чорнае ад пылу і дыму, але разрывы трошкі аддаляюцца, і тугія камякі перастаюць малаціць нашы спіны.
«Выжылі! Уцалелі!» — узгараецца гатовая вось-вось згаснуць слабенькая радасць, але душу точыць трывога. Плюючыся і міргаючы, я разварушваю навокал зямлю. Потны, страшны, шэры ад пылу, Жаўтых доўга не можа выграбці з-пад грудоў ногі, затым устае на калені; аслабела варушыцца ў куце Лук'янаў, атрэпваецца побач Крывёнак. Здаецца, усе цэлы — нам пашэнціла. І ў тое ж імгненне, калі я думаю гэта, быццам кінжалам у спіну, уразаецца ў свядомасць чамусьці заіклівы Лёшкаў крык:
— К-к-к-амандзір!.. К-к-к-камандзір!.. Танкі!!!
11
— Т-т-танкі! Т-т-танкі! Глядзі!!! — крычыць ён, то высоўваючыся з акопа, то зноў прысядаючы. Жахлівасць гэтай навіны чамусьці не адразу даходзіць да маёй свядомасці, мяне больш здзіўляе, што Задарожны заікаецца, і нават узнікае кароценькая радасць: «Ага! Збаяўся!» Я зараз жа ўскокваю, на секунду выглядваю з-за разбуранага, раскіданага бруствера. Па схіле пагорка на нас у дымным грукаце шпарка коціць уніз касяк рабавата-жоўтых танкаў.
Побач на момант мярцвее Жаўтых; хуценька міргаючы звузелымі ад пяску вачмі, ён, быццам не верачы, некалькі секунд пазірае на танкі і выскоквае з акопа. За ім па прыступках вылятае Папоў; за ім я, ззаду тупацяць астатнія. Прыгнуўшыся, цераз закіданую грудамі пляцоўку мы рынаем у сховішча да нашай гарматы.
Я ўчэпліваюся за станіны, якія хапае за сашнікі Крывёнак. Жаўтых з Паповым напінаюцца ўнізе ля колаў. Гармата рушыцца, але ўкрыццё ў доле завалена камамі зямлі з разварочанага мінаю бруствера, гармата ідзе бокам, і Жаўтых лаецца:
— А ну вярні, вярні станіны!.. Лазняк, чуеш, такую тваю…
Я і сам ведаю, што трэба паварочваць станіны, і напружваюся што ёсць сілы, але спяшаюся, і ўсё ідзе неўпапад. Як-кольвечы мы ўсё ж вывалакваем гармату на пляцоўку, заносім станіны, Жаўтых, прыгнуўшыся, кідаецца сюды-туды, як запёрты ў клетку тыгр; нізка схілены вусаты яго твар люты і страшны, на лапатках мокрыя плямы ад поту.
Танкі б'юць па пяхоце, б'юць амаль не спыняючыся. У паветры грыміць і грукоча, паднябессе стогне, цяжкі жалезны гул паўзе па абшары. Мы кідаем станіны, я хапаюся за стопары. Задарожны ззаду так ірве правіла, што ледзь не збівае мяне з ног станінай. Левай рукой я адкрываю затвор, ён зараз жа лязгае — сам Жаўтых з імпэтам усаджвае ў ствол бранябойны.
Танкі на пярэдняй траншэі. Я коратка выглядаю з-за шчыта, адзін гарыць, пэўна, падпалены пяхотай, адзін шпарка імчыць чамусьці ўздоўж траншэі; некалькі пехацінцаў бягуць сагнуўшыся па полі ў тыл. Ад пылу, грукату выбухаў і лютай кулямётнай траскатні мы нямеем. Жаўтых нешта крычыць, Папоў упіваецца ў прыцэл, і неўзабаве рэзкі стрэл бранябойнага глушыць нас. Гармата тузаецца, балюча штурхае ў плячо, я падаю, — гэта хлопцы не паспелі ўперці ў зямлю станіны.
— Сашнікі! — крычыць Жаўтых, нізка прыгнуўшыся за наводчыкам, і кулаком штурхае ў спіну Крывёнка, той хапаецца за правіла станіны і пачынае яе забіваць у ямку. Другі сашнік аслабела ўціскае ў зямлю Лук'янаў, стоячы на каленях. Крыклівая настырнасць Жаўтыха супакойвае: здаецца, калі камандзір тут, благога не здарыцца, ён дагледзіць усё, скамандуе, нам толькі б выконваць.
— Трах! — б'е другі стрэл. Слабенькі чырвоны агеньчык трасёра мільгае ля танка, аб нешта б'ецца ля яго і адлятае ўгору і ўбок.
— Агонь! Агонь! Не марудзь, агонь!
— Гах!.. Гах!.. Гах!.. — б'е гармата, падскокваючы на колах. Трасёры не ўсе відаць — некаторыя снарады без следу знікаюць удалечы. Танкі, ад першай траншэі беручы наўзбоч да дарогі, адзін за адным імкліва паўзуць па нашай абароне. Ужо відаць на бартах іхнія чорна-белыя крыжы, машыны цяжка перакочваюцца на брустверах, узнімаючы ашмоцце пылу; доўгія іх гарматы з пудовымі тармазамі на канцах пагрозліва варушацца і грукаюць стрэламі.
— Агонь! — раве Жаўтых. — Наводзіць лепш!
Папоў малайчына — наш харошы Папоў! Ён, здаецца, адзіны тут, каго не датычаць ні страх, ні хваляванне, ён не спяшаецца, не дрыжыць, цяпер ён нічога ў свеце не ведае і не бачыць, апроч танкаў. «Гах! Гах!» — тузаецца гарматка. «Так, трымайся, Лазняк! Здаецца, надыходзіць твой час, — кажу я сабе ў думках. — Ну ідзіце, гады, ідзіце. Бліжэй! Бліжэй! Яшчэ бліжэй!»
Так, яны ідуць бліжэй і мінаюць траншэі пяхоты… Але што гэта? Здаецца, яны прарываюцца! Сярод густога грукотнага гулу з лютасцю і бяссільнаю злосцю зноў крычыць Жаўтых:
— Не бярэ, халера! Д'ябла ім у горла! Маць яе за нагу! Бі па гусеніцах, па гусеніцах агонь!
Не бярэ, — я таксама адчуваю гэта. «Гах!» — падскоквае гармата, імклівая іскрынка трасёра гнуткай стралой мігае ўдалеч, б'е ў вежу танка і адскоквае ўбок. Не бярэ! Немцы, мусіць, пусцілі на нас цяжкія танкі, можа, гэта іх «тыгры»?..
Пяхота ўцякае. Дзесяткі людзей па ходах зносін, па полі імчацца з-пад удару ў сланечнік, — адзінае тут якое-ніякое сховішча, — да дарогі, падаюць, устаюць, адстрэльваюцца. За імі між танкаў гэтак жа бягуць, мітусяцца немцы. Непадалёк ад агнявой, нізка прыпаўшы долу, знямогла трухае сяржант з потным чырвоным тварам, адной рукой ён валачэ за сабой «Гарунова», другая, нібы палка, звісае да самай зямлі. За ім, штохвіліны азіраючыся, шыбуе невялічкі баец з патроннымі скрынкамі ў абедзвюх руках. Яны нас мінаюць.
— Стой! — крычыць ім Жаўтых. — Стой, сволачы! Расстраляю, стой!
Сяржант крычыць нешта ў адказ, але нам не чуваць, тады ён, прысеўшы, тыцкае рукой у бок дарогі. Жаўтых азіраецца — гэта на фланзе. Камандзір прысядае ад нечаканасці і лаецца ўжо немаведама на каго.
— Станіны ўлева!
Танкі ўжо прарваліся праз батальённую абарону, абходзяць нас і шпарка шыбуюць абапал дарогі ў вёску.
Мы хуценька перакідваем станіны ўбок, Папоў аберуч ліхаманкава падкручвае махавікі наводкі. «Гах! Гах!» — грымяць частыя нашы стрэлы, і коратка лязгаюць пад ногі пустыя гільзы. Хлопцы прыціхлі, прыпалі долу, апанурыліся, у вачах страх. Гэта кепска! Трывай! Як-небудзь трывай, прымушаю я сам сябе. У цябе няма права баяцца, трусіць. У тыл табе шляху няма, адно тваё выйсце — біцца.
— Ага! — урэшце зларадна крычыць Жаўтых. — Ёсць! Агонь! Папоў! Агонь!
Не ўтрымаўшыся, я выглядаю з-за шчыта, і кароценькая радасць урываецца ў маё нутро. Вунь ён стаіць, апусціўшы гармату-хобат, убаку ўжо тырчыць адкінутае века люка. Ля яго прыпыняецца другі, ён трошкі падварочвае гусеніцамі ў наш бок, і я разумею — заўважыў! «Заўважыў, цяпер будзе!» — мільгае ў свядомасці спозненая думка, і зараз жа перад самай гарматай мільгае агнём бліскавіца… Удар! Усё патанае ў пыле і смуродзе… Праз пяць секунд жахлівай цішыні — устрывожаны крык Папова:
— Кукуруз!.. Таварыш камандзір, кукуруз!..
Ага, танк зайшоў за кукурузную кучу, яна зусім блізка і замінае страляць, яе трэба раскідаць, але зноў — удар!.. Пыл, смурод… Людзі задыхаюцца ад трацілавай горычы і пыльнага ўдушша.
— Так, нічога, нічога, — супакойвае кагось камандзір.
Адчуванне рэальнасці абвострана, увага бязмежная, думкі мільгаюць хутка і канкрэтна. Я разумею, што трэба бегчы ў тое пекла, насустрач танку, але непадуладная сіла цяжарам налівае ногі. Ненавідзячы сябе, я паволі ўзнімаюся з-за шчыта, а танк, крутнуўшыся на адной гусеніцы, збочвае з дарогі і раптам кіруе сюды, пагойдваючыся, варушачы перад сабой даўжэзнай гарматай. Зараз ён зноў грымне стрэлам… Зараз!.. Зараз!!. Ва мне ўсё напінаецца — перачакаць стрэл, затым… Але ў гэты час ззаду чуецца загад:
— Лук'янаў, убраць!
Лук'янаў! Ураз спадае напружанне; камандзіру лепей відаць, ён выбраў. Выбраў аднаго, звароту назад яму ўжо не будзе. Але сумленне маё рэагуе на тое інакш, я задушваю прыкрасць у душы і азіраюся — Лук'янаў у расшпіленым шынялі ўстае з-за скрынак, чагось азіраецца, у ягоных вачах такая самота, што здаецца: струсіць, папросіцца. Але ён не просіцца, толькі трошкі марудзіць і затым неяк дужа аслабела