бы енк, плачы, калі, здавалася, не стрывае, разарвецца сэрца. З даверлівай пакораю дзяўчына прыпала да яе ўсім сваім трапяткім целам, нібы да маці, якую некалі страціла ў дзяцінстве. Абдымаючы яе за плечы, Сцепаніда гладзіла яе вузкую, у плюшавай жакетцы спіну, сама абліваючыся слязьмі, праз іх нічога не бачачы навакол. Аднекуль здаля да яе слыху даляцеў вокрык упаўнаважанага:

— Таварыш міліцыянер!..

Яна не адразу зразумела, што гэта звярталіся да Ганчарыка, які з вінаватай разгубленасцю на збялелым твары крануў яе за плячо.

Так яна і ведала: тут нельга плакаць, абдымацца з дачкой раскулачанага, якая цяпер з сяброўкі, суседкі нібы ператварылася ў заразна-хворую — у класавага ворага. Мабыць, трэба было ёй штосьці сказаць, але Сцепанідзіна сэрца поўнілася невыказным плачам, маўклівай скрухай па недарэчным лёсе гэтай няшчаснай дзяўчыны.

— Цётка Сцепаніда! — настойліва паўтарыў побач Ганчарык.

У хату ўвайшоў Ладзімір, здзеў шапку. Не звяртаючы ўвагі на яе, таксама як і на міліцыянера і быццам на дачку таксама, прайшоў у кут з адсунутым сталом і лаўкай, зняў са сцяны крайні абраз, астатнія, мабыць, назаўжды пакідаючы ў гэтай выстуджанай пустой хаце. Гэта быў абраз святога Мікалая-цудатворцы, — стары, з аблезлай пазалотай, на счарнелай дошцы. Прыцяўшы абраз да грудзей, Ладзімір укленчыў з ім на падлозе.

— Мір дому… Зямлі…

Анютка адарвалася ад Сцепаніды, ускочыла. Сцепаніда таропка выцірала ражком хусцінкі мокры ад слёз твар. Развітанне канчалася, трэба было ісці. Але толькі яна скіравала ў дзверы, як ззаду раздаўся здзічэлы крык Анюткі:

— За што? Вася, цётачка, за што ж гэта?!.

Сцепаніда, аднак, не спынілася, падумала толькі, што на сёння, мабыць, ёй хопіць, і выйшла з сяней. У двары чакалі ад'езду нагружаныя майном сані, трохі ўбаку тоўпіліся людзі. Не зірнуўшы ні на кога, яна пратупала каля іх да варотцаў і слепа пабрыла вясковаю вуліцай, не ведаючы куды і па што…

Ужо далёка адышоўшыся ад Ладзіміравага падворка, заўважыла, што ідзе не ў Яхімоўшчыну — у другі канец вёскі, але павяртаць не стала. Якраз наперадзе згледзела дужа знаёмую мясціну, дзе некалі была іхняя хата і цяпер стылі на ветры бярозы ля вуліцы ды на мяжы сядзібы распусціў тонкае вецце вішаннік. Хаты не было, хата згніла, і яе разабралі на дровы, а гарод перайшоў суседу Багацьку Дзям'яну, які дбайна абгарадзіў яго добрым бярозавым плотам. Сцепаніда, аднак, не спынілася каля былога жытла і немаведама куды тупала ўздоўж вуліцы — міма знаёмых спрадвеку хацін, сцен, вулічных дрэў, платоў, абышла таўшчэзны, што вылез ажно на вуліцу, камель Маланнінага клёна. Спусцілася з пагорка і ішла далей, аж покуль не ўбачыла новы штыкетнік каля Аўсюковай хаты, дзе цяпер была школа і куды яна з восені спраўна тры разы ў тыдзень бегала на лікбез; цяпер там сядзелі за партамі яе Федзька і Феня і яшчэ тры дзесяткі рабят, пасаджаных за чатыры рады парт — па радзе на клас. Сцепаніда прыпынілася каля штыкетніка, абаперлася на яго грудзямі і думала. Дзеці хай вучацца, можа, іх напаткае лепшая доля, чымсі іхніх бацькоў, можа, навука дасць хлеба і выведзе ў жыццё. А яна ўсё, яна болей на лікбез не пойдзе. Пасля ад'езду Анюткі яна ўжо не магла сядзець за той партай без яе, не магла пераступіць той парог школы, дзе ўжо ніколі не будзе яе. Гэта ж Анютка ўгаварыла яе пайсці на лікбез, казала, сорамна быць непісьменным, калі ўсе ў краіне вучацца, малыя і старыя. Сама яна так старалася, так шчыравала з навукай, і цяпер Сцепанідзе стала зразумела, чаму — Ганчарык жа быў грамацей, перад службай скончыў чатыры класы ў мястэчку. Як жа было ёй адстаць ад яго? Маладзейшай, падлеткам, не было як вучыцца, у шаснаццаць год стала за гаспадыню ў хаце, як памерла ад сухотаў маці, бацька не ажаніўся болей, а блізняты-браты Анціп з Андрэем нешта бавілі час, прыглядаліся ды вагаліся. Цяпер ужо не пажэняцца.

