— Хто табе? Што цябе?..
— Яны ж заб'юць нас. І хату спаляць… Яны ж азвярэлі! У мяне і кошычак адабралі…
Пятрок неяк адразу абвянуў, засмуціўся, толькі ўздыхнуў, вымавіўшы:
— Дык і цябе, значыць…
— А што, і цябе?
— І мяне… У сасонніку, ага?
— У сасонніку.
Пятрок азірнуўся, падышоў да дрывотні, паслухаў трохі, узіраючыся ў бок недалёкага рова.
— Слухай… Паслухай мяне. Нікому ні слова! І не патыкай носа! Сядзі дома. Бо… І мне гразіліся: за адно слова спаляць.
Сцепаніда апусцілася на шурпаты яловы камель на санях, у яе ўжо не было сілы стаяць. Значыць, і Пятрок пабываў ужо ў іхніх руках, значыць, і ён ужо з імі пазнаўся і цяпер загадвае маўчаць. Інакш… Сапраўды, страшна падумаць, што будзе інакш. Дзе тады жыць? Куды ісці з дзецьмі?
Пятрок напаіў каня, завёў і паставіў у хлеў. Папоркаўся там нядоўга і зноў выйшаў на двор. Ужо было зусім цёмна, з-за рага істопкі дзьмуў пругкі вецер, зорак у небе не было відаць ніводнай. Сцепаніда сядзела на бервяне, абнямоглая, заплаканая, і думала: што рабіць? Галоўнае, каб усё тое неяк не зачапіла дзяцей, не апаліла іх бязлітасным сваім крыллем, абышло міма. Пасля, канешне, будзе ўсё, але як падрастуць, хай. А цяпер каб уберагчы як ад благога іхнюю дзецкасць, іх слабыя, недарослыя душы.
— Во, бабанька ты мая, дажыліся! — прытэпаў да яе Пятрок. — Хто калі думаў! Гэта ж і я: еду, толькі павярнуў з гасцінца — наўпрасткі хацеў, — выходзіць. Давай каня! Які табе конь, не бачыш — дровы. Давай, і ўсё. І руляй пад нос. Узяў бы, але гужы ў мяне слабыя, ірваныя гужы, я і кажу… Паглядзеў, пусціў. Кажа: родзіч усё ж. Каб ты спруцянеў, такі родзіч! Ну, але калі што — спаляць. Яны такія. Раз'ятраныя. Ім што? Ім губляць нямашака чаго. Як ваўкі ў лесе.
— Браты там, ці што?
— А чорт іх ведае! Але не адзін. Я ж бачыў…
— Дык што ж? Маўчаць?
— А што ж яшчэ? Жаліцца? Дык пашкадуй дзяцей!
Сцепаніда маўчала. Дзяцей яна пашкадуе, канешне, але хто пашкадуе яе? З яе наглуміліся, цяпер яна будзе глуміцца сама з сябе, трываць, калі не трываецца, маўчаць, калі з нутра рвецца крык. Хіба гэта па- людску?
Усю тую доўгую ветраную ноч яна не заплюшчыла вока — ляжала, як дзеравяная, на палку пры печы, — думала. Думы былі бясконцыя, цяжкія, беспрасветныя, з безліччу пытанняў, на якія яна не знаходзіла адказаў. Нешта ў свеце заблыталася, перамяшалася, зло з дабром ці адно зло з другім, яшчэ большым злом. Ці, можа, у ёй самой што змянілася — перайначылася, надламілася, спапялела, спрахнула? Яна шмат чаго не разумела, але добра адчувала адно: так не павінна быць, не па-чалавечы гэта, значыць, нешта трэба рабіць. Не ляжаць, не чакаць, не мірыцца — заўтра ж трэба бегчы ў Выселкі, у мястэчка, у акругу ў Полацак, дайсці да добрых людзей. Не магло ж таго быць, каб недзе там, наверсе, не было разумных людзей, якія зробяць як трэба, дамогуцца справядлівасці і адвядуць бяду. Гэтыя не маглі, ці не ўмелі, або не хацелі, ці не разумелі чагось, значыць, трэба вышэй. Перад яе вачмі ўсё стаяў Новік, як ён тады патрабаваў раскулачыць, але ж аднаго Гужова, пра іншых ён не казаў нічога. Яна не галасавала супраць Гужова і пасля дужа шкадавала старых Гужовых, але цяпер, пасля ўчарашняй сутычкі ў сасонніку з іхнім Зміцерам, жаласць да іх у яе прапала. Хай раскулачваюць, хай вывозяць з вёскі гэтага зверыядаўца, каб яго і духу тут не было. Без яго тут будзе спакойней.
Але ж за што іншых?
Пра іншых яна не магла думаць без болю ў душы, асабліва пра Анютку Ладзіміраву, старую Прахорыху ды і Карнілу. З Карнілам у яе здаўна былі асаблівыя адносіны, якія колісь ледзьве не сталі агульным іх лёсам. Праўда, не сталі…
Яна тады была дзеўкай, рабіла ў старога Яхімоўскага, жыла ў Выселках, але на працу кожнага дня бегала ў Яхімоўшчыну; уставала раненька, на зары, і цераз бальшак шыбавала на хутар. Трэба было падаіць дзвюх кароў, выгнаць на пашу, нарыхтаваць корму свінням, гусям, якіх тут быў немалы статак, што пасвіўся ля рова на ржышчы. Клопату было шмат на хутарской сядзібе, але нямоглы Яхімоўскі амаль што не ўлазіў у гаспадарчыя справы, вохкаў сабе ў запечку, і яна гаспадарыла, як знала. Апроч яе на хутары былі яшчэ парабкі, але тыя рабілі ў полі, да якога яна амаль не мела адносін. Ёй хапала адной сядзібы, хаты, жывёлы, якая не давала перадыхнуць ні зімой, ні ўлетку. Не мёд быў той хутар, але што яна магла без зямлі, без пасагу — бедная прыжывалка ў няласкавай, мала шчаслівай братавай сям'і?
