адразу рынаецца на мяне, б'е мне галавой у грудзі, збівае з ног і навальваецца ўсім сваім цяжкім здаравенным целам. У мяне запінае дыханне, але шаленства надае мне сілы, я як мага выкручваюся, стараюся вырвацца і яшчэ садануць у яго ненавісны ўкормлены твар.

— Стойце! Стой!!! — крычыць недзе Жаўтых. — Ашалелі, сабакі!

Я рвуся што ёсць моцы, ад Задарожнага патыхае лютаю сілай, ён шалее, заломвае мае рукі і б'е патыліцай аб зямлю. «Ух ты, сволач!» — крычу я ў думках, напружваюся, ускідваю нагамі, і мы абодва з бруствера рынаем у сховішча.

Тут я адрываюся ад яго, ён зараз жа кідаецца зноў, але тут сцяна, я ўстойваю на нагах і сустракаю яго кулакамі.

Нас, аднак, разнімаюць. Жаўтых, Папоў і Крывёнак хапаюць Задарожнага ззаду, адрываюць ад мяне, я выкручваюся ўбок, трошкі апамятваюся, — здаецца, я даў яму — хай помніць. Задыханы, выходжу на пляцоўку, прысланяюся да нашай гарматы і ледзьве стрымліваю сэрца ў грудзях.

— Сапляк! Сволач! Я табе морду ў біфштэкс перараблю! Біцца мне? — таксама задыханы, грыміць здаля Задарожны і тузаецца з рук хлопцаў.

— Лошка! Лошка! Не трэба! — угаворвае Папоў.

— Якога д'ябла! — са знарочыстай строгасцю ў голасе сіпіць Жаўтых, стоячы перад ім. — Ашалелі, дурні! Апомніцеся! Завошта?

Лук'янаў, прыціхлы і, здаецца, збянтэжаны, стаіць у кутку з рыдлёўкай у руках. У такіх схватках ён, вядома, не ўдзельнічае.

Я аддыхваюся і маўчу. Я не скажу завошта — хай здагадаецца ён, калі здольны на гэта, а іншым не трэба і ведаць. Мне толькі крыўдна трохі, што, здаецца, мне болей, чым яму, перапала ў гэтае бойцы, а так усе яны — і Лёшка, і Люся, і іншыя, хто заадно з імі, — няхай яны ідуць да д'ябла.

Доўга пасля гэтай сутычкі старшы сяржант усё бурчыць — абураецца на нас, а я стараюся працаваць, падбіраю з долу пясок і думаю, што ад Задарожнага чаго іншага і не выпадала чакаць. Але чорт з ім, з Задарожным, у маіх пачуццях пачынае расці-разрастацца гідлівая пагарда да той нашай «чараўніцы», да Люсі. Вядома, што ні ў чым яна не вінавата перад намі і вольная ў сваіх учынках, але я цвёрда перакананы, што ў адносінах да ўсіх нас яна зрабіла нешта злачыннае, за што варта вялікае ганьбы. Яна ашукала нешта светлае ў нас, збэсціла сабою ўвесь людскі род, я не хачу цяпер верыць нікому, я хачу крычаць у ноч брыдкія, паганыя словы ёй, я ненавіджу і яго, і яе — абое яны паўстаюць прада мной аднолькава мярзотныя, агідныя і нізкія.

8

Урэшце ўкрыцце гатова. Папоў таксама канчае сваю працу, мы выходзім на пляцоўку за гарматай, кідаем у кучу рыдлёўкі, Жаўтых дастае з кішэні трафейны швейцарскі гадзіннік, асцярожна зашпільвае на руцэ бранзалет і ўглядаецца ў зеленаватыя лічбы на чорным цыферблаце.

— Так… Лазняк, Лук'янаў, марш за сняданкам. І жыва! Хутка развіднее.

Лук'янаў паслухмяна збірае кацялкі, я вешаю на сябе аўтамат, і па вузенькай сцяжынцы ў траве мы ідзём ад нашай агнявой у маўклівую, трывожную цемру поля. Ноч, відаць, дабірае апошнюю гадзіну. Месяц, узлезшы ў паўнеба, пачынае ўжо ніжэць, блішчастая кісяя хмаркі, што ўсю ноч вісела ўгары, некуды сплывае з празрыстае сіні, зоркі блішчаць трохі вастрэй. Сіняваты змрок цяпер гусцее над варожымі пагоркамі, усходні небакрай хоць яшчэ цёмны, але ў параўнанні з заходнім святлее, здаецца, і зорак там менш, і відны адны толькі большыя. На зямлі блукаюць-варушацца няпэўныя цені; палосы, лапінкі, плямы месячнага святла санлява ляжаць на травяністым, падзёўбаным варонкамі полі.