Калі ў школе раптам выбухнуў радасны дзіцячы розгалас, яна зразумела, што дастаялася да перапынку, і адарвалася ад штыкетніку. Трохі яна паспакайнела, сабралася з думкамі, але, мусіць, далей тут стаяць было нягожа, і яна паволі паплялася па вуліцы назад, захацела пабачыць Лявона — здавалася, Лявон ведае нешта такое, чаго не ведае яна, нешта скажа, можа, суцешыць. У сельсавецкай палавіне было, аднак, пуста і стаяў слупам пыл — гэта Патап Каландзёнак шкрэбаў па затаптанай, невядома калі мытай падлозе тонкім гальнём, і яна стала ў парозе.

— Лявон хіба не прыходзіў?

— Не, не прыходзіў.

Абыякавы да яе, Каландзёнак усё драў гальнём падлогу, горнучы ў парог смецце і пясок, і яна ўбачыла на ягоных заўжды ссінелых босых нагах неблагія яшчэ, хоць і паношаныя боты. Але гэтыя боты былі не Лявонавы.

— Што, боты зарабіў? — спытала яна з тайным здзекам у тоне.

— Рэквізаваныя, — буркнуў Патап, ваўкавата зіркнуўшы на яе праз узняты з падлогі пыл.

— Старайся, паршывец! — сказала яна і выйшла на вуліцу.

Яна ішла ўздоўж плота і думала, што во, жыве ж чалавек — яшчэ малады, а ўжо граматны, нават праз меру, скончыў тры ці чатыры класы і ўсё рабіў быццам бы правільна, а нічога, апроч крыўды і нянавісці, да сябе не выклікаў у вяскоўцаў. Напісаў у газету, і ўсё тое само па сабе было таксама правільна, а чым яно абярнулася для людзей?

Яна не мела яшчэ слоў у галаве, каб сказаць яму ўсё, што адчувала, але было пэўна, што адчувала адну толькі брыду да гэтага маўклівага пераростка, які сваёю ўвішнасцю нарабіў такога, што хіба сам не разумее чаго. Гэты не Зміцер. На Зміцера зірнеш, і адразу відаць, што ён табе можа зараз зрабіць, а што заўтра зробіць гэты маўчун, таго не ўзнаеш. Цяпер ёй успомнілася, што дзеці ў вёсцы ніколі не гулялі з ім у свае дзіцячыя гульні, і хоць быў ён нязлы і нікога не крыўдзіў, яны абміналі яго стараной. Заўжды ён быў сам па сабе, адзін — ці ў вёсцы, ці па дарозе ў школу, ці ля статка ў полі. Падросшы, пачаў гарнуцца да тлумных клопатаў і спраў дарослых, бывала, не прапускаў ні аднаго сходу, з ранку да позняй ночы тырчэў у сельсавеце, слухаў, маўчаў. Што думаў толькі? Мабыць, і надумаў. «Каб ты спруцянеў, нячысцік», — са злосцю падумала Сцепаніда.

Яна ўжо мінала апошнія хаты Выселак, ужо відаць стаў сіратліва апусцелы Ладзіміраў падворак з расчыненымі насцеж веснічкамі, як недзе за Ганчарыкавай хатай, здалося, да неба ўзвіўся вар'яцкі жаночы крык. Яна аж скаланулася ад гэтага крыку і спынілася пасярод вуліцы. Якраз у той момант з-за рога хаты выбегла расхрыстаная Ўльяна, Васілёва маці, яна здзічэла крычала адно толькі: «Людцы! Людцы!» — і роспачна біла кулакамі ў свае пляскатыя грудзі. Убачыўшы Сцепаніду, кінулася да яе, усё лямантуючы і крычучы нешта, чаго Сцепаніда зразумець не магла, хоць і ведала пэўна, што сталася нешта страшнае. Праз плач і лямант Ульяна паказвала на хату, у голыя вокны з тоўста намёрзлым лёдам на шыбах. Пра нешта здагадаўшыся, Сцепаніда подбегам кінулася туды і ўжо на падворку пачула гэткі ж жудасны крык з хаты — гэта заходзіўся плачам Яначка, трохгадовы Васілёў брацік. Праз расчыненыя дзверы Сцепаніда ўскочыла ў сенцы, адкінула напаўрасчыненыя дзверы ў хату, думаючы, што трэба ратаваць з нейкай бяды Янку, але ў цемнаватай знадворку хаціне яна не магла даўмеццца, дзе ён крычыць.

Затое яна згледзела іншае і на момант аслупянела на сярэдзіне падлогі, працятая жахам.

Ля акна за канцом пустога стала аблёгся грудзьмі на сталешніцу Вася Ганчарык — як быў у сваёй чырвонаармейскай форме: шынялі, рамянях, толькі без шлема. Светлавалосая галава яго ўткнулася лбом у стол, рука выпрасталася наўкось па стале, звесіўшы на ўслон разнятыя пальцы. У затхлым паветры хаціны яшчэ чуваць быў трывожны пах стрэлу.

У куце ля печы немым крыкам заходзіўся малы Янка.

17

І вось гэтаю ноччу звёўся нешматлікі гаротны род высялкоўскіх Ганчарыкаў.

Невялічкае, танклявае цела падлетка ў загорнутай на грудзях кашульцы ляжала пад тынам ля лаўкі. Пятрок быў ашаломлены гэтым забойствам і не мог даўмецца, як яно здарылася — як той нямко апынуўся тут уначы? Што яму было тут патрэбна? Пятрок быў так уражаны і напалоханы за ноч, што нібыта страціў мову і нават перастаў бедаваць — яго апанаваў жах. Зрэшты, як і Сцепаніду таксама, якая ў маўклівым здранцвенні сядзела на сваім тапчане і не паварушылася нават.

Вы читаете Знак бяды
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату