— Пасля палону так і не напісаў яму. Не адважыўся. Дый што я напішу? Праўда, бацька мяккай душы чалавек. Маці таксама. Ні грошай, ні ласкі не шкадавалі. Здаецца, і я някепскі быў, слухаў, вучыўся. У сорак першым разам з дому пайшлі: бацька на фронт, я — у вучылішча. І вось дзіка як атрымалася.
— Ну што ж!.. Ці ваша віна? Вайна ўсё.
— Вайна, вядома. Але не ў тым рэч… — пярэчыць ён. — Недзе штось сфальшывіла ва мне. Я-то ведаю. Толькі…
Ён, аднак, не дагаворвае, змаўкае, і я кажу:
— Кепска!
— Вось іменна.
Я веру і шчыра спачуваю яму. Гэтая яго бяда нечым вабіць мяне, мусіць, у нас з ім нейкія блізкія перажыванні, і мне хочацца чым-небудзь суцешыць свайго таварыша.
— Ну, то нічога. Яшчэ не позна. Можна званне аднавіць. Быць бы жывым. А на кпіны вы не зважайце. Не ўсе ж у войску такія, як… Задарожны.
— Яно-то так, але… Дарэчы, ты не вельмі слухай гэтага Задарожнага, — пераходзіць на іншае Лук'янаў. — Ён трапло. Набрэша, а на справе нічога і не было. Такіх шмат… сярод нашага брата — мужыкоў.
Гэтыя словы спачатку здзіўляюць, а затым раптоўна ўзбадзёрваюць мяне. Я аж спыняюся, і нечакана для сябе ў мяне вырываецца:
— Праўда?
— Ну, а ты як думаў? Люся някепская дзяўчына… Наогул, шмат нашых уяўных бед ад таго, што мы не верым жанчыне. Мала паважаем яе. А ў ёй жа святасць мацярынства і мудрасць вякоў. Яна антаганіст злачынства, бо яна маці. Яна шмат выпакутавала. Пакуты выкрышталізавалі яе душу. А як правільна сказаў Жаўтых, пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут — трава.
Насустрач ідуць пехацінцы, моўчкі брыдуць яны ў прыцемках, несучы на перадавую ранні сняданак. Гадзінай пазней ужо тут не пройдзеш; хто спозніцца, той будзе галадаць да вечара. Мы ўглядаемся ў іх невыразныя пры месяцы твары, але знаёмых сярод іх няма.
— Мы не спазніліся, хлопцы? — пытаюся я.
— Не. Яшчэ толькі пачалі даваць. Мы от першыя, — ахвотна адказвае маленькі пехацінец, згорблены ад вялікага тэрмаса на спіне. Мы збочваем на траву і размінаемся. Лук'янаў даганяе мяне і зноў ідзе побач. Відаць, я сваёю цікаўнасцю зачапіў у ім нейкую балючую струну, якая загучала цяпер шчыра і надоўга.
— Пакуты, пакуты!.. — раздумна кажа ён і з нечаканаю ажыўленасцю прадаўжае: — Я вам скажу. Я доўга памыляўся, не разумеў шмат чаго. Палон мяне навучыў многаму. У палоне чалавек адразу губляе ўсё, што паначапляла жыццё: кубікі, шпалы, ордэны, дыпломы, білеты. Застаецца адно толькі пры ім — яго душа. Як у Ісуса. Я нагледзеўся рознага. За трыццаць год жыцця не зразумеў таго, што за адзін год палону. Я ўсё думаў: усё ж яны, немцы, не якія азіяты, яны далі чалавецтву Баха, Гётэ, Шылера, Энгельса. Аказалася, увесь іхні сэнс — Гітлер. Вось што можа зрабіць адзін чалавек з нацыяй, якая даверыцца яму. Хаця не ўсе аднолькавыя. Некаторыя думаюць па-свойму. Напэўна, кожны чалавек — ад прыроды чалавек. Жыццё робіць з яго генія або злыдня. Немцы прадалі Гітлеру свае душы, і ён зрабіў іх злыднямі. Гэта страшна — прадаць аднаму ўсе душы. Апрача ўсяго іншага, гэты адзін стане вампірам. Ён захоча акіяна крыві. Быў у нас Курт, ён шмат што разумеў правільна. Мы часам гутарылі. Я палонны, а ён салдат з аховы. Але ён трус. Ён болей за ўсё баяўся фронту. Ён ненавідзеў Гітлера, але пакорна служыў яму. Пасля ён павесіўся ў лагеры.
— Чаго ўжо чакаць ад немцаў, — кажу я, — калі вось і нашы… Колькі набралася і ўласаўцаў, і паліцаяў…
— Яно так. Гэта ўжо даказана. Трусасць і разлік на выгаду губяць усіх: і нашых, і немцаў, і радавых, і генералаў, — з незвычайным для яго запалам кажа Лук'янаў. — Не перамогшы ў сабе карысталюбца, баязліўца, не пераможаш ворага. Гэта так. Гэта пытанне жыцця і пытанне гісторыі.
Памаўчаўшы трохі, ён весялей ужо дадае:
— А за Люсю ты не турбуйся. Яна нішто дзяўчына. Так мне здаецца. Скончыцца вайна — камусь пашанцуе. Эх, калі б не вайна!..
