«Слава богу! — спадае ў душы прыкрае трывожнае напружанне. — Трапілі, цяпер дабіць!»
— Бах! — грукае стрэл, гармата тузаецца, з казённіка са звонам вылятае гільза. Лёшка, на імгненне прыўзняўшыся на каленях, дасылае наступную, і праз дзесяць секунд зноў:
— Бах!
На агнявой — кіславаты парахавы смурод, пыл. Шостая гільза звонка лязгае ў доле аб папярэднія, і вось жаданая каманда:
— Ва ўкрыцце!
«Ёсць! Здаецца, удалося! Яшчэ трошкі, яшчэ…»
Мы ўсе хапаемся за гармату, я перапаўзаю цераз станіну, вырываю з восі стопар, нехта ззаду выдзірае з зямлі сашнік. Жаўтых хапаецца за левую станіну. Прыпаўшы да самай зямлі, налягаю на кола, штурхаю — гармата зрушваецца з месца. Папоў трошкі спазняецца штурхнуць левае кола, гармата перакошваецца на пляцоўцы, і Жаўтых злосна крычыць на яго:
— Папоў, такую тваю растакую! Штурхай!
На Папова камандзір крычыць рэдка, толькі ў баі пад агнём, — тут ён нікога не вылучае, тут у яго ўсе роўныя, і, паслухаўшы збоку ў такі час, можна падумаць, што ён з кожнага гатовы садраць скуру. Папоў не крыўдзіцца на тое, як не крыўдзіцца ніхто, — у насунутай на вочы касцы ён упіраецца каленямі ў зямлю, плячом — у кола, гармата зрушваецца з месца і, цяжка гойдаючыся, ідзе ва ўкрыцце.
— Та-та-та-та-та… — стукае здаля кулямёт, але мы ўжо звярнулі станіны, я напружваюся, што, здаецца, разрываюцца ад натугі грудзі, і штурхаю ў кола аберуч, аж покуль гармата не пачынае каціцца паціху сама. Хлопцы і Жаўтых кіруюць яе станінамі, а апошні, на каленях, учапіўшыся за правіла, штурхае схуднелы, з акрываўленай шчакой Лук'янаў.
10
Пасля мы сядзім у нашым вузенькім абжытым акопчыку і, супакоеныя ды трошкі абрадаваныя зробленай справай, утаймоўваем у грудзях ашалелыя ад натугі і перажытага сэрцы. Некалькі кулямётаў лупяць па нашай пазіцыі, раз за разам збіваючы з бруствера камякі, і пясок сыплецца на нашы галовы. У чыстым ранішнім паветры над агнявой космамі вісіць пыл. Але буйнакаліберны кулямёт маўчыць, а астатнія мы як-небудзь стрываем.
— Хапіліся! — задаволена кажа Жаўтых, седзячы на дне, і радасна смяецца, густа наморшчыўшы свой зашчацінены за ноч, сіняваты твар. — Усё ж абдурылі — ведай нашых!
Пасля, пасур'ёзнеўшы, камандзір пытаецца:
— Ну, а ты як, Лук'янаў? Трываць можаш?
Лук'янаў, схіліўшы перавязаную галаву, курчыцца пад палаткай у канцы акопа і зябка хутаецца ў шынель. Рана ў яго на галаве, пэўна, не дужа страшная, ён не стогне, не скардзіцца на боль, толькі дрыжыць ад малярыі. Выгляд у салдата па-ранейшаму пакутна-засяроджаны.
— Патрываю, — ціха кажа Лук'янаў. — У санчасць жа не выбрацца.
— Не выбрацца, — пацвярджае камандзір. — Сядзі да вечара.
Мы месцімся адзін ля аднаго ў самым дне і пільна ўслухоўваемся, што робіцца наверсе. На ніжэйшым прыступку сядзіць Лёшка, у руках у яго перыскоп, і ён раз-пораз ціхенька высоўвае яго з-за бруствера. Кулямёты нам тут не страшныя, але мы чакаем, што вось-вось удараць мінамёты, тады ўжо будзе чаго баяцца.
Але неўзабаве сціхаюць і кулямёты, і ў ранішнім прасторы запаноўвае цішыня. Нідзе ні гуку, ні стрэлу. Ужо добра развіднівае, недзе ўсходзіць сонца, і яркі блакіт паўднёвага неба аж буяе ад стрункіх патокаў святла. Першыя сонечныя промні кладуць свае яшчэ халодныя лапы на пыльныя груды нашага акопа. Змануты цішынёй, над полем з'яўляецца жаўранак. Як нешта далёкае і не ўраз зразумелае, далятае да нас яго цвіркатлівая лагодная песня; а затым і сам ён паяўляецца ў небе над самым акопам. Жаўтых першы задзірае ўгору галаву, напінаючы сухую скуру на няголенай шыі, прыжмурвае немаладыя вочы і шчыра здзіўляецца:
— Хе! Глядзі ты — заспяваў! І не баіцца! От жа малеча…
Мы ўсе пазіраем угору на дробненькае пырханне маленькае птушкі, і неяк адразу адлятаюць прэч нядаўнія страхі, турботы, з'яўляецца такое ўражанне, быццам мы толькі ўсталі з ночы ў гэтым акопе-ровіку і што не было ні трывогі, ні кулямётнага абстрэлу, ні бою. Адно толькі ніколі нядрэмнае наша адчуванне не хоча расстацца з прытоенай, заўсёды жывучай трывогай і ўсё трымае ў сабе прыглушаны напамінак пра тое, дзе мы і што нас чакае яшчэ.
