таксама бяром нашу зброю і ідзём да сваіх баявых месц ля гарматы. Ля разасланае палаткі з рэшткамі сняданка застаецца адзін Задарожны.
Нейкі час мы моўчкі сядзім на станінах, і, па меры таго як усё больш рассцілаецца-вынікае з-пад змроку знаёмы прасцяг, усё расце, большае наша хваляванне. Крывёнак згортвае няроўную, тоўстую пасярэдзіне цыгарку і нервова, без меры цмыгае яе. Лук'янаў надзявае ў рукавы шынель і зябка месціцца на снарадных скрынках, — як заўжды на світанні, яго пачынае трасці малярыя. На худым, нейкім да часу абвялым твары з глыбокімі зморшчынамі абапал рота і ў выцвілых вачах пад светлымі брывамі — выраз цярплівасці і пакорнасць непазбежнасці. Лёшка, здаецца, злосны і абыякавы да ўсяго, ён сядзіць, дзе сядзеў, не кратаючыся, але тое, што ён не ў гуморы, — выдае трывогу ў ягонай душы. Адзін толькі Папоў, санлявы яшчэ, без усякіх адзнак неспакою, старанна выскрэбвае з кацялка кашу і вузкімі вачыма на расплюснутым бурым твары раз-пораз глядзіць на пагоркі, дзе затаіўся вораг.
Дзень наступае і няўхільна блізіць наш небяспечны час. Ужо становіцца відаць бы кратом накапаная крывуляка першай траншэі, праз туманную золкую парнасць у лагчыне праступае чорная пляма танка ля ручая, на пагорках яшчэ курыцца дымчастая шэрасць, але яна неўзаметку, з кожнай хвілінаю радзее і саступае месца святлу.
Пакутліва і вельмі напружана мы чакаем. Кожны засяродзіўся ў сабе, нікому не трэба размовы, ніякія словы цяпер не маюць значэння. Мы прыціхаем, натапырваемся і чакаем хуткага, таго самага часу, калі для кожнага з нас можа вырашыцца ўсё. І ў гэтую часіну нейкім дужа будзённым і таму дзіўным голасам адзываецца Папоў:
— …Не можа пасаліць! От повар, нехарош повар!..
— Што?
Усе паварочваюцца да наводчыка, яўна збянтэжаныя тым, што ўчулі, і ён ранейшым ціхавата- абыякавым тонам кажа:
— Каша мала-мала солі, трава каша. Нехарош каша — нехарош повар.
Мы затойваем прыкрасць, ніхто яму не адказвае: ці да кашы цяпер.
І вось у полі з'яўляецца наш камандзір. Ён бяжыць ад КП наўпрасткі па траве, і тое, што ён не ідзе, а бяжыць, спяшаецца, яшчэ больш узвінчвае нас. Я станаўлюся за шчытом на калені і раблю найпершае, што трэба зрабіць перад стральбой, — адчыняю затвор. Паварот тугаватай рукаяткі апускае клін, можна зараджаць, хоць — адчуваю я — зараджаць яшчэ рана, але мне ўжо нясцерпна бяздзейнасць, карціць што- небудзь рабіць.
Жаўтых, напэўна, здаля прыкмячае, як нядобра сцішыліся мы, і, пэўна, каб разбурыць нашу панылую прыкрасць, гукае:
— Ну, мальцы-ўдальцы! Пальнём зараз! З першага снарада — цэль, і спаць да вечара!
— Ерунда! — кідае Лёшка і ўскоквае з долу. — Паспіш тут! — Ён ідзе да ўсіх на пляцоўку, неяк беражліва несучы ля сябе свае вялікія, рудыя ад загару рукі. Жаўтых саскоквае з невысокага бруствера, ідзе на сваё баявое месца — злева ззаду ад гарматы, у шырокім гарматным сховішчы.
— Нічога. Не першы раз! Трымайцеся за зямлю-матухну. Яна выручыць, — спакойна кажа ён і ўзнімае бінокль. — Так!.. Не, яшчэ трошкі пачакаем. А ну, сядайце ўсе!
Мы, стаўшы на калені, займаем свае месцы — Папоў за прыцэлам, я справа ад яго за шчытом, між станін укленчвае Задарожны, за ім ля снарадных скрынак Крывёнак і Лук'янаў.
Жаўтых усё ўзіраецца ў бінокль; згінаецца да прыцэла Папоў — мы разумеем, што ўступаем у паядынак, дзе пытанне — хто каго — будзе рашацца тым, хто хутчэй. Калі толькі мы спознімся і немцы раней убачаць нас на гэтай пазіцыі, то нам будзе кепска.
— Папоў, наводзіць пад ніжні абрэз! — распараджаецца Жаўтых, ужо не адрываючыся ад бінокля. — Та-ак! Зарадзіць!!! — сіпата, спакойна, але з залішняю строгасцю камандуе ён, і я адчуваю па тым, што хоць трошкі, але хвалюецца і ён. Задарожны натрэніравана і размашыста ўсоўвае ў патроннік снарад, затвор, коратка лязгнуўшы, зачыняецца. Папоў прыліпае да прыцэла, і мы затойваем дыханне.
Ідуць апошнія хвіліны санлявай ранішняй цішыні. Неба за нашымі спінамі ўжо наліваецца водсветам блізкага сонца… Гэтыя апошнія імгненні перад адкрыццём агню асабліва нясцерпныя, тупым болем ныюць усе нервы — хутчэй, хутчэй! Але Жаўтых глядзіць, ён спакайнейшы і лепш ведае, калі трэба скамандаваць.
