Шмат каму з гэтых жаўнераў знаёмы будынак сяньняшніх казармаў. Улетку тут адбываўся месячны абоз працы для вучняў сэмінарыі, арганізаваны й кіраваны тым жа самым камандзерам сяньняшняга эскадрону. Гэны абоз быў выкарыстаны дзеля загатоўкі дроў на зіму для сэмінарыі і афармленьня пляцу пры будынку Настаўніцкае Сэмінарыі, на Замкавай вуліцы, у падножжы Замкавай Гары. Абоз быў таксама выкарыстаны дзеля правядзеньня інтэнсыўнай вайсковай падрыхтоўкі вучнёўскае моладзі.
Прыйшло мне на думку, як адзін з маіх сяброў папытаў раз камандзера:
— Для каго мы працуем? Можа за год тут будуць бальшавікі. Які-ж сэнс працаваць для іх?
— Нашая праца пры школе, гэта сымбаль працы для будучыні нашага народу. Тое, што мы зробім з думкай аб Бацькаўшчыне, будзе вечным. Могуць прыйсьці бальшавікі, могуць зьмяніць іх іншыя акупанты, але ўсяроўна прыйдзе той дзень, калі ў гэтай школе выключным гаспадаром будзе беларускі народ, — адказаў ён, пытаючыся мо сам сябе, калі нарэшце прыйдзе той час.
Зноў, як калісь, узьнімаецца ціхім вечарам над школай плаўная мэлёдыя жаўнерскай малітвы...
Яна ўзьлятае ў прастор, адбіваецца ад старых муроў Фарнага касьцёлу [6], узьнімаецца над старым замчышчам і ахутвае сабою слаўны горад, што дрэмле спавіты сьнежным пухам … І маці, пачуўшы родную песьню, мо скажа свайму дзіцяці:
«Паслухай дзетка, гэта песьня беларускіх жаўнераў. Няхай ім Усемагутны дапаможа зрэчаісьніць нашу Вялікую Мэту, каб ты, мой родненькі, ня ведаў, што значыць няволя…»
Ціха ў казармах. Чуваць толькі сухі скрып сьнегу пад ботамі вартавога, які забясьпечвае спакойны сон сваіх сяброў.
Зноў пагодная марозная раніца. Калёна за калёнай, эскадрон выходзіць на заняткі. Белая, як сьнег, зімовая вопратка амаль зьліваецца зь беляй вакольнага поля. Бадзёра гучыць жаўнерская песьня, так добра знаёмая й блізкая сэрцам жыхароў гораду. Клубы пары вырываюцца з маладых і гарачых грудзей ды ахутваючы родныя словы песьні нясуць іх у прастор. Бадзёра й ахвоча праводзяць заняткі маладыя камандзеры, бяз прымусу вучацца здысцыплінованыя жаўнеры.
Горад зжываецца із сваімі дзяцьмі «эскадронаўцамі», ці «рагуляўцамі», як іх часамі звалі. Сэрца радавалася, гледзячы на іхныя вясёлыя, бадзёрыя твары, калі ў нядзелі ці іншыя сьвяты яны выйдуць у царкву, ці на вуліцу. Спраўныя, чыстыя, ветлівыя...
Мімаволі на твары кажнага наваградчаніна, пры сустрэчы зь беларускім жаўнерам, зраджалася радасная ўсьмешка, якая сьветчыла аб вялікай сiмпатыі гораду да сваіх жаўнераў.
Прыгожыя наваградзкія дзяўчаты ды сэмінарысткі ўздыхалі паціху да «швадронаўцаў». Яны падбілі іхныя дзявочыя сэрцы. Яны былі прычынай тога салодкага суму-тугі, які баламуціў крыштальную чысьціню душы сінявокіх сэмінарыстак.
З другога-ж боку «геройскія» жаўнеры былі ў палоне наваградчанак. Кажны зь іх, пачынаючы ад камандзера ды канчаючы на жаўнера, пакінуў сваё сэрца ў мурох сэмінарыі. Настаўніцкая сэмінарыя сталася адначасова асяродкам духовага жыцьця беларускага жаўнера. Яны там шукалі адпачынку пасьля цяжкога жаўнерскага жыцьця, там яны чэрпалі духовую пажыву, там фармавалі свае ідэі, там гартавалі нацыянальную стойкасьць. Аб гэтым дбалі нястомныя настаўнікі сэмінарыі на чале з др. А. Орсам, ейнаю душою, імя якога застанецца вечна ў памяці наваградчанаў.
