выконваючыя загады Масквы, у гарадох і мястэчках — смаглы «лебэнсраўму» нямецкі акупант. Адзін абяцае «белорусскую республіку», другі кажа «Вас чакае зямля»… Ісьці зь немцамі супраць Масквы — капаць сабе магілу, пайсьці з Масквою і «аліянтамі» — шукаць сабе вяроўку. Сотні, тысячы, дзесяткі тысяч беларускіх юнакоў шукаюць разьвязкі і… часта яе не знаходзяць ды йдуць, нясьведама зьведзеныя фальшывай прапагандай, насустрач свае гібелі… Дзе ён, той ратунак?! Уратуецца адзін, а сотні гінуць ад сьцякаючае беларускай крывёю рукі акупанта. Народ зьняможаны ўзьнімае вочы да Ўсявышняга. Але ён здаецца сьляпы, глухі й нямы. Ня бачыць і ня чуе. А мо адвярнуўся й ня хоча пачуць голасу таго народу, які калісьці, у далёкім мінулым так геройска бараніў Ягонае Імя і Ягоную Навуку перад татарскай навалай?

Дзе вы, часы слаўных Вялікіх Князёў?!

Дзе вы, Рагвалоды, Усяславы, Вітаўты?!

Дзе вашыя магутныя палкі,што разьбівалі ў пыл стальныя крыжацкія рады, што ўбівалі свой меч у брамы Масквы?

Ці ёсьць яшчэ вашы нашчадкі? Ці жыве яшчэ ваш дух у народзе?

«… На крыві ахвяраў за сьвятыя ідэалы народу вырастае магутнае дрэва…»[10]. Дзе ты, тое магутнае беларускае дрэва? Ці вырасьцеш Ты на гэтай беларускай зямлі, пранікнутай сьлязамі і крывёю?… Хто дасьць на гэта адказ?… Не, не чакай адказу ад нікога, але вер, вер у гэта! Не разважаньні, але вера, не аблічэньні, але вера і толькі вера дасьць табе адказ! Моцная, нязломная вера. Яна мацней за сілу аружжа. Яна пераможа непераможнае, яна асягне недасягальнае!..

Дык верыць! Трэба верыць самому і навучыць верыць іншых. Верыць у нашую праўду, нашу будучыню, у самых сябе. Верыць у ласку Ўсемагутнага, бо яна ёсьць бязьмежнай. Верыць у Беларускі Народ і ягонае прызначэньне. Верыць у васкрошаньне слаўнае мінуўшчыны!..

Камандзер паволі падняў галаву і позірк ягоны лёг на старыя муры наваградзкага замчышча. Чароўна-магутны флюід гісторыі эмануе з гэных муроў. Ён пранікае ў глыбіню беларускае душы, будзіць дзіўныя пачуцьці, улівае незразумелую сілу. Камандзер стаў перад вакном, прыцягаючы да сябе Барыса X. і моцна сьціскаючы яго за плячо, ужо голасна дадаў, нібы канчаючы свае думкі:

— Так, трэба верыць. Вось гэны замак! Гэта сымбаль нашага Народу. Ён ператрываў шмат нападаў, бураў, пажараў, але стаіць і горда глядзіць у неба. Ён магутны, ён велічны, ён непераможны! Ён дачакаецца часоў, калі залунае над Беларусяй бел-чырвона-белы сьцяг. Так і наш народ не памрэ, пакуль будзе горда стаяць і бараніць сваіх ідэалаў…

— Бо ён магутны … Бо ён велічны … непераможны … — паўтарыў, як рэха Барыс X.

— Дыжурны! — ужо бадзёра гукнуў камандзер. — Завесьці нашага новага сябру да мундзіровага.

Барыс X. ня быў ужо больш сумным. У яго загарэліся новыя аганькі. Камандзер з жаўнерам сьціснулі рукі. Так, яны зразумелі адзін другога.

Два дні пазьней, а 8 гадзіне раніцы, калі эскадрон рыхтаваўся да штодзённых заняткаў, перад казармай замітусілася група нямецкіх жандармаў, узброеная стрэльбамі і скарастрэламі, як на выезд на акцыю.

— Aufmachen! — крыкнуў на вартавога, збліжаючыся да галоўнага ўваходу, нямецкі вахтмайтар.

Вартавы спакойна папытаў, чаго ён жадае.

— Неадкладна адчыніць! — пачуў ён у адказ, — я маю загад арыштаваць Барыса X., які паводля дайшоўшых да нас вестак хаваецца ў вашых казармах. Ён нам ведамы, як бальшавіцкі агент, які стаіць на службе чырвоных бандытаў. Адчынеце неадкладна! — крыкнуў ён зноў, грозна паказваючы «машынкай» на дзьверы.

— Мая ня справа, ці тут хто хаваецца, ці не, але я ведаю, што тут загадвае толькі адзін чалавек — камандзер эскадрону, — адказаў вартавы крыху ўжо падэнарваваным тонам. — Verstanden, Wachtmeister? — зласьліва дакінуў ён.

У міжчасе дыжурны склаў рапарт камандзеру аб дамаганьні нямецкіх жандармаў. Камандзер у той час абгаварваў із сваімі ахвіцэрамі плян прадбачаных на гэты дзень заняткаў.