І я раптам адчуваю, што веру яму, веру, як богу, ён звальвае з мяне нябачны камень пакут і дае светлую жаданую надзею, — дзіўна нават, якою сілай валодаюць звычайныя сяброўскія словы, сказаныя ў пару. Я не магу даўмецца цяпер, як гэта я не зразумеў усё з самага пачатку, навошта так легкадумна паверыў гэтаму балабону Лёшку. Я вельмі рады цяпер, але, здаецца, нічым таго не паказваю Лук'янаву, — мне раптам робіцца лёгка і светла на душы, і нават заўтрашняе выпрабаванне адлятае кудысь у далёкія задворкі памяці.
— Ага, Люся слаўная. Гэта ён балбатун, — згаджаюся я, і мне пакутна балюча ад думкі, што зусім нядаўна яшчэ я гатовы быў зняславіць ні ў чым не вінаватую дзяўчыну.
— Давай хутчэй, браце, каб не спазніцца! Ці не віднее? — павесялеўшы, кажу я, і мы паскараем крок — паўз сланечнік у лагчыну ля вёскі, куды ўночы прыязджае наша батальённая кухня.
9
Пакуль мы прыносім сняданак, пачынае світаць.
Неба з кожнай хвілінай святлее, па небасхіле ўсё шырэй разліваецца зеленаваты водсвет далёкага сонца, хутка гаснуць і без таго рэдкія зоркі. Месяц у вышыні растае, губляе сваё ядронае ўночы святло, вузее і бездапаможна вісіць над пасвятлелым прасцягам. На зямлі неўпрыцям знікаюць рэзкія цені, сплывае срэбны месячны бляск, сціпла і слаба асветленае, выступае са змроку ранішняе наваколле — травяністае, перакапанае вайной поле, шэраг слупоў над дарогай, вузкая палоска сланечніку пад вёскай.
Таропка і моўчкі снедаем.
Жаўтых першы паспешна даядае з вечка прыпраўленую тушонкай кукурузную кашу (мамалыгу, па- тутэйшаму) і засоўвае ў кішэню недаедзены кус хлеба. Шэры ў прыцемках твар старшага сяржанта ажыўлена-засяроджаны на сваіх камандзірскіх клопатах. Мы таксама выскрэбваем кацялкі, чысцей аблізваем лыжкі, і ўнутры ў кожнага з нас шпарка і няўхільна расце дрыготкая трывога. І мне аж любасна ад тае дзелавой спакойнасці, з якою гэты немалады ўжо, рудавусы, ссінелы з твару, трошкі крываваты ў нагах — звычайны калгасны дзядзька, наш цяперашні камандзір, збіраецца да начальства з дакладам аб гатоўнасці. Быццам для якой звычайнай працы ў полі, дажоўваючы ў роце сняданак, ён за тоненькі раменьчык вешае на шыю бінокль, закідвае за плячо аўтамат, насоўвае на лоб пакамечаную, белую ад сонца пілотку, якая заўжды неяк аблавушкай сядзіць на яго галаве — ад вуха да вуха. Пілотка і іншая абмундзіроўка ў яго не дужа адмысловая, звычайнае б/у, затое ўсё іншае, што вызначае ў ім сяржанта-артылерыста, дагледжана і носіцца ў ашчаднасці. Бінокль хоць і старэнькі, з вышчарбленым акулярам, але пра яго Жаўтых кажа, што не памяняе на новы, нават на трафейны цэйсаўскі. Да сяржанцкае палявой сумкі з настаўленнямі, брытвай і рознай салдацкай драбязою прышпілены компас, — як у начальства. Пад ранак ён надзявае зашмальцаваную сваю ватоўку, на ёй пакручастыя пагоны з чырвонаю лычкай упоперак і на рукаве вышэй ад локця, нібы залатая, паблісквае выразаная з бляхі самадзелка — скрыжаваныя ствалы гармат. Гэта эмблема знішчальніка танкаў. Ботаў Жаўтых не носіць, кажа, што ў іх нездарова нагам, і ходзіць у чаравіках з абмоткамі, якія накручвае нізенька — на далонь ад халявак.
— Крывёнак, пабудзі Папова, — загадвае старшы сяржант, варушачы вусамі. — Я да камбата.
Крывёнак, здаецца, абыякавы да ўсяго, што неўзабаве чакае нас, расслаблена ўстае ад кацялка і, валюхаючыся, ідзе будзіць наводчыка, якога Жаўтых перад світанкам паклаў спаць. Папоў, вядома, не выспаўся за якую гадзіну, разбуджаны, сядзіць нейкі час у доле і, пазяхаючы, няўцямна глядзіць перад сабой.
І тады зноў з-за варожых пагоркаў даносіцца злавесны гул танкаў. Гэты раз гудзе ўжо бліжэй, пачынае нават здавацца, што танкі ідуць сюды, на нас, усе мы ўстрывожана ўзіраемся ў бок ворага, але ўбачыць там яшчэ нічога нельга. Гэты гул, відаць, канчаткова абуджае Папова, ён устае на калені, падпяразваецца, бярэ свой кацялок з ежай і, узіраючыся ў змрочныя пагоркі, ідзе да гарматы.
— Усё ж нешта яны нам рыхтуюць сёння, — кажа Лук'янаў і бярэцца за аўтамат. Мы з Крывёнкам