Маладыя паэты пішуць новыя песьні, беларускія кампазытары складаюць новую музыку …
…уздымаюцца ў прастор, абадзёрваюць змучаныя душы наваградчан, і недзе далёка рэхам адбіваюцца па ўсёй Беларусі…
Ня мінуў тыдзень ад дня заснаваньня эскадрону, як даведваемся, што прыяжджае на інспэкцыю гэнэрал Гэльлер ці Гальле зь Менску. Увесь эскадрон на занятках. Дыжурныя прыбіраюць калідоры казармаў. Вартавы, як махавік гадзіньніка, рэгулярна ходзіць перад галоўным уваходам. Пад’яжджае машына. Зь яе вылазіць маленькага росту, ужо даволі пажылога веку чалавечак у вайсковай уніформе з чырвонымі кляпамі. Гэта відаць ён. У таварыстве ад’ютанта заходзіць у казармы. Яго прывітаў камандзер. Гэнэрал пацікавіўся, як прайшоў набор у эскадрон, які настрой жаўнераў. Яшчэ некалькі стэрэатыповых пытаньняў, якія павінен паставіць кажны, хто прыяжджае на інспэкцыю. Агледзеў казармы, кухню, сталовую і ўрэшце папрасіў даць яму нагоду пабачыць жаўнераў. Паехалі санкамі на месца заняткаў, якія адбываліся ўздоўж гарадэчанскага тракту. Гэта быў пэрыяд вышкалу паасобнага жаўнера. Групы раскіданы далёка па полі. Чуваць галасы камандаў. Спраўнае выкананьне. Усё гэта, відаць, робіць добрае ўражаньне на старога жаўнера. Ён прыглядаецца, як пасьля заняткаў паасобныя зьвязы фармуюцца ў калёны і з песьняй вяртаюцца ў казармы. Зьвяртаючыся да камандзера ён папытаў:
— Як доўга вы займаецеся з эскадронам?
— Амаль тыдзень. — адказаў камандзер.
— Гм, гм… — замармытаў гэнэрал.
Вярнуўшыся ў казармы, ён падзяліўся ўражаньнем зь інспэкцыі батальёну пад нямецкай камандай. Ён не разумеў, чаму той батальён, хоць і раней сфармаваны, робіць уражаньне арганізацыйнай стадыі.
Заняткі адбываюцца нерэгулярна, жаўнеры няспраўна выконваюць каманды. Наагул немагчыма параўнаць узровень абыдвух адзінак.
— Там не хапае ўздыму. Жаўнеры выконваюць загады з мусу або страху. Няма ніякага духовага кантакту паміж камандзерамі-немцамі і жаўнерамі-беларусамі. Калі яны патрапяць выясьніць, супраць чаго ён змагаецца, дык ніколі жаўнер яго не зразумее, за што ён мае змагацца.
Доўга яшчэ «ўсьведамляў» гэнэрала камандзер эскадрону, але ці асела нешта з гэтага ў ягоных цьвёрдых мазгах, цяжка сказаць. Коратка перад ад’ездам гэнэрал нейк нявыразна запрапанаваў:
— Бачыце, можа дзеля лепшага ўзгадненьня вышкалу нашага эскадрону зь нямецкай вайсковай сыстэмай, мы вам далі б нямецкага ахвіцэра, як лучніковага?
Наш камандзер добра ведаў, што абазначае такі лучніковы. І стоячы на пазыцыі поўнай незалежнасьці эскадрону ветліва, але катэгарычна адмовіў. Пры гэтым дадаў:
— Калі вы будзеце на гэтым настойваць, я распушчу безадкладна эскадрон.
— Не, не! Гэта толькі прапанова, але калі вы лічыце гэта непатрэбным, дык усё ў парадку.
На гэтым закончылася гутарка і больш ніколі падобная тэма ня была закранутая.
Аднак ня ўсё йшло так гладка, як бы гэтага хацелася. Хутка пачалі даходзіць весткі, што партызаны непакояць ceм’і жаўнераў эскадрону. Гэта абніжае настрой жаўнераў. Цяжкі непакой закрадаецца ў сэрцы юнакоў. Лёс бацькоў, братоў, ці сясьцёр загрожаны чырвонымі бандамі. Адзін з жаўнераў дэзэртуе. Неабходна хуткая рэакцыя. Камандзер склікае нараду ахвіцэраў. Розныя рады, прапановы, але ніводная не выдаецца добрай. Адзін з ахвіцэраў нясьмела запрапанаваў рэпрэсыі адносна сям’і, але зараз-жа гэтага пашкадаваў.