насельніцтва да нейкага рашэньня. А на Захадзе людзі думалі, што галоўны вораг — гэта Гітлер, тады як Савецкі Саюз — гэта хаўрусьнік. Нельга павярнуць зброю супраць былога саюзньніка. Мы дорага заплацілі за гэтую аблуду, гэта была сапраўды трагічная памылка.
У 1941 - 42 гадах адбыўся вялікі ўздым беларускай культуры. Натальля Арсеньнева зрабіла беларускі пераклад шматлікіх лібрэта клясычных опэраў, вядомы наш кампазытар Шчаглоў напісаў новую опэру «Кветка шчасьця», а таксама з’явіўся новы гімн, напісаны Арсеньневай. Паўсюль у гарадах і мястэчках ствараліся хоры і танцавальныя ансамблі. Былі адкрытыя беларускія школы, і за адзін год беларуская культура акрыяла ад доўгага савецкага панаваньня, ад рэпрэсіяў 1929 - 41 гадоў. Мы часта бывалі ў Менску ў опэры зь Юзікам Сажычам. Незабыўныя ўражаньні засталіся ў мяне ад опэры «Кармэн», якую я ўпершыню пачуў па-беларуску. Я назаўжды палюбіў гэтую опэру. Асабліва палюбілася беларусам опэры Гофмана. Словам, 1941 - 42 гады сталі залатым годам беларускай культуры. Каб нам яшчэ пару гадоў сапраўднай свабоды, такой культурнай свабоды, наш народ, наша нацыя хутка адрадзіліся б і ўсталі нароўні зь іншымі свабоднымі народамі сьвету.
Тады ж быў арганізаваны і Саюз беларускай моладзі. На чале арганізацыі стаў выпускнік Віленскага ўнівэрсытэту спадар Ганько — энэргічны хлопец, вялікі патрыёт, таксама сябар БНП. Калі немцы сталі разглядаць пытаньне, ці патрэбныя ў Беларусі арганізацыі моладзі, мы праз розныя каналы імкнуліся да станоўчага вырашэньня гэтага пытаньня. На кіраўніка гэтай арганізацыі быў прапанаваны менавіта Ганько. Рост папулярнасьці гэтай арганізацыі быў нават трохі нечаканым для нас — у яе ўступалі тысячы юнакоў. Арганізацыя фармавалася на прынцыпах заходняга скаўцкага руху, і на першы погляд была падобнаю да камсамолу і гітлерюгенду. У СБМ-аўцаў была зялёная форма і бел-чырвона-белыя павязкі на рукавах. Яе сябры аддавалі салют рымскім узмахам рукі, а дэвізам было «Жыве Беларусь!» Усё гэта выглядала вельмі патрыятычна і прыцягальна, а немцы гэта ўсё цярпелі, бо не заўважалі нацыянальнага характару арганізацыі, прыхаванага пад шэрагам вонкавых рысаў, запазычаных ад «гітлерюгенду». Кіраўнікі арганізацыі зьбіраліся прыцягчы ў свае шэрагі шмат юнакоў 13 - 15 гадоў, а мы меркавалі арганізаваць ваенную падрыхтоўку гэтай моладзі і тым самым закласьці яшчэ адну аснову будучай незалежнай Беларусі. Суполкі СБМ пачалі расьці, як грыбы пасьля дажджу: у Менску, Вільні, Наваградку, Баранавічах і паўсюль- паўсюль. Ганько працаваў вельмі актыўна, лётаў з аднаго канца краіны ў другі і нават атрымаў пэўную падтрымку ад немцаў, якія давяралі яму і цанілі ягоную энэргію, ня ведаючы, што ён — сябар нашай БНП і дзейнічае паводле яе загадаў. Ганько стаў адным з выдаўцоў нашага бюлетэню, дзе выказваў свае думкі наконт палітычнае сытуацыі, выступаючы зь вельмі патрыятычных пазыцыяў.
Янка Жамойцін і Людміла таксама ўваходзілі ў партыю. Людміла бывала ў Менску, прысутнічала на паседжаньнях, хадзіла на канцэрты і ў опэру, наведвала лягеры моладзі ў Слоніме. Мы ўпэўніваліся ў слушнасьці нашай справы, бачачы, зь якім энтузыязмам уступае моладзь у нашу арганізацыю, нягледзячы на неспрыяльную сытуацыю ў Беларусі, на акцыі партызанкі, на паляпшэньне становішча Савецкага Саюзу і на блізкае вяртаньне савецкай улады.
