай дозай, зразумела, роднай самагонкі — асноўнага і бадай адзінага «дыпляматычнага» аргуманту ў зносінах зь мясцовымі «Зондэрфюрэрамі»[4]  — сядзеў нярухома, надзеўшы на твар штучна-абыякавы выраз. Ён уставіў вочы ў процілеглы куток, і, быццам бы нешта лічачы, стаічна чакаў канца нарадаў. Паміж імі неяк няпэўна сядзеў наваградзкі бурмістр, сп. Б. Ён крыху разьясьняў атмасфэру сваёй лысінай, робячы ўражаньне чалавека, які вельмі заклапочаны пастаўленай праблемай ды хоча, каб і іншыя гэта заўважылі. Ён устаўляў свае вялікія вочы на камісара і здаецца казаў: — Глянь, як я ўсім гэтым праймаюся, — то паглядаў на сваіх сяброў, нібы просячы рады. Адміністратар ён быў добры, толькі Бог адвагай не надарыў: уявіў ён сабе, што ўсе партызанскія сілы скірованы супраць яго. З памешканьня свайго зрабіў ён запраўдны форт, а пад падушкай у яго ляжалі два пісталеты. За імі крыху далей сядзеў, як цьвік, «дзятлаўскі ўдзельны князь», як яго папулярна называлі, бурмістр дзятлаўскага раёну, сп. Васіль Рагуля, былы сэнатар у польскім сойме. Аб ім шмат расказваюць розных гісторыяў. Прыпамінаю адну, якая здарылася добрых паўтара дзесятка гадоў таму, калі ён быў яшчэ сэнатарам. 

 Выбраўся ён раз з Ацукевіч у Варшаву. Набуў плеценыя лапці, чыстыя белыя анучы, аплеценыя аборкай, зрэбныя порткі, белая доўгая кашуля навыпуск, сярмяжка зрэбная ды мануфактурная «мыцка» на лысай галаве — сьлед польскай цывілізацыі ў Беларусі. За плячыма белая торбачка, завязаная на вузёл, а ў ёй кусок варанага сала і паўбулкі чорнага хлеба. Вось сядзіць ён у купэ першае клясы ды дрэмле. Насупраць яго нейкі ксёндз з кніжыцай у руках адгаварвае прыпісаныя малітвы. Відаць толькі занепакоіўся ён лёсам мужычка, бо так тут-сюд і зірне зукоса на маленькага сухарлявага прастачка. Падрамаўшы, наш «мужычок» перакусіць задумаў, а перакусіўшы й задыміць. Дастаў махры, адарваў кусок газэткі, скруціў казіную ножку ды зацягнуўся з роскашай. Засьвярбеў у носе ксянжулькі востры дым махоркі, заёрзаў ён на месцы ды

Вы читаете Жыцьцё пад агнём
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату