— Казалі, гэта самае, бытта павесілі яго? — спытаўся Даніла.
— Ну. Павесілі. Прапаў нізашто. А Шусцік, каторы з ім папаўся, той і цяпер у Ягорава бегае. Пусцілі. Спярша думалі: хлусіць. Думалі: завербавалі. Ды праверылі праз сваіх людзей — не, праўда, Шусціка пусцілі, а Ляховіча павесілі. І, думаеш, за што? За прынцып.
— Як гэта? — не зразумеў Сцёпка.
— А так. Злапалі іх у Пракопавічах на начлезе. Як гэта сталася — не ведаю. Факт: прывезлі ў мястэчка ў паліцыю і здалі. А начальнікам паліцыі там быў адзін прыблуда з белагвардзейцаў. Знюхаўся некалі, ну, і служыў, хоць і з партызанамі заігрываў — вядома, свае разлікі меў. Во яшчэ піў здорава. Расказваюць: хоць шнапсу, хоць чыміргесу — кварту за раз кульне, і ніякай закусі. А пісталет дастане і за дваццаць крокаў у курыцу — цюк! Галава прэч, і рэзаць не трэба.
Дык гэты паліцай, мабыць, змікіціў, хто такія, а віду не падаў, павёў да шэфа. А шэф такі стары ўжо немец быў, сівы і трохі з прыдурам — усё баб каціным крыкам палохаў. Бабы наўцёк, а ён рагоча. Лічылі яго дурнаватым, але калі справа даходзіла да экзекуцыі, не пудлаваў. Звераваў нароўні з усімі.
Дарэчы, гэты Ляховіч з Шусцікам, калі іх бралі, аружжа сваё недзе прыхавалі, сказалі: маўляў, акружэнцы па вёсках хадзілі, на хлеб зараблялі. Невядома, што белагвардзеец шэфу далажыў, але той паставіўся не строга, Шусціку толькі даў палкай па горбе. Паліцай і кажа: «Кланяйцеся, прасіце пана шэфа, можа, даруе». Шусцік, як расказвалі, не чакаў угавораў, адразу немцу ў ногі, ілбом як грукне ў падлогу, ажно гузак ускочыў. Паліцаі, іх некалькі чалавек было, ухмыляюцца; немцу прыемна, рагоча. «Прызнаеш власць вялікага фюрэра нямецкага народа Адольфа Гітлера?» — «Прызнаю, — кажа, — паночку, як не прызнаць, калі ўвесь свет заваяваў». Гэта спадабалася, немец паказвае на Ляховіча: а той, маўляў, прызнае? Паліцай перакладае, а ён маўчыць. Маўчаў, маўчаў, а пасля кажа: «На жаль, я не магу гэтага прызнаць. Гэта не так». Немец не разумее, паглядае на паліцая. Паліцай шыпіць: «Не прызнаеш — памрэш сёння ж!» — «Магчыма, — адказвае, — але памру чалавекам, а ты будзеш жыць скацінай». Хлёстка, праўда? Прыгожа, як у кіно, ды што карысці. Немец без перакладчыка здагадаўся, у чым справа, і як гыркне: «Аднаго вэк, другога на вяз!» На вязе тым вешалі. Павесілі і Ляховіча. Ну, хіба не дурань?
14
Як паставіцца да гэтай гісторыі, Сцёпка не ведаў: калі верыць Брытвіну, дык Ляховіч сапраўды дурань — які там прынцып у адносінах з немцамі. Мусіць, трэба як мага хітрыць, каб абдурыць іх, бо, не абдурыўшы, не паб'еш — паб'юць яны. А яны літасці не знаюць, для іх усе сродкі здатныя, абы перамагчы. Аднак гняўлівая рэзкасць Брытвіна ў асуджэнні Ляховіча ўвогуле спадабалася Сцёпку, і ён з маўклівай задаволенасцю падумаў, што Брытвін — не Маслакоў; гэты, мабыць, свайго дабіцца ўмее. Пойдзе сам і пагоніць усіх на мост, Міцю таксама. Але што ж, калі трэба, дык трэба. Зусім магчыма, што ім прыйдзецца сербануць ліха, і хай. Толькі б удалося.
Стоячы на кукішках, ён старанна памешваў аманіт, які хоць і смярдзеў — аж блажыла, але нібыта сох. Узяўшы адзін драбок з тых, што былі найбольш мокрыя, хлопец, бы гарачы вугольчык, перакінуў яго з далоні на далонь, паспрабаваў раструшчыць. Дзе там: спёкся, як камень.
— Высах ужо.
— Ладна, хай яшчэ паляжыць, — сказаў Брытвін. — Не зашкодзіць. Усё роўна Дзмітра няма.
Над ровам ужо ўспаўзло сонца; узровак, край прагаліны і кустоўе над ёю ярка заззялі ў святле; патроху стала цяплець. Брытвін санліва расцягнуўся на шынялі, паглядзеў у высокае, з рэдкімі аблокамі неба.
— Значыць, так, — раптам сказаў ён і сеў. — Эй, Барада, шчэ храпець пачнеш!
Ён штурхануў нагой залапленае калена Данілы, той расплюшчыў сонныя вочы і, паволі заварушыўшыся, таксама сеў.
