Падкладваючы ў агонь, Сцёпка з прыцішанаю асцярогай пазіраў, як яны там, на выгаралай чорнай плешыне, разаслалі распоратую ўдоўж тарбіну і ссыпалі на яе раскрышаныя жаўтлявыя камякі аманіту. Неўзабаве ад гэтых камякоў пацягнула парай і нейкім удушлівым, рэзкім смуродам. Даніла жмурыў вочы, а пасля, кінуўшы ўсё, пачаў аберуч церці іх.
Брытвін грубавата падбадзёрваў зводдаль:
— Нічога, нічога! Жывы будзем! Хіба вошы падохнуць.
— А хай яго! Як усё роўна цыбуля!
Наўсцяж па рове папоўз удушлівы серны смурод; добра, што ранішні ветрык гнаў яго, як і дым, нізам, па ручаі; на адным краі прагаліны можна было трываць. Цяпер справа была за часам. Пазіраючы, як сохне на гарачым подзе іхняя ўзрыўчатка, Брытвін з Данілам селі ўбаку, і Даніла ўзяўся за сумку.
— Ты, ідзі сюды! — паклікаў Брытвін.
Сцёпка рабіў выгляд, што заняты вогнішчам, і яшчэ паклаў туды дзве галіны, хоць зноў пакутна глынуў сліну.
Брытвін зласнавата гукнуў:
— Ну што — прасіць трэба?
Знарок нетаропка, бы нехаця, ён падышоў і атрымаў з Данілавых рук цвёрды ражок акрайца.
— І давай палі. Гэты астыне — на той перакладзём. А то скора Дзмітры прыедзе, — гаманіў Брытвін.
Сцёпка вярнуўся да вогнішча і незаўважна праглынуў усё — хлеб быў такі смачны, што, здавалася, з'еў бы ўвесь акраец. Падкладваючы ў агонь галлё, ён неўпрыцям кідаў позіркі на іх двух. Аманіт у грудцы на мяху, здаецца, памалу сох, быццам і смярдзеў ужо меней. Раз-поразу Даніла памешваў яго палкай, Брытвін, назіраючы за ім, гаманіў:
— Мы ім зробім салют! Харашо, гэты хлопец папаўся. Хлопец — находка. Ану, давай паварочай сярэдзіну!
— Ай-яй, хай ён згарыць! — хутка заенчыў Даніла, адварочваючы твар і смешна моршчачы таўставаты, бульбінай нос.
З рудаватых грудак зноў заструменіў жоўты смярдзючы дым.
— Нічога, не смяртэльна. Затое грукне, як бомба.
— Каб жа хоць грукнула! — Даніла кінуў палку і абедзвюма рукамі пачаў церці вочы.
— Грукне, а як жа! Гэта вам не банка бензіну… Смехата: каністрай бензіну захацелі мост знішчыць! А яшчэ казалі: Маслакоў — вопытны падрыўнік. Падрыўнік ён, аказваецца, ліпавы. Пабег, як дурань, завідна… На што разлічваў? Без разведкі, без апоры на мясцовых! Без мясцовых, брат, не шмат зробіш. Гэта точна.
— А можа, ён не хацеў нікім рызыкаваць, — азваўся зводдаль Сцёпка.
— Рызыкаваць? Знаеш ты, разумнік, што такое вайна? Спрэс рызыка. Рызыка людзьмі. Хто разумней рызыкуе, той і пабяждае. А хто ў розныя там прынцыпы гуляе, той вунь дзе! — Брытвін паказаў на прагаліну. Твар яго расчырванеўся, стаў злы, і Сцёпка пашкадаваў, што не змоўчаў: сварыцца з Брытвіным цяпер не хацелася.
— Ты зялёны яшчэ, дык я табе скажу: слухаць старэйшых нада, — сказаў ён, памаўчаўшы. — Вунь у нас прошлай зімой адзін балван таксама ў благародства надумаў сыграць, ледзь таварыша на той свет не адправіў. Бач, прынцып яго заеў!
13
Брытвін адышоў за тры крокі ад агню і сеў, падкурчыўшы перад сабой ногі.
— Цярпець не магу гэткіх разумнікаў. Проста злосць бярэ, калі пачую, як каторы вылупляецца. Трэба дзела дзелаць, а ён пачне рассуждаць: так ці не так, правільна — няправільна. Не дай бог, калі хто нявінны пастрадае! Пры чым нявінны — вайна! Надта немцы вінаватых шукаюць? Яны, знай, б'юць! А мы рассуждаем: добра, нядобра… Быў адзін такі. У Капылова. Можа, хто помніць — усё ў акулярах хадзіў?
— У нямецкім шынялі? Худы такі, га? — запытаўся Даніла.
— Да, худы. Здыхлаваты чалавек, не так і малады, настаўнік, здаецца. Не, не настаўнік — інспектар райана. Вось забыў яго фамілію: не то Ляховіч, не то Ляўковіч. Я яшчэ ўвосень кацялок яму трафейны даў — свайго ж не меў, вядома. А акуляры ў яго на драцінках замест дужак, адно шкло трэснута. І то сляпы. Перш чым што ўбачыць, доўга ўглядаецца. Вочы вылупіць і глядзіць-глядзіць. Адзін раз на пераездзе на немцаў наткнуліся, абстралялі і цікаць. А ён стаіць на каленях і ўзіраецца. «Не можа быць, — кажа, — каб гэта немцы». — «Цікай, — крычу, — пакуль кулю ў зад не ўсадзілі!» Не, пакуль не ўбачыў, як за будкай перабягаюць самыя стопрацэнтныя фрыцы з аўтаматамі, не пабег.
Не чалавек, а недацёпа, яй-богу. А так, здаецца, і не дурны, вышэйшая адукацыя. А можа, усё гэта праз адукацыю? На вайне яна непатрэбна. Раз паслалі яго ў Гумялёва нейкага тамашняга паслугача прыкончыць. Чаму яго? Бо знаёмыя там былі ў яго, сувязі. Вабшчэ, у тых месцах сувязі ў яго былі крэпкія. У кожнай вёсцы свае. І да яго няблага адносіліся. Ніхто не прадаў ні разу, пакуль сам не ўскочыў. Ну, але гэта пазней ужо, зімой. А тады пайшоў з напарнікам. Напарнікам быў Сураў, акружэнец. Рашучы хлопец, але трохі таго, за гальштук любіў закінуць. Потым ён вярнуўся і адмовіўся болей з гэтым хадзіць. Дурны, кажа, або кантужаны. Тады гэты Ляховіч так удала ўсіх абышоў (жанчына там адна памагла), што да гэтага запраданца проста на кватэру з'явіўся. У кішэні парабел, дзве гранаты, аховы ў двары ніякай. Напроці на лавачцы Сураў сядзіць, семкі лускае — страхуе, каб не перашкодзілі.
І што ж думаеце: хвілін праз пятнаццаць вывальваецца, разводзіць рукамі — маўляў, не выйшла. У лесе ўжо расказаў, як было. Аказваецца, дзіця перашкодзіла. Разумееце: паліцаяў абвялі, СД, гестапа, бабу яго (таксама, сучка, ва ўправе рабіла), а дзіця перашкодзіла. І дзіцю таму гады два. Апраўдваецца: з дзіцем на ложку сядзеў, карміў, і гэты дурань не наважыўся ў яго кулю ўсадзіць. Ну, гэта ж трэба! Вы чулі такое?
Не, мабыць, такога яны не чулі і не бачылі. Тым не менш тое, што абурала Брытвіна, не выклікала ў Сцёпкі ніякай рэакцыі. Наадварот, чымсь той Ляховіч нават здаўся яму сімпатычным.
Брытвін на хвіліну задумаўся, успамінаючы.
— А другі раз зноў канфуз выйшаў. Хадзіў недзе на жалезку, ды няўдала. Налезлі на фрыцаў, ледзьве з засады вырваліся. Далі кругаля, выйшлі на дарогу, усе злыя, як чэрці, — вядома, няўдача. І тут, мінаючы адну вёсачку, ужо ў партызанскай зоне, чуюць: у кустах гергочуць. Прыгледзеліся: немцы машыну з гразі штурхаюць. Вялізная такая крытая машына буксуе, а штук пяць фрыцаў уперліся рукамі, піхаюць, па баках не глядзяць. Ну, хлопцы, натуральна, узрадаваліся, кажуць: ударым! Ляховіч гэты — ён старшым быў — агледзеўся, памеркаваў. «Не, кажа, нельга. Вёска блізка». Маўляў, машыну знішчым — вёску агнём пусцяць. Так і не даў каманды. А немцы вывалаклі машыну, селі і газанулі.
Даніла з Сцёпкам маўчалі. Адхінуўшыся ад смярдзючага дыму, Даніла ўсё моршчыў расчырванелы, у чорным валассі твар, адным вокам пазіраючы на ўзрыўчатку. Сцёпка ж дбайна напякаў зямлю, роўным кругам расклаўшы на доле цяпельца. Трава навокал яго шырока абгарэла. Аднак касцёр дагараў: канчаўся сушняк. Хлопец паскідаў у сярэдзіну канцы-галавешкі, якія ціха курэлі апошнім агнём.
Устаўшы са свайго месца, да яго падышоў Брытвін. Распяразаны, у ботах і ладным, хоць і пацёртым, цёмна-сінім галіфэ, ён выглядаў цяпер нібы сапраўдны кадравы камандзір, хіба што без знакаў адрознення.
— Ну, пажалуй, нагрэлася. Давай адграбай. Барада, нясі рэшту сюды. Падбяры з краёў.
Сцёпка голлем старанна адмёў у адзін бок прысак, і яны насыпалі на пыльную гарачую выгарыну нятоўсты слой аманіту.
— Так. Хай грэецца. І мяшай, мяшай, няма чаго глядзець!
Цяпер настала Сцёпкава чарга задыхацца і плакаць ад смярдзючай едкасці. Разы два, не стрываўшы, ён ажно ўцякаў падалей глынуць чыстага паветра. Брытвін адышоўся ў надветраны бок і зноў усеўся на сваім пакамечаным шынялі.
— Але гэта што, — лагодна казаў ён, усё яшчэ ва ўладзе сваіх успамінаў. — Гэта што! Во ён у круглянскай паліцыі выкінуў фокус. Гэта ўжо зусім дзіва. Самая бязглуздая дурасць.