дапёр да Масцішча.

Цяпер, аднак, прыспела самае труднае.

Чым яно бліжэй насоўвалася, гэтае труднае, тым усё болей думаў пра яго Бураў. Як ён тое зробіць — ён бясконца пракручваў у сваёй галаве за гэтую дарогу і ўрэшце пагадзіўся на самы кароткі варыянт: не рассусольваць, не распачынаць размоў, адвесці куды і стрэльнуць. Калі будзе супраціўляцца, хітрыць ці апраўдвацца — стрэльнуць на месцы. Самае горшае, вядома, было не застаць Сушчэню дома, чакаць ці шукаць дзе, калі куды з'ехаў. Калі ўцёк у мястэчка да паліцаяў, тады зусім кепска, тады ягоная місія, лічы, не ўдалася. Давядзецца вяртацца ні з чым, апраўдвацца перад камандзірам Трушкевічам, а той болей за ўсё не любіў апраўданняў, гэта Бураў ужо добра запомніў. У гэтай справе ён ужо быў навучаны, аднойчы нават пахадзіў тыдзень без зброі — Трушкевіч загадаў здаць вінтоўку, пакінуць сабе адзін штык: там, куды яны хадзілі па тол, ім паказалі дулю, і яны вярнуліся з пустымі рукамі. А трэба было пастарацца, «раскінуць мазгаўнёй», як казаў Трушкевіч, і заданне выканаць, хоць кроў з носа. Так патрабаваў Трушкевіч, а гэты старшы лейтэнант з акружэнцаў першага лета вайны і спаганяць, і патрабаваць умеў добра. Калі што цяпер выйдзе не так, ужо ён спагоніць з абодвух.

— Галоўнае, ты не адставай і не вытыркайся. Найлепш, каб я цябе спіной чуў. А што трэба, я сам зраблю, — сказаў Бураў, не паварочваючыся да Войціка. Той, чуваць было, зноў насцярожыўся.

— А коні?

— А што коні? Коней, калі што, патрымаеш.

— Трэба б яшчэ каго ўзяць, — гучна высмаркаўшыся на траву, гугнява зазначыў Войцік. — Трэцяга. Усё б зручней. А то што, удвух.

— Ну ты, разумны такі! — пачаў злавацца Бураў. — Чаго ж там маўчаў? Сказаў бы камандзіру: давайце трэцяга. Дык жа маўчаў?

— Маўчаў, маўчаў… — няпэўна прабурчэў Войцік і пацягнуў за повад каня, які папнуўся ў кустоўе па хамлак зялёнай травы. — Ну ты, ваўкарэзіна, не нажрэшся…

Тым часам патроху цямнела — ленавата і няпэўна; у полі яшчэ было відна, але станцыйныя дамкі па той бок рэчкі спавіліся шэрымі прыцемкамі, а высокія дрэвы ля станцыі дык і зусім ужо стуліліся ў змроку. Мусіць, можна было ехаць, бо рабілася ўсё болей сцюдзёна на гэтым ветраным узлеску, рэдкія хвоі ўгары аж гудзелі ад ветру, ды і згаладнелыя коні не хацелі стаяць — лезлі пысамі па траву ў алешнік, ненажэрна дралі яе разам з воглым зялёным мохам.

— Так. Давай памалу цераз поле на кладку, — кіўнуў галавой Бураў і завярнуў кабылку.

Коні пайшлі полем, цвякаючы капытамі ў раскіслай ад дажджу баразне. Узлесак застаўся ззаду, і ў душы ў Бурава пачала расці-разрастацца сцюдзенаватая апаска — як бы іх часам не стрэлі па той бок рэчкі, ля лазні ці на падворку, як бы не напароцца на якую халеру. Усё ж праз вярсту ад станцыі была паліцыя, чорт ведае, ці сядзіць яна зараз у сваім бункеры, можа, як і яны, гойсае дзе па вёсках, а то яшчэ і заляжа ў засаду. Ці мала яны за лета нарываліся на паліцэйскія засады. Асабліва ў вёсках, паселішчах, на прасёлках, каля масткоў і кладак. Цяпер, едучы наўпрасткі цераз поле, ён не падганяў кабылу, і тая ішла, як хацела, — зморана тупала, клюкаючы капытамі ў гразі, а ён, навастрыўшы зрок, пільна ўглядаўся ў прырэчны хмызняк, туды, дзе калісьці была кладка. Праўда, хоць ён нарадзіўся тут і вучыўся, і аббегаў дзіцём усё наваколле, але з таго часу, як у калектывізацыю бацька перабраўся з сямё'й у мястэчка, Бураў ні разу не завітаў сюды — не было патрэбы, а затым на ягоным жыццёвым шляху была вайсковая служба на Далёкім Усходзе, два перадваенныя гады ён працаваў у раёне — ганяў па дарогах палутарку. І цяпер, едучы па тутэйшых мясцінах, ён ледзьве пазнаваў іх, хоць, зрэшты, яны не надта і змяніліся. Прынамсі, узлесак, дарога і поле былі, як і некалі; калісьці ён тут пасвіў жывёлу, вазіў снапы і сена, ведаў тут кожную балацявіну, кожны грудок і сцежку.