У мяне яшчэ не мінула злосць на Лёшку, яна сваёю ўладарнаю сляпою сілай засланяе трывогу за ранак, у які чакаюць нас чарговыя выпрабаванні вайсковага лёсу. Але чорт з ім — з заўтрам, — я не люблю загадзя чакаць кепскага, мне заўжды лепш, калі яно грымне як нечакана, а так напакутуешся напярэдадні і, як гэта часта бывае, — дарэмна.

Я тупаю наперадзе па сцяжыне і апроч тае трывожнай няўпэўненасці адчуваю ў сабе пустотную лёгкасць ад чагось перажытага, страчанага, што ўжо адступіла, не хвалюе, толькі яшчэ халодным попелам ляжыць у душы. У мяне ўжо няма ні былое зайздрасці да Лёшкі, ні нястрымнага, пакутнага імкнення да Люсі, я нешта зразумеў, перажыў і, думаецца, нават пасталеў і паразумнеў за гэтую ноч.

Мы ідзём моўчкі, ціхенька парыпвае дужка на кацялку; Лук'янаў ззаду маўчыць — ён заўсёды такі задумёны і няўклюдны. Я прыпамінаю, як нядаўна Лёшка абразіў яго палонам, а ён змоўчаў, стрываў — перанёс усё ў сабе.

— Што вы яму па мордзе не далі тады? — пытаюся я, азірнуўшыся. — Варта было б.

Лук'янаў трохі маўчыць, уздыхае, затым разважна адказвае:

— А ці варта? Ці варта чапацца! Гэта глупства. Не ён першы, не ён апошні. Я ўжо прывык.

— Дарма. Так ён і будзе чапляцца, тыраніць. Калі здачы не даць. Ён такі.

— Ніхто чалавека не тыраніць больш, чым ён сам сябе. Так вось.

— Гэта калі ў чалавека сумленне ёсць. А ў Задарожнага яно і не начавала.

— Не, чаму? — падумаўшы, адказваё Лук'янаў. — Па-свойму і ён мае рацыю. Адносна, вядома.

Мы зноў маўчым, памалу клыпаем і ўслухоўваемся ў ноч.

Сцяжынка прыводзіць нас да сланечніку, які шэраю нерухомай сцяной дрэмле ўначы. Па той бок яго, на дарозе, чуюцца салдацкія галасы, недзе далей на сцежцы коратка бліскае іскра ад цыгаркі і даносіцца сцішаны смех. Хоць і вайна, і небяспека, але пакуль ціха, і жыццё ідзе сваім чынам.

Лук'янаў ціхенька ідзе ззаду, і ў сузіральна-супакоеным настроі яго я згадваю ціхі водгук перажытых пакут, нейкі душэўны надлом, гэта цяпер мне блізка, зразумела, і я пытаюся:

— Скажыце, а як вы ў палон трапілі?

Салдат з паўхвіліны маўчыць, нешта думае, затым уздыхае:

— Проста. Пад Харкавам у сорак другім. Параніла. Страціў прытомнасць. Ачнуўся — наўкола немцы. Ну, лагер, і ўсё…

Я думаю, што Лук'янаў скажа і яшчэ што, але ён змаўкае. У адным месцы мы натыкаемся на неглыбокую мінную варонку. Месячнае святло таямніча высвечвае на сцяжыне круглую чорную пляму з стабілізатарам усярэдзіне. Хоць небяспекі ад яе ўжо няма, але не хочацца і ступаць у яе чарнату. Я пераскокваю варонку. Лук'янаў абыходзіць яе збоч.

— Такі быў мой пачатак канца, — уздыхае Лук'янаў.

— Пачатак канца! — паўтараю я і думаю, які недарэчна-злавесны сэнс у гэтых двух, такіх звычайных упаасобку, словах. — А затым што?

— Затым? Затым пачалося пекла. Усё лета закопвалі супрацьтанкавыя равы на Ўкраіне. У сорак першым іх жа накапалі тысячы кіламетраў. І мы закопвалі. Нікому гэта не трэба было, але, відаць, іншай работы для нас не знайшлося…

— Вы ж, здаецца, афіцэрам былі?

— Лейтэнантам. Камандзірам сапёрнага ўзвода.

— Ну, а пасля?

— А пасля от радавы, — сумна ўсміхаецца Лук'янаў.

— А чаму так?

— Так.

Я не пытаюся болей, — разумею, што яго пакаралі, хоць не магу даўмецца, чаму чалавек, які столькі стрываў у палоне, павінен быў яшчэ і ў нас панесці нейкую кару.

— Гэта, брат, так, — кажа ён, ідучы побач. — У вайну мне не пашанцавала страшэнна. Ва ўсіх адносінах.

— А яшчэ што?

Лук'янаў прыцішвае хаду, пазірае ў месячную далячынь і заклапочана кажа:

— Разумееш, што атрымалася. Бацька мой камандзір брыгады, Герой Савецкага Саюза. А я вось няўдака, сорамна прызнацца каму.

Я насцярожваюся, слухаю, ён заўважае гэта і дадае:

Вы читаете Трэцяя ракета
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату