ўзлазіць на бруствер і, прыгнуўшыся, бяжыць да кучы. Там ён хапае з зямлі адно бярэмя, другое — раскідвае, растрасае кукурузу ў бакі, куча меншае, але танк — вунь ён!..
І тут — трах!!!
Пыл, пясок б'юць па вачах, у вушах гул, востры кароткі боль…
Праз імгненне я ўскокваю — праз рэдкі клуб пылу, бы аслеплы, незразумела марудна, нахіліўшыся і спатыкаючыся, брыдзе Лук'янаў; у дзесяці кроках за ім горача курыць варонка…
— Агонь! — басавіта раве ззаду Жаўтых, а ва мне ўсё халадзее ўнутры. Нейкая неўсвядомленая вінаватасць перад Лук'янавым прымушае мяне ўскочыць на бруствер, ззаду Жаўтых люта крычыць: «Стой! Назад!», але ў тры скачкі я падбягаю да салдата і хапаю яго пад пахі. Ён са стогнам падатліва аддаецца ў мае абдымкі.
З нейкаю апантанай сілай я валаку яго цяжкае цела да агнявой. Насустрач, абдаўшы нас гарачаю хваляй, б'е па танку Папоў. І ў той жа момант недзе зусім побач — чорны, агнявы бляск і ўдар! Ён збівае мяне, я падаю, балюча выцяўшыся бокам аб зямлю, не ведаючы, цэлы або паранены, ускокваю і зноў хапаю Лук'янава. Танк — вось ён! Цяжаленная яго грамадзіна шыбуе ўсё хутчэй і бліжэй, гнецца, дрыжыць зямля, мільгацяць гусеніцы; нібы зубамі, абвешаныя запаснымі тракамі, нястрымна пруць-сунуцца на нас яго шырокія сталёвыя грудзі…
Гнучыся да зямлі і вязнучы ў пяску ботамі, я перацягваю цераз бруствер Лук'янава і разам з ім падаю пад колы гарматы. Некалькі куль наўздагон лязгаюць па шчыце і рыкашэцяць у бакі. У акопе стукоча кулямёт — гэта Крывёнак б'е па пяхоце. Камандзір з Задарожным ляжаць між станін; ля прыцэла адзін Папоў… Але чаму гэта сціх Жаўтых? Чаму ён не камандуе, чаму не кратаецца — прываліўся плячом да станіны і маўчыць. На каленях я падскокваю да яго — ззаду глушыць стрэл, гармата, бы жывая, жахліва тузаецца, у спіну балюча б'е гільза. Я хапаю камандзіра за плячо, ён спаўзае са станіны на дол, і струмень цёплай крыві аднекуль з шыі пырскае мне ў твар, высокім дробным фантанам абдае нерухомую Лёшкаву спіну. Я прыпадаю да зямлі, намацваю і заціскаю пад расшпіленым Жаўтыховым каўняром невялічкую ранку, але кроў усё роўна б'е і апырсквае ўсё навокал. Збялелыя павекі Жаўтыха няўцямна торгаюцца, погляд увачавідкі тухне, і зрэнкі закочваюцца ўніз. Ён не пазнае мяне.
— Камандзір! — чуецца побач незвычайны нейкі, асіплы і спознены крык Задарожнага. — Хлопцы, камандзіра забіла!!!
Ад гэтага моташнага крыку жах скаланае і мяне. Я ляжу на зямлі і чую, як дрыжыць яна, трасецца, калоціцца… Танка мне не відаць, але я адчуваю, што ён ужо за некалькі метраў ад нас і зараз усё будзе скончана. І тады, крутнуўшыся на станіне, паварочваецца сюды Папоў:
— Зараджай, Лошка! Сабак, такую тваю!.. Зараджай!
Трашчыць-захліпаецца Крывёнкаў кулямёт, Задарожны дзярэ пальцамі зямлю і горнецца-ціснецца кудысьці пад бруствер. Апантаны ад небяспекі і лютасці, я піхаю Задарожнага ботам у бок, крычу: «Зараджай! Зараджай, сволач!» Але пакуль ён бокам, як рак, перапаўзае да скрынкі, я сам хапаю снарад і скрываўленымі рукамі штурхаю яго ў ствол. З Жаўтыховае шыі зноў вырываецца тонкі струмень, толькі ён хутка меншае і, калі я падпаўзаю да камандзіра, знікае зусім. Ашалелыя вочы Жаўтыха спыняюцца…
Здаецца, усё! Канец…
Я адскокваю да снарадаў, — танк у пяцідзесяці кроках — не болей. Адной гусеніцай ён падмінае пад сябе рэшткі кукурузнае кучы, скасабочваецца, узмахвае ў паветра даўжэзнай гарматай, з-пад днішча струменямі пыхае дым і пыл. Папоў секунду марудзіць і раптам зноў усхопліваецца са станіны.
— У акоп!..
Гахае стрэл. Праз пыл з агнявой паспяваю згледзець, як танк адным бокам тузаецца наперад, нібы спатыкнуўшыся, з разгону дзёўбае ствалом у зямлю і спыняецца. Уперадзе вострымі зубамі тырчыць праз дым накіроўваючае кола. Гусеніцы на ім няма. Танк стаіць да нас бортам.
Падбілі!