— Ня ўпушчаць нікога! Я зараз зыходжу наніз! — сказаў ён дыжурнаму зь нейкім дзіўным адценкам у голасе, прапускаючы словы праз заціснутыя вусны. Пры гэтым вочы ягоныя загарэліся нябачаным дагэтуль блескам.

— Lassen sie ihren… ihren Kommandanten kommen — зацінаючыся із злосьці сіпеў вахтмайстар.

У дзьвярох казармаў паказаўся камандзер. Ён затрымаўся на хвіліну і здаецца разглядаў сытуацыю ды разьмяркоўваў сілу. Паміж галоўным уваходам у казармы і вонкавай брамай сабраліся жаўнеры. Яны панура паглядалі праз драцяны плот і браму на сабраных за ім жандармаў і даволі нядвузначна сьціскалі стрэльбы. Сытуацыя выглядала даволі сур’ёзна. Камандзер паволі падыйшоў да вонкавай брамы:

— Sie wunschen? — папытаў ён жандармаў.

— У вас у казармах схаваўся Барыс X. зь Дзятлава. Мы маем загад яго арыштаваць, — адказаў жандарм, паясьняючы прычыны арышту.

— Ад каго маеце загад? — запытаў камандзер.

— Ад акруговага начальніка жандармэрыі, — ужо нецерпяліва адказвае вахтмайстэр.

— Дык прымеце да Вашага і вашага акруговага начальніка ведама наступнае: Барыс X. не хаваецца ў казармах эскадрону, а зьяўляецца жаўнерам эскадрону, як і ўсе іншыя. Арыштаваць, судзіць і караць яго, як кажнага іншага жаўнера можа толькі камандзер эскадрону і ні ў якім выпадку нямецкая жандармэрыя. Перадайце, калі ласка, гэта вашаму начальніку. — Ен сказаў гэта цьвёрдым пагамована-зраўнаважаным голасам, і адвяртаючыся плячыма да анямелых жандармаў, даў загад выходзіць на заняткі.

Жандармы, зьбянтэжаныя неспадзяваным для іх і дасюль ніколі нябачаным захаваньнем «айнгайміша», няпэўна затапталіся каля брамы. На іхных тварах адбіваўся выраз чалавека, што хацеў глынуць гарачую бульбу вялікаватага абыйма ды якая засела ў горле. Цераз некалькі хвілін іх ужо ня было перад брамай казармаў.

— Калі будзе тэлефон з камісарыяту, перадайце, што я на занятках і ў камісарыят прыйду каля паўдня, — сказаў камандзер дыжурнаму і зьвяртаючыся да Барыса X., які няпэўна стаяў пры дзьвярох дакінуў:

— Ня бойцеся нічога. Вы бачылі, як за вамі стаіць увесь эскадрон.

Мне няведамы далейшы паварот інцыдэнту. Камандзер хадзіў у камісарыят. Барыс X. застаўся ў эскадроне. Гэта была нашая першая перамога і наяўны доказ, што «Наваградзкі Эскадрон» быў незалежнай беларускай вайсковай адзінкай.

Другая частка: Эскадрон у акцыі

І.

Жыцьцё эскадрону йшло нармальным шляхам. Інтэнсыўныя заняткі выпаўнялі дні й тыдні. У сутнасьці бадай немагчыма разьмежаваць пэрыяд пераходу эскадрону ў акцыю ад пэрыяду вышкалу. Засяг дзеяньня пашыраўся з кажным днём усё далей ад Наваградка і, зразумела, дробныя сутычкі з партызанамі былі няўхільныя. Тымчасам жыхарства Наваградчыны, а асабліва Наваградка, зжывалася із сваім эскадронам і перажывала нараўні зь ягонымі камандзерамі і жаўнерамі ўсе дасягненьні й няўдачы.

Агулам наваградчане неяк спакойна глядзелі ў будучьню, дарма, што фронт з кажным днём усё больш выгінаўся на захад. На пачатку 1944 году ня было хіба ніводнага чалавека, які, цьвяроза думаючы, верыў у нямецкую перамогу. На чым жа асноўваўся тады гэны супакой наваградчан? Напэўна не на разумовым разважаньні. Гэта проста псыхалягічны мамэнт, выніклы з даверу беларусаў да свайго жаўнера.

— Я ведаю, што немцы вайну прайгралі і за некалькі месяцаў фронт перасунецца на ўсходнія межы Нямеччыны. Але я маю нейкае ўражаньне, што падзеі абмінуць Наваградак. Чаму, сам ня ведаю… Мо таму, што мы маем тут свой эскадрон, — дадаў пасьля колькіх хвілін маўчаньня адзін з урадаўцаў гарадзкое ўправы ў гутарцы зы мною.

Гэта вынік веры ў вадданасьць беларускага жаўнера да свайго народу й Бацькаўшчыны. Гэты прыклад Наваградзкага Эскадрону, чыста беларускай вайсковай адзінкі, даверанай беларускім камандзерам, хоць маленькай і нязначнай у вялікім нацыянальным маштабе, аднак пацьвярджаў праект, настойліва падтрымоўваны галоўнакамандуючым усходнім фронтам фэльдмаршалам Браўхічам: затрымаць фронт на

Вы читаете Жыцьцё пад агнём
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату