паддавацца паныласці, куды важней было надумаць, як апраўдацца перад паліцыяй, каб выратавацца ад смерці і, можа, яшчэ і пасабіць Сотнікаву.
Але, мусіць, тое было няпроста.
З высокага, чымсь застаўленага знадворку квадратнага акенца цадзілася рэдзенькае святло, яно напаўняла камеру прывіднай шэрасцю, у якой выразна былі відаць толькі святлявы лапік затаптанай саломы ды нагнутая сівая галава старасты пад акном. Той нерухома сядзеў ля сцяны, аддаўшыся сваім, мусіць, таксама невясёлым думкам.
— Казалі, там нехта паліцыянта ўначы параніў, невядома, ці будзе жыць, — пасля доўгага маўчання сказаў-намякнуў стары.
Рыбаку тое раненне не было навіна, але ён проста забыўся пра яго і цяпер, пасля напамінку старасты, затрывожыўся яшчэ болей. Аднак размову перавёў на іншае.
— Вас ужо бралі наверх? — запытаў ён з нясмелай надзеяй, што чарга на допыт, можа, яшчэ не яго.
Але стараста тут жа і разбурыў гэту яго надзею.
— На допыт? А як жа! Сам Партноў дапрашваў.
— Які Партноў?
— Следчы іх.
— Ну і як? Здорава білі?
— Не, мяне не білі. За што мяне біць? Б'юць, калі хто ўтойвае. А я што мог утаіць?
Рыбак, зацяўшы дыханне, уважліва слухаў: хацелася па магчымасці ўведаць, што яго самога чакала наперадзе.
— Гэты Партноў, я табе скажу, хітры, як чорт. Усё ведае, — нявесела зазначыў стары.
— Але ж ты выкруціўся.
— А што мне выкручвацца! Віны за мной ніякай няма. Што перад Богам, тое і перад людзьмі.
— Такі бязвінны?
— А ў чым мая віна? Не пабег дакладваць пра авечку? Дык я стары па начы бегаць. Шэсцьдзесят сем год маю.
— Да-а, — уздыхнуў Рыбак. — Значыць, кокнуць. Гэта ў іх проста: пасобніцтва партызанам.
Такім жа роўным голасам, як і дагэтуль, Пётра сказаў:
— Ну што ж! Значыць, такая судзьба. Дзе дзенешся?
«Якая пакорлівасць!» — падумаў Рыбак. Зрэшты, шэсцьдзесят сем гадоў — сваё ўжо аджыў. А тут усяго дваццаць шэсць, хацелася б трохі пажыць яшчэ. Не тое што страшна, а проста брыдка класціся па зіме ў прамёрзлую яму.
— Не, трэба змагацца.
А што, калі ва ўсёй гэтай гісторыі зрабіць большы ўпор на старасту? Сапраўды, калі выдаць яго за партызанскага агента ці хоць бы памагатага, сказаць, што ён не першы ўжо раз рабіў паслугі атраду, накіраваць усё следства ў фальшывым напрамку? Пачнуць дадаткова расследаваць, спатрэбяцца новыя сведкі, паказанні, пройдзе час. Мабыць, Пётру гэта не шмат павялічыць ягонай віны перад немцамі, а ім двум, можа, яшчэ і пасобіць.
Аддаўшыся думкам і аціхшы, ён аж здрыгануўся, калі побач у саломе нешта шаснула і цераз яго боты перакулілася нешта жывое і мяккае. Стараста ў куце варухнуў нагой: «Кыш, халера на вас!» — і тады ён згледзеў пад сцяной пацука. Хуценька поркаючы, нібы абнюхваючы салому, шэры порсткі камяк прашыбаваў краем падлогі і знік у цёмным кутку.
— Развялося іх тут, — сказаў Пётра. — І на людзей не зважаюць, лётаюць, як халеры якія. Мусіць, яшчэ Іцкавы. Некалі тут крама была, Іцка цукеркі прадаваў. Пасля сельпо зрабілі. Колькі чаго памянялася, а пацукі ўсё бегаюць.
— Пацукам цяпер толькі і жыць!
— Анягож. Ніхто іх не вынішчае. Ах ты, Божа…
Ён не паспеў дагаварыць, як за дзвярыма недзе загрукала, лязгнуў засоў, і ў вочы ўдарыла дзённая яркасць. На парозе з'явілася галянастая постаць Стася ў знаёмым бушлаце, з вінтоўкай за плячом.
— Ну, дзе цвай бандыт? К следчаму!