Аб тым мы не гаворым, але тое, відаць, адчувае кожны, апроч хіба аднаго Папова. Як толькі сціхае абстрэл, ён пачынае нудзіцца без працы, пасля знімае гімнасцёрку і бярэцца прыладжваць пад пагоны бляшаныя палоскі. Нядаўна яму прысвоілі званне яфрэйтара, і Папоў некалькі дзён усё ахаджвае свае новыя пагоны: прышывае лычкі, з чырвонага нямецкага кабелю робіць канты, цяпер вось прыладжвае бляшкі. Жаўтых задаволены, весела і з пачуццём узросшае годнасці азірае нас, але мы адчуваем, як ён пільна трымае вуха да кожнага гуку наверсе, і разумеем, што ён таксама чакае; Лёшка па-ранейшаму невясёлы. Крывёнак прысеў у нішу са скрынкамі і нешта калупаецца ў трафейным сваім кулямёце.
— От! Сказаў камбат, да ўзнагароды прадставіць усіх. За кулямёт. Атрымаем па медальку. Ці блага? — кажа Жаўтых.
Атрымаць медаль заўсёды прыемна салдату (асабліва таму, у каго нічога яшчэ няма), толькі Жаўтых пра тое наўрад ці марыць — вунь у яго колькі іх на грудзях. Крывёнку ды мне было б дарэчы па якой узнагародзе на нашыя нічым не аздобленыя гімнасцёркі, таксама як і Лёшку, каторы, апроч гвардзейскага значка (якім ён, між іншым, дужа ганарыцца), нічога не мае. Толькі Лёшка цяпер незадаволена ўзнімае да старшага сяржанта сваю лабатую галаву і кажа:
— Ерунду кажаш. Тут пакуль медаля дачакаешся, дык пяць разоў закапаюць.
— Чаму? — не злуючыся, добразычліва пярэчыць Жаўтых. — Цяпер — абарона, гэта хутка робіцца. Камандзір дывізіі падпіша — і гатова. Дарма толькі лаяўся ўчора: бач, як ладна абышлося, — і насмешліва дадае: — Прыйдзе на спатканне Люська, а ты ўжо ўзнагароджаны. Жаніх!
Ад тых камандзіравых слоў у мяне раптоўна і самотна занывае недзе ў грудзях — калі ён кажа тое пра Лёшку, дык, пэўна, лічыць іменна яго вартым нашай сяброўкі. Не сказаў жа ён гэта хоць калі-небудзь пра мяне або пра Крывёнка, а менавіта пра Лёшку. Значыць, тут ёсць усё ж нешта такое, што невядома мне, а стары хітраваты Жаўтых бачыць і ведае ўсё. Значыць, штосьці ўсё ж калі не было, дык магло быць у яе з Лёшкам, недарма гэта такія выразныя намёкі, зноў пакутна думаю я. Але Задарожны незадаволена чмыхае:
— Патрэбна мне тая Люська… як сабаку пятая лапа. Не такіх бачылі.
Я не ведаю, што мне і думаць. Не зразумееш адразу, ці ён прыкідваецца, ці кажа напраўду. І я не магу даўмецца, чаго ён так раптам перамяніўся да дзяўчыны, чаму так ахалодаў да яе? На гэты конт у галаве з'яўляюцца пэўныя здагадкі, але гэта зноў тое старое, учарашняе — агіднае і пакутнае. Я стараюся ўтапіць яго ў сваёй душы, прыцяць, не даць яму ходу і скіроўваю думкі на іншае.
Не, я, мабыць, ніколі так не скажу пра Люсю, хоць — сам разумею — у тым маё гора і мае пакуты. Я магу вылаяць яе сам сабе, збэсціць са злосці ў думках, але, адчуваю я, ніколі мне не счарсцвець да яе ўсмешкі, да яе голасу, яе манер трымаць сябе — да ўсяго яе такога ветлага, сяброўскага аблічча. Мне б вельмі хацелася з'явіцца перад ёй з баявой узнагародаю, з лычкам на пагонах, з чым-небудзь, што б зрабіла мяне большым, смялейшым, дужэйшым і больш вартым у яе вачах. Гэта цяжка, але я напэўна гатовы на новыя пакуты ў баях, абы мне толькі хоць трошачкі палепшаць і наблізіцца да гэтай незвычайнай дзяўчыны. А што яна вельмі ўжо незвычайная, лепшая за ўсіх на свеце дзяўчат, у тое я веру ўсёй сваёю недарэчнай, маладою душой. Не, відаць, жывучы з ёю на адным свеце, я не магу быць абыякавы да яе і сам не магу быць абыякім.
— Хе, Люся! — іранічна хмыкае Лёшка. — Мы тут вось галовы пад кулі падстаўляем, а яна там з тылавікамі мілуецца. Таксама медаль зарабляе. Капітан гэты… як яго? Мялешкін? Даўно яна з ім круціць. Ведаю я…
Капітан Мялешкін! Гэта такі прыгожы, чарнявы хахатун з вусікамі. Праўда, я бачыў аднойчы на маршы,