Здаецца, аднак, у полі і ля ракі скрозь было пуста, толькі ў надрэчным лазняку варушылася на ветры непаседлівая чародка вераб'ёў ды на плоце ля лазні пасядзела і ляніва паляцела кудысь варона. Ён ужо згледзеў там Сушчэнеў гарод з двума стажкамі каля падворка, ад лазні туды, памятаў, вяла добра ўтаптаная сцежка. Некалі падлеткам ён бегаў там, пазіраючы цераз плот на тоўстыя струкі сушчэнінскага бобу, адно лета той сцежкай ганяў да ракі гусей. Сушчэня тады быў яшчэ дзецюком, нежанатым, увогуле спакойным хлопцам, старэйшым за яго гадоў, можа, на восем, на Бурава ён мала звяртаў увагу — у яго былі свае інтарэсы і свая хлапечая кампанія. Чамусьці тады ён нават падабаўся Бураву, можа, сваёй паважнасцю, роўнасцю ў адносінах да іншых, сяброў і суседзяў. Хто б тады падумаў, што іхнія лёсы спакваля так недарэчна скрыжуюцца?

Але во скрыжаваліся.

Рэчка была нешырокая, з падмытымі ў паводку, здзірванелымі за лета берагамі і кладкай — дзвюма гнілаватымі дошкамі, прытопленымі канцамі ў ваду. Бураў саскочыў з кабылы, пацягнуў за повад; кабыла нязгодна тузанула галавой, нерашуча пераступіла на беразе — баялася ісці ў раку. Можа, правільна забаялася, падумаў Бураў, чорт ведае якая тут цяпер глыбіня, вады найшло поўна, да самага берага. Але мо не ўтопіцца. Ён дужэй тузануў за повад, і сам нерашуча ступіў на прытоплены канец кладкі, кабылу ж кіраваў побач. Урэшце тая набралася адвагі, асцярожна сышла з берага і раптам апантана рванулася пярэднімі нагамі ў раку. Ён мусіў таропка пераступіць па кладцы, але тая здрадліва хіснулася пад нагамі, асела, ногі боўтнулі ледзь не да дна. Ледзьве ўтрымаўся на дошцы — повад выпусціў з рукі, — кабылка пужліва выскачыла на той бок і спынілася, атрасаючы мокрае чэрава. Моўчкі вылаяўшыся, ён ужо нетаропка перайшоў па кладцы і падняў з травы мокры повад.

На тым беразе, не злазячы з каня, сядзеў Войцік.

— Ну што стаў? Давай конна! Тут неглыбока.

Войцік пераехаў болей удала, конь цяжкавата ўзабраўся на бераг, і тады Войцік саскочыў, узяў з рук Бурава повад. Стоячы на адной назе, Бураў сцягнуў з другой нагі бот, выліў ваду, выціснуў мокрую дзіравую анучу.

— Не хапала яшчэ, халера…

Наперадзе і трошкі збоч на рачным беразе прыткнулася счарнелая ад часу і дыму крывабокая будыніна лазні з дзічкаю-грушай ля маленькага акенца. Мусіць, за ёй можна было захінуцца, і Бураў павёў туды змакрэлую сваю кабылку. Мокрая яго нага зусім азябла, ды і другая таксама не засцераглася ад вады — дзіравыя боты цвякалі пры хадзе, трэба было б дзе пераабуцца, змяніць анучы. Каб яны былі ў яго, тыя анучы. Але, яшчэ не дайшоўшы да лазні, ён злавіў носам знаёмы чадны пах дыму, і гэта яго ўстрывожыла. Калі ад лазні пахне дымком, дык, мабыць, там паляць ці ўжо напалілі і мыюцца — трэба ж было ім налезці на яе ў такі час! Але паварочваць назад, мабыць, было позна: у акенца лазні іх маглі ўжо згледзець.

Бураў зайшоў з глухога, надрэчнага боку лазні, прыслухаўся. Ад лазні дужа патыхала дымам, сажай, сухой, напаленай глінай; вугол з дзічкай густа аброс жорсткімі сцябламі малінніку. Войцік, пад'ехаўшы, таксама саскочыў з каня, і Бураў аддаў яму повад, а сам зірнуў з-за вугла на дзверы. Дашчатыя скасабочаныя дзверы лазні былі падпёрты яловым калком — значыць унутры яшчэ не было нікога. Мабыць, толькі яшчэ збіраліся мыцца.

Войцік з натруджаным клопатам на зашчаціненым твары чакаў, што рабіць далей, і Бураў рашыў:

— Давай туды. Вунь хата. Па сцежцы…

Хата і падворак Сушчэні ўжо ледзьве цямнеліся ў вечаровай шэрасці, адтуль, ад вуліцы, лазню ўжо не надта было і згледзець, абы толькі не спаткаць каго на гэтай агароднай сцяжыне. А калі хто і спаткаецца, думаў Бураў, занятку ў яго ўсяго на хвіліну, доўга ён тут не затрымаецца. Абы не налезці на паліцыю. Але ў такі менавіта час, у шэрую гадзіну сутак, людзі яшчэ не заперліся ў хатах, корпаюцца на падворках з жывёлай, мусіць, такою парой паліцыя яшчэ не дужа глядзіць і слухае. Глядзець і слухаць яна пачынае трохі пазней. Як наўкол паглушэе.

З коньмі на павадах яны прыйшлі ў канец падворка, якраз на дрывотню, мабыць, з нядаўна прывезенымі з лесу дрывамі, яшчэ не ўпарадкаванымі на зіму, якія бязладнай кучай круглякоў грувасціліся ля плота. Побач валялася старое карыта, нейкія брудныя вядзёркі; прыслоненыя пад страхой да сцяны, стаялі вілы і граблі. З вуліцы дрывотні не было відаць, а ад поля яе захінаў стажок на гародзе, і Бураў, трохі паслухаўшы, аддаў повад Войціку.

— Стой тут і чакай. Калі што — я стрэльну.

— Нядоўга каб…

— Нядоўга, нядоўга.

Вы читаете У тумане
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×