— Значыць, так. Некаму трэба падабрацца да моста. Кусцікі там ля ракі, я ўчора бачыў: падход харошы. Задача: у случаі чаго падтрымаць агнём. Хто пойдзе?
Даніла, відаць было, адразу пазбыўся сну і маўкліва ўтаропіў кудысь у дол свой позірк: мабыць, думаў, што б гэта для яго магло значыць. Сцёпка таксама маўчаў: навошта напрошвацца самому? Справа тая, мусіць, не дужа вясёлая; каго пашлюць, той і пойдзе.
— Так, — сказаў Брытвін. — Ну, тады ты, Тоўкач. Падкрадзешся і замры. Паняў?
Сцёпка маўчаў. Ён быў гатовы, калі гэта выпала на яго долю. Хоць тое, што Брытвін цяпер звярнуўся іменна да яго, маленькай крыўдай закранула хлопца. Ён усё ж не падаў выгляду, нібы нічога і не меў супроць. Тым не менш Брытвін нешта, мабыць, заўважыў.
— У цябе ж аўтамат. Ці, можа, аўтамат Барадзе аддаць? Тады ён пойдзе.
— Не ўжо, не аддам.
Яны яшчэ пасядзелі хвілін пятнаццаць. Аманіт, мабыць, пачаў ужо астываць, як Брытвін ускінуў галаву — на ўзроўку з'явіўся Міця. Хапаючыся за вецце, хлопец імкліва збег аж да нізу. Брытвін ускочыў з трывогай на твары, але Міця, ажыўлены і спатнелы, усё ў тым жа чорным картовым пінжачку, супакоіў:
— Ну, усё гатова.
— Маладзец, — сказаў Брытвін. — Дзе падвода?
— Тут, у кусціках. Прыпазніўся толькі, але нічога.
— Так! — Брытвін азірнуўся. — Тоўкач, марш з ім да воза, з аднаго бітона малако вэк, бітон сюды. Колькі ў цябе бітонаў?
— Тры.
— Двух хопіць. Адзін пойдзе на міну.
Міця неяк з няёмкасцю пераступіў босымі нагамі.
— Тут от… паесці вам.
Аберуч ён выдраў з тугой кішэні нейкі пакунак, загорнуты ў чыстую кужэльную анучку, аддаў Брытвіну. А той толькі і ведаў, што хваліць ды з трохі фальшывай празмернасцю захапляцца хлопцам:
— Маладзец! Проста герой! Ну, дабро. На, Барада, у тваю сумку.
Даніла пачаў запіхваць сняданак у сумку, а Сцяпан з Міцем таропка падаліся на ўзровак.
Міця бег наперадзе. Яго босыя, пасівераныя пяткі рупна мільгалі па мокрай траве, невялічкая галава ў чорнай зашмальцаванай кепцы, бы ў вараняці, зырка снавала на шыі туды-сюды — праз радкаваты алешнічак было відаць далёка. Сцёпка, аднак, прывык ужо за ноч да рова і схілу і, як на знаёмай мясцовасці, амаль не адчуваў небяспекі.
Ён думаў над тым, што сказаў Брытвін, — стараўся зразумець яго план, але зразумеў не многа. Былы ротны ўсё нешта хітрыў з імі, намякаў, а па сутнасці — таіў ад іх сваю задуму — дзеля сакрэтнасці, ці што? Калі Сцёпку пасылаюць на прыкрыцце, дык, выходзіць, самі паедуць на мост? Але ці не мала будзе іх двох, каб зладзіць з аховай, якая цяпер, пасля ўчарашняга выпадку, мабыць, набралася пільнасці і, вядома, спаць у шапку не будзе. Зноў жа, паліцаі іх убачаць, мабыць, здалёк, і мала што ведаюць Міцю, але іншых могуць западозрыць і не падпусціць блізка. Тады што рабіць?
Гэты брытвінаўскі план з малакавозам ужо ў самым пачатку выглядаў не надта пераканаўча.
Рослік стаяў непадалёк, забіўшыся ў ляшчыннік разам з калёсамі, на якіх, увязаныя вяроўкамі, блішчалі белыя бакі трох бітонаў. Мабыць, недзе паблізу была дарога, бо Міця сцішана палашчыў прывязанага за куст каня і моўчкі ўскочыў у воз. Удвух яны ледзьве саставілі крайні бітон на зямлю. Пад рукамі цяжка боўтала, запахла сырадоем, статкам, і калі хлопец адчыніў вечка, Сцёпка ажно сумеўся: столькі малака трэ было выліць.
— Пі. Хочаш? — прапанаваў Міця.
Піць Сцяпан зусім не хацеў — хацеў есці, але цяпер не стрымаўся. Укленчыўшы, ён наглыкаўся, колькі змясціў ягоны пусты жывот, хоць асаблівае асалоды не адчуў: іншая справа, каб быў хлеб.
— Ну, што? Выліваем?
— Давай.
Яны нахілілі пасудзіну і, абліваючы белымі пырскамі ногі, пусцілі па траве духмяны малочны ручай. Падняўшы на сабе сухое лісце, галінкі, рознае лясное смецце, малако шырока расцяклося ў кустоўі.
Парожні бітон здаўся даволі лёгкім. Сцёпка ўзваліў яго на плячо і пашыбаваў у алешнік. Міця бег