Але танкавая гармата раптам ажывае, матлянуўшы ў паветры тормазам, апісвае паўкруг, скрыпнуўшы, паварочваецца вежа, — гэта на нас. Папоў, не цэлячыся, круціць махавічкі наводкі, і наш маленькі кароценькі ствол з самаахвярнай гатоўнасцю скіроўваецца насустрач.
Цяпер хто хутчэй! «Хутчэй!!!» — вызверваецца ў мяне ўнутраны крык. Я кідаюся ў доле да скрынак, галовамі мы сутыкаемся ў пыле з Лёшкам; стукнуўшыся, разлятаемся ў бакі, пад мае калені падае яго пілотка, у дрыготкіх ягоных руках — снарад. Зараз жа лязгае клін.
— Прэч! — ускрыквае Папоў, і цераз мяне з дзівосным спрытам куляецца ў акоп Лёшка. Танкавая гармата, неяк дрыготка і сутаргава клюючы, апускаецца ніжэй, ніжэй… Гэта апошняе, што я паспяваю адчуць, і на каленях, уніз галавой кідаюся за Лёшкам.
Стрэл і выбух наверсе грымяць адначасна. Вялізная глыба ад сцяны рушыцца на мае плечы, нейкай калючай жарствой абдае патыліцу, я, здаецца, глухну на некалькі секунд і мярцвею, напаўзасыпаны…
Раптам становіцца неяк дужа сцішана. Грымотны грукат ураз абрываецца, сціхаюць блізкія выбухі, толькі незнаёма даносіцца з далечы густое выццё танкаў і ціхенька дрыжыць зямля. Я чагосьці жахаюся, выгрэбваюся з зямлі і выскокваю з абрушанага, разбітага акопа.
12
«Прапала ўсё, дашчэнту, назаўсёды!..»
Першае, што кідаецца мне ў вочы, — добрая, з паўметра глыбінёй, яма ўскрай нашай пляцоўкі. У гэтую яміну адным колам правалілася-скасабочылася наша гарматка, і між яе станін тварам у зямлю нерухома ляжыць засыпаны пяском Жаўтых. Побач, гэткі ж зацярушаны зямлёю і пылам, спаўзае на лапатках з бруствера, пэўна, выбухам адкінуты туды Папоў. Ні каскі, ні пілоткі ў яго няма, грудзі залеплены нечым мокрым. Наводчык няўцямна, нейкім вар'яцкім паглядам глядзіць у той бок, дзе толькі што грукацеў і пёр на нас танк… Але чаму ж так ціха і дзе танк?
Я азіраюся і слупянею на каленях ад дзіўна-недарэчнага пачуцця няўпэўненай радасці, страху і здзіўлення. Вялізная плямістая грамадзіна танка ўперла ў нас доўгі гарматны ствол, скасабочылася на кукурузнай кучы, і імпэтныя шалёныя языкі полымя шугаюць, шыпяць і смыляць чорным дымам над яго прысадзістай, круглай, звернутай набок вежай.
Папоў зварухнуўся, стогне, узнімае з долу руку — на ёй замест пальцаў месіва крывавае гразі. Ён спахопліваецца, паспешна туліць яе да грудзей, ціхенька праз зубы мычыць ад болю і спрабуе спатоліць кроў, якая льецца, льецца на калені, штаны, у сухі, прагны да вільгаці дол.
Я кідаю ў доле гранаты і хачу памагчы яму, але Папоў ужо сам укручвае яе ў падол гімнасцёркі і праз боль і лютасць раздражнена загадвае мне:
— Лазняк, агонь! Агонь!
Ага! Яны ідуць далей! Ззаду на іхнім шляху між траншэй і хадоў зносін узнімаюцца ўгору тры чорныя дымы, траскотным шалёным полымем палыхае танк побач, іншыя ж уздоўж вузкай палоскі сланечніку сунуцца ў вёску. Коратка спыняючыся, яны б'юць па разбітай і без таго вясковай ускраіне, прастор стогне ад іх частых, гулкіх стрэлаў, і здалёк чутна, як з кароткім імпэтным скрыгатам праносяцца іх балванкі.
Я ўсаджваю ў ствол бранябойны і бяруся за механізмы наводкі. Гарматка ўся абдзёрта асколкамі, дужа схілілася набок, але яшчэ слухаецца маёй рукі і паварочваецца. Я торапка падводжу вугольнік прыцэла пад зад нейкага танка і цісну кнопачны спуск. Тугі гумавы навочнік балюча б'е ў брыво, я не бачу, куды ляціць мой снарад, і кідаюся за наступным. Кідаю позірк на танк — там ужо адчынены люк, і з яго высоўваецца чорная закапцелая рука. Яна слепа лапае, стараецца ўчапіцца за край люка, але зрываецца і зноў лапае. З акопа коратка тыркае чарга — гэта Крывёнак, і я не гляджу, што там адбылося далей.
— Агонь! — сурова патрабуе ззаду Папоў. — Прыцэл больш два!
Я зараджаю, кручу дыстанцыйны барабанчык прыцэла, цэлю, гахаю стрэлам і зноў кідаюся па снарад. Папоў сядзіць зняможаны, моцна ўкруціўшы падалом руку, твар яго руды, вочы запалі. Люк на танку расчынены, але ў ім ужо не бачна нікога.
— Агонь, Лазняк! Агонь!
І я страляю. У прыцэле яшчэ відаць танкі, і я раз за разам кідаюся па снарады. Пот едкаю соллю слепіць мне вочы, капае з носа на рукі, але я разумею, што танкі — наша пагібель і трэба па іх страляць. Я