— А чаму без каскі? Дзе каска? — нечакана гучыць у цішы яго строгі голас. Гэта ён да Папова, які туліцца ў сваёй запэцканай змазкай пілотцы. Жаўтых так крычыць заўсёды, калі наводчык перад стралянінай не надзявае каскі, якую камандзір заўсёды возіць з сабою і без якой ён не дазваляе наводчыку ўступаць у бой. — А ну, Крывёнак, — каску! Каску яму, жыва!
Папоў, аднак, не адрываецца ад прыцэла, усё ўглядаецца ў яго, пакручваючы рукаяткі наводкі, а Крывёнак тым часам прыносіць з акопа няновую ўжо, пашкрэбаную каску і нахлабучвае яе на наводчыкаву галаву. І раптам, не паспявае яшчэ ён адысціся на сваё месца, як недзе далёка ў варожым баку раздаецца знаёмае імпэтнае «та-тата-та-та-та-та!». Адначасна імпэтна лязгае па крыле шчыта, фуркае над галовамі, чмякае ў зямлю і збоч на брустверы над камякамі зямлі ўзлятае слабенькі дымок пылу. Я інстынктыўна ўгінаюся за казённік. «Спазніліся! Празявалі!» — б'е ў голаў благая думка. Каб нешта рабіць, я азіраюся, — за мною гнецца да зямлі Лёшка, ён лаецца, а за ім далей, неяк бокам, абапёршыся на локаць, апускаецца на дол Лук'янаў. З-пад ягонай пілоткі на каўнер незашпіленага шыняля і на дашчаную снарадную скрынку нешта хуценька капае. Лук'янаў неяк увачавідкі бялее, хапаецца рукой за галаву і здзіўлена ўзіраецца — на далоні кроў.
— Сволачы! — лаецца Лёшка. Да Лук'янава кідаецца Крывёнак, даволі спакойным голасам ён пытаецца:
— У каго пакет?
У мяне ў кішэні перавязачны пакет, я дастаю яго і кідаю хлопцу, хачу і сам падацца туды, але каманда Жаўтыха спыняе мяне:
— Стой! Ціха! Прыгніся! Прыцэл шэсць — адзін снарад, агонь!
Кулі б'юць па брустверах, пырскаючы ў бакі зямлёй, я соўгаю па лінейцы ўказальнік адкату, прыгінаюся. Тут, за казённікам, трошкі схоўней, чым на адкрытай пляцоўцы. Уся наша агнявая курыцца пылам ад куль, разлятаецца ў бакі зямля, шмаццё кукурузы лязгае па шчыце. Што і казаць: няўдалы пачатак, трэба як мага хутчэй упраўляцца, інакш можа быць кепска.
— Бах!!! — нечакана і грымотна б'е ў вушы стрэл. Гармата тузаецца назад, пад казённікам з'яўляецца пустая гарачая гільза, з яе вузкае шыйкі курыцца дым.
Я не бачу за шчытком выбуху, але чую яго далёкае раскоцістае «ках-х-х!». У ствале ўжо новы патрон, і Папоў асцярожна, дужа акуратна і спакойна падкручвае махавікі.
— Фіць-фіць! Чвік!.. — праносіцца побач варожая чарга.
«Хутчэй! Хутчэй!» — стукае ў скроні думка. Я імгненна азіраюся: Лук'янаў ляжыць на баку, і Крывёнак, няўмела раскручваючы белы, чысцюткі бінт, абмотвае яму галаву. Скрозь павязку праступае і распаўзаецца бурая пляма крыві.
— Бах!!! — б'е новы наш стрэл, і правае вуха глухне, нібы ў яго забіваюць тугі корак. Я таропка пазіраю на ўказальнік адкату — адкат, здаецца, нармальны.
— Прыцэл сем! — з лютасцю ў голасе камандуе ззаду Жаўтых.
Значыць, недалёт, трэба яшчэ прыстрэльваць. Кулямёт б'е доўгімі чэргамі, і гэта, мусіць, ратуе нас, бо толькі першыя кулі з чаргі трапляюць паблізу, іншыя ж ідуць з рассейваннем навокал. Усе мы тулімся долу, Лёшка ляжыць на баку, прыціскаючы да грудзей патрон, — позіркі нашы сустракаюцца, і я не знаходжу ў ягоных вачах варожасці. Мне таксама цяпер не да злосці — Люся і ўсё, што звязана з ёю, адступаюць цяпер далёка, у нейкае невыразнае даўняе ўчора.
Папоў працуе, аднак, таропка і дакладна. Не паспяваю я да канца адчуць сваю прыкрасць ад першых стрэлаў, як бахае новы, трэці стрэл і зараз жа ззаду крычыць Жаўтых:
— Адмеціцца па разрыву!
Гэта ўлюбёны прыём нашага камандзіра. Ёсць пэўныя правілы прыстрэлкі прамой наводкай, але Жаўтых амаль заўжды карыстаецца толькі гэтым — адмячаннем па разрыву, які ні разу яшчэ не ашукаў нас. Папоў, згорбіўшы спіну, ледзь-ледзь, аднымі далонямі, кратае махавічкі наводкі і цісне кнопку спуску. Я выглядваю з-за шчытка — снарад праз пыл з бруствера ідзе ўдалеч і рвецца на пагорку.
— Верна! — радасна і натужна, з усяе сілы крычыць Жаўтых. — Тры снарады, беглы агонь!