Аднойчы яна трохі запазнілася ўстаць і таропка бегла па роснай сцяжыне ў бульбоўніку цераз гароды. Мінаючы сядзібу Карнілы, пачула ягоны голас з падворка, на якім гойсала наравістая Карнілава карова, не давалася з сабой зладзіць. З год перад тым Карніла аўдавеў, застаўся з двума малымі, жаночую справу па гаспадарцы рабіў усю сам, не дужа ўмела, а часам няўклюдна, і бабы ў вёсцы смяяліся, як ён мые бялізну ці месіць хлеб; некаторыя па-добраму спачувалі яму. Сцепаніда спынілася, ужо зразумеўшы, што карова не даецца даіць, Карніла бегаў за ёй з даёнкай, падлашчваўся і гразіў, але нічога ў яго не выходзіла. Тады з пэўнай няёмкасцю яна ўвайшла ў вароты і палашчыла ўстрывожаную карову, тая адразу паспакайнела, Карніла вынес з сянец лусту хлеба, пасыпаную соллю, і Сцепаніда ўзялася даіць. Малака было не так многа, яна хутка выдаіла яго і, смеючыся, падала гаспадару даёнку. Але Карніла даёнку не ўзяў, а неяк пагрозліва насунуўся на яе — дужы малады мужык у расшпіленай на шырокіх грудзях кашулі, прысадзісты і рукасты. Сцепаніда ажно спалохалася трохі, але тут жа згледзела, што ў ягоных пацямнелых вачах была такая бездапаможнасць, амаль разгубленасць, што яна адвяла яго рукі і засмяялася.
— Ты што, Карнілка! Апомніся…
Мабыць, гэта яго працверазіла, ён адышоўся ад жанчыны і адвярнуўся да тыну, пастаяў крыху, загароджваючы, аднак, праход у варотцы, і яна ўжо сумелася была: што рабіць? Зноў павярнуўшыся да яе, ён сказаў гэтак сумна:
— Вот каб мне за жонку цябе…
Яна зноў засмяялася.
— Дык шлі сватоў, чаго ж ты…
— А пойдзеш? — зноў настырчыў позірк Карніла.
— Падумаю. Можа, і пайду. Не знаю яшчэ…
Яна і сапраўды не знала, хоць нічога не мела супраць яго. Карніла быў мужык спраўны, але ж удавец з двума малымі. А яна хадзіла ў дзеўках, з хлопцаў нікога на прыкмеце не мела, ніхто яшчэ да яе не сватаўся. Што было ёй рабіць? Месяцаў колькі яна чакала, марыла рознае, уяўляла, аж зненавідзела сябе і Карнілу. Ды сватоў ён так і не прыслаў, на Мясаед прывёў з Кухналёў перастарку Вандзю, якая і загаспадарыла на Карнілавай сядзібе. Сцепаніда трохі паплакала ў падушку і супакоілася, хоць і не забылася на той летні ранак на ягоным падворку.
Можа, цяпер яму за тое пакаранне?
Але ж не, хіба за такое можна караць? А завошта тады караць Ладзіміра, старую Прахорыху? Дый Гужова таксама… Зрэшты, калі падумаць, дык, можа, усё і пачалося праз гэтага Гужа? Калі б ён тады не заўпарціўся і каго выклікаў, дык бы не прыязджаў Новік, не патрабаваў бы яго раскулачвання. І не раскулачылі б, калі б на галасаванні Ганчарык не падняў руку і тым не зрабіў большасць. А не раскулачылі б Гужа — не было б заметкі ў газеце, а тады ж што? Тады не чапалі б і гэтых?
Але тады праз каго ўсё гэта? Праз Гужа? Новіка? Ці Васілёву няўстойку? Дык няўжо ж ад адной толькі ягонай рукі так шмат залежала ў Выселках? Але во, мусіць, залежала. Проста страшна падумаць, як шмат, бывае, залежыць у жыцці ад аднаго толькі слова, рукі, нават нейчага позірку. Асабліва ў гэткі час! Якім трэба быць памяркоўным, ашчадным, справядлівым і добрым. Бо тваё зло супраць некага можа абрынуцца з яшчэ большаю сілай назад, на цябе самога, тады ой як стане балюча. А перад тым, як ты валіў яго на суседа, ці балела табе? Часам бывае радасна, што цябе абышло, абмінула, усім цяжарам зваліўшыся на іншага. А як абрушыцца на цябе самога?
Ранкам яна ўстала разбітая, ушчэнт растузаная сваімі думкамі — трэба было збіраць у школу малых, а то б не ўставала. Хай бы Пятрок карміў парсюка, авечак, добра, карова яшчэ не цялілася, даіць не трэба было. Пры газнічцы наабірала чыгунок бульбы, запаліла ў печы. Дзеці яшчэ спалі: салодка пасапваў уранні Федзька, Фенечка таксама сцішылася, а то ўсю ноч неспакойна варочалася на ложку. Пятрок выйшаў на