Паліцай рагатнуў, коратка і агідна, а ў Рыбака нешта раптам і пакутна апала ўнутры. Мусіць, з залішняй паспешлівасцю ён ускочыў на ногі, коўтаючы ў свядомасці недаўменне: а дзе ж Сотнікаў? Спярша ж, мусіць, павінны прывесці Сотнікава, а пасля ўжо ўзяць на допыт яго. Ці, можа, Сотнікава ўжо забілі?
Ён пакорна пайшоў да прыступкаў, счакаў трохі, пакуль Стась замыкаў за ім дзверы, потым паперадзе яго ўзышоў наверх. Ступаў ён амаль механічна, без удзелу свядомасці, не заўважаючы нічога навокал, і адчуваў сябе вельмі кепска. Не, гэта не быў страх — ён пакутаваў ад бяссілля, ад немагчымасці звярнуцца да выпрабаванага сродку — сілы, каб уратаваць сябе. Адсутнасць усялякага выбару надта звузіла яго магчымасці, думка наконт старасты асталася марным намерам — ён як след не прадумаў яе, нічога не падрыхтаваў і цяпер нёс поўную збянтэжанасць у душы.
— Во, кажушок і скінеш! — пругка цопнуў яго Стась па плячы. — А нішто паўшубачак, яй-богу! І боты. Ну, боты я забяру. А то шкада такія трапаць, праўда? — Ён матлянуў наперад сваёю нагой у ладным хромавым боце. — У цябе які нумар?
— Трыццаць дзевяць, — схлусіў Рыбак, запавольваючы крок: пасля смярдзючага склепа хацелася хоць надыхацца.
— Халера, замалыя! Эй, у рот табе аглоблю! — раптам вызверыўся паліцай. — Шырэй шаг!
Асцерагаючыся кухталя, Рыбак не стаў упарціцца — праскочыў дзверы, нядоўгі цемнаваты калідор з мардатым днявальным ля тумбачкі. Стась сціпла пастукаў сагнутым пальцам у дзверы.
— Можна?
Нібы ў сне, прадчуваючы, як зараз канчаткова рухне і спрахне ягонае жыццё, Рыбак пераступіў парог і ўпёрся позіркам у магутную печ-галандку, якая нейкім загадкава кепскім знакам з'явілася на яго дарозе. Яе чорны колер і крутыя асадзістыя бакі прыгняталі, нагадваючы недарэчны помнік па чыімсьці жыцці. За сталом ля акна стаяў шчуплаваты чалавек у пінжаку, ён чакаў. Рыбак спыніўся непадалёку ад дзвярэй, недаўменна згадваючы: няўжо гэта і ёсць той самы следчы, у якога не выкруціўся стараста?
— Прозвішча! — адразу гыркнуў чалавек. Відаць, ён быў чымсь раззлаваны, нервозны тварык яго нядобра хмурнеў, позірк спадылба цвёрда ўтаропіўся ў арыштаванага.
— Рыбак.
— Год нараджэння?
— Дзевяцьсот шаснаццаты.
— Дзе радзіўся?
— Пад Гомелем.
Следчы адышоўся ад акна, сеў у крэсла. Паводзіў ён сябе насцярожана, энергічна, але, здаецца, не надта пагрозліва.
— Сядай!
Рыбак ступіў два крокі і асцярожна апусціўся на рыплівае венскае крэселка насупраць стала.
— Жыць хочаш?
Дзіўнаватае гэта пытанне сваёй нечаканасцю трохі зняло напружання, Рыбаку нават пачулася ў ім нешта ад жарту, і ён ніякавата паварушыўся на крэсле.
— Ну хто ж жыць не хоча! Вядома…
Аднак следчы, здаецца, быў далёкі ад таго, каб жартаваць, і ў ранейшым тэмпе прадаўжаў насядаць з пытаннямі.
— Так! Куды ішлі?
Энергічная пастаноўка пытанняў патрабавала, мусіць, гэткае ж энергіі ў ягоных адказах, але Рыбак не адразу цяміў часам патайнага сэнсу паліцаевых слоў і трохі марудзіў.
— Ішлі па харчы. Трэба было папоўніць запасы, — сказаў ён і падумаў: «Чорт з ім! Хто не знае, што партызаны таксама ядуць. Які тут можа быць сакрэт!»
— Так, праўда. Паверу. Куды ішлі?
Следчы ўвесь аж напяўся за сталом, сочачы за рухам кожнае жылкі на яго твары. Рыбак разгладзіў палу кажушка на калене, паскроб пазногцем нейкую там плямку.