ЧАСТКА 2. ДАКУМЭНТЫ
Наваградзкі Эскадрон[1]
Першая частка: Эскадрон фармуецца
Па Наваградку пракацілася вестка, што мае паўстаць беларуская вайсковая адзінка зь беларускім камандным складам, беларускай камандай ды нат, як цьвердзілі сьмялейшыя, яна мае быць незалежнай ад мясцовых нямецкіх уладаў. Адны кажуць, што немцы нарэшце да толку дайшлі і хочуць Беларусам памаленьку ўладу ў рукі перадаць — таму быццам і запрапанавалі тварэньне эскадрону. Другія, наадварот, цьвердзяць, што гэта беларускі актыў дамагаецца ад немцаў такой вайсковай адзінкі, маючы на мэце абарону жыхароў Наваградчыны з аднаго боку ад чырвоных бандаў, з другога-ж — ад самых немцаў, якія, як тыя мухі пад восень, у прадчуваньні блізкага канца, паляць і нішчаць беларускія вёскі, вывозяць моладзь у глыб Нямеччыны, сеюць страх і тэрор сярод беларускага сялянства. Разьюшаныя сьвежай беларускай крывёю, яны, здаецца, уступілі ў нейкія дзікія гонкі з бальшавікамі: хто больш спаліць хатаў, хто больш заб’е нявінных дзяцей, хто мацнейшы, хто бязьлітасьнейшы. Кажуць, што пах сьвежае крыві ўзбуджае ў жывёлы зьнішчальныя інстынкты. Чалавек аказаўся горшым … Довадам гэтага былі апошнія два гады вайны ў Беларусі.
Вестка аб арганізацыі беларускага эскадрону выклікала вельмі розную рэакцыю сярод насельніцтва гораду. Скептыкі сумніўна ківалі галовамі. Горкае дасьветчаньне з Самааховай і падахвіцэрскай школай у 1942 г. яшчэ было лішне сьвежым, каб браць насур’ёзна новую «бомбу».
«Зьбераце людзей, справакуеце іх перад партызанамі, не атрымаеце ні зброі, ні вопраткі, і для арганізатараў на гэтым кончыцца прыгожая ілюзыя. Не забывайцеся аднак аб тым, што чакае гэных людзей ды іх бацькоў, калі вы ня здолееце стварыць такой вайсковай адзінкі, якая зможа іх абараніць», — гаварылі яны.
«Ашалелі людзі, — казалі другія, — Немцы прайгралі вайну, мо заўтра будуць тут бальшавікі. Падумайце, што вы робіце. Ані ваш сумніўны эскадрон, ані батальён, ні нат дывізыя не заважаць на лёсе вайны. Немцы прайгралі вайну палітычна, цяпер іх дабіваюць за гэта мілітарна. За позна яны дагадаліся тварыць беларускую збройную сілу».
І адны і другія мелі пасвойму слушнасьць. Дасьветчаньне зь мінулага і сытуацыя на фронце прамаўлялі за імі.
Што-ж думала беларуская моладзь? Тая моладзь, з радоў якое і вырас пазьней «Наваградзкі Эскадрон»? Ня гледзячы на рашчараваньні ў мінулым, на бязьмежную нянавісьць да нямецкага акупанта, якая была хіба ня меншай, як да нядаўнага яшчэ бальшавіцкага і ягоных насьледкаў — чырвоных бандаў, яна ўспрыняла вестку аб тварэньні беларускага збройнага аддзелу зь вялікім энтузыязмам. Яна хацела паказаць беларускаму грамадзтву запраўдны вобраз беларускага жаўнера, здэфармаваны дасюль паводзінамі прапольшчанай і поўнасьцяй немцам падпарадкаванай паліцыі [2]. Яна хацела паказаць, як патрапіць беларускі жаўнер бараніць інтарэсы свайго грамадзтва і стацца ягонай духовай апорай, замест сеяць тэрор і зьнішчэньне. Яна ўрэшце хацела паказаць на чыне сваё бязьмежнае адданьне беларускаму сялянству, зданаму на ласку чырвоных партызанаў або нямецкіх каральных аддзелаў. Гэта была моладзь, як тысячы й соткі тысяч беларускіх юнакоў, што любілі свой народ і бацькаўшчыну ды былі гатовыя ў кажны момант змагацца за ейны лепшы лёс, за шчасьце народу, за незалежную Беларусь. Гэта былі самародкі-патрыёты. Часта яны ня ўмелі сфармуляваць тых пачуцьцяў, якія выпаўнілі іхныя чулыя душы. Ідэя вольнасьці, свабоды фармавалася ў іх ня словамі падкутага тэарэтычна інтэлігента, а той прыгожай беларускай прыродай, сярод якое яны ўзрасьлі, у адвечным імкненьні да сонца, вольнага прастору… З казак і апавяданьняў бабулек яны пазналі слаўнае мінулае свае Бацькаўшчьшы, яны чулі аб магутных літоўскіх князёх, аб сіле й славе беларускага народу… І ўзрастала ў іхных душах туга за сьвятлом, воляй… і напаўняліся іхныя сэрцы гордасьцяй за мінуўшчыну ды адазвалася ў гэтых дзяцей натуры вялікая ідэя, якой ня вырваць людзкой сіле, бо яна Богам даная, бо яна ёсьць іхным паветрам, вадою і сонцам. Бяз гэтага нельга жыць.